Працаваць на зямлі — гэта ў іх сямейнае


У Аляксандра Савончыка з ААТ “Эксперыментальная база “Глуск” гэты год адметны. Старэйшы механізатар гаспадаркі праводзіць сваё 35-е жніво. За гэты час паспеў папрацаваць ці, як сам казаў, “з’ездзіў” два “Доны”, “Ніву”, “Ліду”, а зараз вось КЗС-1218.
— На гэтай марцы камбайна, магчыма, пастаўлю кропку, — гаворыць Аляксандр Васільевіч. — Узрост бярэ сваё, як-ніяк, а маю 63 гады, хочацца ўжо адпачыць. Не буду загадваць надалей, як яно будзе, але гэты сезон яшчэ адраблю. І добра, што побач мой сын. Мне з ім добра і лёгка, мы ж адна сям’я.
Увогуле ў бацькі з сынам гэта не першае жніво. Як сямейны экіпаж яны склаліся многа гадоў таму, калі Валерый перайшоў у дзясяты клас. Каб не марнаваць летам час і зарабіць свае грошы, пайшоў да бацькі памочнікам камбайнера. І нават тады, калі стаў дарослым і працаваў у ПМК № 249, на лета часова мяняў прафесію. Так набралася больш за дзесяць гадоў сумеснай работы. Дакладна ніхто з Савончыкаў не ўспомніў, якая па ліку ў іх сёлетняя ўборка. Галоўнае, што яны працуюць і што ў эксбазе ў іх лепшы намалот. (Праўда, цяпер бацька ўжо памочнікам у сына). А завяршыцца жніво, і кожны будзе рабіць сваю работу. Аляксандр Васільевіч зноў завядзе свой МТЗ 1221, бо гэты трактар замацаваны за ім. Валерый Аляксандравіч зімой плануе рамантаваць апырсквальнік “Раса”, а пасля ўносіць на ім вадкія мінеральныя ўдабрэнні. І ў яго абавязкова ўсё атрымаецца, бо Валерый па прафесіі механік, а гэта азначае, што тэхніку ён ведае. Рашэнне сына бацька адабрае і верыць, што ён стане дастойным яго пераемнікам.
Вольга ЧУЧВАЛ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА