Темы

Заполле

Працяг.

Акупанты

Вайну памятаюць тыя запаляне, каму зараз пад 80 год і болей, а тады, у 1941-м, яны былі яшчэ малыя. Але захавалася ў памяці, што ляцела вельмі багата самалётаў і бацькі казалі “Глуск бамбяць”, чуліся выбухі, людзі хаваліся ў склепах, у бульбе… Памятаюць, як у Заполле прыехалі першы раз і наязджалі пасля немцы на матацыклах з “люлькамі”. З прыходам акупантаў вёска прыціхла. Людзі нават у печы палілі так, каб асабліва ворагу ў вочы не кідацца. З “новым парадкам” з’явіліся і паліцаі, свае, мясцовыя пайшлі на службу да немцаў. А ўжо пазней, зімою, папаўзлі па вёсцы чуткі, што ў лясах з’явіліся партызаны, што некаторыя вёскі немцы паляць. І зараз, успамінаючы пра вайну, вяскоўцы кажуць, што Заполле не палілі, магчыма, таму, што тут багата было тых, хто служыў ворагу, дык каго паліць? Сапраўды, у час вайны ў Заполлі жылі адносна спакойна. Немцаў, канешне, вельмі баяліся, хаваліся, калі тыя наязджалі забіраць у Германію моладзь. А так вяскоўцы і гаспадаркі трымалі, сялібы засявалі, нават жаніліся.

Але без ахвяр, на жаль, усё роўна не абышлося. Сяльчане ўспамінаюць, што каля возера, у канцы вёскі, немцы расстралялі Уласа і Косціка, а яшчэ забілі Міколу Васілеўскага. За што ўсе пагінулі, ніхто дасюль не ведае. Быццам нехта з іх быў міліцыянерам, а нехта — сакратаром у судзе. Яно і сапраўды невядома, за што былі расстраляны Дзмітрый Паўлавіч Кірдун, Васіль Круглоў (1914 г. н.), Канстанцін Навічонак, Аляксей Васільевіч Царык, Міхаіл Антонавіч Васілеўскі. За сувязь з партызанамі расстралялі Уласа Паўлавіча Малевіча (1904 г. н.). У партызанах, у 161-й брыгадзе імя Катоўскага, была і Ганна Іванаўна Герасімовіч, яна загінула 23 лістапада 1942 года. Партызанам гэтай брыгады быў таксама Аляксандр Міхайлавіч Васілеўскі, які загінуў 9 чэрвеня 1944 года. Усіх расстраляных немцамі пахавалі на могілках каля Калаціч.

Успамінаюць і такі выпадак. Аднойчы ў Заполлі нехта забіў немца, хто гэта зрабіў, невядома. Яго пахавалі таксама на мясцовых могілках. Адзін вельмі бедны мясцовы жыхар ноччу раскапаў яму і зняў з таго немца боты. Немцы аб гэтым даведаліся, прыйшлі да таго сяльчаніна і загадалі, каб ён боты занёс і надзеў на мёртвага, іначай, паабяцалі, той сам ляжа ў гэтых ботах жывым у яму. Чалавек выканаў загад і зноў раскапаў яму, надзеў на мёртвага немца боты, але пасля таго трохі памяшаўся розумам.

З фронту не вярнуліся…

Навіна пра вайну ў чэрвені 1941 года прыйшла ў Заполле разам з паштальёнам. Паштальён з Глуска прынесла павесткі і разнесла іх усім мужчынам, якія павінны былі з’явіцца ў Глускі ваенкамат раніцаю.

У тую раніцу пайшоў ваяваць на фронт і Даніла Цімафеевіч Царык, брат Марыі Цімафееўны Царык. Яна яго вельмі любіла і прасіла сваю маці, каб тая разбудзіла яе ўранні. Вельмі хацела дзяўчынка правесці брата. Але маці не разбудзіла дачку. Магчыма, пашкадавала дзіцячага сну, гаворыць Марыя Цімафееўна, магчыма, не хацела, каб бачыла дзяўчо, як галосяць жанчыны, адпраўляючы сваіх гаспадароў і сыноў на вайну… Даніла Цімафеевіч Царык,1912 г. н., радавы, стралок, прапаў без вестак у красавіку 1944 года.

У тую ж раніцу пайшлі ваяваць з немцамі Іван Фёдаравіч Акімаў, Анатоль Трафімавіч Галаўня, Мікалай Фёдаравіч Дрэйгал, Піліп Данілавіч Дрэйгал, Антон Васільевіч Дыба, Васіль Пятровіч Царык, Фёдар Якімавіч (Яфімавіч) Анцюшэня — і ўсе прапалі без вестак у 1944 годзе. Аляксандр Паўлавіч Бараноўскі, камандзір аддзялення, загінуў 3 красавіка 1942 года, пахаваны ў горадзе Малетай у Літве.

Вызваленне прыйшло летам 1944 года, у той дзень, як вызвалілі ад немцаў і Глуск. Тут, у межах вёсак Калацічы і Заполле, у абход ворага выйшлі салдаты 54-й Макееўскай стралковай дывізіі, камандзірам якой быў генерал-маёр М. М. Данілаў. Яны фарсіравалі раку Пціч. У перадавы атрад, які быў створаны дзеля гэтай мэты, увайшла рота аўтаматчыкаў пад камандаваннем гвардыі старшага лейтэнанта Сплаўскага і ўзвод мінамётчыкаў, якім камандаваў капітан Батрак.

Як толькі немцаў прагналі, пачаўся новы прызыў у армію. Тым летам 1944 года багата каго забралі, ды не ўсе вярнуліся. У адным палку, у адной дывізіі служылі Іван Васільевіч Царык і Васіль Сцяпанавіч Лазараў. Стралок 7-й роты Іван Васільевіч Царык у баі за в. Плуды Варшаўскага ваяводства першым узняўся ў атаку і, уварваўшыся ў траншэю ворага, завязаў бой. За ім ірванула ўся рота. За гэты бой І. В. Царык быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Ён загінуў 15 студзеня 1945 года. (На сайце pamyat-naroda.ru змешчаны загад па 129-м стралковым корпусе ад 31.03.1945 узнагародзіць чырвонаармейца Івана Васільевіча Царыка ордэнам Айчыннай вайны І ступені (пасмяротна). — Заўв. рэд.). Малодшы сяржант камандзір аддзялення першай роты Васіль Сцяпанавіч Лазараў смеласць і ўменне ваяваць праявіў у баі за горад Дойч-Кроне (Памеранія). Уварваўшыся на варожыя пазіцыі, яго аддзяленне ўступіла ў рукапашны бой, і вораг кінуўся наўцёкі. У гэтым баі Васіль Лазараў быў паранены і памёр ад ран 3 лютага 1945 года; узнагароджаны медалём “За адвагу”. Ігнат Сцяпанавіч Навічонак загінуў 14 верасня 1944 года пад Варшавай, а яго сын Іван Ігнатавіч Навічонак — 1 верасня1944 г. пад Беластокам. У баях пад Варшавай у кастрычніку 1944 года загінуў Сцяпан Піліпавіч Варанец. Мацвей Канстанцінавіч Навічонак памёр ад ран 15 студзеня 1945 года ва Усходняй Прусіі, там жа загінуў 4 лютага 1945 года  Сяргей Анісімавіч Прыгара, артылерыст, і памёр ад ран 20 студзеня 1945 года Бараноўскі Гаўрыла Сямёнавіч, стралок. Рыгор Васільевіч Царык памёр ад ран 15 лютага 1945 года ў Германіі.

Больш за трыццаць чалавек не вярнулася ў роднае Заполле. На помніку, які ўстанавілі ў 1970 годзе ў вёсцы Мыслоціна ў памяць аб загінуўшых земляках, ёсць і прозвішчы жыхароў вёскі Заполле Хваставіцкага сельсавета. Але іх усяго 18, пра астатніх загінуўшых звесткі знайшліся ўжо пасля таго, як быў узведзены помнік. Гэта І. Ф. Акімаў, М. Ф. Дрэйгал, А. В. Дыба, І. І. Навічонак, Андрэй Дзмітрыевіч Кірдун, Павел Іванавіч Смірноў, Фёдар Сяргеевіч Царык, Сцяпан Пятровіч Глаз (прапаў без вестак у 1944 годзе), Іван Іванавіч Царык (загінуў 15 жніўня 1941 года).

Павел Аляксандравіч Кірдун, сяржант, вярнуўся дадому інвалідам II групы. Ён ваяваў на Каўказе, вызваляў Польшчу, Прыбалтыку, быў паранены. Узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй”, юбілейнымі медалямі. Фёдар Дзмітрыевіч Мішур трапіў на фронт таксама ў 1944 годзе, служыў у 221-м атрадзе размініравання. Небяспечная гэта была служба, з вялікай рызыкай для жыцця, у любы момант можна было нарвацца на міну. Адразу, як забралі на фронт, быў шлях да Калінкавіч, потым франтавыя сцежкі яго атрада прайшлі цераз Віцебск, Полацк, Расоны… Шэсць год адслужыў. Узнагароды, юбілейныя медалі, працоўныя граматы — іх было шмат у ветэрана.

Жыццё калгаснае

Засталіся пасля вызвалення ў Заполлі ў асноўным старыя, малыя ды жанчыны. Ім давялося аднаўляць і сваё жыццё, і калгасную гаспадарку. Палеткі пазарасталі, зямля цвёрдая, а араць, сеяць трэба. Вось і аралі, дзе сабой упрагаліся ў плуг, дзе лапатамі, дзе, ужо пазней, валамі. Усяго хапіла. Аднавіў сваю працу калгас “ХVII партз’езд”. Спачатку старшынёй калгаса быў Сцяпан Царык, потым Баранаў, а калі ў 60-х гадах ХХ стагоддзя калгас увайшоў у склад калгаса “Праўда”, кантора якога знаходзілася ў Глуску, то старшынёю Запольскай брыгады № 4 адразу быў Рыгор Сцяпанавіч Лапцеў, пасля яго Рыгор Лукіч Зайцаў. Потым ужо кіраўнікі змяняліся часцей. Старэйшае пакаленне вельмі добра іх памятае і з цеплынёю ўспамінае як чулых, спагадлівых і ўважлівых. Яны бачылі кожнага вяскоўца, размаўлялі і не ганарыліся, што начальнікі, дапамагалі сяльчанам, як маглі. “Былі такія ж простыя, як і мы”, — кажуць запаляне.

Брыгадзірам у калгасе адразу пасля вайны працаваў Грыня Царык, а потым больш за 25 год Мікалай Царык. Тут ён нарадзіўся, сярод гэтых людзей вырас, сюды і вярнуўся пасля арміі. Страху яго хаты аблюбавалі буслы і звілі на вільчыку гняздо. Шмат год яны прыляталі ранняй вясною, выводзілі птушанят і сваім радасным клёкатам радавалі жыльцоў, якія іх чакалі. І хоць прыносілі гэтыя прыгожыя птушкі гаспадару пэўны клопат, але гняздо тое было, пакуль жыў гаспадар. Пазней, як яго не стала, хату дзеці прадалі, тады, кажуць сяльчане, і гнязда не стала. Птушкі звілі новае, на электрычным слупе, але электрыкі праз колькі год яго скінулі: нельга, такія правілы перасцярогі. Мікалай Васільевіч Царык быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, медалём “За працоўную доблесць”, меў шматлікія граматы.

Запольская брыгада амаль заўжды была сярод лідараў сацыялістычнага спаборніцтва ў 70—80-х гадах ХХ стагоддзя. Брыгада — гэта жыхары Заполля. На сваіх пясчаных землях яны навучыліся вырошчваць неблагія ўраджаі бульбы, аж па 20 цэнтнераў з гектара бралі. Садзілі бульбу ў асноўным “у Цагельні”, “на трэцім рэзе”, “каля шляху, пад маяком”, “на Востраве”. Жыта добра радзіла. Бывала, што і па 26 і 30 цэнтнераў з гектара бралі зерня. І кукурузу сеялі, і моркву, і буракі.

Заўжды добрыя паказчыкі былі ў працаўнікоў малочнатаварнай фермы брыгады № 4 вёскі Заполле. Даяркай у тыя далёкія гады працавала Любоў Канстанцінаўна Малевіч. Прыйшла яна на ферму дзесьці ў 1950 годзе. Добразычлівая, спагадлівая і працавітая, яна заўжды прыходзіла ўсім на дапамогу, і яе паважалі людзі. Добра памятаюць у сяле яе брата Пятра, які ваяваў з фашыстамі, у баях быў паранены, і тыя раненні не давалі яму спакойна жыць. Але, колькі было сіл, чалавек працаваў на сельскагаспадарчай ніве. Вахту ад бацькі прынялі яго сыны: Ігар быў загадчыкам фермы, а Сяргей — трактарыстам.

Дзеці інваліда Вялікай Айчыннай вайны Фамы Пятровіча Дзяшчэні таксама працягвалі справу свайго бацькі на роднай зямлі: Надзея і Фёдар сталі жывёлаводамі, сын Міхаіл — слесарам.

Даяркамі на ферме былі Анастасія Васільеўна Кірдун, В. М. Галаўня. Даярка Надзея Фамінічна Дыба надаіла ў 1971 годзе ад кожнай каровы па2 847 кгмалака, за першы квартал 1972 года яна атрымала ад кожнай каровы болей як па адной тоне малака.

А малако ж у каровы “на языку”. Летам пасвілі жывёлу на поплаве, за ракою. Там жа і сена рыхтавалі на зіму, ва ўрочышчах Гарбачоў бераг, Асінавіца, Грузкае, “у пары, каля ракі”… А яшчэ ў калгасе садзілі буракі “на Вужоўцы”, кукурузу сеялі “каля бочкі”. Рыхтавалі на корм скаціне і сілас. Пасля вайны сена перавозілі цераз мост, “яго пабудавалі салдаты, якія ішлі”. А пазней, як той мост разбурыўся, зімою сена перавозілі цераз раку па лёдзе, калі рака замярзала. А яшчэ сена грэблі “за шляхам — на клетках”. Яго давалі на цяляты.

Добрымі працаўнікамі былі скотнікі Іван Навічонак і Рыгор Сцяпанавіч Царык. Усё рабілі сумленна, як для сваёй асабістай гаспадаркі.

Запаляне, шчырыя працаўнікі, акрамя працы ў калгасе, трымалі сваю гаспадарку, з яе ў асноўным і разжываліся. Куплялі новую мэблю. У хатах, як успамінаюць, з’явіліся нікеліраваныя ложкі, радыёлы, шафы з вялікімі люстэркамі, добрая прыгожая вопратка, абутак… Рамантаваліся старыя хаты, будаваліся новыя дамы.

У 1968 годзе ў сяле налічвалася 85 будынкаў. У многіх з іх ужо была пафарбаваная падлога. Вёска мянялася на вачах. У 1970 годзе ў Заполлі пражывала 306 чалавек. Як успамінала Надзея Маркаўна Ілічова, праца на ферме была вельмі цяжкая, але і плацілі добра, каторы месяц і па 300 рублёў, і па 400 рублёў. Гэта на савецкі час былі вялікія грошы. А яшчэ даяркі бралі ўчасткі морквы і буракоў, апрацоўвалі іх і здавалі дзяржаве.

Сярод малочнатаварных ферм калгаса “Праўда” Запольская ферма амаль заўжды была ў перадавых па вытворчасці малака. Так, у 1982 годзе тут ад кожнай каровы надойвалі па909 кгмалака, а лепшыя даяркі А. Д. Васілеўская, Г. П. Глаз, К. В. Руднік, В. А. Лісіца, М. К. Каранкевіч надойвалі больш за1 000 кгад кожнай каровы. За восем месяцаў 1990 года на Запольскай ферме ад кожнай каровы надоена2 568 кгмалака. За дзень ад каровы — больш як11 кгмалака. Ветэранамі сярод даярак, а на ферме працавала іх восем чалавек, з’яўляліся ў той час Надзея Міхайлаўна Глаз, Ганна Рыгораўна Нашчынец, Вольга Васільеўна Дрэйгал. Руплівыя, працавітыя людзі, стараліся, ад таго і мелі — і высокія паказчыкі, і зарплату, і павагу…

Ды і загадчыкі, што кіравалі гэтай малочнатаварнай фермай, былі дамавітыя, гаспадарлівыя людзі. Сярод іх Вера Рыгораўна Глаз. Больш за 24 гады, без адзінага адпачынку, адпрацавала Вера Рыгораўна на ферме. Сама мясцовая, нарадзілася тут жа, за ракою Пціч, на хутары, і зараз тая мясціна мае назву “Пад Філіянам”, пазней сталі жыць на пасёлку. У сваім сяле і замуж выйшла. Хату пабудавалі, трэба ж абжывацца. Трымалі дзве каровы, малако здавалі; гадавалі бычкоў, здавалі ў Барысаўшчыну; былі і свінні, і гусі, і куры… Вось і капейка, акрамя зарплаты, у сям’ю. Хату хораша абставілі новай мэбляй, халадзільнік купілі… Словам, з’явілася ўсё, што трэба для камфортнага жыцця. Падрасталі сыны, а іх вучыць трэба было. Валерый скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Зараз ён працуе першым намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі ў Глускім райвыканкаме. Другі сын, Вячаслаў, пасля службы ў Афганістане працаваў у Мінску. Але служба ў тым далёкім Афгане давала аб сабе знаць і ўрэшце зрабіла сваю чорную справу. У 47 год пайшоў з жыцця сын Веры Рыгораўны. Ёсць унукі. Жыццё працягваецца.

Невялікая па сваіх сельскагаспадарчых угоддзях Запольская брыгада таксама неаднойчы была сярод лідараў сацыялістычнага спаборніцтва ў 1960—1980-я гады. Колькасць работнікаў брыгады мянялася, калі больш чалавек, калі менш. Бывала, што некаторыя вяскоўцы знаходзілі работу ў Глуску. Але былі і такія, як Марыя Рыгораўна Кудзёлка, яна сорак год аддала калгаснай справе і нават, як пайшла на заслужаны адпачынак, ужо праз некалькі дзён зноў выйшла на працу. Невыпадкова Марыя Рыгораўна мела званне “Заслужаны калгаснік”.

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

Последние новости

Общество

Как подписаться на газету «Радзіма» через интернет

19 марта 2024
Власть

«Должно быть торжественно и содержательно». Подготовку к заседанию ВНС обсудили у Лукашенко

18 марта 2024
Культура

Масленицу ярко и познавательно отметили глусские гимназисты

18 марта 2024
Актуально

Игорь Карпенко: президентские выборы в России прошли спокойно, организованно

18 марта 2024
Актуально

Проверка системы безопасности пройдет на территории Могилёвской области

17 марта 2024
Актуально

Про права и обязанности. Профсоюзный правовой прием прошел в Глуске

16 марта 2024
Происшествия

Жителя Глусского района осудили по «наркотической» статье

16 марта 2024
Общество

Анатолий Исаченко: благодаря Конституции и твердой воле нашего Президента мы создали независимое и демократическое государство

15 марта 2024
Общество

В Глуске в День Конституции провели интеллектуальную игру «Жизнь по закону» для старшеклассников школ района. Фоторепортаж

15 марта 2024
Актуально

Минобороны: в рамках проверки боеготовности предусмотрен призыв военнообязанных из запаса

15 марта 2024

Рекомендуем

Общество

Курсантка 2-го курса авиационного факультета Военной академии Республики Беларусь Анна Смушкова

8 марта 2024
Общество

В Глуске прошло торжественное мероприятие, посвященное Дню женщин. Фоторепортаж

7 марта 2024
Общество

В Глуске состоялась первая сессия районного Совета депутатов 29-го созыва

6 марта 2024
Общество

Як будзем адзначаць юбілей Глускага раёна

12 марта 2024
Актуально

На каких улицах Глуска в 2024 году планируют сделать текущий ремонт

6 марта 2024
Культура

Среди участников Всемирного молодежного фестиваля — педагог Глусской детской школы искусств имени В. К. Иванова Дарья Богук

6 марта 2024
Общество

В Глуске в День Конституции провели интеллектуальную игру «Жизнь по закону» для старшеклассников школ района. Фоторепортаж

15 марта 2024
Культура

Пойдемте зиму провожать! Народное гулянье «Масленица» пройдет в Глуске 16 марта

15 марта 2024