З блакнотам па раёне. Ясенцы: адна вёска на дваіх.

Вось такія кароткія звесткі пра Ясенцы мы прачыталі ў кнізе “Памяць. Глускі раён”. Сягоння ж Ясенцы можна аднесці да разраду знікаючых вёсак. На вуліцы даўжынёй з паўкіламетра па абодва бакі засталіся лічаныя хаты. Хутка і іх не будзе — адыдуць у нябыт, як і іх гаспадары. Нікому не патрэбныя, каторы год яны стаяць з пазабіванымі наглуха вокнамі, бы чакаючы свайго прысуду.
— А што нам, мы ж пенсіянеры, — разважае Ганна Аляксандраўна. — Абодва нарадзіліся і выраслі ў вёсках. Я тут, а ён у Лагадаўцы Бабруйскага раёна. Наогул, наш прыезд сюды быў звязаны з пчоламі. Мой бацька пры жыцці трымаў шмат вулляў. Ён вельмі любіў займацца пчоламі, і прывязанасць да гэтых маленькіх працаўніц — гэта ў нас сямейнае. Колісь пчоламі захапляўся дзед, а пачатак усяму палажыў прадзед.
Менавіта прадзед Іван Пашкоў — ураджэнец вёскі Ясень Асіповіцкага раёна (па словах Ганны Аляксандраўны, ад назвы гэтай вёскі і паходзіць назва Ясенцы) — стаў першым жыхаром Ясенцаў. Ён быў чалавек заможны і за золата купіў зямлю ў пана. Да месца будучай вёскі ўшчыльную падступалі лес ды хмызняк. Шмат прыйшлося прыкласці сіл і намаганняў, пакуль пабудаваліся ды абжыліся. Паступова пасяленне расшыралася, прырастаючы новымі дамамі. Хто пераехаў з бліжэйшых хутароў, на месцы якіх і цяпер стаяць старыя дзічкі, хто з суседніх вёсак, а хто і са Старадарожскага раёна. Так у Ясенцах з’явіліся Окруты, Еліны, Кандратовічы, Бунешы, Лапанікі, Жлобічы, Булавацкія…
Пра гісторыю вёскі і яе жыхароў мы пагаворым пазней, а цяпер зноў вернемся да нашых герояў. Так склаліся абставіны, што прадзед Ганны Аляксандраўны палажыў пачатак вёсцы, а цяпер яна разам з мужам — апошнія тут жыхары. Спадзявацца, што нехта яшчэ тут паселіцца, ужо няма чаго. Акрамя Пульяновічаў, жадаючых больш не знаходзіцца. Ганна Аляксандраўна і Іван Іванавіч кажуць, пакуль будуць сілы, датуль застануцца тут. І гаспадарку, каб весялей было і час марна не праходзіў, завялі. Свінні, куры, трусы, козы і тое, што засталося ў спадчыну, — пчолы, якіх Ганна Аляксандраўна даглядае сама. Робіць гэта з 2004 года, з той самай пары, калі памёр бацька. Цяпер яна адмысловы пчаляр. Кажа, што спасцігала ўсё сама. Большую частку інфармацыі брала з кніжак, а нешта падказвалі знаёмыя, якія таксама трымаюць пчол. Яно, канешне, можна было ў бацькі, калі той жыў, вучыцца. Дык тады не было часу, а тут абставіны прымусілі.
— Не магла я дазволіць, каб пчолы прапалі, — гаворыць Ганна Аляксандраўна. — Гэта б называлася здрадай у адносінах да продкаў. Зараз жа не ўяўляю свайго жыцця без пчол. Так і хочацца з кожным разам завесці новую іх сям’ю. Праўда, бывае, што муж не падзяляе мае жаданні, але потым усё роўна згаджаецца і нават дапамагае мне.
На пытанне, колькі ж пчаліных сямей зараз стаіць у іх садзе, Ганна Аляксандраўна адказала няпэўна. Дакладную колькасць вулляў не назвала, а сказала, што ім, дзецям, унукам, родзічам і знаёмым хапае. Няхай гэта застанецца іх маленькай сямейнай камерцыйнай тайнай. Затое пра іншую гаспадарку сказалі з большай дакладнасцю. Чатырох дойных коз называюць сваімі карміліцамі. Побач з імі падрастаюць казляняты. Кажуць, каб знайшоўся купец, то маглі б і прадаць. У па-гаспадарску змайстраваных Іванам Іванавічам клетках размясцілася больш за дзясятак трусоў. Тут жа, побач на двары, паходжвае статак курэй, а ў хляве рохкаюць парсюкі. Іван Іванавіч, паказваючы сваю гаспадарку, не без гонару зазначыў, што тут ужо больш увіхаецца ён, і паспяшыў дадаць, каб не пакрыўдзіць жонку: маўляў, у яе і так хапае клопатаў з пчоламі.
Пра сваю сям’ю Пульяновічы расказваюць з радасцю, бо дзеці і ўнукі для іх — самыя родныя людзі. А адзін з унукаў, Дзяніс Махлай, каторы год радуе родзічаў сваімі спартыўнымі дасягненнямі як канаіст. Якраз у той дзень, калі мы наведаліся да нашых герояў, бабуля з дзядулем адзначалі чарговую перамогу ўнука. Выступаючы ў складзе зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы ў балгарскім Плоўдзіве, Дзяніс у дуэце з Андрэем Багдановічам на каноэ-двойцы стаў сярэбраным медалістам.
— І гэта яшчэ не ўсё, — не скрываючы радасці, гаворыць Іван Іванавіч. — Я добра памятаю першую яго ўзнагароду, было гэта ў 2013 годзе, на летняй Універсіядзе ў Казані. Там унук узяў бронзу ў двойках на двухстах метрах. А праз год выйграў сярэбраны медаль на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы. Ёсць у скарбонцы ўнука і сярэбраны медаль, прывезены з чэмпіянату свету, ну і шмат яшчэ іншых узнагарод. Вось такі ён, наш Дзяніс, цяпер яшчэ і ўдастоены ганаровага звання «Майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа».
Па тым, з якой любоўю і шчырасцю Пульяновічы расказваюць пра родных і блізкіх ім людзей, можна меркаваць, што статус сям’і тут на асобным рахунку. Інакш не пражылі б самі Ганна Аляксандраўна і Іван Іванавіч разам 47 гадоў. Абодва працавалі ў Бабруйску. Гаспадар — вадзіцелем у аўтапарку, гаспадыня — у гандлі. Разам жылі ў горадзе, разам і зараз дзеляць радасць сельскага жыцця. Адны, і не вернеш таго, што было раней. Ганна Аляксандраўна пра мінулае ўспамінае з нейкім патаемным сумам у голасе.
— Праз дарогу, наўскасяк ад нашай хаты, жыла баба Ульяна, — гаворыць мая субяседніца. — Пяюха была на ўсю акругу. Шмат ведала даўнейшых песень, да яе нават прыязджалі са сталіцы, з нейкага інстытута, і яна дыктавала тэксты. А яшчэ быў у нас свой кравец па прозвішчы Кандратовіч. Працаваў у калгасе рабочым, а ў вольны час шыў людзям, у асноўным верхнюю вопратку. Мне, напрыклад, пашыў паліто. Мой бацька таксама быў майстравы чалавек. Умеў рабіць і бочкі, і вуллі, і рамы, і дзверы, нават вось гэту канапу, на якой зараз сяджу, таксама зрабіў сам. Наогул, і я памятаю, і маці з бабуляй расказвалі, што ў Ясенцах усе любілі працаваць. Далёка хадзіць не трэба, прывяду карысны, больш для цяперашняй моладзі, прыклад. Мой прадзед, як ужо казала, быў заможны чалавек, і любы з членаў сям’і мог дазволіць сабе не працаваць. Дык не, яго дачка, калі ёй споўнілася 12 гадоў, падзарабляла ў пана Гатальскага. За гэта пан плаціў грошы, і такім чынам свае дробныя расходы яна аплочвала сама.
Насельніцтва нашай вёскі было невялікім. Усяго 14 хат, і ў кожнай па 4—5 чалавек. Амаль у кожным двары была карова, і статак ганялі пасвіць у Горнае, далучалі да тамтэйшых кароў. Мама расказвала, што да рэвалюцыі ў Ясенцах быў свой магазін, яшчэ яго называлі мануфактурай, бо там прадавалі розную тканіну. І школа была, чатырохгодка. Нават свой калгас асобны быў. А цяпер вось мы ўдваіх — табе і вёска, і калгас. Іншыя пытаюцца, ці не страшна тут жыць адным. А чаго баяцца? Непадалёк, праз поле, дыміцца труба. Там прадпрымальнік наладзіў выпуск драўлянага вугалю. А праз шашу — Горнае. Не падумайце, што мы жывём у адрыве ад цывілізацыі. У нас і свет ёсць, і тэлевізар, і тэлефон мабільны. Два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка, а калі трэба, то і ў Бабруйск можна з’ездзіць. І навіны свежыя да нас прыходзяць — розныя там часопісы і газеты. Вось і вашу “Радзіму” выпісваем. Так што не адной гаспадаркай жывём, не сумуем.
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА