Темы

Балашэвіцкая школа

Балашэвіцкая школа

Паводле гістарычных дадзеных, першая пачатковая школа ў Глуску з’явілася ў 1864 годзе. У вёсках у той час школ амаль не было. Сельскае насельніцтва ў большасці заставалася непісьменным. Аднакласныя пачатковыя школы працавалі звычайна ў сёлах, дзе знаходзіліся цэрквы: у Ольніцы, Дуброве, Слаўкавічах, Катцы… Усяго да 1916 года на Глушчыне налічвалася 14 такіх школ. А да 1920 года працавала шэсць дагаворных школ, якія сяляне ўтрымлівалі за свой кошт.

Выпраўляцца сітуацыя з адукацыяй у раёне пачала толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі савецкім урадам была абвешчана праграма поўнай ліквідацыі непісьменнасці. У вёсках Глускага раёна сталі адкрывацца пачатковыя школы. Такая навучальная ўстанова з’явілася ў 1923 годзе і ў Балашэвічах. Мой дзядуля Васіль пайшоў у першы клас Балашэвіцкай школы ў 1925 ці 1926 годзе. Ён распавядаў мне пра тыя гады, а я слухала, дзівілася і параўноўвала сваё дзяцінства з яго. Напрыклад, на ўсё жыццё мяне ўразіла тое, што 8-гадовы хлопчык адзін (!) хадзіў палоць проса, якое знаходзілася на полі сярод лесу за пяць кіламетраў ад Балашэвіч. Дзядуля казаў, што тагачасныя хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі хацелі вучыцца, але такая раскоша — наведваць школу — была даступная не ўсім сялянскім дзецям. Зімою на ногі ды на плечы ў некаторых не было чаго надзець, і малыя проста сядзелі ў хаце на печы. А вясной, летам, восенню ўсе дзеці дапамагалі бацькам спраўляцца з гаспадаркай — садзілі, палолі агарод, пасвілі гусей і жывёлу. Ды ўвогуле, на сялянскім падворку лішніх працоўных рук не было, для ўсіх знаходзілася справа. Таму школу тагачасныя балашэвіцкія вучні наведвалі добра як месяцаў 3—4 за ўвесь навучальны год. Дзядуля Васіль з вялікай павагай успамінаў сваіх настаўнікаў (на жаль, прозвішчы іх я не запомніла), любіў праэкзаменаваць мяне на вылічэнне працэнтаў і часта расказваў вялікі верш Якуба Коласа пра Савося-распусніка.

Вось тыя дзіцячыя ўспаміны дзядулі і натхнілі мяне дазнацца, як жа вучыліся дзеці менавіта ў Балашэвіцкай школе ў розныя гады яе існавання, чым і як жыла ўстанова. Каб пра ўсё гэта даведацца, я звярнулася да былых балашэвіцкіх вучняў і настаўнікаў.

Выпуск Балашэвіцкай сямігодкі, 1955 год

Генадзь Трафімавіч Каранец скончыў Балашэвіцкую школу (у той час яшчэ сямігодку) у 1958 годзе.

— На выпускной фотакартцы нас 12 вучняў, — расказвае Генадзь Трафімавіч. —  Зараз шмат каго ўжо няма ў жывых. У нашай школе вучыліся дзеці не толькі з Балашэвіч, а яшчэ прыходзілі і з Зарэчча. Мая першая настаўніца — Раіса Іосіфаўна Сеўрук. У вясковых школах было нормай, калі вучні пачатковай школы, напрыклад, 1-га і 2-га, 3-га і 4-га класаў, вучыліся адначасова ў аднаго настаўніка і ў адным кабінеце. У старэйшых класах у нас выкладалі муж і жонка Дудар — Леанід (імя па бацьку, на жаль, не памятаю) і Зінаіда Архіпаўна. Яны дабіраліся да Балашэвіч з Побліна праз раку: калі было магчыма, на лодцы, а калі і ўброд пераходзілі. Яшчэ адна сямейная пара працавала — Ісаак Маісеевіч Нозік і яго жонка Таццяна, якая выкладала ў нас нямецкую мову. Рускую мову выкладаў Міхаіл Аляксандравіч Войтка. Вучыліся мы з вялікай ахвотай. На жаль, я не памятаю, каб для нас арганізоўвалі якія-небудзь агульнашкольныя мерапрыемствы, вечары. Хадзілі на ўрокі, вучыліся ды і ўсё. Дзяцінства ў нас, у пасляваенных дзяцей, было нялёгкае, гуляць шмат часу не было. З маленства мы працавалі то ў сваёй хатняй гаспадарцы, то ў калгасе. Напрыклад, хадзілі па жытнішчы збіраць каласкі, якія засталіся пасля жніва, цялят пасвілі. У вольны час бегалі на рэчку купацца, рыбу лавіць ды ў лес па ягады, грыбы.

Першы званок, 1970-я гады

  Ніна Васільеўна Скрупская працавала ў Балашэвіцкай васьмігадовай (пазней дзевяцігадовай) школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання, пазаштатным педагогам-арганізатарам, піянерважатай — з 1982-га да 2004 года.

— Калі я прыйшла працаваць, у школе вучылася больш за 100 вучняў, — успамінае Ніна Васільеўна. — Было два будынкі — для пачатковых класаў і для старэйшых. У 1980-я гады вучні на кожны ўрок пераходзілі ў адпаведны кабінет — хіміі, фізікі або літаратуры. Дзеці цягнуліся да ведаў, старанна вучыліся, але, магчыма, не ўсім гэта давалася. Трэба сказаць, што ў савецкай школе слова настаўніка было непахісным, аўтарытэтным не толькі для вучняў, але і для іх бацькоў. Так было і ў Балашэвічах, дзе жылі і зараз жывуць добразычлівыя і адкрытыя  людзі. Дзеці, нават розных узростаў, былі вельмі згуртаваныя, дружныя.

Акрамя непасрэдна ўрокаў, я яшчэ арганізоўвала ў школе ўсе выхаваўчыя мерапрыемствы. Да позняга вечара мы з дзецьмі (і нават з бацькамі) рыхтавалі дэкарацыі ды касцюмы да выступленняў. Памятаю, мы ставілі казку “Аладзін” і рабілі з кардону збан, які патрэбна было нейкім чынам упрыгожыць. Вырашылі абклеіць яго шпалерамі. А адбывалася ўсё гэта ў канцы 1980-х, у часы дэфіцыту. Нехта з вучняў прынёс вельмі прыгожыя абоі, як высветлілася пазней, употай ад бацькоў. І толькі ўжо падчас нашага выступлення маці вучня дазналася, куды зніклі з дому прыгожыя, з цяжкасцю “здабытыя” шпалеры.

Між іншым, мы з дзецьмі рыхтавалі не толькі мерапрыемствы, прысвечаныя святам або памятным датам, а і канцэрты, з якімі рэгулярна наведвалі мясцовую ферму. Паколькі ў школе сваёй актавай залы не было, мы выступалі ў сельскім клубе, таму паглядзець на нас прыходзілі не толькі бацькі вучняў, але і ўсе мясцовыя жыхары. Акрамя таго, хапала, канешне ж, і іншай выхаваўчай работы: экскурсіі, паходы, сельгаспрактыка. Былі экскурсіі далёка, у вялікія гарады — Мінск, Брэст, а на некаторыя пешшу хадзілі, напрыклад, на прадпрыемствы Глуска. Так, так, хадзілі пешшу! Калі вярталіся дадому, маглі разам з вучнямі і ў лес зазірнуць, маслякоў назбіраць. У паходы з дзецьмі, акрамя класнага кіраўніка, абавязкова ішоў і настаўнік фізкультуры. У такіх вандроўках расказвалі вучням пра мясцовыя назвы прыродных аб’ектаў, каб ведалі, дзе ў нас Хішчын, дзе Ніўкі, дзе Карчомішчы.

Прывучалі дзяцей і да працы. Каля школы быў свой участак, дзе вырошчвалі розную гародніну. Вучні, як і ва ўсіх тагачасных савецкіх школах, прыходзілі летам праполваць агарод. Восенню салілі вырашчаныя сваімі рукамі гуркі, квасілі капусту, рыхтавалі моркву, бульбу. Амаль на працягу ўсёй першай чвэрці дапамагалі мясцоваму саўгасу “Вільча” ўбіраць бульбу з палёў. Ніхто з вучняў  не адлыньваў ад працы, бо ўсе ведалі, што дапамагаюць не проста гаспадарцы, а яшчэ і сваім бацькам, якія працавалі тут жа, на полі, побач. У савецкі час былі ў нас і “цімураўцы” — дзеці хадзілі да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, дапамагалі пры неабходнасці ім па гаспадарцы. А тыя з ахвотаю прыходзілі да нас у госці, расказвалі пра свой баявы шлях.

Вучні ў мяне таксама былі вельмі добрыя: Таня Сцепанцова, Таня Шчорс, Наташа Долбік ды іншыя. Можа, некаторыя з іх былі не вельмі здатныя да майго прадмета, але людзі з іх выраслі нядрэнныя, усе добра ўладкаваліся ў жыцці.

Я лічу, мне вельмі пашанцавала, што я трапіла на працу ў Балашэвіцкую школу. Побач са мной працавалі сапраўдныя прафесіяналы: Пятро Паўлавіч Долбік (настаўнік матэматыкі і працоўнага навучання), Вера Пятроўна Мішур (дырэктар і настаўніца рускай мовы і літаратуры), Аркадзь Іосіфавіч Жартун (замежная мова) ды іншыя.

Расказвае былы вучань Балашэвіцкай школы, выпускнік 1975 года Рыгор Стральчэня:

— У першы клас я пайшоў у 1967 годзе. Дырэктарам тады працаваў Шылаў, на жаль, не памятаю яго імя. Пасля, у 1968 годзе, дырэктарам стала Ната Адамаўна Тарасевіч з вёскі Поблін. Уявіце сабе, што яна дабіралася да Балашэвіч праз раку і ўлетку, і зімою. Аўтобусы ў той час не хадзілі, а кругом праз Глуск было вельмі далёка. Іншыя настаўнікі таксама к нам дабіраліся пешшу з Глуска, а гэта па 10 кіламетраў кожны дзень трэба было прайсці ў любое надвор’е. Добра помню дырэктара нашай школы Міхаіла Іларыёнавіча Багука. Ён яшчэ выкладаў фізіку і чарчэнне. Памятаю і настаўнікаў. Калі я вучыўся, у нас працавалі Соф’я Іосіфаўна Лапідус — выкладала рускую мову і літаратуру, Ларыса Рыгораўна Каранец — біялогію і хімію, Пятро Паўлавіч Долбік — матэматыку, Іван Пятровіч Каранец — геаграфію, Валерый Іванавіч Цвірко — фізкультуру і працоўнае навучанне, Генадзь Карпавіч Янкоўскі — беларускую мову і літаратуру, Паліна Мацвееўна Гольдзіна — замежную мову, Яраслаў Логвінавіч Парахаўнік — чарчэнне (жыў на кватэры ў маёй бабулі), доўгі час была нашым піянерскім і камсамольскім важаком Валянціна Сямёнаўна Долбік…

Будынак балашэвіцкай школы — гэта былы памешчыцкі дом. Я добра памятаю, як пры цэнтральным уваходзе быў ганак з прыгожымі калонамі. Іх потым па нейкіх прычынах знеслі. У школе было цікава вучыцца. Мы ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах, у мастацкай самадзейнасці. Хадзілі ў паходы па партызанскіх мясцінах, на раку Пціч, туды, дзе і па сённяшні дзень стаіць прыгожы дубовы лес. Гэта ўрочышча называецца Хішчын.

Яшчэ ў памяць добра ўрэзалася, як на пачатку 1970-х гадоў у школе спрабавалі змагацца з любой праявай рэлігіі. На Каляды дзеці заўсёды хадзілі шчадраваць (іншы раз нават разам з бацькамі), вадзілі “казла”. Так было і ў Балашэвічах. Нейкім чынам настаўнікі дазнаваліся, хто з вучняў удзельнічаў у гэтых традыцыйных абрадах, і на наступны дзень дзеці неслі пакаранне: перад усім класам выконвалі тыя ж самыя песні і дзействы, што і падчас шчадравання. Але я зараз разумею, што гэта было не толькі ў нашай школе, а такая сістэма існавала паўсюдна, і яна “ціснула” на настаўнікаў. Дарэчы, гадоў праз колькі такой вялікай увагі барацьбе з традыцыямі і рэлігійнасцю ўжо не надавалася.

Ларыса Рыгораўна Дзяшчэня (Каранец), выкладчыца хіміі і біялогіі Балашэвіцкай школы з 1968-га па 1970 год:

— Я працавала ў Балашэвіцкай школе не вельмі працяглы час, але для мяне гэта быў карысны вопыт. Увогуле, трэба адзначыць, што гэтая сельская школа была своеасаблівай кузняй педагагічных кадраў для глускіх школ: адпрацаваўшых тут некалькі гадоў настаўнікаў рэгулярна забіралі ў райцэнтр. Дырэктарам школы ў 1968 годзе была Ната Адамаўна Тарасевіч. Яна вельмі дапамагла мне ў маім прафесійным станаўленні. У той час Балашэвіцкую васьмігодку наведвала шмат дзяцей. Зараз сказаць дакладную лічбу я не магу, але ўявіце, што ў 5-м класе, дзе я была класным кіраўніком, вучылася 32 чалавекі. Гэта быў самы вялікі клас у школе, у іншых класах дзяцей было крыху менш. На мяне, як на настаўніцу біялогіі, усклалі адказнасць за вялікі прышкольны ўчастак. Апрацоўвалі яго мы разам з вучнямі.  Вырошчвалі там шмат рознай гародніны. Аднойчы у нас вельмі ўрадзіла цыбуля — амаль 140 кілаграмаў вырасла.

З дзецьмі кожны дзень, акрамя панядзелка, хадзілі ў мясцовы клуб у кіно. У той час так бавілі вольны час і дзеці, і моладзь, і нават старэйшае пакаленне. Тыя сяльчане, каму не хапіла месца ў зале, глядзелі фільм праз вокны. А яшчэ я са сваімі вучнямі хадзіла ў Зелянковічы ў паход па партызанскіх мясцінах. Некалькі гадоў назад выпускнікі класа, дзе я працавала класным кіраўніком, арганізавалі сустрэчу, запрасілі на яе і нас, сваіх настаўнікаў. Вельмі было прыемна сустрэцца з ужо дарослымі маімі дзецьмі.

Іван Пятровіч Каранец, выпускнік 1961 года і настаўнік Балашэвіцкай школы (працаваў з 1971-га па 1976 год):

 — У першы клас я пайшоў у 1954 годзе. Шмат часу прайшло з той пары, і большасць успамінаў, на жаль, сцерлася з памяці. Як мне цяпер падаецца, дні праходзілі за днямі, мы вучыліся старанна, хадзілі на заняткі, як і ўсе савецкія дзеці. Але некаторыя самыя яскравыя моманты ў памяці ўсё ж такі захаваліся. Напрыклад, дзіцячыя ўражанні ад нашага невялікага падарожжа — экскурсіі ў Глушу на шклозавод. Яшчэ б! Мы на свае вочы ўбачылі, як робяць шкляныя бутэлькі.

Дырэктарам Балашэвіцкай школы ў наш час працаваў Ісаак Маісеевіч Нозік. Любімай настаўніцай у мяне была Вольга Цітаўна Карабавец, якая выкладала хімію, біялогію, геаграфію. Можна сказаць, што менавіта яна паўплывала на мой выбар прафесіі. Я заўсёды хацеў быць урачом альбо настаўнікам, і Вольга Цітаўна сваім прыкладам вызначыла маю будучыню: я стаў настаўнікам геаграфіі і нават папрацаваў пяць гадоў у Балашэвічах.

У час маёй працы ў школе вучылася больш за 180 чалавек. І як толькі размяшчалася такая колькасць у маленькіх кабінетах?! У маім класе было каля 20 вучняў — Валя Кудзёлка, Рыгор Стральчэня і іншыя. З большасцю я і да гэтага падтрымліваю сувязь: тэлефануем адзін аднаму, перапісваемся праз інтэрнэт, часам сустракаемся. Мае дзеці (так, так, яны назаўсёды застануцца маімі дзецьмі!) былі вельмі добрымі, стараннымі, і трэба сказаць, што ўсе выраслі годнымі людзьмі. У маім педагагічным жыцці было шмат вучняў і шмат выпускаў, але вось гэты самы першы клас пакінуў памяць пра сябе назаўсёды.

2004 год. Балашэвіцкая базавая школа

Ніна Міхайлаўна Хаткевіч, апошні дырэктар Балашэвіцкай школы (працавала з 1995-га  па  2006 год):

— У Балашэвіцкай школе я пачынала завучам, а потым перайшла на пасаду дырэктара. Тут заўсёды працавалі высокапрафесійныя, творчыя настаўнікі. Гэта Ніна Васільеўна Скрупская, Святлана Іванаўна Свірыдава, Уладзімір Кузьміч Скрупскі, Ганна Дзянісаўна Фільчанка, Святлана Сямёнаўна Іванцова, Таццяна Уладзіміраўна Сачанка і іншыя. Увесь педагагічны калектыў імкнуўся зрабіць так, каб дзецям было ўтульна ў кабінетах, цікава на ўроках. У пачатковай школе працавалі Людміла Аляксандраўна Кісляк, Таццяна Уладзіміраўна Карповіч. Пазней да нас прыйшла маладая і вельмі таленавітая, як цяпер кажуць, крэатыўная настаўніца Ірына Міхайлаўна Ешман. Якія толькі формы работы са сваімі маленькімі выхаванцамі яна не выкарыстоўвала: і на пяску яны літары пісалі, і малявалі, і заняткі на вуліцы праводзілі. Хачу адзначыць яшчэ аднаго таленавітага педагога пачатковых класаў Тамару Мікалаеўну Кісялевіч. Яе сценгазету пра Балашэвічы вывучалі як падручнік па гісторыі вёскі. І я, будучы дырэктарам, старалася падбіраць самыя лепшыя кадры для школы. Нашы настаўнікі арганізоўвалі выдатныя мерапрыемствы, да якіх рыхтавалі ўсё самі: і сцэнарыі, і дэкарацыі. Мерапрыемствы праходзілі пад жывы гук — на баяне ігралі нашы настаўнікі музыкі.

Дзеці ў Балашэвічах таксама былі вельмі добрыя — старанныя, працавітыя, добразычлівыя. Магу назваць некаторых нашых выдатнікаў — Іну Міхіевіч, Сашу Каблаша. Дарэчы, нашыя выпускнікі, пакуль існавала школа, рэгулярна наведвалі сваіх настаўнікаў. Бацькі вучняў былі вельмі адказныя, дапамагалі нам ва ўсім. На жаль, як і ў іншых вёсках, школу ў Балашэвічах у сувязі з малакамплектнасцю вырашана было закрыць. З 2004 года яна стала пачатковай, а ў 2006-м перастала існаваць наогул. Шкада, канешне, было развітвацца з калектывам, з дзецьмі. Тыя гады, калі я працавала ў Балашэвічах, буду заўсёды ўспамінаць з цеплынёй.

Балашэвіцкая школа выхавала не адно пакаленне дзяцей. Яе выпускнікі дасягнулі ў жыцці розных вышынь. Сярод іх ёсць механізатары, настаўнікі, ваенныя, навукоўцы, інжынеры, прадаўцы, журналісты. І ўсе яны з павагаю і цеплынёй заўсёды ўспамінаюць сваіх настаўнікаў і сваю школу.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з асабістых архіваў вучняў Балашэвіцкай школы

Последние новости

Актуально

Запрашае Свята працы і вясны!

26 апреля 2024
Общество

Авария на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Беларусь помнит

Митинг в честь 38-й годовщины чернобыльской катастрофы прошел в Глусском районе

26 апреля 2024
Актуально

Ещё больше товаров. Кредит от Беларусбанка

26 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024