Жыццё вёскі складаецца са шматдзённых клопатаў, несупыннай працы, надзей на лепшае. А яшчэ ў кожнай вёскі свой лёс. Як чалавек жыве і памірае, пакінуўшы пасля сябе памяць, так і некаторыя вёскі жывуць і квітнеюць, а потым паступова адыходзяць у нябыт: закрываюцца школы, дзіцячыя садкі, магазіны, пакідаючы бацькоўскія хаты, пераязджае ў гарады моладзь. Але застаюцца тыя, на кім вёска трымалася ў лепшыя часы і прадаўжае ганарыцца зараз: працавітыя, адданыя роднай зямлі, руплівыя жыхары.
Багатая на такіх слаўных людзей невялічкая, але даволі каларытная вёска Даколь. Тут, на адной з вуліц, у добра дагледжаным доме жыве Іван Навумавіч Лапко, карэнны жыхар гэтай вёскі, а зараз самы старэйшы сярод яе мужчын. Завіталі мы да Івана Навумавіча напярэдадні значнай падзеі ў яго жыцці — васьмідзесяцігадовага юбілею. Перад сустрэчай уяўляла сабе старэнькага, нямоглага дзядулю, мяне ж сустрэў жвавы, чысценька апрануты мужчына. Пад ласкавым сонейкам мы прыселі на лавачцы каля хаты, і Іван Навумавіч аддаўся ўспамінам.
Усё сваё доўгае жыццё правёў ён тут, у роднай вёсцы, дзе жылі і працавалі яго бацькі. Яны заўсёды з павагай ставіліся да зямлі і працы, вучылі гэтаму сваіх дзяцей (іх у сям’і было трое). Змалку Іван пачаў касіць, палоць, секчы дровы. Скончыўшы толькі пяць класаў Дакольскай сярэдняй школы, пайшоў у калгас пасвіць кароў.
— Трэба было дапамагаць бацькам, якая ж вучоба? — успамінае Іван Навумавіч гады дзяцінства. — Гаспадарка ў нашай сям’і заўсёды была вялікая. Гэта цяпер дзеці не ведаюць, чым заняцца, а нам за справаю не было калі сумаваць.
Потым Івана Лапко прызвалі ў армію, служыў на Далёкім Усхо-дзе, у Забайкаллі. Вярнуўшыся на радзіму, па якой заўсёды сумаваў, пачаў працаваць у калгасе. Хутка знайшоў сваё каханне — Надзею Мінаўну, якая таксама ўсё жыццё правяла ў роднай вёсцы. Працы маладая сям’я ніколі не баялася: і тады, калі будавалі хату, і калі гадавалі чатырох дачок. У шлюбе — можа кожны пазайздросціць — сямейная пара ўжо 58 гадоў.
— Час тады іншы быў, як і людзі, — разважае Іван Навумавіч. — Калі працаваў у калгасе, усе палявыя работы выконваў уручную: не было тады трактароў. Зранку ішлі на працу, зацемна вярталіся. А дома чакалі сям’я і гаспадарка. З жонкай кожны год вырошчвалі садавіну і агародніну, гэта цяпер сілы не тыя. І жывёлы было шмат: трымалі па дзве каровы, пяць свіней, вялікае мноства гусей і курэй. Можа, і не вельмі багата жылі людзі, але ўсе былі роўныя, шчырыя. Разам дружна пра-цавалі, разам і святы сустракалі.
Пасля калгаса Іван Лапко 27 гадоў адпрацаваў качагарам на ферме. Сёння даглядае хворую жонку. Але на жыццё не скардзіцца. Зведаўшы нялёгкую працу, прысвяціўшы сябе роднай зямлі, ён лічыць, што яна шчодра аддзячыла яму за вернасць. У юбіляра багаты жыццёвы ўраджай: чатыры ўнукі і ўжо два праўнукі, якія не забываюць пра яго і часта наведваюць.
— Летам весялей у вёсцы. Яна зноў ажывае, дзеці прыязджаюць да бацькоў. Ды і лес з грыбамі і ягадамі побач. Жыццё працягваецца, — скажа напрыканцы нашай размовы Іван Навумавіч.
Развітаўшыся і пажадаўшы юбіляру здароўя і доўгіх гадоў жыцця, я пайшла сваёй дарогаю. І чамусьці ўзгадалася адна легенда. Аднойчы чалавеку сказалі, каб ён, адыходзячы з хаты, не азіраўся назад, іначай ператворыцца ў слуп солі. Чалавек не спужаўся, азірнуўся. Як было не азірнуцца, калі там — родная хата, дзе нарадзіўся, знаёмыя краявіды, працавітыя людзі?.. Так і мяне цягнула азірнуцца на дом Івана Навумавіча Лапко. Бо там заставаўся чалавек, які з’яў-ляецца прыкладам для нас, моладзі, які ўсё жыццё прысвяціў працы на зямлі, які любіць і шануе радзіму. Я азірнулася…
Ганна АЎТУХОВА
Фота аўтара