Темы

Падарожжа па родным краі. Заракуша

Працяг.

Дома лепей

Угэтыя ж 30-я гады ХХ стагоддзя здарыўся ва Украіне вялікі голад, які гнаў людзей са сваіх месцаў. Абяздоленыя і абяссіленыя ад недаядання і стомленасці, хадзілі па беларускіх вёсках людзі з мяшкамі за плячыма. Хадзілі і па Касарычах, і па Заракушы, прапаноўваючы прыгожа вышытыя ручнікі і сурвэткі ў абмен на хлеб, крупы, сала. Чым маглі, дапамагалі сяльчане, пускалі ў хату на начлег, кармілі, адагравалі. Хадзілі дарослыя, хадзілі і дзеці, адны, без бацькоў. Добрыя сардэчныя сяльчане іх вельмі шкадавалі. Двое такіх сірот, дзяўчынка гадоў 12 і хлопчык, яе брацік, гадоў 6, цэлую зіму жылі ў Касарычах у Івана, на жаль, прозвішча яго не ўспамінаецца. А па вясне сышлі, куды — ніхто не ведаў.

Прыкладна ў гэты ж час па вёсцы прайшла чутка, што жыхары Беларусі, калі жадаюць, могуць перасяліцца на абязлюдзеўшыя землі Украіны, багатыя і ўрадлівыя. Прапаноўвалі нейкія льготы, у тым ліку бясплатныя праезд і правоз багажа. У абставінах няўпэўненасці ў будучыні, а для некаторых і страху перад далейшай невядомасцю гэта прапанова стала пэўным выйсцем. Паехала сямей сем з Заракушы шукаць лепшай долі. Сярод тых перасяленцаў быў і Кузьма Канавалаў. Паехалі, але хаты свае не прадавалі; пазабівалі вокны і дзверы, маўляў, хто ведае, можа, і вернемся. Так яно і здарылася. Пражылі на Украіне нядоўга: хоць зямлі на чужыне было багата і ўраджаі добрыя, але гэта ўсё не сваё, і пацягнула дадому, у Заракушу.

Прыехалі і адразу ж уступілі ў калгас, які значна вырас. Калі ў 1933 годзе была арганізавана машынна-трактарная станцыя, то адной з першых трактарысткай стала Таццяна Казлова з Заракушы. Прайшоўшы курсы ў школе механізатараў, яна працавала ў Рудабельскай МТС, а за год да вайны ўзначаліла ў гэтай МТС трактарную брыгаду. Пасля вайны яшчэ 15 год аддала тэхніцы. У 1936 годзе калгас займеў права называцца стаханаўскім: у выніку выкарыстання на ўгнаенне тарфакрошкі дабіўся значных поспехаў у павышэнні ўраджайнасці сельгаскультур.

Рэпрэсіі не абышлі бокам

Паціху сяльчане прывыклі да калгаснай працы і стараліся кожны як мага лепей, ды і норма выпрацоўкі на калгасніка была 300 працадзён за год. Паспрабуй не выканай. Але як ні стараліся гараваць на савецкую ўладу, гэтага было мала. Трэба было маўчаць, таіць свае думкі, часта зусім бязвінныя, і страшна было што сказаць, бо берыеўская жорсткая машына, выконваючы свой так званы план, забрала і людзей з Заракушы.

Якаў Паўлавіч Слабаднік, па адных успамінах, быў старшынёй калгаса ў Касарычах, па другіх — у Заракушы. Зараз гэта не прынцыпова, галоўнае ў тым, што ў 1938 годзе чалавека вызвалі ў Глуск на нараду. А з тае нарады ён ужо дадому не вярнуўся. Арыштавалі і асудзілі на дзесяць год лагернага жыцця, калі яго можна назваць жыццём. Рэабілітаваны Я. П. Слабаднік толькі 27.07.1959. Арыштаваны і асуджаны Любоў Рыгораўна Шастаковіч і Трафім Кузьміч Канавалаў, калгаснік калгаса імя XVIII партз’езда (такую назву на пачатак 1940-х гадоў меў калгас “Новазаракуша”). Да вышэйшай меры пакарання прыгавораны Цярэнцій Цімафеевіч Яльчык.

Выпрабаванне вайною

У 1940 годзе ў Заракушы было 89 двароў, у кожным з іх жыло ў сярэднім па шэсць ці сем чалавек. Забіралі сяльчан — судзілі, зжывалі са свету  — свае ж, не чужакі, і сем’ям яны неслі вялікае гора. А яшчэ большае выпрабаванне чакала народ уперадзе.

Як успамінае Іван Цімафеевіч Кабернік, аб тым, што пачалася вайна і немцы напалі на нашу краіну, сяльчане даведаліся, як толькі пачало світаць. Справа ў тым, што непадалёк ад Касарыч стаяў самаробны “маяк”, альбо, як яго яшчэ называлі, “служба ПВО”. Гэта была высокая вышка, на якой пастаянна, па чарзе, знаходзіліся ваеннаабавязаныя і запісвалі, што ім перададуць цераз спецыяльныя прылады, а мо рацыю, што дзе робіцца, потым гэтыя звесткі яны перадавалі далей. Так ад “маяка” да “маяка” і ішла інфармацыя. Дык вось ноччу ў вёску прыйшоў чалавек, што дзяжурыў на тым “маяку”, каб пераапрануцца, і сказаў, што пачалася вайна.

Улетку рана світае і людзі сельскія ўстаюць рана. Так усе і даведаліся, што немец напаў на нас. А потым бачылі, як ляцелі нямецкія самалёты. Тут якраз праходзіла тады нябесная траса “Мінск — Кіеў”. І ўсё атрымалася, як у той песні: “…Киев бомбили, нам объявили, что началася война…” Усе сяльчане, узняўшы галовы, стаялі і глядзелі ў неба, хто схаваўшыся за вугал хаты, а хто за дрэва. Цераз каторы час немцы прыехалі ў сяло і пачалі сваё “знаёмства” з ім. Дзеці хаваліся за маці, трымаючыся за спадніцу, старыя хрысціліся… Вось так вайна прыйшла ў Заракушу. Гарнізона ніякага ў вёсцы не было, і немцы пастаянна не стаялі. Былі толькі старасты, абраныя насельніцтвам, ды назначаныя нямецкай уладай тыя, хто гэтую новую ўладу падтрымліваў. А так амаль усе мужчыны з Касарыч, Заракушы пайшлі ў партызаны. Жанчыны таксама стараліся хоць нечым дапамагчы сваім землякам, і некаторыя пайшлі медсёстрамі.

Як гарэла Заракуша

Час ад часу нямецкія ўзброеныя атрады з’яўляліся ў вёсцы і чынілі свой “парадак”: рабавалі, забіралі ўсё, як гаспадары. Хоць і з’яўляліся яны нечакана, але аб іх “налётах” насельніцтва ўсё ж такі нехта папярэджваў. Хто мог, тады ішоў у лес, балазе, ён вялікай цёмнай сцяной ахінаў вёску, а некаторыя і заставаліся: мо пранясе, а мо не зачэпяць? Так было і пасля бою зімой 1942 года. Аб ім успамінаюць сяльчане кожны па-свойму. Афіцыйнае паведамленне сведчыць: “5 февраля 1942 года, пользуясь полученными сведениями от связного нашего отряда, подпольно работавшего в гор. Бобруйске, что подготовлен немцами и полицией поход для борьбы с партизанами Катковского сельского Совета, где и находился наш отряд. Мы в тот же день организовали засаду на движущуюся большую группу немцев и полиции. Как было установлено, их было 400 человек. В результате завязался бой с далеко не равными силами — нас было в то время в засаде 70 человек. Во время боя с противником к нам прибыла по вызову группа бойцов отряда Храпко. Бой закончился победой над немцами. На поле боя в деревне Заракуша оказалось убитыми до 50 человек и ранено до 70 человек немцев. Захвачены трофеи: несколько винтовок, кухня и много патронов, а также на поле боя осталось убито 18 лошадей из немецкого обоза. А потом, как стало известно отряду, оставшиеся немцы по прибытии в Глуск после боя расстреляли до 30 полицейских, якобы удравших с поля боя.

Командир отряда Шантар

Комиссар отряда Пинчук”

А вось што колісь успамінаў былы баец атрада імя Гастэлы Уладзімір Адамавіч Станкевіч. У лютым 1942 года партызанам перадалі, што з Глуска на Баянаў, Касарычы і далей на Акцябрскі  рухаецца вялікі атрад карнікаў. Каб сустрэць іх як належыць, аб’ядналі свае сілы атрады імя Гастэлы і імя Кірава. Немцы заўважылі партызанскі заслон на падыходзе да Касарыч, у Заракушы. Заслон з боем адышоў у Касарычы, дзе размяшчаліся асноўныя сілы партызан. Але сярод адышоўшых не аказалася кулямётчыка Івана Балуты. У адну з хат сабраўся партызанскі актыў, парашылі знянацку ўдарыць па Заракушы: быць не можа, каб немцы не пабеглі, а заадно і Балуту выручыць. Так і зрабілі. Удар быў моцным і нечаканым. Некаторыя з немцаў спрабавалі адстрэльвацца, асноўная ж маса кінулася наўцёкі. Не разгубіўся і Балута. Ён у гэты час знаходзіўся на вышках крайняга ад ракі хлява і паліваў уцякаючых фашыстаў кулямётным агнём. Прыкладна сто падвод пакінулі на полі бою ворагі, а разам з імі і паўтара дзясятка сваіх ваяк, прашытых трапнымі кулямі партызан.

Іван Цімафеевіч Кабернік успамінае, што каля Заракушы быў бой. Убілі партызаны мо 15 немцаў і адступілі ў Касарычы, хацелі ісці ў лес. А выйшлі з хат старыя людзі, мужыкі, жанчыны і пачалі прасіць, маўляў, нашто ж вы нас астаўляеце, усіх жа загубяць немцы. І пачалі мужыкі крычаць “Ура!”. Да гэтага “Ура!” далучыліся і жанчыны, і дзеці. А партызаны ў гэты час кінуліся ў наступленне. Атрымаўся такі  моцны вокліч, быццам бы тут цэлая армія сабралася. Ён нёсся ў ваколіцах вёскі, а партызаны стралялі, не даючы апомніцца немцам. Тыя так уцякалі, што нават параненых пакінулі, іх потым дабілі партызаны. Багата чаго засталося на полі бою, партызаны падабралі трафеі.

А потым, мо на другі ці на трэці дзень, над Касарычамі і Заракушай лятала нямецкая “рама”, нямецкі самалёт бамбіў вёску. Некаторыя хаты гарэлі, а хто з людзей і загінуў. Пасля той бамбёжкі некаторыя сем’і пайшлі ў бежанцы, у Зубарэвічы. Там начавалі, баяліся, што немцы прыедуць пасля бамбёжкі. Так яно і адбылося. Карны атрад зрабіў сваю чорную справу. Заракуша гарэла ўся. Бежанцы ў Зубарэвічах бачылі вялікае зарыва ў тым баку, дзе была іх вёска. Хто не ўцёк з вёскі, тых расстрэльвалі, а некаторыя і пагарэлі.

Як вярнуліся з бежанцаў, жудасна было ўсё тое бачыць. Вось ляжыць забіты дзед Клім з напалову абгарэлай барадой, а яна ў яго была доўгая-доўгая. Дзве сястры абняліся ў хаце, як немцы пачалі страляць. Адну забілі, а другую паранілі, яна ўпала, а на яе павалілася застрэленая сястра, такія абдымкі былі моцныя, што і ў момант смерці не выпусцілі адна адну. Параненая Алена Галамака выжыла і пасля вайны пражыла яшчэ мо гадоў чатыры.

Заракуша згарэла амаль уся. Засталося пасярэдзіне вёскі хаты тры ці чатыры ды на Слабадзе некалькі. Згарэла і частка Касарыч. У той дзень загінула багата сяльчан.

У жыхароў Касарыч і Заракушы мелася і такая думка: навошта было чыніць той бой у самой вёсцы і забіваць тых немцаў? Можна ж было іх прапусціць за Касарычы і ўжо па дарозе на Акцябрскі, у лесе, сустрэць ворага моцным агнём спераду і не даць адступіць. Не прадумана была добра аперацыя і не падумалі пра вяскоўцаў, так за нішто загінула багата людзей.

У час вайны расстраляны Праскурнічы Павел А., Грабка Трафім Дзмітрыевіч і Грабка Цімох Данілавіч, Кабернік Кірыла Трафімавіч, Канавалаў Карп Г., Касцюкевіч Яўген Л., Коўзун Арына, Коўзун Валерый Т., Круголь Майсей, Кудрэйка Мікалай Яўсеевіч і Кудрэйка Наталля, Падаляк Гаўрыла. За сувязь з партызанамі расстраляны Шастаковіч Еўдакія Мікітаўна, Круголь Іосіф Д., Кудрэйка Яўмен Мікалаевіч, Коўзун Антон Харытонавіч, Круголь Мікалай Цімафеевіч…

Успамінаючы ваенны час, сяльчане расказвалі, што пасля таго бою каля Заракушы баяліся хадзіць у Глуск. Справа вось у чым: калі немцы даведваліся, што ў мястэчку з’явіўся чалавек з Касарыч, яго хапалі і расстрэльвалі, бо ўсіх, хто быў з Касарыч, лічылі партызанамі. А Заракуша і Касарычы, лічы, адна вёска. Паводле афіцыйных дакументаў, у Вялікую Айчынную вайну нямецкія акупанты ў сакавіку 1942 года спалілі ў Заракушы 58 двароў і загубілі 29 жыхароў; 62 вяскоўцы загінулі на фронце. У памяць пра іх на паўночнай ускраіне вёскі ў 1972 годзе пастаўлены помнік, які размешчаны на ўзгорку. На ім напісана 59 прозвішчаў, з іх 19 — аднолькавых, толькі ініцыялы розныя: Кудрэйкі — сем чалавек, Канавалавы — тры, Варанцы — чатыры, Кругалі — сем, Заградскія — тры, Кабернікі — восем… Загінулі ў вайну цэлыя сем’і.

Пасля таго як была спалена Заракуша, многія засталіся без жылля. Некаторыя выкапалі зямлянкі, іншыя з абгарэлых дошак зрабілі нешта накшталт пабудовы, а хто дык і зусім сям’ёю пайшоў да партызан, дзе было спакайней. Але ў хуткім часе пачалася блакада партызанскай зоны, і жыхары спаленай вёскі вярнуліся на свае папялішчы, дзе яшчэ была магчымасць выратавацца. На самой справе аказалася інакш.

У няволю

Не паспелі прыйсці ў сябе ад папярэдніх жахаў, як наехалі немцы і пазабіралі амаль усіх падлеткаў — і хлопчыкаў, і дзяўчынак, некаторых з маці — у Нямеччыну. Хто паспеў схавацца — той застаўся на радзіме. Сяльчан з Заракушы, Касарыч, Каткі і іншых вёсак Каткаўскага сельсавета адвезлі ў Парычы, там да іх далучылі жыхароў з Азарыцкага і Парэцкага сельсаветаў і адвезлі на чыгуначную станцыю ў Пухавічы, пагрузілі ў вагоны. У няволю  трапілі Адам Багдановіч, Міхаіл Галамака, Васіль Пётух, Вольга Багук…. Багата тады забралі людзей, каго ў Германію, каго ў Польшчу.

Толькі пасля перамогі тыя, хто застаўся жывы, дабіліся дадому. А пасля палону і дома было не соладка: савецкая ўлада не надта добра ставілася да былых вязняў. Вызывалі ў Савет, у органы, і толькі адны пытанні: чаму? што? як? Цяжка, вельмі цяжка жылося, крыху пазней разабраліся, і ўсё неяк прыціхла, але душэўная рана засталася на ўсё жыццё.

Іван Цімафеевіч Кабернік узгадваў і такі выпадак з ваенных часоў. Вясною 1942 года знайшоўся здраднік, выдаў партызан, пасля чаго іх расстралялі ў Катцы. Дык вось немцы даручылі сяльчанам ахоўваць і адвезці гэтага здрадніка на падводзе ў Глуск. Яны і павезлі, але да Глуска не даехалі. Паміж Баянавам і Заракушай ёсць канава. Здрадніка забілі і ў той канаве ўтапілі. А праз некаторы час на поплаве, дзе працякала тая канава, пасвілі дзеці кароў, што яшчэ заставаліся ў вёсцы. Каровы пайшлі піць ваду ў канаве і пачалі раўці. Як падбеглі дзеці паглядзець, што здарылася, то ўбачылі: з гразі тырчыць чалавечая рука. Пабеглі ў вёску да дарослых, расказалі. Як выцяглі, тут і высветлілася, хто гэта такі. Сяльчане нават не дазволілі бацькам таго здрадніка хаваць яго на кладах, пахавалі за плотам могілак.

Працяг будзе

Іна КІРЫНА

Последние новости

Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024