Темы

Падарожжа па родным краі. Заракуша

Вёска, якой… няма

Назвы ў гэтых вёсак розныя, але на самой справе яны ўяўляюць адно цэлае паселішча і ўсім сваім жыццём звязаны паміж сабою. Касарычы і Заракушу раздзяляе канава, што знаходзіцца ў нізіне. Вось гэтая канава і ёсць мяжа паміж вёскамі. Калісьці цераз гэту канаву быў перакінуты драўляны масток, на якім збіралася моладзь з абедзвюх вёсак. Асабліва весела было ў нядзелю і святочныя дні. У беразе гэтай неглыбокай канаўкі, іменна такой яна была колісь, біла крыніца. З той крынічкі можна было піць ваду, вельмі смачную. Жанчыны ў канаўцы паласкалі бялізну, бо вада была чыстая-чыстая, празрыстая, крынічная. Канаўка звязана з ракою Пціч, і сюды з ракі даходзіла шмат рыбы, асабліва багата плотак і шчупакоў. А пад карэннямі дрэў і кустоўя, што навісала над берагамі канаўкі, крыху далей ад моста вадзіліся ўюны. Дзеці іх лавілі проста рукамі. Ужо ў пасляваенны час канаўку тую добра паглыбілі, цераз яе зрабілі бетонны мост, яго сяльчане называюць шлюзам. Пасля гэтага крынічка знікла. З цягам часу канава абмялела, а зараз і зусім перасохла і парасла зеллем.

Непадалёк ад моста, каля невялікай вулачкі, якую паміж сабою сяльчане завуць Лысакова, стаіць крыж. За мостам да галоўнай вуліцы прымыкае справа яшчэ адна, завуць яе вяскоўцы Слабада.

Дарога, якая вядзе праз Касарычы ў бок Заракушы, адразу спускаецца ў нізіну, перад гэтым робячы невялічкі ўхіл улева, вядзе да моста, а потым падымаецца на ўзгорак і ідзе цераз Заракушу. І вось гэты адрэзак дарогі, у метраў 150—200, быў вельмі гразкі. Надта ж надакучыла вяскоўцам мясіць гразь. Яны (у тыя даўнія гады ХХ стагоддзя!) скінуліся грашыма, нанялі спецыяліста, самі яму дапамагалі і так за свой кошт зрабілі на гэтым невялікім участку шлях з камення, як тады казалі, “каменку” ці “шасэйку”. Крыху пазней уся вясковая вуліца была заасфальтавана за кошт калгаса.

Калі чалавек наезджы пажадае трапіць у Заракушу, але добра не ведае, дзе яна пачынаецца, то праедзе па вуліцы цераз усе Касарычы, цераз шлюз, даедзе да канца Заракушы і нават не здагадаецца, што ён ужо ў Заракушы. Бо на ўездзе ў Заракушу ніколі не было і зараз няма апазнавальнай шыльды з назвай вёскі. Адна доўгая вуліца, быццам адна вёска. А вось шыльда з назвай  “Касарычы” яшчэ мо за паўкіламетра ад сяла інфармуе аб тым, што ўперадзе будуць Касарычы. Вось такая справа. І павялося здаўна, што жыхары Заракушы, калі іх пыталі, адкуль яны, адказвалі: “З Касарыч. Жыву на Заракушы” альбо “З Касарыч”. Калі субяседнік дапытваўся: “З саміх Касарыч?”, то быў адказ: “Не! Жыву ў Заракушы. Але хто тую Заракушу ведае? А вось Касарычы — усе ведаюць”. Рэдка хто, прадстаўляючыся, адразу казаў, што з Заракушы, хаця ў афіцыйных дакументах аб нараджэнні, ці аб шлюбе, ці яшчэ якіх значыцца вёска Заракуша.

Дарэчы, нават на некаторых старажытных геаграфічных картах вёска Заракуша не абазначана, а вось “Касарычы”, “Гасподскі Двор Касарычы…” — гэтыя назвы абавязкова ёсць.

Зарэкуці — Заракушка — Заракуша

А Заракуша, між іншым, адна са старэйшых вёсак Глушчыны. Як сведчаць археалагічныя даследаванні, людзі аблюбавалі гэтыя мясціны яшчэ ў другім тысячагоддзі да н. э. Археолагамі тут былі знойдзены тры стаянкі каменнага веку (стаянка — гэта паселішча, дзе пры раскопах знойдзены рэшткі жытлаў, вогнішчаў, прылады працы), а таксама адкрыты тры селішчы часу старажытнай Русі (селішча — гэта рэшткі паселішчаў, жыхары якіх займаліся сельскагаспадарчай дзейнасцю — земляробствам, жывёлагадоўляй, дамашнім промыслам). Акрамя гэтага, крышку далей за паўкіламетра ад Заракушы, на поўнач ад паселішча і могілак, у лесе ёсць і курганны могільнік, які складаецца з шасці курганоў, кожны вышынёй болей як за паўметра і дыяметрам 6—8 метраў (курган — насып над старажытнаю магілаю). Калі гэтых насыпаў багата, то і людзей колісь жыло багата.

Паводле ж пісьмовых крыніц, вёска Заракуша вядома з 1597 года як сяло ў Глускай воласці Навагародскага павета Навагародскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З гістарычных дакументаў вядома, што частка Глускай воласці, якая была запісана на Кіева-Пячэрскі манастыр Гальшанскімі і Астрожскімі, была выкуплена ляхавіцкім панам Забалоцкім, а пазней перайшла да князя Палубінскага. Крыштоф Радзівіл Пярун, які пасля шлюбу з дачкой князя Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага Альжбетай стаў уладальнікам часткі Глускай воласці, выкупіў у Палубінскага ў 1593 годзе Глуск Пагарэлы з сёламі Заполле, Яўсеевічы, Колоцічы, Парэчча, Зарэкуці (больш за трыста сялянскіх дамоў). Напэўна, назву Зарэкуці мела сучасная вёска Заракуша: іншых паселішчаў з падобнай назвай у межах Глускай воласці не было. Ды і назва Зарэкуці як бы гаворыць сама за сябе: што вёска знаходзіцца як бы ў куце паміж дзвюх рэк — Пцічы і Даколькі, а вакол яе ахінае вялікі векавы лес.

У 1870 годзе вёска мела назву “Зарекушка”, крыху пазней стала пісацца ў дакументах “Зарекуша”, альбо Заракуша. Па другой версіі, назву вёска мае такую, бо знаходзіцца за ракою, — таму і Заракуша. А яшчэ, думаюць сяльчане, магчыма, назва вёскі звязана нейкім чынам з мясцінай, якую колісь называлі востраў Ракуша. Утвораны ён ракою Даколькай, старарэччам ракі Пціч і ракою Пціч у паўночна-ўсходнім напрамку ад Заракушы. У аснове назвы Ракуша ляжыць слова “рак”, якіх колісь лавілі ноччу на святло лучыны: бачачы свет, ракі падплывалі да берага. Слова “ракуша” мае яшчэ адно значэнне: ілістае дно ракі альбо нейкая частка марскога дна ці нейкая частка невялікай сушы, пакрытая цэлым пластам ракавін і іх абломкамі. Такім чынам, кожная версія назвы вёскі мае “геаграфічнае” паходжанне і звязана з мясцовасцю, дзе вёска размешчана.

У 1847 годзе Заракуша ўвайшла ў склад маёнтка Касарычы, стала ўласнасцю пана Лапы, налічвала 14 двароў і 109 жыхароў.

Жыхары Заракушы і Касарыч заўжды жылі паміж сабою ў згодзе. Жаніліся, радніліся, пераязджалі жыць з Заракушы ў Касарычы і наадварот. Разам адбывалі паншчыну, малолі хлеб у млыне… Касарычане хавалі сваіх родных на могілках у Заракушы — і наадварот. У нядзелю і святочныя дні абавязкова наведвалі Георгіеўскую царкву ў Касарычах, дзе псаломшчыкам і вядучым хора быў Марк Пінчук з Заракушы, ён меў прыгожы і зычны голас. Быў гэты чалавек яшчэ і граматны, бо скончыў царкоўнапрыходскую школу. Магчыма, пагэтаму, калі Марка забралі служыць у царскую армію, трапіў ён у кавалерыю, у лейб-гвардыі конна-грэнадзёрскі полк яе імператарскай вялікасці. Гэты полк ахоўваў цара і яго сям’ю. А ў Першую сусветную вайну ўдзельнічаў Марк Пінчук у баях, даслужыўся да унтэр-афіцэра, за мужнасць і адвагу быў узнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі. У гады Першай сусветнай ваяваў і Мікіта Пінчук, трапіў у палон у Германію, але застаўся жывы, а як вярнуўся дадому, то завёў добрую гаспадарку на германскі манер.

У 1897 годзе Заракуша ўваходзіць у склад Ляскавіцкай воласці, налічвае 45 двароў і 271 жыхара. У дакументах гэтага перыяду яна пішацца “вёска Заракушка”. У 1917 годзе — 66 двароў, 398 жыхароў. Кожная сям’я складалася не меней як з шасці чалавек. З гэтага часу пайшоў адлік новага жыцця Заракушы. Устанаўленне савецкай улады, барацьба супраць польскіх легіянераў і германцаў…

Фама Кабернік

Сярод барацьбітоў за новую ўладу быў і Фама Сцяпанавіч Кабернік. Радавым салдатам царскай арміі ён сустрэў кастрычнік 1917 года. І потым, калі полк, дзе ён служыў, адмовіўся ваяваць за стары рэжым, у пачатку1918 г. вярнуўся ў родную вёску — Заракушу. Тут сустракаецца з сябрамі дзяцінства — братамі Аляксандрам і Пятром Шантарамі, Максімам Касько… Усіх іх аб’яднала адно — цяга да новага, што несла савецкая ўлада, таму яны ўвайшлі ў склад групы касарыцкіх партызан і ваявалі супраць войскаў Доўбар-Мусніцкага. (Юзаф Рамуальдавіч Доўбар-Мусніцкі — генерал-лейтэнант рускай арміі, у студзені 1918 года ўзначальваемы ім 1-ы польскі корпус аб’явіў вайну савецкай уладзе. — Рэд.) Калі маладым хлопцам з ліку партызан было прапанавана пайсці служыць у дзеючую армію, то Фама Кабернік адразу ж і згадзіўся, бо зусім нядаўна вярнуўся са службы і час той не забыўся. У Чырвонай Арміі ён быў назначаны камандзірам узвода ў атрадзе асобага прызначэння пры штабе 11-й Арміі Каўказска-Каспійскага фронту ў Астрахані. Пасля хваробы, тыфу, Фаму Каберніка накіравалі ў Беларусь. З вясны 1920 года белапалякі зноў яе акупіравалі, і Кабернік прыняў удзел у паходзе Коннай арміі Будзённага на Варшаву, быў упаўнаважаным асобага аддзела 8-й стралковай дывізіі. У 60-я гады ХХ стагоддзя Фама Кабернік загадвае аддзелам скаргаў пры камітэце народнага кантролю ў Глуску. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга ў сувязі з 50-годдзем Савецкай улады.

Калектывізацыя

Гэту ўзнагароду атрымалі тыя, хто са зброяй у руках штурмаваў Зімні і абараняў заваёвы Кастрычніка. К канцу 1920 года Саветы перамаглі. Пачалося сацыялістычнае будаўніцтва, а з ім калектывізацыя. Па ўспамінах сяльчан, не надта жадалі ісці ў калгас жыхары Заракушы, бо не ведалі, што іх там чакае. А аддаць невядома каму і навошта сваё, нажытае мазалём, — крый божа. Не хацелі, не жадалі. Улада збірала неаднойчы сходы — і растлумачвала сэнс новага гаспадарання, і ўгаворвала, і прасіла. Але не — добраахвотнікаў не знаходзілася, хоць і багачоў у Заракушы таксама не было. А вось заможныя сем’і — былі. Заможнай тады лічылася сям’я, якая мела па меншай меры каля шасці гектараў зямлі, добрую хату, хлеў, гумно, яшчэ нейкія дваровыя пабудовы, некалькі кароў, пару коней і іншую гаспадарку. У гады калектывізацыі ўсе сем’і абкладаліся падаткамі па здачы сельгаспрадукцыі, а заможныя ў дапаўненне да асноўнага падатку мелі і “цвёрдае заданне”, якое азначала здаваць дзяржаве звыш плана ўсё, што загадаюць. Вось такіх заможных сяльчан вызывалі часта ў раён і прапаноўвалі першымі ўступіць у калгас, у адваротным выпадку пагражалі раскулачваннем і высылкай. Акрамя гэтага, прысылалі падводы для звышпланавага збору зерня, забіралі нават насенне, шукалі, дзе яшчэ што схавана. Але сяльчане ўсё роўна ўпіраліся і не жадалі таго невядомага калгаснага жыцця. Напярэдадні апошняга сходу, калі ўрэшце быў створаны калгас у Заракушы, прадстаўнік улады (з райвыканкама) наведаў заможных гаспадароў і апошні раз прапанаваў уступіць у калгас: калі не зробяць гэтага на сходзе — іх раскулачаць і вышлюць. Што было рабіць? Сяльчане шмат ужо чулі пра раскулачванне і, не бачачы выхаду з такога становішча, уступілі ў калгас. За заможнымі, на якіх і разлічвала ўлада, пацягнуліся іншыя. У калгас запісалася прыкладна сем’яў восем-дзевяць: Павел Емяльянавіч Кабернік, Якім Іванавіч Пацай, Сцяпан Рыгоравіч Кудрэйка… Калгас назвалі “Новазаракуша”. Па некаторых успамінах, ён быў арганізаваны ў 1929 годзе. Першым старшынёй абралі Якіма Іванавіча Пацая, рахункаводам — Марка Рыгоравіча Пінчука, які вёў усю калгасную бухгалтэрыю. Па другіх успамінах, калгас быў створаны ў 1931 годзе і старшынёй стаў Коўзун Антон Яўстратавіч.

Дарэчы, калі на другі дзень пасля ўтварэння калгаса “Новазаракуша” пачалося абагульненне жывёлы і сельгасінвентару, тры сям’і пад напорам жанчын адмовіліся ад уступлення ў калгас. Засталося сем’яў пяць, але гэта ўжо быў калгас. Яму аддалі лепшыя землі, далі аванс на сеялку, і асеннюю пасяўную калгас правёў спраўна. Першы калгасны ўраджай быў выдатны. Асноўная частка зерня пайшла калгаснікам на працадні. Колькі хто рабіў — столькі і атрымаў. І прыбытак аказаўся не меншы, чым у асабістай гаспадарцы. Для ўборкі зерня калгасу далі жнейку, а бульбу ўвосень дапамагалі выкапаць аднаасобнікі, якіх зацікавілі высокай натураплатай. Бачачы гэты першы поспех, у калгас уступілі і сяльчане, што да гэтага яшчэ раздумвалі. Аднаасобнікам аж да самай вайны заставаўся ў вёсцы адзін Восіп Заградскі.

Школа

Дзеці з Заракушы хадзілі вучыцца ў Касарыцкую школу. Туды прымалі з васьмі год, але ў адным класе маглі вучыцца дзеці і дзесяці, і адзінаццаці, і нават чатырнаццаці год. Вялікага прынцыпу тады не было, калі, у якім узросце пойдзеш у школу. Вучыцца ішлі тады, калі ўся праца па гаспадарцы была зроблена і было што адзець і абуць. Настаўніцай I ступені ў Касарыцкай школе ў сярэдзіне 20-х гадоў ХХ стагоддзя працавала Надзея Адамаўна Канавалава.

У першы набор Каткаўскай сямігодкі (1931 год) пайшлі вучыцца з Заракушы Гаўрыла Якубенка, Люба Варанец, Аня Пінчук, Марк Пінчук…

Працяг будзе

Іна КІРЫНА

Последние новости

Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024