Темы

Заракуша

Заканчэнне.

Калі прагналі немцаў

Як нашы немцаў пагналі і тыя пачалі адступаць, то ўсе сяльчане хаваліся ў лесе. Тут, у гэтых мясцінах, дзе знаходзяцца Заракуша і Касарычы, у чэрвені 1944 года ішлі баі 43-га стралковага корпуса 28-й Арміі Першага Беларускага фронту і партызан Палескага злучэння за пераправу на рацэ Пціч. “Чырвонаармейцы выпадкова выйшлі на сяльчан, якія хаваліся на Максімаўскім востраве, што знаходзіцца сярод балота, — успамінаў Іван Цімафеевіч Кабернік. — Давалі хлеб, цукар, мыла… А як прыйшлі з лесу дадому, то не пазнавалі адзін аднаго, такія ўсе мы былі зялёныя, як мохам пакрытыя. А што елі на востраве? Траву, кару, збіралі птушыныя яйкі, а хаваліся і спалі ў зялёным моху. Пра гэты жах лепш не казаць. А як аслабанілі ад немцаў, быў такі палявы ваенкамат, і ўсіх хлопцаў, хто трохі падыходзіў па ўзросце, забралі ў армію і адправілі на фронт дабіваць немца. Вайна ішла яшчэ цэлы год, а тут, у родных мясцінах, пачалося мірнае жыццё”.

Заракуша і Касарычы былі амаль поўнасцю разбураны. Людзі жылі ў зямлянках ды невялічкіх пабудовах, зробленых з таго, што засталося ад спаленых селішч. Перабіваліся з пышак на лебяду ды крапіву. Жыўнасці амаль ніякай не было. Хто чым мог засяваў свой агарод. Падспор’ем быў лес — грыбы, ягады, яйкі дзікіх птушак, а то дзе і заяц у капкан трапіцца… Усё ішло ў ежу, не перабіралі, есці ж хацелася. У лес баяліся хадзіць: ваўкоў развялося пасля вайны багата, але, кажуць, голад не цётка. Яшчэ выручала Пціч. Яна карміла рыбай, якой таксама было шмат і ў канавах. Лавілі рыбу самаробнымі прыладамі — кашамі, таптухай, хто на што здатны быў. І заўжды яе ўсім хапала. Нават аднавіла сваю працу рыбалоўная арцель, што была тут створана яшчэ да вайны. Зімою секлі лёд сякерамі. Лункі высекуць, а потым як зацягнуць невад, то вылаўлівалі рыбы па тры — чатыры скрыні (скрыня — дзесьці 450—500 кг). Рыба была і белая, і самы… Яе адпраўлялі ў Глуск.

Пачалі працаваць калгасы: “Чырвоная Зорка” ў Касарычах, старшыня Васіль Пятровіч Лысак, і “XVIII партз’езд” у Заракушы, старшыня Пётр Данілавіч Пінчук. Каб засеяць палеткі, збіраліся вяскоўцы гуртам па 20—30 чалавек і пешшу ішлі на чыгуначную станцыю Ратміравічы. Туды прыбывалі вагоны з насеннем, якое размяркоўвалі па гаспадарках. На плячах у лясёнках ды посцілках маладыя жанчыны і дзяўчаты неслі тое зерне да Заракушы і Касарыч. Засявалі, упрэгшыся ў плуг, у барану, абліваючыся потам і слязьмі. І чакалі сваіх гаспадароў і сыноў з фронту.

Чакалі жывых і аплаквалі загінуўшых

Праз год скончылася вайна. Амаль кожны дзень у вёску вярталіся салдаты, многія параненыя. Колькі было радасці і слёз: чакалі кожны дзень жывых і аплаквалі загінуўшых. Усе, хто вярнуўся, мелі ўзнагароды. Так, Іван Сцяпанавіч Жулега ваяваў ва Усходняй Прусіі, Германіі, быў паранены, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, “Чырвонай Зоркі”, медалём “За перамогу над Германіяй”. Мікалай Трафімавіч Грабко ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны, двума медалямі “За баявыя заслугі”, Міхаіл Яўстратавіч Коўзун — ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, “Чырвонай Зоркі” і медалём “Партызану Айчыннай вайны I ступені”, Уладзімір Сілавіч Кудрэйка — ордэнам Айчыннай вайны II ступені і двума медалямі “За адвагу”, Кандрат Пятровіч Якубенка — ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені, медалём “За адвагу”. Васіль Раманавіч Кабернік адразу ваяваў у партызанскім атрадзе, а потым у складзе Першага Беларускага фронту дайшоў да ракі Віслы, быў паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, а ўжо ў мірны час — медалём “За доблесную працу”.

Калгас імя Жданава

З прыходам мужчын стала лягчэй. Усю самую цяжкую працу яны ўзялі на сябе — і касілі, і аралі, і будавацца пачалі многія пасля вайны. Жыццё пайшло весялей. Па вечарах — танцы, песні. Вось ужо і вяселлі пайшлі гуляць, а потым і дзеткі сталі нараджацца… Так і ўзнімаліся, і абжываліся. Паціху падымалася і калгасная гаспадарка.

У 1950 годзе выйшла пастанова аб узбуйненні калгасаў. Быў арганізаваны калгас імя Жданава, у яго ўвайшлі вёскі Касарычы, Заракуша і Замасточча. Кожная з вёсак стала брыгадай, а ў Касарычах іх было аж тры, успамінаў Уладзімір Мікалаевіч Лысак. У кожнай брыгадзе сеялі па 60 гектараў бульбы, і радзіла яна добра. Коней у кожнай брыгадзе было больш за 60 галоў. К гэтаму часу пабудавалі добрыя канюшні. Уся праца тады ў калгасе трымалася на конскай сіле ды чалавечых руках. Брыгадзірамі былі: у Касарычах — Мацвей Пацай, Валодзя Кудрэйка, Яўхім Бяствіцкі, у Заракушы — Кандрат Якубенка. Кантора калгаса знаходзілася ў Касарычах. Учотчыкам у калгасе працаваў Іван Цімафеевіч Кабернік, а пасля службы ў Савецкай Арміі ён вярнуўся ў Заракушу і быў назначаны брыгадзірам комплекснай паляводчай брыгады. За старанную працу яму ў 1956 годзе выдзелілі лес на будаўніцтва хаты — гэта была найвышэйшая для яго ўзнагарода.

Захавалася “записная книжка председателя колхоза” Васіля Ігнатавіча Галамакі, які кіраваў калгасам імя Жданава больш за 15 год. Датуецца яна 1958 годам. Дык вось, з гэтага нататніка відно, што ў плане на 1958 год засеяць трэба было плошчу ў межах 675 гектараў, з іх пшаніцы — 55 гектараў, ячменю — 60, грэчкі — 60, аўса — 110, кукурузы — 70, гароху — 3, проса — 2, махоркі — 10, капусты — 3, гуркоў — 2, жыта — 380 гектараў. Вось такія культуры вырошчвалі ў гаспадарцы. Працавала ў калгасе і свая жывёлагадоўчая  ферма, дзе 19 даярак уручную даілі кароў, за кожнай даяркай іх было замацавана 9—10. На 31 красавіка 1958 года больш за ўсіх малака надаіла Марыя Гербач —6 762 кг, а ўсяго надоена —97 255 кгмалака. На калгасным сепаратарным пункце білі масла і здавалі дзяржаве. Наогул, скаціны ў калгасе было больш за 400 галоў. Працавала і свая свінаферма больш чым на 350 галоў. Загадчык яе — Іван Касько. Паўсюль былі чысціня і парадак.

У цёплы час свіней пасвілі на лугах, летам да гэтай справы далучалі дзяцей. Колісь кіламетры за чатыры ад Заракушы знаходзіўся хутар Горнае. Там было гаспадарак мо з 14. Хаты дабрэнныя. Сюды перавялі галоў з 200. Даяркі начавалі асобна, пастухі таксама мелі свой будынак. Коней было тут галоў з 50.

Была тут і свая калгасная пасека на 150 вулляў. Пчаляр — Есіп Фаміч Юневіч. Вуллі ўсе парабілі зашклёныя, і пчаляр мог назіраць, што ўнутры робіцца. А як пасадзілі свой калгасны сад, то і там паставілі вуллі.

Гусей калгас трымаў галоў з 500, курэй — больш за 300. Яйка каштавала ў той час тры капейкі. Знойдуць, бывала, дзеці два яйкі — здадуць у краму альбо нарыхтоўшчыку, вось табе і кіно можна паглядзець, а калі хто болей знаходзіў, то і цукеркай мог паласавацца.

На хутары Зябень таксама было галоў з 200 кароў.

З цягам часу ў калгасе з’явіліся льноцерабілка і сушылка, піларама, цыркулярка, сталярка, было тры кузні, тры зернесушылкі. Працавала трактарная брыгада, у склад якой уваходзілі Андрэй Кудрэйка, Яфрэм Юневіч, Архіп Дашкоўскі, Багам’я, Ігнат Купчэня, Васіль Кабернік, А. М. Кабернік. Механікам быў Уладзімір Мікалаевіч Лысак. Пазней з’явіліся ў калгасе і два камбайны. Уся тэхніка стаяла дагледжаная, пад навесам. За кожны працадзень у калгасе плацілі пяць капеек. А яшчэ прадавалі калгаснікам мёд па 1 руб. 30 кап. за кілаграм. На працадні таксама давалі мёд, зерне, іншую прадукцыю.

Працавалі ўсе калгаснікі шчыра і дабіваліся добрых поспехаў. Перадавікоў адзначалі. Так, К. В. Падаляк узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і медалём “За працоўную доблесць”, Павел Мікалаевіч Кудрэйка — медалём “За доблесную працу”, А. Е. Кабернік — ордэнам “Знак Пашаны”, а яшчэ ён меў медаль “За асваенне цалінных зямель” — і там паспеў папрацаваць. Прэміравалі перадавікоў і пуцёўкамі ў Дамы адпачынку, і грашыма, і паездкай у Маскву на ВДНГ. Вазіў у Маскву стаханаўцаў, так колісь называлі перадавікоў, былы франтавік Уладзімір Лысак, вадзіцель з ваенным вопытам. Яму можна было даверыць гэту справу. У калгасе была свая машына УАЗ-469, яе атрымалі як лепшыя ў выкананні плана па здачы малака дзяржаве. Бралі з сабою на тую выставу вынікі свайго ўраджаю — лён, кукурузу, мёд… Ехалі да Масквы 12—13 гадзін. Жылі там у прыгожай гасцініцы. Бывала, дадуць білеты ў Маўзалей У.І.Леніна, але амаль ніхто туды і не хадзіў, успамінаў Уладзімір Лысак. Паглядзяць сяльчане выставу, горад — ды па магазінах. Накупляюць тавару, прадуктаў, асабліва чамусьці багата бралі кількі, і едуць сабе дадому задаволеныя.

Стаханаўцамі ў калгасе, каго ўспомнілі вяскоўцы, былі пастухі Мікалай Галавачанка і Прохар Лысак, будаўнік Мікалай Праскурнічы, даярка Ксеня Падаляк, брыгадзір К.Няхлебаў, брыгадзір ільнаводчай брыгады Агапа Сяргееўна Яльчык.

Калгас багацеў з кожным годам. Аднымі з першых у раёне тут пабудавалі сваю электрастанцыю, якая абслугоўвала тры вёскі — Касарычы, Заракушу і Замасточча, дызелістамі працавалі Грыша Маркавіч Пінчук і Мікалай Лацэвіч. Электрычнасць была для ўсіх бясплатнай. Працавала гэта ўстаноўка гадоў з пятнаццаць. Меў калгас і свой радыёвузел, які абслугоўвалі Саша Гурскі і Міхаіл Калеснік з Замасточча. У Заракушы, як і ў Касарычах, былі свае дзіцячыя яслі. Працавала ў іх Ганна Васільеўна Кабернік. Пазней з будынка, дзе былі яслі, зрабілі калгасны клуб. Працавала хата-чытальня. За калгасныя сродкі была пабудавана грамадская лазня.

У калгасе “Зара”

Дзесьці ў 1964 годзе зноў было ўзбуйненне калгасных гаспадарак, і калгас імя Жданава ўвайшоў у склад другога калгаса. Цяпер ён лічыўся трэцім вытворчым участкам калгаса “Зара”, але праца працягвалася з тым жа шчырым натхненнем, што і раней.

На малочнатаварнай ферме ў Заракушы зрабілі рэканструкцыю, і даяркі даілі ўжо па 25 кароў, і не рукамі, а даільнымі апаратамі. Надойвалі ад каровы ў суткі ў сярэднім па9 кгмалака, а за год —3 200 кг, і ўсё вышэйшай якасці. Перадавая даярка Вольга Максімаўна Галаўня надойвала на карову больш як10 кгмалака. Заўжды тут у дастатку было і сена, і саломы, і сенажу. Ды і як не хапіць? Вакол жа такія вялікія лугі! Працавітыя сялянскія рукі ўсё чыста выкошвалі, захоўвалі. Гаспадарскі падыход быў да кожнай справы… Добра радзіла бульба. Сярэдняя яе ўраджайнасць складала болей за 160 цэнтнераў з гектара.

Вёскі будаваліся хуткімі тэмпамі, калгаснікам адпускалі і шыфер, і цэглу, і лес. Паводле перапісу 1970 года, у Заракушы налічвалася 257 жыхароў. У сяльчан з’явіліся свае веласіпеды, радыёпрыёмнікі, патэфоны і нават матацыклы. Была праведзена тэлефонная лінія. Усё побач — і школа, і бальніца, і багаты калгас, а гэта праца і неблагія заробкі… Жыві і радуйся!

Пусцеюць вясковыя вуліцы

Але хутка праімчаў час, і праз нейкія паўтара дзясятка год не заўважылі сяльчане, як вёска стала пусцець: моладзь вывучылася ў тэхнікумах  і інстытутах, а дадому мала хто вярнуўся. Многія сталі медработнікамі, інжынерамі, ахоўнікамі правапарадку, працаўнікамі гандлю, настаўнікамі… Міністрам меліярацыі Беларусі быў Даніла Пятровіч Юневіч, доўгі час працаваў у аддзеле знешніх зносін штаба Групы савецкіх войск у Германіі Аляксандр Маркавіч Пінчук. Васіль Яфімавіч Бяствіцкі, капітан I рангу, афіцэр-падводнік, ветэран Сярэднеземна-морскай эскадрыллі, быў узнагароджаны ордэнам “Чырвонага Сцяга”. Іван Цімафеевіч Кабернік працаваў галоўным дзяржінспектарам па нарыхтоўцы і якасці ў Глускім раёне. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ён узнагароджаны медалямі “За працоўную доблесць” і “За доблесную працу”.

Не ўдыхнула новае жыццё ў Заракушу і перабудова. У 1986 годзе тут — 66 гаспадарак і 132 жыхары, праз дзесяцігоддзе, у 1996-м, — 53 двары і 85 жыхароў. Багата пенсіянераў, але ў калгасе яшчэ працуюць, трымаюць і асабістую гаспадарку, на лузе пасвіцца статак кароў… У 2005-м — 38 двароў, 48 жыхароў. На хаце Веры Мікалаеўны і Уладзіміра Гаўрылавіча Турлыка з’явілася шыльда “Дом сацыяльных паслуг”. Тут збіраюцца сяльчане, калі прыязджаюць у Заракушу сацыяльныя і медыцынскія работнікі, прадстаўнікі ўлады… На адной з такіх сустрэч у 2008 годзе вяскоўцы выказалі просьбу добраўпарадкаваць дарогу, якая вядзе да могілак, што на Слабадзе. Прыслухаліся, падсыпалі. Але дзве вялікія лужыны, што раней былі на шляху ў вечнасць, здаецца, і самі прапісаліся тут навек. Добра, што зараз у апошні шлях вязуць чалавека на машыне, а вось яго праважаючыя праціскаюцца паўз платы, каб не загразнуць у тых лужынах. “Зараз багата чаго з будынкаў разбураюць, вось і лазню разбурылі, — кажуць людзі, —  дык хай бы рэшткі той цэглы не закопвалі ў яму, а прывезлі ды засыпалі ў тыя лужыны, а потым пяском, можа б, і вынік быў”.

А так жыццё ў Заракушы паціху працягваецца. У 2011 годзе тут афіцыйна лічылася 29 жыхароў, а на самой справе чалавек з 18 засталося. Па магчымасці засяваюць вяскоўцы свае прысядзібныя надзелы, вырошчваюць бульбу, гародніну. Наогул, прадукты ў Заракушу дастаўляе аўталаўка, пенсію — паштовая машына.

У ваколіцах Заракушы, як акінуць вокам, віднеюцца калгасныя палеткі, луг, лес, рэчка. Некаторыя з іх маюць свае цікавыя назвы — Карма, Лянкевічавы астравы, Лазенка, Вялікі востраў, Канавалава гара, Шведаў затон, Данілава гара, Карчы, Ракуша…

На пачатак 2016 года ў Заракушы налічвалася 18 чалавек, а ў студзені 2017-га засталося менш за 10. Багата пустых хат, на вуглах некаторых з іх прыбіты зорачкі. Зоркі засталіся, а вось гаспадароў іх, ветэранаў вайны, даўно няма. Крыху ажывае вёска з надыходам вясны: прыязджаюць у свае хаты зімавальнікі, бывае, разам з дзецьмі і ўнукамі, наязджаюць дачнікі, некаторыя глушчане пабудавалі тут добрыя дамы пад летнікі. Вось так з года ў год і круціцца сялянскае кола жыцця ў гэтых прыгожых мясцінах на беразе чыставоднай ракі Пціч.

Іна КІРЫНА

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024