Темы

“Дажынкі” ў Калацічах

“Дажынкі” ў Калацічах

Верасень, Калацічы, субота — сяголета менавіта такі расклад раённага фестывалю-кірмашу “Дажынкі”. Дажынкі — гэта здаўна канец жніва, гарачай уборачнай пары і цяжкай працы. З цягам часу іншымі сталі яе ўмовы, на змену руплівым жнейкам з сярпамі прыйшлі механізатары на камбайнах, але па-ранейшаму жніво патрабуе шмат сілы і самааддачы.

 Ва ўборачнай кампаніі гэтага года ў Глускім раёне было задзейнічана 32 збожжаўборачныя камбайны, зерне дапрацоўвалі 9 зернесушыльных комплексаў і 4 перасоўныя зернесушылкі. Для аказання дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям прадпрыемствы раёна накіравалі больш за 30 вадзіцеляў і механізатараў, 17 адзінак тэхнікі. Па тысячы і болей тон зерня намалацілі пяць экіпажаў. Лідарамі жніва сярод камбайнераў сяголета сталі браты Яўген і Аляксандр Філіпенкі, а лепшых паказчыкаў на адвозцы зерня дабіўся Уладзімір Самсоненка, усе працуюць у аграфірме “Слаўгарадскі”. Да іх і да іншых перадавікоў і ўдзельнікаў жніва з прывітальнымі словамі звярнуўся старшыня Глускага райвыканкама Уладзімір Царыкаў. Ён падзякаваў таксама моладзі, якая працавала на жніве, і ўсім работнікам аграпрамысловага комплексу, паляводам, механізатарам, спецыялістам і кіраўнікам за сабраны ўраджай. Гэта адбылося падчас цырымоніі ўшанавання ўдзельнікаў і ўзнагароджання перадавікоў жніва, яна праходзіла на галоўнай сцэне свята, стала яго афіцыйнай, самай прыгожай і ўрачыстай часткай. Ганаровымі гасцямі на ёй былі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня камісіі па аграрнай палітыцы Яўген Адаменка, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ірына Пятрова, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Тарасенка. Яны павіншавалі хлебаробаў і ўсіх сяльчан Глушчыны са святам “Дажынак”. Хай дажджоў будзе столькі, каб добра напаіць палеткі, і сонца столькі, каб выспела на іх зерне, сказаў Яўген Адаменка, гэта ўсё трэба, каб добры ўраджай дала зямля. А яшчэ зямлі патрэбны працавітыя рукі, і яны ў глушчан ёсць, таму абавязкова будзе больш важкім глускі каравай.

Як колісь нашы продкі асвячалі ў царкве апошні зжаты сноп, каб новаю вясною першым кінуць у раллю гэтае благаславёнае зерне, так і зараз дажыначныя снапы гаспадарак раёна і караваі новага ўраджаю асвяціў настаяцель Казьмадзям’янаўскага храма іерэй Аляксандр.

Граматы і кветкі перадавікам, добрыя песні і танцы для добрага настрою добрым людзям — так праходзіла і гэтым запомнілася афіцыйная частка раённых “Дажынак”. Але цікава было прайсці і паглядзець яшчэ і наўкола. Па цэнтральнай вуліцы Калаціч і побач з ёю размясцілася мноства разнастайных павільёнаў і гандлёва-выставачных стэндаў з усім, што можна глядзець, купляць, спытваць і прымерваць. Словам, усё, што было заяўлена ў праграме свята, і нават болей, усё прыгожа, адмыслова, смачна. Асобна трэба сказаць пра падворкі, якія традыцыйна ладзяць на “Дажынках” мясцовыя гаспадаркі, здаецца, што з кожным разам яны знахо-дзяць усё больш цікавыя ідэі для іх афармлення, каб паказаць тое, што вырасла ў полі і агародзе, і прывабіць гледача. Там былі і кулер з малаком, і цэлы воз, шчыльна пакаваны садавіной ды агароднінай, і вялізныя гарбузы, нібы тыя парсюкі. Дарэчы, парсюкі таксама былі, жывыя, сапраўдныя, яны ў якасці падарунка разыгрываліся ў латарэю, дык каму “пашчасціла” выцягнуць расчоску, а каму і свінчо дасталася. Тыя ж, хто разлічваў не на выпадковае шанцаванне, а на грошы, набывалі за іх і сала, і мяса, і зерне — каму што патрэбна. Што казаць, усе пастараліся аздобіць свае падворкі, і камісія вызначыла сярод іх лепшыя: трэцяе месца прысуджана ААТ “Зара Камуны”, на другім —“Райаграпрамтэхзабеспячэнне”, а першае месца атрымала “Глуская Зара”.

Трэба сказаць асобна і пра мясцовы лясгас, ён не толькі вывез і прапанаваў на продаж сваю прадукцыю (альтанку, мёд, венікі для лазні), але ўпершыню арганізаваў, так бы мовіць, паказальныя выступленні вальшчыкаў лесу: элементы міжнародных спаборніцтваў лесарубаў — камбінаваная раскражоўка і спільванне ўмоўнага галля з камля на хуткасць — гледачам дэманстравалі Аляксандр Муха і Дзмітрый Адзінец.

Заўсёды цікава і прыемна глядзець на дзяцей — будзь тое выступленні таэквандзістаў ці пленэр юных мастакоў, якія стараліся над выяўленнем родных краявідаў. Дарэчы, зноў-такі ўпершыню на глускім свяце, майстар-клас правёў адзін са сталічных мастакоў-графіцістаў. “Позірк Восені” — так бы я назвала напісаную ім карціну на плоскай паверхні, а на вялікім камені пасярод калаціцкага сквера ён намаляваў тыгра — здаецца, той насамрэч прылёг адпачыць пасля ўдалага палявання, не зважаючы на тое, што адбываецца вакол. А вось мы і іншыя гледачы ўсім гэтым цікавіліся, асабліва спартыўнымі конкурсамі.

І даведаліся, што ў армрэслінгу перамогу атрымаў прызнаны сілач Яўген Асташэвіч, другое месца прысуджана Барысу Кажаронку, трэці па сіле рук — Раман Харытонаў. У дартсе перамог  Віктар Вежнавец, Сяргей Гізун стаў другім.

Як і заўсёды, нямала гледачоў і балельшчыкаў сабраў традыцыйны для “Дажынак” моладзевы конкурс “Уладар сяла”. Прыгожа аформіўшы і шчодра накрыўшы сталы разнастайнымі і смачнымі стравамі, яго ўдзельнікі прэзентавалі сябе як гасцінных гаспадароў.

А распілоўваючы дровы пілой тыпу “Дружба-2”і выконваючы іншыя конкурсныя заданні (пачысціць бульбу, забіць цвік, прышыць гузік), паказалі сябе ўмелымі і сапраўды дружнымі сямейнымі парамі. Гэтым заслужылі не толькі падтрымку і апладысменты балельшчыкаў, але і падарункі ад арганізатараў конкурсу — раённага камітэта БРСМ. Іх атрымалі Сяргей і Вольга Рыбак з Хваставіч (3-е месца), Валерый і Вераніка Зяньковы з Каткі (2-е месца), Юрый і Алена Чорныя (1-е месца) — гэта самая вопытная сямейная пара, ды яшчэ і жывуць у Калацічах, а дома, як кажуць, і сцены дапамагаюць.

Гадзіны праз тры пасля палудня святочны дажыначны кірмаш пачаў заціхаць. Калі ён скончыўся, пра тое не скажам, а проста падзякуем Калацічам за іх гасціннасць, за рознагалоссе і разнастайнасць гэтага святочнага дня.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА


Больш фота глядзіце ў галерэі

Последние новости

Власть

Сергеенко и ряд других руководителей освобождены от прежних должностей в связи с переходом на выборные должности

29 марта 2024
Культура

АФИША ВЫХОДНОГО ДНЯ. Куда сходить и что посмотреть в ближайшие выходные

29 марта 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Дважды герой Советского Союза Степан Шутов

29 марта 2024
Общество

ЦИК Беларуси зарегистрировал 56 кандидатов в члены Совета Республики

29 марта 2024
Актуально

Министерство спорта и туризма проводит правовой мониторинг

29 марта 2024
Актуально

День правового просвещения и личный прием граждан прошел в Глусском УКП «Жилкомхоз»

28 марта 2024
Власть

Лукашенко: всякая финансовая деятельность должна быть подчинена интересам экономики

28 марта 2024
Год качества

В честь 100-летия Глусского района на территории детского сада № 4 Глуска заложили сосновую аллею

28 марта 2024
АПК

Галоўнае — захаваць маладняк. На семінары-нарадзе, які прайшоў у Глусскім раёне, разглядалі тэхналагічныя аспекты захаванасці і вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы

28 марта 2024
Общество

Реконструкция линейно-кабельных сооружений проводится в Глуске

28 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

К 100-летию Глусского района объявлен конкурс на лучший логотип. Положение о проведении районного конкурса

20 марта 2024
Культура

Семья Дербеевых представит Глусский район в конкурсе “Семья года”

20 марта 2024
Общество

Торжественное мероприятие ко Дню работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства состоялось в Глуске

22 марта 2024
Общество

Планы у дорожников большие. Интервью с начальником Глусского ДРСУ-213 Иваном Радько

21 марта 2024
Общество

Так в РОВД заведено. На заслуженный отдых проводили первого заместителя начальника Глусского райотдела

26 марта 2024
Общество

Александр Багель выдвинут кандидатом в члены Совета Республики от Глусского района

22 марта 2024
Год качества

Республиканская добровольная акция «Адновім лясы разам!» проходит в Глусском районе

25 марта 2024
Культура

Масленицу ярко и познавательно отметили глусские гимназисты

18 марта 2024