Темы

А з блакітнага неба ляцела смерць…

У тым далёкім тысяча дзевяцьсот сорак першым Зіне споўнілася восем год.

…Чэрвень. Сонца пячэ горача-горача, але гэта не замінае вяскоўцам займацца сваімі рознымі сялянскімі справамі. І ў той дзень, калі пачалася вайна, Марыя Іванаўна Жлобіч, як і заўжды, была на калгаснай ферме. Тут яна працавала свінаркай з таго самага часу, як у Горным, у калгасе “Чырвоны пуцілавец”, з’явілася ферма. Яе дачушка Зіна гуляла непадалёк, на вачах у маці. У небе пачуўся гул, з’явіўся самалёт, і з яго нешта пачало падаць. Каб лепей разгледзець той самалёт, які Зіна ўбачыла ўпершыню, дзяўчынка палезла на плот. Самалёт кідае бомбы, яны ляцяць уніз, а Зіна, не разумеючы, што гэта ляціць смерць, лезе на плот усё вышэй і вышэй: цікава, што гэта за такі цуд і што там робіцца.

У гэты момант са свінарніка выбягае маці, хапае дачушку з плота і што ёсць моцы бяжыць у другі бок, у кароўнік. Але, як толькі выбеглі цераз процілеглыя дзверы таго кароўніка, — убачылі, што высока ў неба ўзнімаецца стоўп дыму і пылу — нічога не відна: упала бомба. Маці з Зінай кінуліся назад, праз той жа кароўнік выбеглі на калгасны двор, звярнулі зноў убок і пабеглі ў жыта, што расло паблізу. А ў жыце тым ужо поўна аднавяскоўцаў. Хто стаіць, паглядаючы ў неба, узняўшы галаву, і ахінае сябе крыжам, нешта шэпчучы, хто ляжыць, уткнуўшыся тварам у зямлю. Дзеці плачуць. Бацькі крычаць на іх, каб не плакалі, а то самалёт пачуе. Другія крычаць, каб усе паздымалі белыя хусцінкі, а то самалёт убачыць і пазабівае. Стаіць неймаверны гвалт.

А над галовамі гудзе самалёт. Вакол каласуецца жыта, а з блакітнага неба ляціць смерць. Такім на ўсё жыццё застаўся ў памяці Зінаіды Іванаўны Жлобіч (па мужу Белавушка) першы дзень вайны, якая зрабіла яе сіратой.

Бацька

Даведка, выдадзеная Марыі Іванаўне Жлобіч Старадарожскім райкамам партыі 18 жніўня 1948 года, сведчыць, што яе муж, Жлобіч Іван Рыгоравіч, сапраўды працаваў да вайны ў Старадарожскім раёне на розных пасадах: намеснікам дырэктара раймаслапрама, старшынёй сельскага Савета, дырэктарам маслазавода, старшынёй райсавета Асаавіяхіма (Асаавіяхім СССР — Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву СССР. — Аўт.), быў членам партыі. Калі пачалася вайна, Іван Рыгоравіч разам з некаторымі супрацоўнікамі дайшлі аж да Краснага Берага, але там ужо былі немцы. Як успамінаў пасля вайны чалавек па прозвішчы Мацюхін, што доўгі час працаваў вагаўшчыком на млыне і быў у пачатку вайны разам са Жлобічам, мужчыны парашылі вярнуцца дадому. А Іван Рыгоравіч дадому не пайшоў. Ён падаўся за раку Пціч, у бок вёскі Сіманавічы. Там у лесе сабраліся маладыя мужчыны і хлопцы, і Іван Рыгоравіч пачаў вучыць іх страляць. Хутка да іх далучылася яшчэ некалькі чалавек з ліку адступаючых салдат. Так сабралася група чалавек з дванаццаць.

Неяк выпадкова хлопцы даведаліся, што на вёску Восы-Калёсы едуць дзве машыны з немцамі. І яны вырашылі іх знішчыць. Занялі абарону, а на адну з хат нават кулямёт зацягнулі, калі ж немцы пад’ехалі да вёскі, то пачалі страляць. Але задумку сваю ім не ўдалося здзейсніць, сілы былі няроўныя ды і зброя слабаватая. Некалькі чалавек у тым баі загінула, а астатнія разбегліся. Іван Рыгоравіч і яшчэ двое хлопцаў дабраліся да Горнага. Хата Жлобічаў стаяла другая з краю ад шляху Брэст — Масква. Вакол раслі вялікія сады, а каля самай вёскі — жыта. Тыя двое, што прыйшлі разам са Жлобічам, засталіся чакаць у жыце, а Іван Рыгоравіч адразу прапоўз па жыце, потым па суседнім селішчы, а на сваім ужо падняўся ва ўвесь рост і спакойна пайшоў да хаты, нікога не баючыся і не думаючы, што нехта з вяскоўцаў можа яго выдаць.

Дадому бацька прыйшоў, успамінала Зінаіда Іванаўна, дзесьці пасля абеду і, пакуль мама рыхтавала ежу для хлопцаў, пякла ляпёшкі, расказваў, што за гэты час з ім здарылася. Праз некалькі гадзін, мо дзве, а мо і менш, мама выйшла ў двор і ўбачыла, што вакол іх хаты, за дрэвамі, багата немцаў з аўтаматамі. Вярнулася ў хату і шэптам кажа: “Немцы”. Бацька хуценька зняў боты, пачысціў іх “хармалінам”, выняў з кармана дзве кніжачкі маленькія і кінуў дачцы за пазуху, а сукенка на ёй была падвязана шнурочкам. Яны і не выпалі, тыя кніжачкі. Пазней даведалася Зінаіда Іванаўна, што гэты былі партыйны і ваенны білеты. А сам бацька, зняўшы верхняе адзенне, лёг на ложак пад коўдру. Калі ў хаце з’явіліся немцы, бацька быццам бы спаў. Спыталі ў мамы, хто гэта, і, пачуўшы адказ “Муж”, выйшлі. А праз колькі хвілін зноў з крыкам “Матка капут — хаваеш салдат” уварваліся ў хату і пачалі біць маму. Білі, пакуль сусед, які і прывёў тых немцаў, не ўцяміў ім, што трэба браць не яе, а мужа. Маці ўжо амаль не варушылася. Немцы адышлі ад яе, далі бацьку магчымасць апрануцца і пачалі правяраць дакументы, але ў яго кішэні знайшлі толькі нейкую паперку. Бацька казаў, што ён свой, вясковы, не салдат, што нідзе не быў, вось нават боты чыстыя. Сусед жа паказаў, што Жлобіч — камуніст. На клубе, у якім размяшчалася камендатура, была аб’ява: “Хто ўкажа камуніста, таму дадуць тры тысячы марак, карову, каня з  вупражжу і багата зямлі”. Сусед і зрабіў свой выбар. А бацьку свайго з таго часу Зіна Жлобіч не бачыла больш ніколі. Застаўся толькі адзіны фотаздымак.

Забралі Івана Рыгоравіча Жлобіча ў Старыя Дарогі. На другі дзень, ачуняўшы, маці пайшла да немцаў прасіць, каб дазволілі выкупіць мужа, але яе адправілі дадому, прыгразіўшы, што і яе забяруць, а дома ж дзеці чакаюць. Вось як запісана ў кнізе “Памяць. Глускі раён”: “Жлобіч Іван Рыгоравіч, нарадзіўся ў1907 г., у жніўні1941 г. арыштаваны гестапа як актывіст і павешаны ў г. Старыя Дарогі”.

“Паштовы” дуб

Праз нейкі час пасля таго, як бацьку забралі, Зінаіда з мамай пачалі часцяком хадзіць на другі бок дарогі да аднаго гаспадара, у якога былі жорны, малоць зерне. А за хатай таго чалавека рос вялікі дуб. Добра пазней Зінаіда Іванаўна даведалася, што яе мама была партызанскай сувязной: у тым дубе было дупло, вось яно і служыла паштовай скрынкай.

У Зіны былі густыя доўгія валасы, заўжды заплеценыя ў дзве касы. Калі яны ішлі да дуба, мама хавала свае паперкі-данясенні ў гэтыя валасы. А калі, бывала, немцы абшуквалі і Марыю Іванаўну, і маленькую Зіну, то на валасы тыя і косы ніхто не звяртаў увагі. Потым немцы ўсё ж неяк дазналіся, што інфармацыя з Горнага ідзе цераз дуб, і дрэва спілавалі, а чалавек той, што жыў побач з дубам, некуды знік.

Тады месцам перадачы звестак стала хата Марыі Іванаўны. У хаце было два акенцы, адно з іх напалову забіта дошкамі і закладзена кастрыцай. Вось у гэтай кастрыцы і хавала маці Зінаіды паперкі са звесткамі. Адным з тых, хто іх забіраў, быў Уладзімір Ільіч Урбановіч, які пасля вайны і расказаў аб гэтым Зінаідзе Іванаўне. Ён растлумачыў, што вельмі баяўся трапіць немцам у сваёй вёсцы, бо здраднікаў хапала.

Лётчык

Сярод тых здраднікаў, хто служыў у немцаў і жыў у Горным, былі і наезджыя. Аднаго з іх звалі Мікалай, прозвішча — ці то Новік, ці то Новікаў, высокі, чарнявы, прыгожы малады хлопец. Ён расказаў Марыі Іванаўне, што ён летчык, яго збілі немцы, так ён трапіў да іх у палон і пад пагрозай смерці пайшоў служыць ворагу. Жанчына паверыла гэтаму хлопцу і дапамагла звязацца з партызанамі. Ён жа, каб не выклікаць падазрэння ў паліцаяў, патлумачыў ім, што баіцца партызан, выкапаў зямлянку ў садзе і часта начаваў там, а не ў хаце. На самой справе так прасцей было ноччу сустракацца з народнымі мсціўцамі.

Аднойчы Мікалай прынёс дадому багата бялізны і папрасіў, каб Марыя Іванаўна ўсё пасцірала, а праз колькі дзён прынёс муку, каб яна спякла пірагоў: ён быццам бы паедзе ў сваты ў вёску Паставічы. А на наступны дзень, калі немцы кудысьці з’ехалі з вёскі, Мікалай прыехаў на падводзе, забег у хату, усю бялізну надзеў на сябе, забраў тое, што мама спякла, потым з сябрам яны пагрузілі на падводу шмат нейкіх скрынь (пасля мама казала Зінаідзе, што гэта былі скрыні са зброяй) і з’ехалі, а за лесам гэтых хлопцаў ужо сустрэлі партызаны. Вельмі цікавіў далейшы лёс таго лётчыка Зінаіду Іванаўну, яна нават пісала ў перадачу “Жди меня”, але адказу не атрымала.

Зінаіда

Пасля вайны жылося вельмі цяжка, і Марыя Іванаўна пачала дабівацца пенсіі на дзяцей. У 1949 годзе пісала ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР у Маскву, у 1950 годзе прыйшлося падаваць заяву ў Асіповіцкі суд, каб прызнаць мужа, Жлобіча Івана Рыгоравіча, без весткі прапаўшым, і толькі потым райсабес прыняў станоўчае рашэнне.

Зіна пасля вайны скончыла сем класаў. У школу хадзіла за пяць кіламетраў, а дома дапамагала па гаспадарцы, зімою на санках, а летам вязанкамі насіла дровы з лесу. Якія там дровы? Ламачча, але ж у печы гарэлі добра. А яшчэ ў невялічкай хаце, дзе яны жылі, стаяла печка-буржуйка. Калі яна гарэла, то праз дзірачкі падала святло, гэта давала магчымасць рабіць урокі. У сенцах гэтай невялічкай хаты стаялі карова, парася і сядзелі куры. Такое вось яно было, пасляваеннае жыццё. Потым Зінаіда паступіла ў Навапольскую аднагадовую сельскагаспадарчую школу. Трохі працавала аграномам у калгасе Карла Маркса, потым на Рудабельскай МТС. Сабрала дакументы, каб паступаць у сельскагаспадарчы тэхнікум у Мар’інай Горцы, але цяжка захварэла сястра, якая даглядала хворую маці. Прыйшлося ехаць дадому, у Горнае. Тут прапанавалі працу на ферме.

Больш за сорак год ад цямна да цямна аддала Зінаіда Іванаўна калгаснай справе. Аптымізму яе мог пазайздросціць кожны. За гэты час выйшла замуж, нарадзіла двух сыноў. Майстрыха на ўсе рукі: ткала прыгожыя сурвэткі, посцілкі — па начах, пры лямпе. А яшчэ аддушынай у жыцці была мастацкая самадзейнасць.

Клуба ў Горным не было пасля вайны. Але гэта не бяда. Самі збіраліся, спявалі песні, трое мужчын і дзяўчаты нават паставілі п’есу “Прымакі” Купалы і аб’ездзілі са сваім спектаклем усе навакольныя вёскі. А завадатарам была Зінаіда Іванаўна. І дома, ці за кроснамі, ці за якой яшчэ справай, заўжды песні спявала сама сабе. Вельмі любіла спяваць і была актыўнай удзельніцай розных канцэртаў. Аднаго часу Зінаіда Іванаўна нават наведвала аматарскае народнае аб’яднанне “Зносіны” ў Глуску, рэгулярна прыязджала на рэпетыцыі, а потым ездзіла разам з усімі ставіць канцэрты. А колькі ж баек ведала, асабліва на роднай мове! Яна магла іх расказваць без супынку.

Іменна ў гэты час і сталася маё знаёмства з гэтай прыемнай, добразычлівай жанчынай, з твару якой амаль не сыходзіла ўсмешка. Яна казала: “Не магу жыць без людзей, не магу сядзець дома, такая ў мяне натура”. Нават калі яна ўжо не здолела па стане здароўя весяліць гледачоў, то ўсе роўна калі-нікалі заходзіла. Вось тады і апавядала пра свой лёс. Ёй вельмі хацелася, каб людзі ведалі пра яе маці, пра яе бацьку і пра тое, што нарабіла вайна.

…Яе пахавалі на Радаўніцу, гэтай вясною. Зінаіды Іванаўны не стала, засталіся яе ўспаміны — як крык аб вайне, што нясе гора і нястачу, крык душы: “Людзі! Беражыце мір!”.

Іна КІРЫНА

Последние новости

Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024