На гэтым здымку — цэнтр аграгарадка Калацічы. Так ён выглядае звычайным восеньскім днём, а вось заўтра, 30 верасня, гэтая частка цэнтральнай вуліцы непазнавальна зменіцца, і людзей тут не тое што пабольшае, а будзе вялікая колькасць. Менавіта сюды, у гэтае месца, з’едуцца прадстаўнікі ўсіх працоўных калектываў раёна, артысты, умельцы, спартсмены, гандляры — каб адзначыць, адсвяткаваць любімае свята працаўнікоў сяла — фестываль-кірмаш “Дажынкі”. Далучыцца да іх радасці, павіншаваць іх з працоўнымі перамогамі аргкамітэт фестывалю запрашае ўсіх жыхароў і гасцей Глушчыны.
Раённыя “Дажынкі” спланаваны так, каб было, як кажуць, і хлеба, і да хлеба. У гэтай сувязі варта сказаць пра культурную праграму. Галоўным яе нумарам, безумоўна, з’яўляецца афіцыйная частка гэтага маштабнага мерапрыемства — з прывітаннем і ўшанаваннем працаўнікоў сяла. Але пацешыць слых і вока можна будзе і пасля яе: таксама на галоўнай сцэне перад гледачамі выступяць лепшыя артысты раённага Дома культуры і сельскіх клубных устаноў. Цяжка будзе ўтрымацца, каб хоць што-небудзь не купіць, тым, хто завітае ў своеасаблівы горад майстроў: упрыгажэнні для валасоў, вырабы са скуры, вязаныя рэчы, тэкстыльныя лялькі, кераміка, пляценне з паперы, упрыгажэнні з прыроднага матэрыялу і нават моднае зараз рукадзелле скрапбукінг — вось далёка не поўны пералік таго, што прывязуць і прапануюць наведвальнікам кірмашу рамеснікі і майстры-ўмельцы з Цэнтра творчасці, Заеліцкага дома рамёстваў, цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Веснаўскага дома-інтэрната. Не, усе грошы з дому не бярыце, бо абавязкова аддасце іх на ўсю гэту прыгажосць. А яшчэ ж будуць надзіманыя атракцыёны для дзяцей і гульня лазертаг — кажуць, вельмі папулярная зараз.
Кажуць, багатыя таксама плачуць, бо за грошы настрой не купіш, і з гэтым не паспрачаешся. Аднак бываюць сітуацыі, калі ўдалыя пакупкі ўсё ж прыўзнімаюць настрой. Праверана на сабе. Пераканацца ў гэтым можна будзе і на гадлёвым кірмашы, што значыцца ў праграме раённых “Дажынак”. Найперш, прадукцыю ўласнай вытворчасці шырока прапануе раённае спажывецкае таварыства — будзе чым і на месцы падсілкавацца, будзе што і з сабой купіць, а хлебабулачную прадукцыю можна будзе пакаштаваць задарма — падчас дэгустацыі. Свае тавары прывязуць таксама “Бабушкина крынка”, “Домочай” (Бабруйскі філіял), “Красный пищевик”, Глускі лясгас будзе гандляваць уласным мёдам, а фермеры (свае і заезджыя) — садавіной і агароднінай. Не абыдзецца без традыцыйнай бяспройгрышнай латарэі, а прамысловыя тавары, трыкатаж, можна будзе набыць у палатцы ад магілёўскага прадпрыемства “Купалінка”. І гэта, вядома, не ўсе ўдзельнікі гандлёвага кірмашу, таму няма сумнення, што ўдалыя пакупкі чакаюць многіх і гарантуюць добры настрой.
Спартыўная састаўляючая свята таксама абяцае быць разнастайнай і цікавай, а галоўнае — кожны жадаючы лёгка можа быць як гледачом, так і ўдзельнікам. Думаецца, цікава будзе паназіраць за спаборніцтвамі сярод дзявочых школьных каманд, якія разгорнуцца на валейбольнай пляцоўцы, і за барацьбой паміж юнакамі на міні-футболе, паглядзець паказальныя выступленні юных таэквандзістаў. Выпрабаваць свае сілы, наталіць свой уласны спартыўны запал можна будзе ў вулічным баскетболе (на трапнасць кідаць мяч у баскетбольнае кола), памерацца сілай рук у армрэслінгу і ў падніманні гіры, яшчэ адным практыкаваннем на трапнасць будзе дартс — для дарослых і мятанне дыска — для дзяцей. Дарэчы, пераможцам арганізатары абяцаюць прызы, так што не праходзьце міма.
А як жа трапіць на гэта свята, калі ты не жывеш у Калацічах, не едзеш туды як член дэлегацыі працоўнага калектыву і свайго транспарту не маеш? Ды вельмі проста. Як паведамілі рэдакцыі ў Аўтапарку № 15, у сувязі з правядзеннем раённага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2017”у суботу, 30 верасня, будзе арганізаваны дадатковы аўтобусны маршрут з Глуска на Калацічы. Ад аўтастанцыі ён будзе адпраўляцца двойчы: у 9:45 і ў 10:40, па Глуску пойдзе з прыпынкамі каля “Глускіх Бытпаслуг”, універмага, бальніцы, зноў універмага, магазіна “Удобный”, СШ № 1, райаграпрамтэхзабеспячэння, канчатковы прыпынак — аграгарадок Калацічы. З Калаціч на Глуск аўтобус таксама зробіць два рэйсы: у 15:20 і ў 17:00, пойдзе з тымі ж прыпынкамі, толькі ў адваротным парадку. Цана білета ў адзін бок — 45 капеек. Пагадзіцеся, не так і шмат за магчымасць пабачыць столькі новага, прыгожага і цікавага, як запланавана на гэтым маштабным мерапрыемстве.
Теги
Последние новости
Власть
Лукашенко заслушал доклады Крутого и Кочановой. В числе главного — совещание по Витебщине и мониторинг в торговле
22 октября 2025
Актуально
С 20 октября по 6 ноября проходит республиканская профилактическая акция «За безопасность вместе!»
22 октября 2025
Общество
Конкурсная программа к Дню отца прошла в ЦКиД «Орион»
22 октября 2025
Власть
Лукашенко: Беларусь и Ливия восстанавливают интенсивные отношения
21 октября 2025
Актуально
Прямую линию проведет 22 октября заместитель начальника Могилевской таможни Михаил Артюховский
21 октября 2025
Общество
Семейные старты. На районный спортивный праздник пригласили глусские семьи