Темы

З блакнотам па раёне. Маленькая вёсачка Горнае

З блакнотам па раёне. Маленькая вёсачка Горнае

Першае згадванне пра вёску Горнае адносіцца да XIX стагоддзя. У кнізе “Памяць”  напісана, што ў 1887 годзе гэта быў фальварак пры Маскоўска-Варшаўскай шашы і належаў ён Гарадоцкай воласці Бабруйскага павета. На той час там у двух дварах пражывала 33 чалавекі. У 1907 годзе — 27 жыхароў, а праз 10 гадоў Горнае складалася з хутароў: у адным — 15 хат і 35 жыхароў, у другім — 21 хата і 59 жыхароў. У 1931 годзе была адкрыта пачатковая школа, а годам раней арганізаваны калгас “Чырвоны пуцілавец”, які ў 1932 годзе аб’ядноўваў 18 гаспадарак. У 1996 годзе было 35 двароў і 52 жыхары.

У вёску Горнае з Глуска можна трапіць па двух шляхах. Адзін з іх пралягае праз Завалочыцы, далей на трасу Бабруйск — Слуцк, з правага боку застаецца вёска Сіманавічы, а там ужо рукой падаць да Горнага. Адна з вуліц вёскі цягнецца ўздоўж трасы, другая ідзе перпендыкулярам да яе. З шашы мы звярнулі на грунтавую дарогу і найперш вырашылі праехаць па гэтай перпендыкулярнай вуліцы. Яна сустрэла нас маўчаннем. Праз  некалькі метраў хацелася развярнуцца і паехаць назад, на другую вуліцу. Але цікаўнасць усё ж такі ўзяла сваё: што там, за бясконцымі зараснікамі сліўняку ды парасткамі дзікай маліны?

Алена Аляксееўна Алёхна перабралася на дачу ў Горнае з Бабруйска

На дарогу выбег рыжы сабачка. Прыкмеціўшы нашу машыну, якая спынілася ў канцы вуліцы, — трэба было зрабіць некалькі фотаздымкаў — ён павёў сябе, як сапраўдны гаспадар. Падбег да машыны, агледзеў яе з усіх бакоў, а потым, калі мы крануліся з месца, пабег паперадзе, як бы паказваючы шлях. І добра, што так атрымалася, інакш гэты Рыжык (менавіта так звалі нашага павадыра) проста не пусціў бы нас да сябе ў двор. А гэта быў адзіны двор, дзе цеплілася жыццё, астатнія некалькі хат ціха “маўчалі”. Гледзячы на вуліцу рашоткамі закалочаных вокнаў, чакалі прыезду на лета сваіх гаспадароў. У той жа хаце, што мы зайшлі, людзі жывуць круглы год. Гадоў пяць таму бабруйчанін рашыў купіць сабе домік на дачу. Цяпер і сам ужо дакладна не можа патлумачыць, чаму спыніўся менавіта на Горным. Адно толькі кажа, што мясціны тут прывабныя, а яшчэ зручна дабірацца з Бабруйска. Селішча Віктара Мікітавіча і Алены Аляксееўны Алёхнаў за гэты час ператварылася ва ўтульны сямейны куток. Гэтакі невялікі астравок жыцця пасярод бязлюднай вуліцы, з усімі выгодамі цывілізацыі, асноўная з якіх сягоння — інтэрнэт, а яшчэ невялікім “наборам” хатняй гаспадаркі — ужо знаёмага нам Рыжыка, ката Бакса і курэй, сярод якіх ёсць любіміца з казачнай мянушкай Раба.  Гаспадыня, з якой мы пагутарылі, расказала, што тужліва тут бывае толькі ўзімку. Ні з кім  ні загаварыць, нікуды не выйсці. Колісь па суседстве з імі стаяў трохпавярховы прыгожы дом, дык яго прадалі, разабралі і вывезлі. Застаўся адзін фундамент. Іншыя дамы на вуліцы пакрывіліся, некаторыя разваліліся амаль да падмурка, а ёсць яшчэ і цэлыя. Праўда, без вокнаў і дзвярэй, але яшчэ стаяць, нават бярвенні памечаны. Можа, “пашчасціць” такому дому і нехта нагледзіць купіць яго хаця б пад знос. На ўсю доўгую вуліцу Міра, якой дзясяткі гадоў таму карэнныя жыхары Горнага далі сваю назву — Слуцанская (аб гэтым гаворка пойдзе пазней), цяпер жылых толькі пяць хат. Адна з іх Алёхнаў і чатыры — дачныя.

Таццяна Аляксандраўна Алейнік — старэйшая жыхарка вёскі

Не густа з насельніцтвам і на другой вуліцы вёскі, з прыгожай назвай Зялёная. Тыя ж дажываючыя свой век хаты і глухая пустата. Нашы імкненні трапіць  у адну, другую, трэцюю хату не далі станоўчых вынікаў. Мы натыкаліся на замкі ў брамках альбо ў дзвярах. І толькі ўбачыўшы каля адной з хат легкавую машыну, падумалі: там якраз нехта павінен быць. Аказалася, што гэта пляменнік з суседняй вёскі прыехаў праведаць сваю састарэлую цётку.  Дарэчы, яна аказалася старэйшай жыхаркай Горнага. Таццяне Аляксандраўне Алейнік 85 гадоў, і жыве яна з сынам, які часова пакінуў жыллё ў Бабруйску і прыехаў даглядаць маці. У нас толькі і засталася надзея, што гэтая жанчына зможа што-небудзь расказаць пра колішняе жыццё горненцаў.  Яно так і выйшла. Праўда, Таццяна Аляксандраўна часта пераскоквала з адной падзеі на другую, потым вярталася зноў, і, магчыма, не ўсё, што яна гаварыла, можна лічыць дакладнымі фактамі, але ў цэлым было што паслухаць і расказ атрымаўся даволі змястоўным.

— Цяпер мне толькі і застаецца, што жыць успамінамі, — з горыччу ў голасе гаворыць наша субяседніца. — Гадкоў з пяць, як страціла зрок, магу толькі разлічыць дзень з ноччу, і то цьмяна. Часта не сплю начамі, вось тады і лезуць усялякія думкі. Нарадзілася я ў 1932 годзе, жылі мы тады не ў Горным, а непадалёк ад яго. Пасяленне наша называлася Ліпкі, а яшчэ інакш — вёска Ражок. Можа, гэта была і не вёска, бо хат было мала, але так казалі людзі. Калі мне споўнілася восем гадоў, то наш хутар, а яшчэ суседні, які называўся Грышкі, перасялілі ў Горнае. Людзі паперавозілі свае хаты разам з усімі пажыткамі, і сталі мы паўнапраўнымі жыхарамі Горнага. Што яшчэ памятаю? Вайну, як бамбілі вёску, як уцякалі ад немецкіх бамбёжак і хаваліся — то ў жыце, то ў балоце, як год жылі ў зямлянках на месцы  былога свайго Ражка. Дарэчы, балота пачыналася якраз за Ражком. Дык вось, там спрабавалі нават кароў ад немцаў схаваць, але яны, праклятыя, усё ж такі знайшлі нашых жывёлін і забралі. Можа б, усё абышлося, але ім дапамаглі паліцаі.

Дзяцінства і ўсё, што звязана з ім, успамінаецца ўрыўкамі. Затое пра пасляваенны час магу расказаць болей. А ён быў цяжкі, калі прыходзілася не проста жыць, а выжываць. Карміліся мы ад зямлі. Кожны ў вёсцы меў свае надзелы. Садзілі там бульбу, сеялі зерневыя, гарох, проса, лён. Калі зерневыя і лён паспявалі, то іх зжыналі, а потым раскладвалі на шашы, якая праходзіла  побач з вёскай. Для чаго гэта рабілі? Не паверыце, але такім чынам машыны, якія праязджалі па трасе, абмалочвалі нам зерне. Чамусьці назаўсёды ў памяці засталася каша з проса. Ой, і смачная ж яна была. Жоўтая такая, наварыстая. Цяпер такой няма. Акрамя работы на сваіх надзелах, сяльчане працавалі ў калгасе, за працадні, за дзве ношкі жыта ў  месяц. А работы ж было многа, і ўсё ўручную. Адразу пасля вайны не тое што трактароў, але і коней не было. Аралі валамі, зерне сеялі з корабаў рукамі, потым жалі сярпамі і самі ж малацілі. У калгасе “Чырвоны пуцілавец”, куды ўваходзіла наша вёска і суседнія Ясенцы, не было свайго гумна. Снапы развозілі па людскіх гумнах, і там ужо кожны гаспадар абмалочваў іх. Хачу сказаць, што аддавалі назад у калгас усё да зярнятка. Ніхто не краў, хаця самім іншы раз не было чаго есці. Вось такая была сумленнасць у людзей. А яшчэ жыхары Горнага былі вельмі шчырыя ў рабоце. Спачатку валамі, а потым, калі нажылі коней, то імі ўсю восень вазілі на поле гной і складвалі ў бурты. Вясной насілкамі разносілі яго і раскідвалі па полі. А торф як нарыхтоўвалі? Рабілі гэта зімой. Секлі тапарамі, крыгі грузілі на сані і коньмі вывозілі на поле, у бурты. Адно добра, што не трэба было ехаць далёка па торф. Ён быў праз шашу, дзе сягоння копанкі. Тэхнікі не было, затое шмат было калгаснікаў. У пачатку пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя ў нашай вёсцы налічвалася 62 дамы, у якіх пражывала 250 чалавек. Большасць з іх — моладзь. Давялося горненцам быць і каўчукаводамі. На асушаных тарфяніках вырошчвалі экзатычную для нашых мясцін казахскую культуру кок-сагыз. Ён падобны на адуванчык. Ох, і далася нам гэта культура. Марокі з ёй было — не перадаць словамі. Вы спрабавалі збіраць насенне адуванчыка? Дык вось такое ж яно было і ў кок-сагыза, маленькае і лятучае, і мы яго збіралі. А палоць як было цяжка, ды не адзін раз за сезон, а некалькі. Ураджай збіралі восенню, выкопваючы з зямлі дробныя карэньчыкі. Пасля такой работы дадому прыходзілі змораныя і вельмі брудныя. І ніхто з калгаснікаў не скардзіўся, што стамляецца, бо ведалі — робім карысную справу. Менавіта з сабраных намі карэньчыкаў выраблялі каўчук.

Лягчэй крыху стала, калі нас аб’ядналі з Бабіровам. Там быў трактар. Як цяпер памятаю, трактарыст Юрый Елін адзін заворваў усе палі. Шчыраваў амаль кругласутачна. На той час гэта быў самы знакаміты і паважаны калгаснік, ад якога ў многім залежала раслінаводства. Больш скажу: ні адно поле ў нас не пуставала, кожны кавалачак зямлі быў заараны і пасаджаны.

Што я ўсё пра работу ды пра работу. Умелі мы і адпачываць, дружна, усёй вёскай. І мясцовыя горненцы, і слуцакі, якія перад вайной купілі ў Горным зямлю і пераехалі да нас са Слуцкага раёна. Пабудаваліся яны на асобнай вуліцы. І хоць былі наезджымі, але хутка асвоіліся і прыжыліся. Летам усе гулялі на вуліцы, любілі прахаджвацца і па шашы, машын жа тады не так многа было. Зімой таксама дома не заседжваліся. Устройвалі па хатах вячоркі, дзе пралі, вязалі, пер’е скублі, ну і, канечне ж, спявалі.

Не спіцца мне начамі. Як ніты ў кроснах, перабіраю ў памяці мінулае. Бачу школу, якая стаяла ў канцы нашай вуліцы, на перасячэнні з вуліцай, дзе жылі слуцакі. Потым у гэтым памяшканні быў магазін. Сягоння там нават і падмурка няма, прадалі будынак. Была ў нас і ферма на 200 галоў, дзе я 20 гадоў адпрацавала даяркай. Барысік, Арцёмчык, Манак, Бабыр, Жлобіч, Пракопчык, Басалыга, Аднамах, Камкоў, Кабанаў, Дземідовіч, Кандратовіч, Фурс, Кныш, Кірдун, Урбановіч, Пяцігорац, Мігас, Гук, Окрут, Калатовіч… Якіх толькі прозвішчаў не было ў нашай вёсцы. Цяпер жа афіцыйна зарэгістравана толькі сем чалавек. Шкада, але былое ўжо не вярнуць.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024