Темы

Крокі наперад Вольгі Саломкі

Крокі наперад Вольгі Саломкі

Пасля заканчэння школы, а была гэта Глуская сярэдняя школа № 2, Вольга Саломка сабралася паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на біятэхналагічны факультэт. Залаты медаль даваў ёй права здаваць толькі адзін экзамен: атрымаеш пяцёрку — залічаны, іншую адзнаку — калі ласка, чакаем на іншыя іспыты. У Вольгі аказалася чацвёрка, паўпрахадны бал быў 14 з 15, і на астатнія выпрабавані яна вырашыла не марнаваць час… А ўжо на наступны год абітурыенцкі шлях прывёў дзяўчыну ў сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках.

Калі б зараз павярнуць назад, усё б аставіла як ёсць, зазначае мая субяседніца, якая цяпер ужо не Вольга, а з павагай — Вольга Барысаўна. Менавіта так называюць яе студэнты, бо Вольга Саломка цяпер працуе ў альма-матэр выкладчыкам, мае вучоную ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук.

—     Хто ведае, як бы склаўся мой лёс, калі б я паступіла ў БДУ? — гаворыць яна. — Але відавочна, што ўсё было б інакш, мяне ж цалкам задавальняе тое, што ёсць у маім жыцці зараз: цікавая праца, любімыя студэнты, акадэмгарадок, які за гэты час паспеў стаць родным.

Падчас вучобы ў акадэміі Вольга Саломка, як пішуць у афіцыйных характарыстыках, зарэкамендавала сябе ў якасці здольнай, адказнай і мэтанакіраванай студэнткі. Аб гэтым сведчыць прысуджэнне ёй стыпендыі імя Івана Сцебута, якая даецца лепшым студэнтам з тых, што маюць поспехі ў вучобе, займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю і прымаюць актыўны ўдзел у спартыўным і культурна-масавым жыцці акадэміі.

На трэцім курсе Вольга Саломка вывучала асаблівасці вырошчвання грэчкі, а на чацвёртым трапіла да новага навуковага кіраўніка, Вольгі Сцяпанаўны Клачковай, і занялася  вывучэннем яравога рапсу. Замест праходжаннявытворчай практыкі ў якой-небудзь гаспадарцы кіраўнік прапанавала сваёй студэнтцы папрацаваць на вопытным полі акадэміі.

— Чаму б і не паглядзець, як праводзяцца навуковыя даследаванні з вывучаемай культурай цалкам ад моманту пасеву да ўборкі? Цікавым быў сам працэс пастаноўкі вопыту, уход за пасевамі, праводзімыя ўлікі, назіранні, аналіз структуры ўраджаю. На падставе атрыманых вынікаў разам з маім кіраўніком мы рабілі пэўныя вывады па тэме даследаванняў, — успамінае Вольга Барысаўна. — Але думак пра тое, каб пайсці ў аспірантуру, самой заняцца навуковай дзейнасцю, не было. Потым быў пяты курс, падрыхтоўка дыпломнай работы, аснову якой дапоўнiлi напрацоўкі, зробленыя за чатыры месяцы практыкі на палях акадэміі.

На размеркаванні Вольга Саломка была адной з першых і магла выбіраць любое месца работы з прапанаваных. Канешне, паўстала пытанне: ехаць бліжэй да бацькоўскага дома ці выбраць больш далёкую, але і больш моцную гаспадарку? Бацькі параілі бліжэй да Глуска, і Вольга спынілася на пасадзе агранома ў Карытным Асіповіцкага раёна. Але тут адбылося неспадзяванае: не паспела яна нічога сказаць, як пачула рэпліку: “Гэту выпускніцу агранамiчны факультэт рэкамендуе ў аспірантуру на кафедру раслінаводства”.

—     Для мяне гэта стала нечаканасцю, — узгадвае той момант Вольга Барысаўна, — я нават і не падазравала пра такі паварот падзей.

У аспірантуры Вольга Саломка вучылася тры гады, з 2006-га па 2009-ты. Потым працавала на кафедры раслінаводства асістэнтам, старшым выкладчыкам, а ў лістападзе 2014 года перайшла на пасаду дацэнта. У снежні 2012 года яна паспяхова абараніла кандыдацкую і атрымала вучоную ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук, а ў красавіку бягучага года ёй прысуджана званне дацэнта.

Тэма кандыдацкай дысертацыі Вольгі Саломкі датычыцца аптымальнага размяшчэння раслін яравога рапса па плошчы жыўлення для атрымання высокапрадуктыўных пасеваў менавіта ў паўночна-ўсходнім рэгіёне Беларусі, прасцей кажучы, на якой адлегласці ў міжраддзях і паміж раслінамі лепш высяваць рапс. Дарэчы, вынікам работы стала не толькі выяўленне аптымальнай схемы пасеву, але і стварэнне новай камп’ютарнай праграмы “Листомер”, чаго ў першапачатковых планах не было. Вольга Барысаўна тлумачыць:

—     З’явілася гэта праграма, можна сказаць, дзякуючы майму тату. Увогуле, мае бацькі — мае лепшыя дарадцы, мама Мальвіна Аўгустаўна — мой натхняльнік, яе падтрымку я адчуваю пастаянна, нават на адлегласці, і тата Барыс Канстанцінавіч заўсёды дасць слушную параду. Дык вось, калі я толькі пачынала працаваць над кандыдацкай, тата вырашыў крыху мною пакурыраваць і дапамагаў не толькі словам, але і справай, прыязджаючы да мяне ў Горкі. Па-першае, насенне мы сеялі ўручную, схема размяшчэння была даволі складаная, і ён прыдумаў і сам зрабіў спецыяльныя маркёры, каб можна было ідэальна правільна, на абсалютна аднолькавых адлегласці і зададзенай глыбіні рабіць лункі. Таксама тата дапамагаў з вызначэннем біяметрычных паказчыкаў (гэта вылічэнне зялёнай масы, вышыні расліны, дыяметра каранёвой шыйкі, даўжыні кораня і іншае). У тым ліку трэба было палічыць і плошчу лісця. Вы бачылі ліст рапса? Ён знізу няроўны, рассечаны, зверху вузкі, коп’епадобны. Словам, форма даволі складаная. Каб палічыць яго плошчу, выкарыстоўваюцца розныя метады, адзін з самых дакладных — на міліметроўцы ўручную алоўкам абводзіцца ліст, і потым па гэтых міліметрыках вылічваецца плошча. Работа вельмі карпатлівая. А ў мяне 10 раслін аднаго варыянту, на кожнай не меней за 15 лісточкаў, і ўсіх варыянтаў — 25. Аб’ём працы ўяўляеце, думаю. Тата і задумаўся, што няблага было б мець праграму, якая б сама палічыла, што трэба. Па просьбе бацькі яе склаў знаёмы праграміст Рыгор Цвяткоў. Праца пайшла нашмат хутчэй: на сканер паклалі, адсканіравалі, а камп’ютар сам лічыць.

Але, канешне, многае, ад пасеву да збору “ўраджаю”, прыйшлося рабіць уручную, — працягвае Вольга Барысаўна. — Справа ў тым, што сеялка нераўнамерна размяркоўвае насенне па плошчы, могуць быць пропускі, недзе — “двайнікі”, недзе проста не ўзыдзе. Нам жа патрэбны былі 100-працэнтная ўсходжасць і схема размяшчэння. Каб гэтага дабіцца, у кожную лунку высявалі па тры семені, і як мінімум адно давала расток. Калі прарасталі два ці тры семені, лішнія выдалялі і такім чынам дасягалі 100-працэнтнай усходжасці. Вельмі перажывалі, калі ў фазе ўсходаў пачыналіся замаразкі мінус сем градусаў і ніжэй, тады накрывалі спанбондам, бо эксперымент прыйшлося б рабіць нанова. У выніку работы мы прыйшлі да таго, што лепшая схема размяшчэння пасеваў — гэта квадрат9,7 смна9,7 см. Але ў нас у Беларусі няма такіх сеялак, якія маглі б вытрымаць усе параметры, таму гэта нават работа на перспектыву, і айчынныя вытворцы тэхнікі могуць арыентавацца на наша даследаванне. А пакуль мы прапануем гаспадаркам, якія карыстаюцца серыйнымі сеялкамі,  вытрымліваць адлегласць 12,5—15 см паміж радкамі і 7,5—6,3 см паміж раслінамі.

—     Я так разумею, Вольга Барысаўна, што пра рапс вы ведаеце ўсё? — пытаюся.

—     Не, гэта зусім не так. З’яўляюцца новыя сарты, гібрыды, новыя тэхналогіі… Гэту культуру можна вывучаць бясконца, — усміхаецца мая субяседніца.

Навукова-даследчая дзейнасць, навукова-метадычная работа — абавязковыя складнікі работы выкладчыка. Кожнаму з іх выдзяляецца поле, у Вольгі Саломкі гэта гектар яравога рапса, дзе яна працуе са студэнтамі-дыпломнікамі. Вынікам такой работы становяцца рэкамендацыі, яны цікавыя ў першую чаргу спецыялістам сельскіх гаспадарак, і метадычныя дапаможнікі для студэнтаў. У Вольгі Саломкі ўжо больш за 50 друкаваных работ, напісаных самастойна або ў суаўтарстве.

—     На самой справе, сябе масцітым вучоным я б не называла, — зазначае Вольга Барысаўна. — Такімі з’яўляюцца доктар навук, прафесар, член-карэспандэнт, кандыдат сельскагаспадарчых навук, які напрацаваў вялікі вопыт. Вучоны — гэта, напрыклад, Рыгор Іванавіч Тарануха —  вядомы доктар сельгаснавук, прафесар, член-карэспандэнт НАН, гэта Браніслава Васільеўна Шалюта, Вера Іванаўна Бушуева, мой навуковы кіраўнік Вольга Сцяпанаўна Клачкова… А Валерый Уладзіміравіч Глаз, які працуе тут, у Глускім раёне, ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання? У яго няма навуковай ступені, але колькі гадоў ён працуе, які ў яго стаж практычнай работы! Яго таксама можна назваць вучоным. А з моманту прысуджэння мне вучонай ступені прайшло чатыры гады, для вучонага гэта невялікі тэрмін.

— А як працуецца са студэнтамі? — пытаюся я.

— З імі цікава, заўсёды адкрываеш нешта новае, — гаворыць Вольга Барысаўна. — Па-першае, у нас жа акадэмгарадок, і раніцай на працу ідуць выкладчыкі і побач з імі — студэнты, кожнаму ад 18 да 22. У гэтым патоку моладзі сам адчуваеш сябе маладзейшым. Па-другое, сярод студэнтаў сустракаецца шмат неардынарных асоб, у многіх вельмі сур’ёзная матывацыя да вучобы. Сярод маіх студэнтаў ёсць туркмены, і ў мяне заўсёды выклікала павагу іх асаблівая мэтанакіраванасць, якая прымушае іх ехаць так далёка, у іншую краіну, каб атрымаць патрэбную адукацыю. Яны тлумачаць: вырашыў сваё жыццё звязаць з раслінамі, вырашыў прадоўжыць справу сваіх бацькоў і стаць хлапкаводам, хачу вырошчваць пшаніцу… Сустракаюцца і менш матываваныя студэнты, і тыя, што прыйшлі толькі дзеля вышэйшай адукацыі. Але і іх трэба зацікавіць. На маю думку, у такім выпадку многае залежыць ад выкладчыка, ад яго настрою, мімікі, метадаў, спосабаў падачы матэрыялу. Разумееце, калі студэнту нецікава — для мяне як педагога гэта мінус. Лічу, што сапраўдны выкладчык не можа быць абыякавым.

Як кандыдат сельскагаспадарчых навук, Вольга Саломка мае права выкладаць раслiнаводства, але палічыла патрэбным атрымаць яшчэ педагагічную адукацыю і ў гэтым годзе закончыла педагагічны факультэт БДСГА. Педфак, тлумачыць яна, не вучыць профільным дысцыплінам, але вучыць шмат чаму іншаму, што патрэбна выкладчыку.

—     Педагог павінен валодаць асаблівымі ведамі не толькі па прадмеце, у гэтым я ўпэўнілася яшчэ ў школе, — гаворыць Вольга Саломка. — Сваіх школьных настаўнікаў добра памятаю ўсіх, у кожнага быў свой стыль, па-свойму адметныя ўрокі. Многія прадметы падабаліся, асабліва хімія, якую выкладала Ніна Іванаўна Некрашэвіч (Ермаліцкая). Памятаю першы ўрок, на якім яна нас літаральна ўлюбіла ў прадмет. Ніна Іванаўна запрасіла на яго старшакласнікаў і з іх дапамогай паказала, на што здольна хімія. Гэта былі сапраўдныя трукі, на якія мы глядзелі як на цуд. Канешне, цікавілася я біялогіяй, якую выкладала Іна Уладзіміраўна Барысенка, мне вельмі падабаліся яе ўрокі. Магчыма, хімію і біялогію я ўпадабала, таму што бацькі — медыкі. Але сама медыцыну не выбрала: занадта я ўражлівая, эмацыянальная, не змагла б працаваць урачом.

Але ж не навукай адзінай жыве навуковец, і Вольга Саломка — найлепшы таму прыклад. Яна вучылася ў музычнай школе па класе фартэпіяна, яе настаўніцай па спецыяльнасці была Таццяна Мікалаеўна Макарэвіч. “Заняткі з Таццянай Мікалаеўнай мне заўсёды падабаліся і заўжды вызывалі асобы настрой, да гэтага чалавека ў мяне і зараз самыя цёплыя пачуцці, — гаворыць Вольга Барысаўна і дадае: — Пасля заканчэння музычнай школы таго натхнення, эмацыянальнага стану, калі выконваеш музычны твор, стала не хапаць, таму заняткі музыкай не пакінула”. Цяпер Вольга Саломка займаецца вакалам, а яшчэ — сама піша музыку. Па сціпласці сваёй на лаўры знакамітых кампазітараў не прэтэндуе, але я з задавальненнем паслухала створаную ёю замалёўку “Развітанне зімы”. Таксама са школьнай пары, з таго часу, як пісала эцюды пад кіраўніцтвам глускага мастака Івана Булгакава, засталося ў яе захапленне жывапісам, зараз Вольга Саломка спрабуе сябе ў пейзажным жанры. Яшчэ з задавальненнем займаецца аматарскім спортам, у прыярытэце — тэніс і валейбол, але падчас акадэмічнай спартакіяды “Здароўе” можа выступіць (і зарабіць узнагароды) і ў іншых відах.

“Зрабі крок наперад!” — раіць сваім студэнтам Вольга Барысаўна Саломка і сама карыстаецца гэтым дэвізам. Ёй аднолькава цікава займацца навукай і спортам, аднолькава блізкія “фізіка і лірыка”, а родная акадэмія ў Горках дае для гэтага ўсе магчымасці, прызнаецца Вольга Барысаўна.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва Вольгі Саломкі

Последние новости

Актуально

Где пьют — там и бьют. В Глусском районе прошла акция «Дом без насилия»

26 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Путь к Победе. Хроника освобождения Беларуси (1943—1944)

26 апреля 2024
Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024