Темы

Мы разам у гэты дзень!

Мы разам у гэты дзень!

Думаю, многія пагодзяцца з тым, што не на ўсіх святах разам з дарослымі павінны быць дзеці. Але Дзень Перамогі — з тых святаў, дзе іх прысутнасць проста неабходная, і менавіта побач з дарослымі. Аб гэтым я думала, гледзячы, як глушчане збіраюцца на парад 9 Мая, дзе ў адной калоне былі людзі розных пакаленняў, ад ветэранаў да зусім маленькіх дзяцей. Магчыма, некаторыя з малых яшчэ нават дакладна і не разумеюць, за што ваявалі гэтыя дзядулі з узнагародамі на грудзях і чаму тата дорыць ім кветкі, але дух свята, павага да гісторыі ў іх, мабыць, народзіцца і будзе расці…

Калона выстраілася, шэсце да мемарыяла Воінскай Славы пачынаецца, і па дарозе да яго далучаюцца ўсё новыя і новыя людзі — школьнікі, дарослыя, афіцэры, воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў… Нехта з ідучых узгадвае, як у такой жа калоне колькі дзясяткаў год назад ішлі вялікім строем удзельнікі вайны, партызаны, салдаты. На жаль, час няўмольны, многіх ужо няма, але сёння яны таксама ў страі: іх партрэты ў “Бессмяротным палку” нясуць унукі і праўнукі. Дарэчы, так і пытаюцца адзін у аднаго: не чый партрэт ты нясеш, а хто гэта сёння з табою?

Мітынг каля помніка Воінскай Славы пачынаецца з Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Выносяцца Дзяржаўны флаг і флаг Глускага раёна, за імі знамёны Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і піянерскай арганізацыі, пачэснае права іх вынесці дадзена тым, хто зараз, у мірны час, праслаўляе Глушчыну. Гэта вучні гарпасялковых школ, спартсмены, актывісты і выдатнікі вучобы, і кіраўнікі прадпрыемстваў — пераможцаў раённага спаборніцтва.

Гучаць словы віншаванняў, словы гонару за тых, хто не скарыўся, хто проста не мог дазволіць такога, каб вораг-акупант асталяваўся на роднай зямлі. На франтах Вялікай Айчыннай змагаліся 6 597 нашых землякоў, 4 725 з іх загінулі. Іх памяць, а таксама памяць тых, хто памёр пасля вайны, не ачуняўшы ад раненняў, памяць мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі фашызму, ушанавалі хвілінай маўчання. Сёння ў Глускім раёне жыве 15 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, на жаль, на свяце яны змаглі прысутнічаць не ўсе, але ўсе атрымалі падарункі і кветкі, а іх імёны прагучалі на ўрачыстым мітынгу, іх назваў у сваім прывітальным слове старшыня раённага выканаўчага камітэта Уладзімір Царыкаў. З віншаваннямі выступіў старшыня савета ветэранаў Валерый Сураўнёў.

Невялікая музычная тэатралізаваная пастаноўка быццам перанесла нас у далёкі 1941-ы… Горыч расстання, страх перад невядомым і гарачая вера ў Перамогу — усе гэтыя пачуцці пастараліся перадаць артысты. І вось ужо пад мірным небам спяваюць і танцуюць шчаслівыя дзеці, унукі і праўнукі абаронцаў Айчыны, а ў неба ўздымаюцца рознакаляровыя паветраныя шарыкі. Ці не за гэта ваявалі нашы дзяды і прадзеды? Да помніка Воінскай Славы ўскладаюць кветкі і вянкі ветэраны, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, Камуністычнай партыі Беларусі, працоўных калектываў. Урачысты мітынг, прысвечаны 72-годдзю з Дня Вялікай Перамогі, завяршаецца.

Тым часам у цэнтры Глуска таксама разгортваецца свята. Музыка, песні ў выкананні спачатку аматарскага аб’яднання “Зносіны”, пасля — артыстаў раённага Дома культуры, самадзейных спевакоў і выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў. Для дзяцей — батуты, атракцыёны, забаўляльная праграма. Хочаш што купіць — калі ласка, да гандлёвых палатак. Цікава было прайсціся і каля падвор’яў сельскіх гаспадарак раёна, можна было палюбавацца (і набыць, канешне) на прыгожыя сувеніры, зробленыя рукамі майстроў Заеліцкага Дома рамёстваў, педагогаў і выхаванцаў Цэнтра творчасці і Веснаўскага дома-інтэрната. Шматлюдна было на “салдацкай паляне”, дзе ўсе жадаючыя частаваліся “салдацкай” кашай.

Абавязковая састаўляючая любога вялікага мерапрыемства   — спартыўная. На жаль, з-за непагоды прыйшлося адмяніць лёгкаатлетычную эстафету сярод школьнікаў, а ўсё астатняе, што было заяўлена, адбылося, у тым ліку паказальныя выступленні зборнай таэквандыстаў і таварыская сустрэча па футболе. Што датычыцца вынікаў спаборніцтваў, яны наступныя. У турніры па валейболе сярод дарослых мужчын удзельнічала тры каманды, перамагла зборная аграгарадка Заеліца. Турнір па міні-футболе сабраў чатыры каманды — з трох гарадскіх школ і Заеліцкага НПК, званне пераможцаў атрымалі вучні сярэдняй школы № 2. Пад пытаннем, дарэчы, быў і лёгкаатлетычны крос, бо якраз, як бегчы спартсменам, узняўся вецер ды пайшоў град. Але ўсе ж такі бегуны, а іх было 52 чалавекі, не спалохаліся. У выніку першымі да фінішу прыйшлі: Дзмітрый Барысік (1-е месца), Глеб Пятроў (2-е месца), Уладзіслаў Купчынскі (3-е месца).

Надвор’е, зрэшты, імкнулася перашкодзіць не толькі спартсменам. Але холад, дождж і снег ніяк не сапсавалі ўрачысты настрой і не паўплывалі на цеплыню, душэўнасць, што адчуваліся ў гэты вялікі дзень — Дзень Перамогі. Імёны тых, хто паклаў жыццё або здароўе за Радзіму, узгадвалі не толькі на трыбунах або канцэртных пляцоўках. У мясцовых праваслаўных храмах былі адслужаны паніхіды аб воінах, якія загінулі за веру і Айчыну, а таксама аб усіх памерлых, хто набліжаў Перамогу. Акрамя гэтага, 9 Мая Глускі раён наведалі прадстаўнікі яўрэйскай хасідскай суполкі з Бабруйска, яны ўсклалі вянок да помніка на Мыслачанскай гары, і рабін Шауль Хабаба правёў там памінальны абрад, такія ж малітоўныя дзействы былі праведзены і на магілах ветэранаў вайны, што пахаваны на яўрэйскіх могілках.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Больш здымкаў глядзіце ў раздзеле «Фотагалерэя. 2017 год».    https://www.glusk.by/fotogalereya/2017-god/

Последние новости

Общество

Каких специалистов готовят в военных вузах, рассказали глусским школьникам

18 октября 2025
Читать новость
Общество

Глусский парень Арсений Окрут на погранзаставе

18 октября 2025
Читать новость
Актуально

Заместитель Председателя КГК Андрей Лобович провел прием граждан в Глусском районе

17 октября 2025
Читать новость
Актуально

АФИША ВЫХОДНОГО ДНЯ. Мероприятия в Глуске 18—19 октября

17 октября 2025
Читать новость
Культура

В Глусском районе чествовали работников культуры

17 октября 2025
Читать новость
Актуально

В День матери женщин-водителей поздравили районный комитет ОО «БРСМ» и отделение ГАИ РОВД

17 октября 2025
Читать новость

Рекомендуем