Амаль 180 галоў за 23 сустрэчы было забіта на раённым турніры па футболе сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства. Спаборніцтвы праходзілі з 4 па 18 жніўня на дзвюх пляцоўках стадыёна. На вялікім футбольным полі сустракаліся каманды гімназіі, першай і другой школ Глуска, тут было праведзена шэсць гульняў у два кругі, забіта 18 галоў. На закрытай пляцоўцы за лідарства ў міні-футболе змагаліся шэсць школьных каманд, за 17 сустрэч у вароты сваіх сапернікаў яны ў агульнай колькасці забілі 161 мяч. Нягледзячы на юны ўзрост удзельнікаў, барацьба вялася сур’ёзная, напружаная, дастаткова сказаць, што лёс перамогі ў міні-футболе ў фінальнай гульні вызначыў усяго адзін гол: сустрэча каманд СШ № 2 і Заеліцы за 1-е і 2-е месцы завяршылася з лікам 4:3 на карысць глушчан.
Цырымонія закрыцця турніру і ўзнагароджання яго ўдзельнікаў праходзіла 18 жніўня на закрытай пляцоўцы стадыёна. Гэтыя спаборніцтвы, што сталі ўжо традыцыйнымі ў нашым раёне, дапамагаюць не толькі вызначыць мацнейшых у такой прыгожай гульні, як футбол, але і праявіць гульцам сапраўдны байцоўскі дух, імкненне да перамогі, узаемаразуменне, уменне дзейнічаць у камандзе. Няма сумнення, што гэтыя якасці спатрэбяцца ім у далейшым — як у спорце, так і ў жыцці, сказаў, звяртаючыся да юных футбалістаў і іх трэнераў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Баброўнік і правёў цырымонію ўзнагароджання.
Дыпломамі за ўдзел у турніры па міні-футболе і каштоўнымі падарункамі ўзнагароджаны каманды Усцярхоўскага і Завалочыцкага вучэбна-педагагічных комплексаў. Дыплом, памятныя медалі і каштоўныя падарункі былі ўручаны камандзе школы № 1. Дыплом 3-й ступені, медалі за 3-е месца і каштоўныя падарункі атрымалі юныя футбалісты гімназіі Глуска. Другое месца ў турніры па міні-футболе заняла каманда Заеліцкага вучэбна-педагагічнага комплексу, яе ўдзельнікі атрымалі медалі і дыплом адпаведнай ступені і каштоўныя падарункі. Свае заслужаныя ўзнагароды, безумоўна, атрымалі і пераможцы — футбалісты СШ № 2. Каманда гэтай жа школы атрымала кубак, дыплом 1-й ступені і медалі за 1-е месца ў спаборніцтвах па футболе. Адпаведныя ўзнагароды за другое месца былі ўручаны футбалістам гімназіі Глуска. Трэцяе месца ў футболе заняла каманда СШ № 1.
Лепшымі гульцамі турніру па міні-футболе прызнаны Кірыл Ніціеўскі (СШ № 2), на яго рахунку 23 забітыя мячы, Міхаіл Мяліцкі (Завалочыцы, 21 гол), Данііл Грыгор’еў (гімназія) і Міхаіл Бежалеў (Заеліца). На вялікім футбольным полі вызначыліся Дзмітрый Пастушонак з каманды другой школы, ён забіў 5 галоў, Усевалад Назаранка, школа № 2, і Вадзім Сташкевіч, гімназія. Лепшым гульцам турніру таксама былі ўручаны каштоўныя падарункі. Дарэчы, салодкія пачастункі, якія атрымала кожная з дзевяці каманд-удзельніц, прадастаўлены федэрацыяй футболу Магілёўскай вобласці, якую ўзначальвае ганаровы грамадзянін Глуска выпускнік школы № 1 Анатоль Глаз.
Так завяршыўся яшчэ адзін дзіцячы футбольны турнір, яго ўдзельнікам ён прынёс і радасць перамог, і горыч ад няўдалых гульняў, ён загартаваў іх маральна і фізічна, навучыў дзейнічаць разам, быць камандай. І менавіта гэты вынік, на маю думку, галоўны.
Т. ЛУКАШЭВІЧ
Фота С. РУДЗІНСКАГА