У льгоце адмоўлена
Права даваць ільготы па выплаце ў раённы бюджэт збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў грамадзянам, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, Глускі раённы Савет дэпутатаў перадаў раённаму выканаўчаму камітэту. Такое рашэнне прынята на нечарговай дваццаць пятай сесіі раённага Савета, якая прайшла 8 лютага, і звязана яно з тым, што адказ на свой зварот (у тым ліку і аб вызваленні ад названага збору) грамадзянін павінен атрымаць не пазней як праз 15 дзён. Збіраць жа сесію для прыняцця рашэння кожныя 15 дзён даволі праблематычна, паколькі праблематычна дэпутатам так часта пакідаць месца сваёй асноўнай работы для ўдзелу ў сесіі.
А да таго, як прынятае рашэнне ўступіць у сілу, раённы Савет павінен разглядаць заявы грамадзян. Створаная на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета спецыяльная камісія па прадастаўленні льгот разгледзела шэсць зваротаў і вынесла свае прапановы, якія на сесіі агучыла намеснік старшыні камісіі начальнік фінансавага аддзела Іна Глаз. Заслухаўшы інфармацыю па кожнай заяве, дэпутаты прынялі рашэнне пагадзіцца з прапанаванымі камісіяй адказамі і чатырох заяўнікаў вызвалілі ад уплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў. Двум заяўнікам у гэтым адмоўлена, бо ні камісія, ні дэпутаты прыведзеныя ў заявах доказы цяжкай жыццёвай сітуацыі (дарэчы, яны не былі пацверджаны дакументальна) уважлівымі не палічылі.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ