Темы

Заполле

Небольшое облако над полем.

Солнышко сияет в тишине.

Вот опять в родном Заполье.

Удивляюсь каждой новизне.

На скамейках около заборов

Греются на солнце старики,

Меж собой увлекшись разговором,

Вспоминают были от тоски.

Непривычно сознавать, но годы

Изменили жизнь и быт людей.

И на песни здесь уже не мода,

И сельчане вроде бы не те.

Мы не так жили, не так любили,

И, быть может, кто-то, как и я,

Вспоминает обо всем, что было,

Милый образ в памяти храня.

И сегодня упрекать не надо

Тех, что всё бессильны позабыть.

Радость с грустью всюду только рядом,

Без любви не может счастья быть.

Гэтыя радкі — з верша “Опять я в Заполье”, які Уладзімір Малевіч прысвяціў сваёй роднай вёсцы Заполле, што знаходзіцца непадалёк ад Глуска, а іменна за сем кіламетраў ад яго. Кіламетраў з пяць трэба ехаць па шляху Глуск — Бабруйск (што цераз вёску Гарадок), а потым адразу ж за шыльдай-паказальнікам звярнуць управа на дарогу і праехаць яшчэ кіламетры са два, адразу ж за полем і пачынаецца вёска Заполле, якая ўваходзіць у склад Хваставіцкага сельсавета. (Дарэчы, у Глускім раёне дзве вёскі з назвай Заполле. Пра адну з іх, што знаходзіцца побач з вёскай Завалочыцы, газета “Радзіма” ўжо пісала — у 2011 годзе.)

Назва “Заполле” — гэта назва-арыенцір. Знаходзіцца вёска за полем, вось і назву такую атрымала — Заполле. У вёску вядзе адна дарога, а пры ўездзе яна разыходзіцца ў два бакі — на дзве дарогі. Адна з іх, калі ехаць прама, вядзе на ферму і далей, у дачны пасёлак “Расінка”. Другая ж паварочвае ўправа, гэта вуліца Лугавая, вось адсюль і пачынаецца вёска Заполле. Вуліца доўгая, шырокая, яна цягнецца ў бок ракі Пціч, што працякае побач з вёскай. Ёсць тут яшчэ адна вуліца, якая як бы дзеліць вёску на дзве часткі, яна мае назву Зарэчная. Тут калісьці стаяў магазін і зараз стаіць клуб.

Раней гэтыя вуліцы ніякай назвы не мелі, атрымалі іх зусім нядаўна. Людзі казалі проста: “жыву на пасёлку”, “замуж выйшла на дзярэўню”.

Спраку веку тут сяліліся людзі

У гістарычных дакументах вёска Заполле ўзгадваецца з 1758 года. Яна ўваходзіла ў склад маёнтка Глуск Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага і была ўласнасцю князя Радзівіла. Арандаваў Заполле Станіслаў Вейняловіч. У 1765 годзе ў Заполлі — 20 двароў. На спецыяльнай геаграфічнай карце Еўрапейскай Расіі, выдадзенай у 1868 годзе, Заполле адзначана як фальварак, а “деревня” стала пісацца дзесьці з пачатку ХХ стагоддзя. Як сведчаць археалагічныя даследаванні, якія праводзіліся ў мясцінах, дзе зараз Заполле і яго ваколіцы, людзі жылі тут з даўніх часоў. Сведчанне таму — два курганныя магільнікі. Адзін з іх зной-дзены ў 1955 годзе на правым беразе ракі Пціч, у забалочанай нізіне, ён пазначаны на тапаграфічнай карце. Другі магільнік знойдзены ў 1977 годзе і таксама на правым беразе ракі Пціч, на поплаве, ва ўрочышчы Рыгораўшчына, мясцовая назва колісь была “Скапцы”. Магільнік — гэта чатыры насыпы вышынёй каля паўметра, а то і болей, дыяметрам 10—14 метраў. Як паказалі даследаванні, што праводзіліся вучоным Вячаславам Капыціным у 2001 годзе, адзін з курганоў быў парушаны шукальнікамі скарбаў, другі падмываецца і разбураецца ракой. У час гэтых даследаванняў вучоным знойдзена і стаянка каменнага веку — на правым беразе ракі Пціч, паміж курганным магільнікам і вусцем безыменнага ручая правага прытока ракі Пціч, таксама ва ўрочышчы Рыгораўшчына. Рэшткі ганчарнай керамікі, розныя абломкі і адшчэпы сведчаць, што тут здаўна жылі людзі. Акрамя гэтага, раскапаны яшчэ і тры селішчы эпохі старажытнай Русі. Адно з іх — на паўднёва-заходняй ускраіне Заполля, на агародах, дзе былі сабраны часткі старажытнарускай керамікі. Ці вялікае было тое селішча, цяжка вызначыць, таму што агароды ў час даследаванняў былі ўжо засаджаны. Другое селішча — з паўднёва-ўсходняга боку курганнага магільніка, на пашы, тут былі знойдзены рэшткі ганчарнай керамікі і ляпны посуд са штрыхоўкай. Трэцяе селішча — таксама на правым беразе ракі, ва ўрочышчы Востраў, там, дзе зараз знаходзіцца дачны пасёлак. А яшчэ раней, у 1964 годзе, вучоны Леанід Побаль знайшоў стаянку эпохі неаліту і грунтовы магільнік ранняга жалезнага веку на правым беразе ракі Зарудзеча (гэта правы прыток ракі Пціч), у двух з палавінай кіламетрах на поўнач ад Заполля, на пясчаным грудзе, па якім ідзе дарога на поплаў, ва ўрочышча Вужоўка. (Дарэчы, трэба адзначыць, што раку Зарудзечу памылкова называюць ракой Камарынкай. На самой справе ручай Камарынка з’яўляецца левым прытокам Зарудзечы.) Дык вось тут на выдме (выдма — наносны пясчаны пагорак. — Заўв. рэд.) дліной 200—400 м і шырынёй 50—100 м знойдзены часткі ляпной керамікі і кальцыніраваныя косці.

Жылі, гаравалі…

З 1793 года Заполле ўвайшло ў склад Расійскай імперыі і адносілася да Бабруйскага павета Мінскай губерні. У вёсцы налічвалася 11 двароў і 75 жыхароў. Лічылася яна ўласнасцю казны. У пачатку XIX стагоддзя належала графу Юдыцкаму, але за даўгі яму прыйшлося аддаць значную частку сваіх уладанняў. Так у 1838 годзе Заполле апынулася ў памешчыка Г. Свіда. У 1857 годзе Заполле разам з вадзяным млынам пераходзіць як спадчына да двараніна Альгерда Абуховіча. Да нашых дзён захавалася назва мясціны на рацэ — Млінаў брод, іменна “млінаў”, а не “млынаў”, чаму так — ніхто не ведае. За ракою, у лесе, сяльчане гналі гарэлку, перавозячы ўсё дзеля гэтага цераз Млінаў брод. Зімою гналі гарэлку на вясну — каб пасадзіць бульбу, а летам гналі на восень — каб пакапаць бульбу, а яшчэ на вяселле і хрэсьбіны і іншыя свае патрэбы. Гналі самагонку, але каб былі тут п’яніцы, такога сяльчане не помняць.

Па рацэ Пціч у ХIХ стагоддзі быў наладжаны сплаў лесу. Гандаль будаўнічым лесам быў вельмі прыбыльны і ішоў з гарадамі Крамянчуг, Херсон, Адэса. У многіх мясцінах Пціч была загароджана плацінамі і млынамі, “…паблізу ж вёскі Заполле перашкаджае сплаву запруда, зробленая для лоўлі рыбы. А за чатыры вярсты ад Заполля ляжыць мястэчка Глуск, якое служыць цэнтральным пунктам для гандлю на Пцічы” — так пісалася ў “даследаваннях” 1864 года.

У ваколіцах Заполля жылі людзі яшчэ і на хутарах. Хутар Цагельня знаходзіўся каля лесу. Назву, кажуць сяльчане, мабыць, мае такую таму, што ў тых мясцінах была гліна і з яе нейкі чалавек рабіў цэглу. На хутары Цагельня ў чатырох дварах жыло восем мужчын і дзевяць жанчын, усе беларусы. Да Бабруйска ад хутара — 41 вярста, да валаснога цэнтра, гэта значыць да Глуска, — 8, а да Мінска — 182 вярсты. На хутары з назвай Востраў было тры двары, дзе жыло 15 чалавек, пяць мужчын і дзесяць жанчын, таксама ўсе беларусы. Ад Вострава да Глуска — 10 вёрст, да Бабруйска — 55 вёрст. А яшчэ быў Ульянаў хутар, за ракою — хутары Пад Філіянам і Арловіца.

У 1909 годзе на 18 надзелах зямлі размяшчалася ў Заполлі 54 гаспадаркі і 334 жыхары (мужчын — 174, жанчын — 160). Хаты былі маленькія, крытыя саломай альбо чаротам, з падслепаватымі акенцамі, але ўмяшчалі вялікія сем’і. Часта, асабліва зімою, у адным пакойчыку з людзьмі жылі і цяляты, і авечкі, і птушкі. Большасць гаспадарак былі бядняцкія. Дзеці падрасталі, жаніліся, кожны імкнуўся мець сваю гаспадарку і жыць сваёй сям’ёй, адпаведна дзялілася зямля. Зразумела, чым болей дзяцей было ў сям’і, тым меншыя ім даставаліся надзелы, і той зямлі надта не хапала. А яна ж была асноўным багаццем, бо карміла людзей. На зямлі вырошчвалі і бульбу, і гародніну, і жыта сеялі, і ячмень, і пшаніцу, і лён, высявалі дзеля гаспадарчых патрэб каноплі і нават тытунь. Усе жылі са сваёй зямлі. Што нарасціў, так і жыць будзеш: пад’еўшы ці галодны, голы, у лахманах, ці адзеты. Крам зусім не было, хіба толькі ў вялікіх гарадах, ды і каштавала ўсё дорага. Трымалі сяльчане і жывёлу, а для яе таксама патрэбен быў і корм на зіму, і паша на лета. Каб выкупіць у якога пана крыху зямлі, селянін, бывала, прадаваў адзінага каня, а сам упрагаўся ў саху, прадаваў карову, а то калі і хату, а сам пераходзіў жыць у стопку. Бывала, прадаваў нават жончын андарак (андарак — старадаўняе беларускае адзенне — спадніца з даматканай шарсцяной тканіны, клятчастая ці паласатая, на вузкім палатняным поясе).

Жылося сяльчанам вельмі цяжка. Каб неяк падтрымаць сям’ю, гаспадару даводзілася хадзіць на заробкі да пана. Асабліва ў час малацьбы: цэп у рукі (бо ў тыя часы ўсё зерне малацілі цэпам, уручную; зараз такі цэп можна ўбачыць толькі ў музеі) — і на падзёншчыну малаціць зерне. За дзень катаржнай работы чалавек атрымліваў залатоўку (залатоўка — 15 капеек; да прыкладу, у 1913 годзе ў Расійскай імперыі 1 літр алею каштаваў 40 капеек, дзясятак яек — 25 капеек, а 1 кілаграм масла — 1 рубель 20 капеек. — Заўв. рэд.). Ідучы дадому, гаспадар купляў у карчме алею. Дома пякліся дранікі, якія мазаліся алеем, і гэта ежа была найлепшым ласункам.

Жанчыны таксама працавалі і дома, і ў заработках. Бралі ў багацейшых кудзелю і доўгімі асеннімі ды зімнімі вечарамі пралі яе пад лучыну. За пуд пражы (1 пуд роўны  16,38 кг) плацілі 1 рубель. Бывала, што больш літасцівы заказчык дасць у прыдачу ці кош бульбы, ці крыху мукі. Наварыць маці вялікі чыгун пакрышанай драбкамі бульбы, падкалоціць мукою і ўволю накорміць сям’ю — і смачна, і сытна.

Адзежу і дзяўчынкі, і хлопчыкі, як былі малыя, насілі аднолькавую: доўгія сарочкі з суровага палатна, неадбеленыя. Толькі як падрасталі, хлопцам належала надзяваць штаны. Для святочнай адзежы гаспадыня старалася пафарбаваць якую-небудзь партніну. А фарба рабілася так: збіралі ржавае жалеза, калі дзе траплялася, парылі траву смычаль і ў гэтай іржы мачылі палатно, аж покуль яно не рабілася чорным. Такім чынам фарбавалі штаны, сарочкі. Анучы ж у лапці абавязкова былі адбеленыя і лічыліся лепшым упрыгажэннем на свята. Вось так у Заполлі жылі амаль усе сяльчане, успамінаў колісь А. В. Лапека.

У вёсцы не было ні радыё, ні газет, ды і чытаць амаль ніхто не ўмеў. Пра тое, што адбылася Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя, у вёсцы дазналіся толькі тады, калі пачалі з фронту дадому вяртацца салдаты. А з іх прыходам дазналіся і пра новую ўладу, і што цара скінулі. Створаны камітэт сялянскай беднаты пачаў дзяліць панскую зямлю.

Калгас “XVII партз’езд”

У 1921 годзе ў Заполлі была адкрыта пачатковая школа. Знаходзілася яна не ў самой вёсцы, а за грэбляю, калі ісці ў бок Глуска, цераз поле, амаль насупраць могілак. Толькі могілкі крыху воддаль, у баку, бліжэй да ракі, а школа была амаль побач з вёскай Калацічы, каля самай дарогі. Аб той даваеннай школе нагадваюць цяпер толькі вялікія кусты бэзу, якія да гэтага часу кожную вясну ўсіх прахожых радуюць сваімі прыгожымі кветкамі і водарам. А дарога тая палявая і зараз існуе; яна, як людзі кажуць, спраку веку тут і была, і ёсць карацейшым шляхам, каб дабрацца да Глуска. Метрам не мералі, гавораць, але будзе не болей чым тры кіламетры. Памерана тая дарога нагамі сяльчан, якія хадзілі ў мястэчка пяшком. Змораных цяжкай сялянскай працай коней як транспарт выкарыстоўвалі толькі ў самай неабходнай сітуацыі.

У 1926 годзе ў Заполлі налічваецца 70 двароў і 363 жыхары.

Па адных звестках, калгас у вёсцы быў арганізаваны ў 1931 годзе, па другіх — у 1934-м, і назвалі яго “XVII партз’езд” (людзі, успамінаючы, кажуць так: “сямнаццаты парцейны з’езд”). Адразу ў калгас уступіла 15 гаспадарак — аддалі коней, кароў, насенне, збожжа… Бывала, што сям’я спачатку ішла ў калгас, а потым выходзіла з яго і забірала ўсё сваё назад, так, бывала, па некалькі разоў туды-сюды “маталася”. Вельмі цяжка было аддаць усё сваё, што нажыта цяжкай працай. Хто ж зусім не хацеў уступаць у калгас, той сям’і выдзялялі ўсяго 20 сотак зямлі. Асноўную частку яе гаспадар засяваў бульбай, астатнюю — гароднінай. А хлеба дзе ўзяць? Чым сям’ю карміць? Прыціскала аднаасобнікаў савецкая ўлада, як толькі магла, жорсткія меры прымала да іх. Уводзілі на аднаасобнікаў розныя падаткі. Асабліва цяжкі быў “пачасовы” падатак. Прыйдуць у хату прадстаўнікі савецкай улады і кажуць, што даецца адна гадзіна, каб заплаціць падатак — “здаць шэсць пудоў зерня”. А таго зерня і няма. Яшчэ і наўмысна скажуць заплаціць падатак тым, чаго, ведалі, у гаспадара на гэты час не было. І тады забіралі ўсё, што бачылі вочы: падушкі, посцілкі, адзежу…

Але былі ў Заполлі і такія гаспадары, што ніякія прымусы не маглі заставіць іх стаць калгаснікамі. Як успамінала Марыя Цімафееўна Царык (дзявочае прозвішча), яе бацьку Цімоха Сямёнавіча разам з сям’ёй адразу ссялілі з хутара Цагельня ў вёску. Забралі ўсё: і гумно, і хлявы, і стопку, і жывёлу, і зерне… Але бацька сказаў: “Памру, але ў калгас не пайду. Не магу, што ўсё пазабіралі”. Зямлі было мала, але выжывалі неяк. І голадна было, і холадна. Забралі і лес, які бацька навазіў на новую хату. Ён сам валіў тыя дрэвы, сам абсякаў і цягаў бярвенні. Усё ж рабілася ўручную. Надарваўся чалавек і памёр перад самай вайной, але аднаасобнікам так і застаўся. Як у ваду глядзеў: памёр, але ў калгас не ўступіў. А вось Міхаіла Ігнатавіча Кірдуна 1882 года нараджэння арыштавалі 6 жніўня 1937 года, асудзілі да вышэйшай меры пакарання, а праз два месяцы, 7 кастрычніка, расстралялі. Рэабілітаваны ён быў 16.04.1960.

Іна Кірына

Працяг будзе

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024