Па выніках работы за студзень — чэрвень 2017 года ў Глускім раёне забяспечана выкананне 6 з 11 паказчыкаў, даведзеных аблвыканкамам. Гэта экспарт тавараў без уліку арганізацый, падначаленых рэспубліканскім органам дзяржкіравання (168,8 % супраць 102,5 планавых), прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (32,4 тысячы долараў супраць даведзеных 30), колькасць працаўладкаваных грамадзян на створаныя рабочыя месцы за кошт стварэння новых прад-прыемстваў і вытворчасцяў (13 супраць 11), выручка ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго сярэдняспісачнага работніка 114,5 % супраць 114,3), індэкс фізічнага аб’ёму падрадных работ, выконваемых па віду эканамічнай дзейнасці “Будаўніцтва” (229,1 % пры заданні 103), а таксама аб’ём будаўніча-мантажных работ, выконваемых падрадным і гаспадарчым спосабамі на тэрыторыі раёна (1 545 тысяч рублёў пры 1 279 планавых). Не забяспечаны паказчыкі па вытворчасці сельгаспрадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый і ў сельскагаспадарчых арганізацыях, рознічны тавараабарот, а таксама экспарт паслуг без уліку аргані-зацый, падначаленых рэспубліканскім органам дзяржкіравання, (43,5 % пры заданні 102,2) і намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата (527,1 рубля пры заданні 546,0). Гэтыя паказчыкі называліся і абмяркоўваліся падчас пасяджэння раённага выканаўчага камітэта, дзе разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе. Даклад, з якім выступіла першы намеснік старшыні райвыканкама Алена Булатоўская, дапоўнілі першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Валерый Глаз, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Анцюшэня.
Даведку аб выніках выканання бюджэту Глускага раёна за шэсць месяцаў года да ведама прысутных давяла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Іна Глаз. Так, арганізацыямі раёна за першае паўгоддзе заплачана падатковых і непадатковых плацяжоў у бюджэты ўсіх узроўняў на суму 4 368,9 тысячы рублёў, даходы кансалідаванага бюджэту раёна склалі 9 885,6 тысячы рублёў, або 43,6 % ад гадавога плана. У структуры ўласных даходаў бюджэту раёна найбольшую ўдзельную вагу займае падаходны падатак — 34,8 %, потым ідуць падаткі на дабаўленую вартасць і ўласнасць (18,5 % і 17,8 % адпаведна), падаткі на прыбытак складаюць толькі 3,7 %.
За кошт якіх рэзерваў выканалі і па якой прычыне не змаглі выканаць даведзеныя паказчыкі, у сваіх выступленнях расказалі дырэктар ААТ “Глускія Бытпаслугі” Аляксандр Крамянецкі, старшыня праўлення райпо Сяргей Зубчонак, дырэктар ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі” Уладзімір Штылёў, антыкрызісны кіраўнік ААТ “Турыно-агра” Аляксей Мігай. Далёка не ўсе тлумачэнні кіраўнікоў члены выка-наўчага камітэта прынялі пад увагу і палічылі пераканаўчымі, а прапанаваны праект рашэння было вырашана дапрацаваць.
Т. ЛУКАШЭВІЧ