Як у Балашэвічах тэлебачанне Шчодрыкі здымала

Цяпер, канешне, не так, людзей у вёсцы паменела, хлопцаў-халасцякоў днём з агнём пашукаць трэба, таму ў здымках сюжэта для тэлеперадачы бралі ўдзел і мужчыны жанатыя. Але і песні, і пажаданні — усё было сапраўдным і шчырым. Для кожнага двара калядоўшчыкі, як і належыць, падбіралі адметныя песні. Там, дзе ёсць дзеці, акрамя пажадання дабрабыту гаспадарам, асобна зычылі шчаслівага веку малым; у двары пчаляра гучалі песні “на пчаляра”… Спачатку нашы “артысты” крыху саромеліся, былі, як кажуць, “зажатыя”, а потым так распеліся-разышліся, што аператары ледзьве паспявалі перастаўляць камеры (часам нават рэжысёрская каманда “Стоп!” заглушалася спевамі). Тут самы час назваць герояў перадачы пайменна. Гэта старэйшыя жыхаркі вёскі Балашэвічы Надзея Сцяпанаўна Каранец, Марыя Андрэеўна Дзядзюля, Вера Васільеўна Прыгара, іх маладзейшыя таварышкі Надзея Прыгара, Любоў Долбік, Галіна Гембіцкая (а разам і яе сям’я), Ганна Шуст, Ганна Долбік. Грала на гармоніку ды падтрымлівала настрой Ганна Жукава. Жанчынам дапамагалі дзяўчаткі Вераніка Прыдыбайла, Насця Долбік і Яна Прыгара. Ну і — як жа без іх — мужчыны: Аляксандр Долбік, Генадзь Долбік, Уладзімір Долбік, Сяргей Кудзёлка, Міхаіл Прыгара.
Слухаць гэтых галасістых балашэвіцкіх артыстаў была адна асалода. Дарэчы, не меншым задавальненнем было назіраць за зладжанай працай здымачнай групы. Рэжысёр Анатоль Вечар заўважаў, здаецца, любую дробязь, якая магла сапсаваць або, наадварот, упрыгожыць кадр. З аператарамі яны разумелі адзін аднаго з паўслова і гэтак жа хутка паразумеліся з “артыстамі”. А тыя з ахвотай — не, не разыгрывалі дзеянне, а проста паказвалі і расказвалі тое, што ведаюць з дзяцінства. Што з гэтага атрымалася, пабачым у студзені на тэлеканале “Беларусь3”. Калі нічога не зменіцца, то выхад праграмы з удзелам балашэвіцкіх калядоўшчыкаў запланаваны акурат на 14 студзеня, сказала Аксана Вечар. Які беларускі артыст будзе выконваць песню, яшчэ дакладна невядома, можа, гэта будзе і цэлы дуэт або трыа. Пажывём — пабачым. Вельмі цікава, што атрымаецца.
Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА