Темы

Гісторыя Глушчыны адбывалася на іх вачах і адбівалася на іх лёсах. Аповед пра Марыю Рыгораўну Пацай, якой нядаўна споўнілася 90 гадоў.

Гісторыя Глушчыны адбывалася на іх вачах і адбівалася на іх лёсах. Аповед пра Марыю Рыгораўну Пацай, якой нядаўна споўнілася 90 гадоў.

Ужо стала традыцыйным на старонках раённай газеты расказваць пра глушчан і жыхароў раёна, якім споўнілася 90 гадоў. Гэтыя сталыя людзі бачылі на сваім вяку шмат і могуць распавесці гісторыю Глушчыны, якая адбывалася на іх вачах і адбівалася на іх лёсах.

Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Марыя Рыгораўна Пацай. Ніколі не падумала б, калі б не ведала дакладна, што гэтай прыгожай усмешлівай жанчыне, якая сустрэла мяне на ганку сваёй хаты, не так даўно споўнілася 90 гадоў.

— Мая радзіма — Падлужжа,  — пачала свой расказ Марыя Рыгораўна. — Там жылі мае продкі. У вялікай сям’і нарадзіўся бацька Рыгор Маркіянавіч: было ў яго шэсць братоў і сястра. Ён працаваў кладаўшчыком на калгасным складзе, хоць і адукацыі ў яго амаль не было, бо ў школу пахадзіў толькі адну зіму. Далей вучыцца бацька (мой дзед) не пусціў: маўляў, ты, сынок, старэйшы, чытаць-пісаць-лічыць умееш, і хопіць на тым, дай іншым братам трохі павучыцца.

Марыя Рыгораўна таксама нарадзілася ў шматдзетнай сям’і — пяцёра дзетак было, але двое яшчэ маленькімі памерлі. Засталіся ў бацькоў два сыны і дачушка. Дзяцінства ў Марыйкі не было лёгкім, зрэшты, як і ў большасці тагачасных рабят. У школе толькі чатыры гады павучылася, а далей маці адправіла яе ў Макавічы да цёткі — дапамагчы гадаваць малое дзіця. І хаця дзяўчынцы вельмі хацелася вучыцца далей, слова бацькоў — закон, і аслухацца было нельга.

— У 1930-я гады ўсім цяжка жылося, — працягвае распавядаць Марыя Рыгораўна, — калгасы арганізоўвалі, раскулачванне праводзілі. Аднойчы да маёй мамы прыбегла суседка, якую раскулачылі, і папрасіла схаваць цёрты лён, але мама пабаялася яго ўзяць. Падаткі для таго, хто ў калгас ісці не хацеў, вялікія былі. Каб іх заплаціць, вяскоўцы неслі на базар прадаваць апошняга пеўня або куру, а самі галадалі, асабліва ў каго шмат дзяцей было. Вельмі цяжка жылося…

А потым новае выпрабаванне — Вялікая Айчынная вайна. У першыя ж дні вайны ў Падлужжы пачалася мабілізацыя: мужчыны і маладыя хлопцы запрагалі коней, каб ехаць у Ратміравічы, напэўна, там фарміраваліся ваенныя часці з прызыўнікоў нашага раёна. Але не паспелі: у вёску на трох матацыклах на вялікай хуткасці заехалі немцы. Акупанты праехалі па сяле, потым да маста, агледзелі ў бінокль наваколле і рушылі далей. Нам, дзецям, хоць і страшна было, але мы выбеглі на вуліцу паглядзець на немцаў, бо ніколі не бачылі матацыклаў увогуле, а на трох калёсах, з каляскай — тым больш. У вёсцы ў той час і веласіпед дзівам быў. Ну а нашы мужчыны ў той час, калі фашысты былі ў сяле, пахаваліся, а потым паехалі ў Ратміравічы. Амаль ніхто з іх дадому не вярнуўся: загінулі ў баях або ў палоне. Падчас вайны не стала маёй мамы, яна захварэла і хутка памерла. Засталіся мы з бацькам. На гэтым нашае гора не скончылася: згарэла палова вёскі, у тым ліку і наша хата. З усёй гаспадаркі ўцалела толькі адна гуска, якая потым прыйшла на пагарэлішча. Бацька заплакаў ды й кажа: “Ну што, птушка, няма ні ў цябе хлява, ні ў мяне хаты…”. У першы час мы, як і іншыя вяскоўцы-пагарэльцы, туліліся ў будане, а пазней перабраліся да бацькавай радні ў Бярозаўку.

Страшна было падчас вайны: страляніна, гінулі людзі, іх хавалі нават без дамавін: загарнуць у якую-небудзь посцілку — ды ў яму… Нарэшце дачакаліся вызвалення. Моцна бамбілі. Ішла праз Падлужжа Чырвоная Армія вельмі хутка. Падчас наступлення ў баі каля Падлужжа загінуў савецкі лейтэнант. Пахавалі яго пад акном хаты, што стаяла на беразе ракі, а потым перапахавалі на вясковых могілках.

Пасля вызвалення таксама цяжка было. Коней пазабівалі або забралі на патрэбы фронту, таму зямлю аралі сабою: плуг прывязвалі да палкі, а з яе абодвух бакоў ішлі па чатыры чалавекі. Ісці трэба было ўсім “у ногу”, інакш цяжкая палка балюча стукала запрэжаным людзям у грудзі. Мужчыны ў вёсцы засталіся толькі старыя, таму аралі жанчыны ды дзеці.

Некалькі разоў запрагалі ў плуг і нашу карову і на калгасную працу яе як цяглавую сілу бралі. Але гэта ж не конь. Ад непасільнай працы жывёліна надарвалася, пашкодзіла сабе ўнутраныя органы. Ветэрынар дапамог: падлячыў кароўку ды вызваліў яе ад працы. І потым увесь цяжар лёг на нашых жанчын. Так яны працуюць-працуюць, а потым у час адпачынку песні пяюць. Спачатку вясёлыя, а далей сумныя, ад якіх слёзы самі на вочы наварочваліся. Ды й як не плакаць, калі столькі гора ў кожнага з вяскоўцаў: у каго муж на фронце, а каму і пахаронка ўжо прыйшла, дзеці сіротамі засталіся… Галадалі: ежы не хапала ў кожнай хаце. Часам прыходзілася есці нават гнілую бульбу. Назбіраюць, памыюць, аблупяць яе, потым у ступе патаўкуць, і з гэтага месіва пяклі нешта накшталт бліноў.

Пасля вызвалення пачалі аднаўляць калгасы. Хто не спяшаўся ўступаць у калектыўную гаспадарку, таму адмервалі толькі маленькі кавалачак зямлі, сотак 30 усяго. З гэтага сям’ю не пракорміш, і людзі вымушаны былі ісці ў калгас. На досвітку, калі яшчэ і сонца не ўстала, на сваёй гаспадарцы працавалі, а потым на калгасную работу ішлі. Было і такое, што калі ў які дзень хтосьці застаўся дома, напрыклад, сваю бульбу капаць, то мог прыйсці брыгадзір і нават кашы паламаць. Падаткі плацілі і грашыма, і харчамі: малако, яйкі, свіную шкуру і шмат іншага здавалі дзяржаве. Адзенне для сябе выраблялі самі: ткалі палатно і шылі сарочкі, сукенкі і ўсё, што патрэбна. Нават суконныя світы мужчынам самі выраблялі. Каб жыць ды быць сытым, прыходзілася ўсім многа і цяжка працаваць. Але паступова жыццё наладжвалася, станавілася ўсё сытней і лягчэй.

У 1947 годзе Марыя Рыгораўна выйшла замуж. Свайго будучага мужа нявеста да заручын бачыла ўсяго некалькі разоў. Сватацца хлопец Мікола з Касарыч прыйшоў да Марыі разам з бацькам і хросным. Сем’і пазнаёміліся і дагаварыліся, калі вяселле гуляць будуць.

— Вяселле спраўлялі 7 верасня 1947 года, — расказвае Марыя Рыгораўна. — У першы дзень гулялі ў нас дома ў Падлужжы, а ўвечары малады муж забраў мяне да сябе ў Касарычы. Назаўтра нашы госці таксама прыехалі ў Касарычы. Там іх ужо “сустракалі”: прыбралі мясцовага хлопца нявестаю ды й жаніха такой маладой адпаведнага падабралі. Медалі з красных буракоў ім павесілі. Церніцу, ступу паставілі: быццам маладая гаспадыня хатнімі справамі занятая, а гаспадар побач дровы сячэ. “І чаго вы прыехалі? — пытаюцца ў гасцей. — У нас тут звычайны працоўны дзень. Калі хочаце, дык дапамагайце”. Вось так, з гумарам, з песнямі пад гармонік, і прайшло наша вяселле. Перазімавала наша маладая сям’я ў Касарычах, а праз некаторы час параіліся з мужам ды вырашылі пераехаць да майго бацькі ў Падлужжа.

У 1980 годзе сям’я Пацай пераехала ў Глуск, бліжэй да сына і ўнукаў. Марыя Рыгораўна пайшла працаваць на ферму ў калгас “Праўда” даяркаю. За шматгадовую добрасумленную працу яна ўзнагароджана шматлікімі граматамі і медалём “Ветэран працы”. Сыну дапамагала чацвёра дзяцей гадаваць: песціла сваіх унучкаў, гатавала іх любімыя стравы, напрыклад, бульбяныя клёцкі з малаком.

 Сваё жыццё Марыя Рыгораўна не ўяўляла (ды і зараз не ўяўляе) без гаспадаркі, дзе і агарод, і карова ды іншая жыўнасць.

— Жывёла адчувае, калі яе любяць, — кажа мая суразмоўца. — Калі мы толькі пераехалі ў Глуск, забралі, канешне ж, з Падлужжа і карову Зорачку. Аднойчы яна ўцякла са стада з пашы і прыйшла да мяне на ферму, проста ў хлеў, дзе я знаходзілася. Засумавала, мабыць (усміхаецца). У нас і зараз дзве кароўкі гадуюцца. Праўда, я ўжо іх не даглядаю, гэта робяць дзеці ды ўнукі. Нявестка доіць, а я гляджу ды так зайздрошчу на гэтую працу…

Калі я спыталася ў Марыі Рыгораўны пра сакрэт даўгалецця, яна адказала проста: “Рухацца трэба, варушыцца, не сядзець на месцы”. Хоць і сілы ўжо не тыя ды спрытнасці былой няма, але летам час ад часу выходзіць жанчына ў агарод градку прапалоць: і сабе карысць, і сям’і невялікая дапамога. А яшчэ Марыя Рыгораўна ўвесь цёплы час ходзіць басанож, так прывыкла з дзяцінства.

Зараз Марыя Рыгораўна — галава сям’і. Да яе парад прыслухоўваюцца ўсе дамачадцы, ад малых да старэйшых. “Прынамсі, пакуль”, — кажа, усміхаючыся, мая суразмоўца.

Хочацца пажадаць гэтай цікавай і жыццярадаснай жанчыне і надалей такога ж бадзёрага настрою ды моцнага здароўя.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва сям’і Пацай

Последние новости

Общество

Благотворительная кампания «Ваша дапамога» продолжается в Глусском районе

13 октября 2025
Читать новость
Общество

Денис Дук назначен ректором Академии управления при Президенте Республики Беларусь

13 октября 2025
Читать новость
Актуально

Лукашенко согласовал назначение новых руководителей местной вертикали

13 октября 2025
Читать новость
Актуально

Последствия непогоды в Могилёвской области

13 октября 2025
Читать новость
Общество

Что в «Глусском лукошке»? Побывали в цеху заморозки Глусского обособленного структурного подразделения Кличевского райпо

13 октября 2025
Читать новость
Культура

«Глушанский хуторок»: осенняя симфония народных традиций и калейдоскоп ремесел

13 октября 2025
Читать новость