Темы

З блакнотам па раёне. Даколь

З блакнотам па раёне. Даколь

У Даколі Вольга Сяргееўна Ермакова і Соня Раманаўна Лапко — адны са старэйшых жыхарак. І хто лепей за іх можа паведаць пра хутары, якія, па іх мерках, здаецца, яшчэ зусім нядаўна акружалі Даколь. Кіламетры са два ў бок Старадарожскага раёна ўшчыльную да рэчкі Даколькі стаяў пасёлак Бярозка, адкуль родам Вольга Сяргееўна. Кажа, было там 15 хат і ў кожнай з іх  — па 5—6 дзяцей. Па сучасных мерках на добрую вёску цягне, а тады гэта быў невялічкі пасёлак, з якога Вольга Сяргееўна пераехала ў Даколь больш за 50 годаў таму. Мясцовыя іх называлі “малінаўцамі”, што азначала “багатыры”, таму што ім далі зямлю ў Даколі, а яны некаторы час яшчэ карысталіся і той зямлёй, што засталася ў пасёлку. Падчас успамінаў пра гады жыцця ў Бярозцы ў Вольгі Сяргееўны вочы свяціліся радасцю. “Вы нават не ўяўляеце, якімі багатымі былі нашы лясы, — казала яна. — Зялёнак у нас расло — касой касі. А якія самы ў рацэ Дакольцы вадзіліся! А яшчэ была такая рыба, мы яе называлі мянькі, дык у яе не было лускі. Налавіў і ледзь не адразу на патэльню кідай. Не, я шуткую, а то падумаеце, што мы так вось з усімі вантробамі і елі рыбу —ачышчалі яе, смаката была, як пасмажыш, не перадаць словамі. Лічы, што ўсю акругу — і нас, і дакольцаў, ды і іншыя хутары — карміла невялічкая рэчка. Нават ракі там былі. І іх таксама лавілі і елі, а яшчэ імі свіней кармілі. Я не прыдумляю, такое на самой справе было. Потым усё багацце Даколькі знікла ў адно імгненне, і вінаваты ў тым спіртзавод, які знаходзіўся ў суседніх Палажэвічах Старадарожскага раёна. Не ведаю, як правільна называўся гэты працэс, але людзі казалі, што пасля таго, як пачысцілі спіртзавод і брудную ваду злілі ў Дакольку, патравіліся ўсе ракі і рыба”.

Адна са старэйшых жыхарак Даколі Ганна Пятроўна Давыдава

Паступова да Даколі далучыліся не толькі Бярозка, але і Камяня, Хрысцішча — пасёлак, як ехаць на Сялец, хаты якога расцягнуліся аж да самага лесу. У кіламетры за ім быў яшчэ адзін пасёлак, Новае Жыццё.  Дарэчы, назва Камяня захавалася і да нашых дзён. У Даколі ёсць вуліцы Цэнтральная, Палявая, Маладзёжная і завулак, які жыхары называюць па-даўнейшаму — Камяня.

А якая была Даколь чатыры стагоддзі таму? Менавіта з 1558 года значацца звесткі пра гэту вёску (у наступным годзе юбілейная дата — 460 гадоў існавання), і вядома яна як сяло Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства — так напісана ў кнізе “Памяць. Глускі раён”. На працягу ўсяго свайго існавання Даколь была і цэнтрам войтаўства маёнтка Глуск Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства, і ўваходзіла ў Расійскую імперыю, была ў складзе маёнтка Веснава Бабруйскага павета Мінскай губерні. Вёска некалькі разоў пераходзіла ад аднаго ўладальніка да другога. У самым пачатку была шляхецкай уласнасцю, потым уласнасцю Царквы, затым належала аднаму з Радзівілаў, а пасля князю Быкоўскаму. Ёсць і такі эпізод у гісторыі вёскі: летам 1891 года сяляне аказалі супраціўленне ўладам пры размежаванні зямель. У 1897 годзе Даколь налічвала 85 двароў, дзе пражывала 502 жыхары, меўся свой хлебазапасны магазін. Побач знаходзіўся аднайменны выселак з двума дварамі і шасцю жыхарамі. Першая школа адкрылася ў 1905 годзе, яна называлася народным вучылішчам, праз пяць гадоў пабудавалі для яго стацыянарнае памяшканне. Потым на базе дарэвалюцыйнай школы стварылі пачатковую школу 1-й ступені, і ў 1925 годзе там навучалася 67 дзяцей. Новы будынак школы ўзвялі ў 1936 годзе. У 1922 годзе адкрылася хата-чытальня, а на наступны год — фельчарскі пункт. У 1937 годзе пабудавалі магазін. Вось такі набор сацыяльных выгод мелі сяльчане на канец 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Чытаючы ў кнізе “Памяць. Глускі раён” пра Даколь, бачыш, як з кожным дзесяцігоддзем вёска прырастала новымі дамамі, а значыць, павялічвалася і колькасць жыхароў. Калі ў самым пачатку XX стагоддзя там налічвалася 95 двароў і 525 жыхароў, то ў 1919 ужо стала 119 двароў і 756 жыхароў, з якіх 36 яўрэяў. У 1926 годзе вёска павялічылася на 42 двары і колькасць насельніцтва дасягнула 792 чалавек. У канцы мінулага стагоддзя насельніцтва прыкметна зменшылася, да 395 жыхароў. Сягонняшняя Даколь — гэта 277 афіцыйна зарэгістраваных жыхароў.  Дэмаграфічны спад відавочны.

Яўгенія Мікалаеўна Навічонак узнагароджана “Медалём мацярынства” і ордэнам “Мацярынская слава” III ступені

— Нічога дзіўнага тут няма, — працягвае раней пачатую размову другая мая субяседніца, Соня Раманаўна. — Дзе вы цяпер бачылі, каб у сям’і выхоўвалася 10 дзяцей, а ў нас такія сем’і былі. У Андрэя Ермакова было пяцёра сыноў і столькі ж дачок. Ды і ў Новым Жыцці таксама жыла такая ж мнагадзетная сям’я. А 5—6 дзяцей — гэта лічылася нормай. Людна і весела было ў вёсцы. Дастаткова ўспомніць гады майго дзяцінства, а потым і маладосці. Людзі ўмелі шчыра працаваць і весела праводзіць вольны час. Памятаю, падоім вечарам кароў і айда на вуліцу. Збіраліся хеўрамі: дзеці сабе, асобна падлеткі, а ў юнакоў і дзяўчат свая хеўра. А якія кірмашы ладзілі! Як успомню, дык яшчэ і цяпер, здаецца, у скокі кінулася б. На Тройцу да нас з’язджалася ўся акруга. Нават прусакі, так мы называлі жыхароў Прусаў, за 10 кіламетраў да нас траплялі. І гэта пры тым, што ім трэба было пераходзіць праз Дакольку. Нічога дзеля свята не баяліся: ні доўгага шляху, ні таго, што пасля рэчкі выходзілі па пояс мокрыя. Сярод прусакоў была бабулька, дык вось адзене яна андарак ды лапці — смешная такая тады станавілася — і пяе прыпеўкі: “У Прусах дзевак ніхто замуж не бярэ…” Весялушка была. Вось так мы жылі. Рабіць дык рабіць, а гуляць дык так, каб сэрца пела і душа радавалася. Адно толькі ў рабоце дрэнна было, гэта я пра сябе гавару, — ніяк выспацца не магла. Працавала даяркай на ферме і кароў мы даілі тры разы, уручную, бо апаратаў тады ніякіх не было. Затое грошы атрымлівалі вялікія. Ажно 90 рублёў — век не забуду. За гэтыя грошы можна было адразу чацвярых дзяцей адзець. Так што скардзіцца на жыццё і на зарплату не прыходзілася.

Столькі шпакоўняў, як на селішчы Сяргея Пятровіча Буцько, не ўбачыш ні ў якім іншым двары

Лёсы і людзі Даколі. У кожнага было мінулае, у кожнага ёсць цяперашняе. Хтосьці ўшчувае нявестку, нехта радуецца дзецям і ўнукам, а некаторыя, як Ганна Пятроўна Давыдава, сумуюць і дажываюць свой век у адзіноце. Жанчыне за дзевяноста, у яе няма дзяцей. Кажа, што толькі пляменнікі калі-нікалі заглядваюць, а так днямі сядзіць адна. Застаючыся сам-насам са сваімі думкамі, часта ў памяці перабірае мінулае. Кажа, што цяпер толькі яно грэе душу. Ганна Пятроўна расказала нам, што ў Даколі жыве больш за 40 гадоў. Працавала ў калгасе паляводам, было і цяжка, і ў той жа час весела. На рабоце шмат шуткавалі, а дадому заўсёды з песнямі вярталіся. І ёй, чалавеку таго пасляваеннага пакалення, незразумела, чаму цяпер людзі такія замкнутыя, у сваіх клопатах і праблемах. Яна і сягоння не супраць заспяваць, дык кажа, што засмяюць, а то і прыдумаюць, што напілася. А яшчэ здзіўляецца, што многія з моладзі забываюць пра ветлівасць. Іншы раз пройдуць па вуліцы хлапец альбо дзяўчына і могуць не прывітацца. Такім людзям, як Ганна Пятроўна, толькі і застаецца, што прымаць сітуацыю, як ёсць. А яшчэ — не паддавацца смутку і час ад часу збірацца разам з вясцоўцамі, каб пагаварыць і падзяліцца навінамі.

Загадчыца паштовага аддзялення Галіна Сцяпанаўна Грамыка

Месца для гэтага ў Даколі пакуль што ёсць. Гэта паштовае аддзяленне. Яго загадчыца Галіна Сцяпанаўна Грамыка паведаміла нам, што кожны дзень тут бываюць людзі. Хтосьці прыходзіць, каб зняць грошы з карткі, а хтосьці і пасылку адправіць, за адным разам і тавар які-небудзь дробны набыць. Мы таксама купілі пячэнне — нічога сабе, свежае і смачнае. Асабліва ажыўлена на пошце бывае з сярэдзіны месяца, калі пачынаюцца плацяжы. Вось тут тады ўсе тутэйшыя навіны можна пачуць. Месцамі сустрэч для вяскоўцаў становяцца і размешчаны побач фельчарска-акушэрскі пункт ды магазін. Між іншым, у Даколі дзве гандлёвыя кропкі, адна з іх прыватная — міні-кафэ “Надзея”, нядаўна яго адкрыла прадпрымальнік з Клетнага Валянціна Шэйбак. На Новы год, кажуць, там нават танцы ладзілі.

Вёска жыве ў сваім размераным жыццёвым рытме. І кожны з тых людзей, з кім мы сустракаліся, адчувае сябе яе часцінкай, бо лёс кожнага тутэйшага жыхара — яе жывая гісторыя.  Адна з нашых гераінь, 81-гадовая Яўгенія Мікалаеўна Навічонак, увайшла ў гісторыю вёскі як шматдзетная маці, адзначаная адразу дзвюма ўзнагародамі: “Медалём мацярынства”, а таксама ордэнам “Мацярынская слава” III ступені. У сям’і вырасла сямёра дзяцей — трое хлопчыкаў і чатыры дзяўчынкі. Дарэчы, неўзабаве пасля нараджэння апошняй дачкі ў Яўгеніі Мікалаеўны не стала мужа, і яна гадавала дзяцей адна.

— Я ўжо цяпер і не помню, ці цяжка мне было, — разважае жанчына. — Тады я пра гэта не думала, а жыла і расціла малых. Наогул я чалавек, які не ведае смутку. Навошта, каб дзеці бачылі, што табе цяжка. Тады б і яны сумавалі, гледзячы на мяне. Нядобра гэта. Яўгенія Мікалаеўна цяпер можа ганарыцца сваімі дзецьмі. Старэйшы, Мікалай, працуе ў Дакольскім лясніцтве, а малодшая, Наталля, — у Веснаўскім дзіцячым доме. Сын Уладзімір, палкоўнік міліцыі, жыве ў Мінску, там жа ўрачом-тэрапеўтам працуе Галіна і швачкай у фірме “Мілавіца” дачка Алена, Валянціна жыве ў Светлагорску і працуе на заводзе, а Сяргей заехаў ажно ў Санкт-Пецярбург, ён палкоўнік марской пяхоты. Толькі можна ўявіць, наколькі бывае весела ў доме маці, калі з’язджаюцца ўсе разам: дзеці з жонкамі і мужамі, 11 унукаў і 3 праўнукі. Вось такая дружная сям’я.

Іван Мікалаевіч Сокал каля памятнага знака яго сваяку Сцяпану Антонавічу Калінкоўскаму — Герою Савецкага Саюза

Шмат цікавых і неардынарных людзей жыве ў Даколі. Самым гаспадарлівым мясцовыя назы-ваюць Івана Фёдаравіча Голуба, бо ў яго ёсць конь, свінні і пчолы. А самай дагледжанай сядзібай я б назвала двор Аляксандра Аляксандравіча і Кацярыны Адамаўны Маюрнікавых. Калі хочаце пабачыць акуратныя градкі ды рознакаляровы кветнік, абавязкова, праходзячы па галоўнай вуліцы, зазірніце ў гэты двор. Ёсць у Даколі і людзі, якіх я б назвала адметнымі. Да такіх можна аднесці Сяргея Пятровіча Буцько. У яго, пачынаючы з уваходу ў двор і заканчваючы вялікім агародам, паўсюдна вісяць шпакоўні. Такой вялікай іх колькасці ды ў адным месцы я яшчэ ні разу не бачыла. Добрую ўсмешку, а мо нават здзіўленне выклікае сустрэча з Мікалаем Фёдаравічам Марачковым. Яму 77 гадоў, і ў тым няма нічога дзіўнага, затое вусы… Вялікія, закручаныя даверху, кажуць, у раёне яны адны такія.

У Даколі жыццё яшчэ не спыніла свой бег. Не стала там цэнтральнай сядзібы  калгаса, таму закрылі кантору, няма ўжо школы, на замок замкнёны клуб. Гэтага ўсяго няма, затое ёсць яшчэ пошта, ФАП, новая малочнатаварная ферма, магазіны, лясніцтва, Дом паляўнічага, фермерскія гаспадаркі братоў Сокалаў, Міхаіла Мікалаевіча і Івана Мікалаевіча. Менавіта ў іх многія знаходзяць сабе работу і менавіта яны праслаўляюць вёску і нават раён сваімі працоўнымі дасягненнямі. Усё гэта пакуль  і не дае вёсцы пайсці ў небыццё.

Вось тут бы і паставіць кропку на нашым аповедзе, але ён не будзе поўным, калі ў ім не прагучыць імя Сцяпана Антонавіча Калінкоўскага — старшага сяржанта Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза. Месцам яго нараджэння называюць Даколь. Але мала хто ведае, што на самой справе Калінкоўскі нарадзіўся паміж Даколлю і Нова-Андрэеўкай. І расказаў нам пра гэта яго сваяк Іван Сокал, той самы фермер. Яшчэ ў дзяцінстве ён не раз чуў ад бацькоў, што Калінкоўскі даводзіцца ім раднёю. Тады гэта ўспрымалася не больш як інфармацыя. І толькі цяпер Іван Мікалаевіч сур’ёзна зацікавіўся сваёй радаслоўнай. Па яго словах, яшчэ і зараз можна распазнаць былое селішча Калінкоўскіх, трапіць туды можна па дарозе як ехаць з Даколі на Клетнае. Дзесьці праз паўтара кіламетры будзе сялецкі канал, за ім ідзе дарога ўлева, якая вядзе да Даколькі. Вось там, праз колькі сот метраў, і было селішча Калінкоўскіх. У народзе гэта месца называецца Загрэбля. Дарэчы, Сцяпан Антонавіч вызваляў Глускі раён, у тым ліку і сваю вёску, куды прыехаў на танку (прынамсі, так кажуць, хаця ў кнізе «Памяць. Глускі раён» іншыя звесткі). Цяпер гэтыя факты сталі гісторыяй, але ў яе ёсць працяг — сучасная Даколь.

Вольга ЧУЧВАЛ

Фота аўтара і Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Калейдоскоп

Чакаецца пахаладанне. Аб надвор’і з 17 па 21 красавіка

16 апреля 2024
Актуально

В Глусском районе проходит республиканская профилактическая акция «Дом без насилия»

16 апреля 2024
Актуально

В Минске пройдет выставка-ярмарка туруслуг «Отдых—2024»

16 апреля 2024
Власть

Лукашенко подписал указ о реализации нового совместного с Россией космического проекта

16 апреля 2024
Культура

В Глусском районном музее открылась выставка работ учащихся Центра творчества

16 апреля 2024
Здоровье

Что можно съесть перед сном, чтобы не перегружать желудок? Рассказал сомнолог

15 апреля 2024
Актуально

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

15 апреля 2024
Общество

В Глусском районе стартовала республиканская акция «За безопасность вместе»

15 апреля 2024
Актуально

115 пешеходов привлечены к административной ответственности за нарушения ПДД за выходные в Могилёвской области

15 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Культура

Куда сходить в Глуске: афиша выходного дня

4 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Общество

Деловая женщина с ножницами. О самом известном парикмахере Глусского района Ольге Колодинской

5 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024