Темы

Падарожжа па родным краі. ВАЙЦЯХОВА

Байцеровъ, Вайцеровъ, Вайцяхова

Вёска Вайцяхова знаходзіцца за пяць кіламетраў на поўдзень ад Глуска, пасярод лесу, дзесьці за кіламетр ад шляху Глуск — Акцябрскі. Да бліжэйшай чыгуначнай станцыі Ратміравічы ад Вайцяхова 20 кіламетраў, да абласнога цэнтра — 191 кіламетр.

Паводле пісьмовых крыніц, вёска Вайцяхова вядома з XVII стагоддзя і ўпершыню пазначана на карце як “Ф. Байцеровъ”.  (Пад Ф. маецца на ўвазе фальварак, так называлася феадальная гаспадарка, панскі двор з жылымі і гаспадарчымі пабудовамі, з ворнымі землямі і іншымі сельгасугоддзямі, заснаваная на працы прыгонных сялян. Кожная сялянская сям’я атрымлівала надзел памерам у валоку, з якой выконвала дакладна вызначаныя павіннасці.) У 1899 годзе ў некаторых паперах фальварак Байцяроў пішацца “Ф. Вайцеровъ”, і толькі ў пачатку XX стагоддзя, дзесьці з 1909 года, на рускай мове ўжываецца назва “деревня Войтехово”, на беларускай — “Вайцяхова”. Праўда, зараз чамусьці на шыльдзе паказальніка вёскі напісана “Вайцюхова”. Мясцовыя жыхары не разумеюць, чаму так,  бо ўсё жыццё іх дзяды і прадзеды і яны самі ведаюць сваю вёску як Вайцяхоў альбо Вайцяхова. У выданні кнігі “Назвы населеных пунктаў РБ. Магілёўская вобласць” (2007) таксама значыцца вёска “Вайцяхова”, “Войтехово”, а не Вайцюхова.

Па некаторых звестках, першымі пасяленцамі ў межах вёскі былі палякі. Пераехалі яны сюды з Польшчы, як маламаёмныя сяляне. Там, за мяжою, у пана быў маёнтак, а зямля ж мелася не толькі ў Польшчы, але і ў нашых краях. У той час зямля была галоўным багаццем. І вось пан прапанаваў сваім беззямельным сялянам перасяліцца на яго землі ў Беларусі. Прапанаваў кожнай сям’і і надзел зямлі, на якой павінны яны былі жыць, працаваць і забяспечваць пану прыбытак і дастатак. Сярод гэтых перасяленцаў быў і войт, які павінен быў “войтяти винити”, у перакладзе на сучасную мову — “наглядаць за ўсім”. Пан надзяліў войта ўсімі паўнамоцтвамі. Вось ад слова “войт” і пайшла, магчыма, назва “Вайцяхова”.

У 1677 годзе фальварак Вайцеровъ уваходзіў у склад уладанняў кляштара і касцёла бернардзінцаў, які знаходзіўся ў Глуску. Па ўспамінах жыхароў з Вайцяхова, у мясцінах, дзе зараз размешчана вёска, колісь былі лес і ворныя землі поблінскага пана, якога ці то звалі Войцэх, ці то прозвішча яго было Вайцяхоўскі. Магчыма, ад яго імя і пайшла назва Вайцяхоў. Дык вось, калі пану спатрэбіліся грошы, то ён парашыў прадаць гэтыя землі. Сяльчане з Побліна, з Бярозаўкі, з Падлужжа, у каго была, як колісь казалі, “прыхавана капейка”, пачалі купляць прапанаваную панам зямлю — гэта былі і поле, і паша, і лес. З большых дрэў, што падыходзілі для будаўніцтва, рубілі сабе хаты, а меншы, малады, лес астаўлялі на гадоўлю. Вырасце — дзецям спатрэбіцца. У гэты ж лес хадзілі па ягады, грыбы, на паляванне…

У 1790 годзе ў Вайцяхове — 25 двароў, належыць вёска графу Юдыцкаму, а з 1793 года яна ўваходзіць у склад Расійскай імперыі. Вёска будавалася ў адну вуліцу, паабапал якой ставіліся хаты, раслі сялянскія двары, былі надзелы зямлі. У канцы вуліцы размяшчаўся панскі двор з сажалкай. Такая ж сажалка была і ў пачатку вёскі, на яе берагах ужо ў савецкі час дзеці знаходзілі розныя прыгожыя чарапкі і іншыя цікавыя рэчы. У 1861 годзе гаспадыняй панскага двара была пані К. І. Бржазоўская, якая па тых часах лічылася буйным землеўладальнікам. У яе налічвалася 1 997 дзесяцін зямлі — і ў Вайцяхове, і ў іншых месцах, не толькі ў Глускай воласці.

Некаторыя жыхары навакольных вёсак, што не мелі грошай, а надта жадалі мець сваю зямлю, нават ездзілі на заработкі аж у Амерыку. Потым, жывучы ў Вайцяхове, усё жыццё ўспаміналі тое падарожжа ў белы свет… Ездзіў у Амерыку і дзядзька Рыгор Марціновіч. Зарабіў грошай, вярнуўся, купіў зямлю, разжыўся. Паехалі ў тую Амерыку і два сыны дзеда Фядоса ды так і не вярнуліся. Дзе яны там засталіся, бог яго ведае, гавораць родныя.

1907 год — у Вайцяхове 26 двароў і 136 жыхароў. У 1909 годзе Вайцяхова адзначана як “деревня”, да Глуска ад якой 5 вёрст, да павятовага горада Бабруйска — 51 вярста, да Мінска — 91 вярста, іменна так. Колькасць двароў у вёсцы — 29, жыхароў — 167, з іх мужчын — 89, жанчын — 78, палякаў — 10 чалавек. У адной тутэйшай сям’і захаваўся цікавы дакумент на куплю зямлі і маёмасці, праўда, крыху пашкоджаны. Гэта “Главная выписная крепостной Минского Центрального Архива Книги по Бобруйскому уезду за 1914 год № 8 с. 113-216, № 51” — вось такую назву той юрыдычны дакумент мае. Далей ідзе тэкст: “1913 года октября 13-го дня явились к Вацлаву Гриневецкому и. д. Бобруйского нотариуса Леонтия Осиповича Ящинского в контору его по Семёновской улице в доме Ящинской лично ему известные за совершение актов законнопослушные поверенные Филипа Юстиновича Корсака дворянина Адама Антоновича Пржелясковскай, действующей по доверенности явленной у Минского нотариуса Щербачёва 20 апреля 1912 года за № 4477 крестьянина Назария Игнатьевича Тупица, живущие в д. Войтехово Бобруйского уезда, свидетели… Корсак из своего имения продал Назарию Тупице… одно целое й 50… того же имения… чиннаму покупщику продаваемая земля в числе прочей досталась продавцу по купчей крепости, утвержденной старшим нотариусом Минского окружного суда за № 95-А. Взять продавец покупщика за то имущество 515 рублей с коей сумы все расходы платить последний. До сего упомянутое имущество никому не отчуждено, не заложено, в спорах и под запрещение не состоит. “Акть” сей обветшати с применением покупщику льгот 24 мая 1909 года для свершения акта были предоставлены документы акт сей, совершенный исправляющим должность Бобруйского нотариуса Ящинского Гриневецкий утверждён старшим нотариусом Минского окружного суда Дубиских 17 февраля 1914 года и определено главную выписка выдать простой листок крестьянину Назарию Игнатьевичу Тупице”. У канцы гэтага дакумента — пячатка і подпісы.

Жыць па-новаму

Вёска паціху разрасталася. Калі колісь у пачатку яе стаяла высокая прыгожая брама, то з цягам часу гэтая брама аказалася пасярэдзіне Вайцяхова, бо хаты пачалі будаваць і за брамай. Вуліца выцягнулася даўжынёю болей за кіламетр, а з правага боку да яе прымкнуў доўгі завулак з пабудовамі з абодвух бакоў. Сялянскае жыццё ішло сваім парадкам: аралі, сеялі, убіралі, жаніліся, дзяцей нараджалі, паміралі. Хлопцаў ды маладых мужчын адпраўлялі на службу ў царскую армію. Сярод служывых быў і Даніла Яфімавіч Тупіца. Нарадзіўся ён у Побліне, а праз год, у 1898-м, купілі бацькі зямлю ў Вайцяхове і пераехалі сюды жыць. Калі забралі Данілу ў армію, яму споўнілася 20. Апынуўся салдат у пекле Першай сусветнай вайны, ваяваў на румынскім фронце. Пазней, калі стаялі ў горадзе Серпухаве, а быў гэта 1917 год, пачуў, што цара скінулі. Да Вайцяхова таксама дайшлі такія навіны. Крыху захваляваўся народ. Як жа жыць без цара ды што будзе далей? Але жылі, бо кажуць жа: “К смерці збірайся, а хлеб пашы”. Паступова прызвычаіліся жыць па-новаму. Працавітыя людзі, заможныя, але багацеяў не было, усё нагароўвалі сваім мазалём. У гэты час у вёсцы налічвалася 29 двароў, у кожным з іх па 6—7 чалавек, а то і болей.

А Данілу Яфімавічу Тупіцу, калі вярнуўся дадому, прыйшлося паваяваць і з белапалякамі, абараняючы ўжо заваёвы савецкай улады. Ваявалі з польскімі войскамі і Міхаіл Варламавіч Лугін, і Васіль Сямёнавіч Лазовік. Кола жыцця павольна кацілася ўперад. У 1926 годзе ў вёсцы ўжо 36 двароў і 185 жыхароў. У 1930 годзе ў Вайцяхове быў арганізаваны калгас “Чырвоны працаўнік”, у склад якога к 1932-му ўвайшло ўжо 20 гаспадарак. Сеялі жыта, пшаніцу, авёс, бульбу, гародніну… Вакол вёскі быў лес, гэта давала магчымасць нарыхтоўваць луб для лапцей, гонту, а таксама дровы і будматэрыялы, на якія быў даведзены асобны план.

У вайну

У 1934—1935 гадах калгас “Чырвоны працаўнік” узначальваў Уладзімір Адамавіч Станкевіч, які быў родам з вёскі Баянава. Перад самай вайной старшынёй калгаса вяскоўцы абралі свайго каваля — Васіля Фядосавіча Марціновіча. Як успамінала яго дачка Марыя Васільеўна Арцюшэня, бацька адразу ж, як пачалася вайна, хацеў падацца ў партызаны, але дома заставаліся жонка і малыя дзеці, і гэта мусіла яго змяніць рашэнне. Усю вайну Васіль Фядосавіч жыў дома і дапамагаў партызанам. Яго некалькі разоў забіралі ў Глуск, у гестапа, рабілі вочную стаўку з глускімі паліцаямі Акулічам і Трыбуналавым, якія цераз бацьку перадавалі партызанам зброю і звесткі. Але немцам ніводнага разу нічога не ўдалося дазнацца. Тады ўсіх адпускалі дадому, і даносчыка таго таксама адпускалі дадому гадаваць дзяцей, добра адлупцаваўшы, каб не хлусіў і не нагаворваў на людзей. А даносілі на бацьку свае ж аднавяскоўцы, бо ўсякія былі людзі.  Дарэчы, запіскі тыя для партызан хавалі ў хляве, пад страхою. Адну з іх, успамінае Марыя Васільеўна, цішком, каб ніхто не бачыў, яна дастала і прачытала, потым на месца паклала. А што напісана было — так і не разабралася.

У вайну ў Вайцяхове было адносна ціха, праўда, па начах прыходзілі партызаны, іх трэба было і накарміць, і з сабою даць як ежу, так і адзенне. Днём наязджалі немцы. Яны забіралі ўсё, што хацелі. Тым не менш у сяльчан усю вайну былі і каровы, і парася гадавалася ў хляве, прыхавана птушка, агарод садзілі. Нават вяселлі правілі ў вайну. Быў такі выпадак, што гулялі вяселле і наехалі немцы, пазабіралі ўсіх мужчын і нават жаніха з-за вясельнага стала. Каля клуба страляюць, а ў клубе музыка грае, вечарынка ў самым разгары. І такое было.

Вельмі вяскоўцы баяліся, як наязджаў карны атрад. Аднойчы ўсіх сяльчан сабралі за вёскай, пастроілі ў рад. А Сцяпан Дудар добра ведаў нямецкую мову, і ён нешта вельмі доўга немцам гаварыў, паказваў… Потым немцы пачалі страляць, толькі не ў людзей, а над іх галовамі і па баках. Адзін вясковец стаяў з краю, неяк пахіснуўся ўбок, куля ў яго трапіла і забіла.

Аднаго разу цераз Вайцяхова ішлі з задання партызаны, успамінаў У. М. Лысак, а ў клубе — вечарынка, гуляе моладзь. Зайшлі ў клуб і проста з танцаў забралі з сабою некалькі хлопцаў — Лазовіка, Мішу Цвірко і Адама Тупіцу, быў лесніком. У партызанах так яны і праваявалі да вызвалення.

І на фронце вайцяхоўцы білі ворага. Іван Цімафеевіч Тупіца быў кулямётчыкам пад Варшавай, ва Усходняй Прусіі, пад Кенігсбергам, быў паранены; інвалід II групы, працаваў у калгасе “Праўда”; узнагароджаны ордэнам Славы III ступені, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, юбілейнымі медалямі і знакамі. Афанасій Сямёнавіч Тупіца, радавы, ваяваў з японскімі войскамі, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, юбілейнымі медалямі. Фёдар Канстанцінавіч Шарамет, партызан, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, юбілейнымі ўзнагародамі.

Сцяпан Фаміч Тупіца ў наступальным баі за вёску Плуды Варшаўскага ваяводства паказаў сябе смелым, адважным і рашучым воінам, быў паранены; узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. Прайшоўшаму Першую сусветную і грамадзянскую войны Данілу Яфімавічу Тупіцу  давялося паваяваць і ў Вялікую Айчынную. Яго сын Іван на вайне прапаў без вестак. Мацвей Шарамет, Мацюша — так ласкава яго называлі сяльчане,  нарадзіўся ў Вайцяхове. Да вайны ўзначальваў настаўніцкі калектыў Парыцкай сярэдняй школы. Загінуў 27 ліпеня 1942 года, калі партызаны выйшлі на касавіцу каля вёскі Усцярхі. Іван Савельевіч Лугін, 1919 г. н., у Чырвонай арміі з 1939 года, лейтэнант, прапаў без вестак у 1941 годзе. Васіль Цімафеевіч Тупіца ў Чырвонай арміі з 1941 года, лётчык, прапаў без вестак у жніўні 1944-га. Рыгор Іванавіч Лугін у Чырвонай арміі з 1941-га, камандзір аддзялення, загінуў 8 сакавіка 1943 года, пахаваны ў Краснадарскім краі. Якаў Савельевіч Лугін, стралок, на фронце з пачатку вайны, загінуў 6 студзеня 1943 года, пахаваны ў вёсцы Векшын Зубцоўскага раёна Цвярской вобласці.

Летам 1944 года, 24 чэрвеня, на бабруйска-слуцкім накірунку пачалося наступленне войск Першага Беларускага фронту. Часці групы Ісы Аляксандравіча Пліева вызвалялі населеныя пункты Глушчыны. Дзевятнаццатая брыгада пад камандаваннем палкоўніка Уладзіміра Васільевіча Яршова ішла цераз Зубарэвічы, Бярозаўку, уброд пераправілася цераз раку Пціч, у ноч з 26 на 27 чэрвеня падышла да Глуска і направілася на Вайцяхова, Веснава, Даколь. Дык вось, успаміналі жыхары Вайцяхова, калі немцы адступалі, то пыталі ў сяльчан накірунак на высокі дуб, які меў у народзе назву Галамакаў, так і нашы, калі наступалі, таксама пыталіся, дзе Галамакаў дуб. Той дуб быў вельмі высокі і тоўсты і, па ўсёй верагоднасці, служыў нейкім арыенцірам як для немцаў, так і для нашых савецкіх войскаў. Дуб рос за сялом, непадалёк ад мясціны, якая дасюль мае загадкавую назву Заўжары, і лічыўся мяжой вёскі Вайцяхова. Толькі мо гадоў з дзесяць таму назад той дуб нехта падпаліў, і ён згарэў.

Вярнуліся багата не ўсе

Як прыйшло вызваленне, прыгодных да службы мужчын і юнакоў прызвалі ў армію — дабіваць ворага. Вярнуліся багата не ўсе. Андрэй Сямёнавіч Лазовік памёр ад ран 26 жніўня 1944 года ў Польшчы, пад Варшавай. Там жа памёр ад ран 8 верасня 1944-га Андрэй Іванавіч Лугін. У Польшчы загінуў 22 жніўня 1944 года Пётр Афанасьевіч Пуліновіч, быў забіты пад Варшавай 3 верасня 1944 года Уладзімір Сцяпанавіч Трыбуш. У Польшчы ж склалі свае галовы Сямён Якаўлевіч Пуліновіч, Андрэй Васільевіч Трыбуш, Дзмітрый Фаміч Тупіца, Іван Данілавіч Тупіца, Сямён Дзмітрыевіч Сокал. Некаторыя з іх нават невядома дзе пахаваны.  Ва Усходняй Прусіі загінуў 24 кастрычніка 1944 года Адам Мікалаевіч Нікітка, памёр ад ран 10 лютага 1945 года Емяльян Парфенавіч Лугін. Крыху не дажыўшы да Перамогі, 7 сакавіка 1945 года, у Германіі загінуў Адам Гаўрылавіч Малаковіч.

У вёсцы Клетнае ёсць брацкая магіла савецкіх воінаў. У 1964 годзе на магіле пастаўлены помнік-скульптура жанчыны ў жалобе — на ўшанаванне памяці не толькі 10 пахаваных тут воінаў, але і памяці вяскоўцаў тагачаснага Клятнянскага сельсавета, што загінулі ў барацьбе супраць ворагаў. Ёсць тут і надпіс “Вайцяхова”, а пад ім — прозвішчы аддаўшых сваё жыццё вайцяхоўцаў.

Жыццё калгаснае

Пасля вызвалення Беларусі пачалося аднаўленне калгасаў. Пачаў сваю працу і калгас у Вайцяхове. Коней не было. І свае, і калгасныя палеткі апрацоўваліся ўручную. “Упрагуцца бабы ў плуг, а мяне заўжды ставілі за плугам, так і аралі”, — успамінала Марыя Васільеўна Арцюшэня. Так сабою ўсё поле і ўзворвалі. А то, бывала, і пад лапату садзілі ў калгасе”. Пазней на дапамогу прыйшлі валы. Аралі гэтымі валамі і ў санкі ўпрагалі, усё вазілі на іх, пакуль коньмі разжыліся, а конюхам аднаго часу ў калгасе працаваў Даніла Тупіца, ветэран вайны і працы, ён дажыў аж да XXI стагоддзя, старэйшы жыхар Вайцяхова пражыў болей за 100 год.

Людзі паціху разжываліся, будаваліся ў пасляваенны час. У калгасе сталі гадаваць цялят. Была ўжо свая малочнатаварная ферма. Адразу кароў даілі ўручную. Кожная даярка выдойвала па 22 каровы, два разы на дзень, а ўлетку прыходзілася даіць і па тры разы, калі кароў ганялі на ранкі. Меў калгас свой сепаратар, гналі масла. А вось укінуць у рот хоць маленькі кавалачак таго масла ці на хлеб намазаць — такога ніхто сабе не дазваляў — успаміналі былыя калгаснікі. Баяліся вельмі, каб у турму не трапіць. Плацілі ў калгасе за працу капейкі. У канцы года, бывае, дадуць скрыню бульбы  альбо зерня. А хадзіць на працу — адпрацоўваць працадні — трэба было рэгулярна. За гэтым быў жорсткі кантроль. “Узяла сабе на вяселле ў калгасе 30 рублёў, — успамінала Марыя Васільеўна Арцюшэня, — то мо яшчэ з год выплочвала, як ужо і замужам была, сумесна са сваім чалавекам”. Вось такое было яно, калгаснае жыццё. А каб куды пайсці працаваць на іншае месца, трэба, каб даведка была, што цябе з калгаса адпусцілі. Мала каму давалі тую даведку, толькі па нейкіх вельмі сур’ёзных абставінах. Так і заставаліся працаваць у гаспадарцы і старэйшыя, і моладзь, і дзеці, пакуль не адмянілі той “крэпасны” закон. А ў калгасе ўсім працы хапала. Дзеці ж часцей за ўсё свіней пасвілі, ячмень ды капусту палолі, якую яшчэ і паліваць прыходзілася, гной на полі раскідвалі. У розныя гады старшынямі калгаса былі Казлоў, Адзінец, Валодзька, Гелер…

А калі ў 1960-я гады пачалося ўзбуйненне гаспадарак, то і вёска Вайцяхова ўвайшла ў склад сельгасарцелі “Радзіма”, з галоўнай сядзібай у вёсцы Клетнае. З гэтага часу вёска лічылася брыгадай, кантора якой была то ў Вайцяхове, то ў Пяценцы. На ферме пачалі даіць кароў апаратамі. Шмат гадоў на вайцяхоўскай ферме працавала даяркай Анастасія Уладзіміраўна Нікітка. У 1967 годзе ад кожнай каровы, а іх у яе было трынаццаць, яна надаіла па 2 600 кг малака. Прозвішча Надзеі Данілаўны Трыбуш было на Дошцы славы раёна. Яна надойвала ад кожнай каровы па 10 кг малака. На ферме працавала даяркай больш за сем гадоў і Марыя Васільеўна Арцюшэня, потым доўгі час яна была цялятніцай.

Вельмі цяжкая была праца. Гаравалі ад цямна да цямна на калгас, і дома амаль кожная сям’я трымала добрую гаспадарку, з яе ў асноўным і жылі. З выхадам на пенсію многім сяльчанам было прысвоена званне “Ветэран працы” і выдадзены такі ж медаль.

Тут жывуць добрыя людзі

Па вечарах збіралася моладзь каля клуба. Як і колісь, тут іграў гармонік, танцавалі, спявалі песні, ставіліся ў клубе канцэрты, праводзіліся сходы і сустрэчы. Адна з такіх сустрэч была прысвечана Дню Перамогі, 30-годдзю з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На яе прыязджалі старшыня савета ветэранаў Іосіф Міхайлавіч Кісялёў і ваенны камісар раёна Аляксандр Фёдаравіч Позднеў. Потым адбыўся канцэрт агітбрыгады раённага Дома культуры. Даўно гэта было, але некаторыя помняць тое свята і канцэрт добры. Аб гэтым нават было напісана ў нашай раённай газеце.

Паводле перапісу насельніцтва, у 1970 годзе ў вёсцы Вайцяхова жыло 234 чалавекі. Адметна тое, што да свят — акцябрскіх, майскіх — заўжды ўпрыгожвалі высокую браму, якая красавалася пасярод вёскі і якой зараз ужо няма. Клуб падзялілі на дзве паловы, у адной працавала пачатковая школа. У розныя часы дзяцей вучылі настаўніцы Еўдакія Данілаўна Шумская, Вольга Сяргееўна Рачкоўская з Глуска, Любоў Іванаўна Яльніцкая з Клетнага, Дуня Ліпская з Пяценкі, Ева Марціновіч… Чатыры класы дзеці вучыліся ў Вайцяхове, а ў старэйшыя класы хадзілі ў Глуск, у беларускую школу (сярэдняя школа № 1). Да рэвалюцыі школы ў вёсцы не было. Дзеці вучыліся па хатах. З цягам часу ў клубе стаў працаваць магазін. Зараз сяльчан абслугоўвае аўталаўка.

К 1986 году насельніцтва вёскі Вайцяхова значна паменшала. У гэты час тут 112 жыхароў і 62 гаспадаркі. Маладыя сем’і рэдка заставаліся ў вёсцы, яны пачыналі сваё новае жыццё альбо ў Глуску, дзе будаваліся, альбо з’язджалі ў горад.

З кожным годам жыхароў у Вайцяхове станавілася ўсё меней і меней. У 2002 годзе ў вёсцы налічваецца 40 гаспадарак і 52 жыхары. Раней Вайцяхова ўваходзіла ў склад Клятнянскага сельскага Савета, але, як пачалося ўзбуйненне Саветаў, вёска з 2013 года ўвайшла ў склад Слаўкавіцкага сельскага Савета. У 2014 годзе ў Вайцяхове налічваецца 24 сям’і, 29 жыхароў, пенсіянераў з іх — 23 чалавекі;  2016 год — 24 сям’і, 29 жыхароў, 18 пенсіянераў. У 2017 годзе — жыхароў 24 чалавекі.

У вёску, на сваю бацькаўшчыну, пераехала жыць некалькі жыхароў. А так як кінуць вокам — уздоўж вуліцы стаяць пустыя хаты, дзе яшчэ і добрыя, і хлявы з праваліўшыміся стрэхамі. Усё гэта было абнесена колісь добрым плотам, які зараз дзе пахіліўся, а дзе і зусім паваліўся. Няма тых дбайных колішніх гаспадароў, якія далі жыццё гэтаму паселішчу. Яны даўно пайшлі ў нябыт. Дарэчы, хаця вёска і вельмі старая, але вось сваіх могілак у ёй ніколі не было і зараз няма. Калі вайцяхоўцы паміралі, то іх абавязкова везлі хаваць у тую вёску, адкуль былі родам усе іх продкі. І толькі даволі добра пазней маладзейшае пакаленне пачало хаваць сваіх родных на могілках у Пяценцы, куды бліжэйшы шлях.

Вёска дажывае свой доўгі век. Калі лічыць па даце, як Вайцяхова ўпершыню ўспамінаецца ў гістарычных дакументах, — 1677 год, то ў гэтым годзе Вайцяхову — 340 гадоў.

Адзіная новая пабудова з’явілася ў канцы вёскі зусім нядаўна — гэта вялікі доўгі хлеў. Жыхары кажуць, што тут, у Вайцяхове, прадпрымальнік узяў мо з гектараў дванаццаць зямлі і будзе гадаваць жывёлу. А ў мінулым годзе выкапаў дзве сажалкі, каб разводзіць рыбу. Працавіты, кажуць, чалавек, хоць і не мясцовы, добра што задумаў такую справу. І праца каму будзе, і вёска жыць будзе.

Непадалёк ад вёскі працякае канава, быў час, у ёй лавілі рыбу, асабліва багата было ўюноў. Канаву тую пракапалі, прачысцілі. Але мала хто ведае, што па паперах — гэта рака Цюрынка, правы прыток ракі Даколькі. Даўжыня яе каля 5—6 кіламетраў. Вусце каля вёскі Клетнае. Другая назва па дакументах — канал Цюрынка. Па берагах канала кожны дзень вясной і летам прахаджваюцца буслы, нібы гаспадары гэтых прыгожых мясцін. Яны ж, гэтыя буслы, кожны дзень лятаюць над вёскай і яе наваколлем з такімі цікавымі назвамі, як Заўжары, Назарава груша, Курганне, Бярэзнікі, За доўгай пеллю, паглядаючы з вышыні свайго палёту і на вёску, і на сваё гняздо пасярод яе. Буслы! Яны пасяліліся тут даўно, бо тут, у гэтым прыгожым куточку Глушчыны, жывуць добрыя людзі.

Іна КІРЫНА

Последние новости

Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024