Темы

Па старонках раёнкі. Амаль паўстагоддзя прайшло

Чалавек заўсёды марыў стварыць машыну часу, каб зазірнуць у будучыню або, наадварот, пабываць у мінулым. Канешне ж, даведацца, што будзе, у нас магчымасці няма, а вось здзейсніць падарожжа ў мінулае можна — патрэбна толькі ўзяць у рукі падшыўку раённай газеты “Сцяг Радзімы”.

Дык вось, сёння наш прыпынак — 1969 год. Хтосьці з вас, паважаныя чытачы, у той год ужо старанна працаваў на карысць савецкай дзяржавы, нехта толькі нарадзіўся, а кагосьці і ўвогуле яшчэ не было на свеце. А тым часам 1969-ы быў багаты на розныя падзеі як мясцовага, так і планетарнага маштабу. Напрыклад, амерыканскі касмічны карабель “Апалон-11” упершыню ў гісторыі чалавецтва прызямліўся на паверхні спадарожніка Зямлі. Савецкія дзеці паглядзелі першыя серыі мультфільма “Ну, пачакай!”. Упершыню ў свеце састыкаваліся два пілатуемыя касмічныя караблі — савецкія “Саюз-4” і “Саюз-5”. Пра апошнюю падзею, дарэчы, пісала ў студзені 1969 года і наша раённая газета: “Экіпажы караблёў “Саюз-4” і “Саюз-5” выконваюць праграму сумесных экспе-рыментаў у касмічнай прасторы”.

У 1969 годзе ў БССР адбылася значная грамадская падзея — выбары ў мясцовыя і абласныя Саветы. Выбары ў Глускім раёне праходзілі ў 75 выбарчых акругах. Сярод кандыдатаў у дэпутаты было 185 жанчын. Вось што пра гэтую падзею пісала раёнка: “У Глуску на адным з выбарчых участкаў у тры гадзіны дня ўжо прагаласаваў апошні чалавек. А ў вёсцы Гарадок апошні выбаршчык прагаласаваў у час дня… У выбарах прыняло ўдзел 100 % выбаршчыкаў. За кандыдатаў прагаласавала 99,99 % выбаршчыкаў”.

У гэтым жа годзе глушчане святкавалі важныя юбілейныя даты: 50-годдзе стварэння Беларускай ССР, 50-годдзе першага камуністычнага суботніка, 25-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, рыхтаваліся да 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Леніна.

У першы ж дзень 1969 года ў Глуску адбыўся ўрачысты мітынг працоўных, прысвечаны паўвекавому юбілею нашай рэспублікі. Да памятнай даты было прымеркавана ўвядзенне ў эксплуатацыю 16-кватэрнага жылога дома і адміністрацыйнага будынка для меліяратараў па вуліцы Максіма Горкага.

Юбілей першага камуністычнага суботніка глушчане адзначалі 12 красавіка, канешне ж, ударнай працай — у суботніку прыняло ўдзел больш за 13 тысяч жыхароў раёна. Вось як аб гэтай падзеі пісала “Сцяг Радзімы”: “З самай раніцы абудзіліся вуліцы Глуска. Паўсюдна, як у дні вялікіх свят, панавала вясёлае ажыўленне. З песнямі пад разгорнутымі чырвонымі сцягамі групамі і калонамі выйшлі рабочыя прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна. Многія працавалі на будаўніцтве новага масласырзавода”. А ў вёсцы Бабірова партарганізацыя і праўленне калгаса імя Кірава нават арганізавалі 13 красавіка нядзельнік: “Калгаснікі добраўпарадкавалі тэрыторыю гаспадаркі і адрамантавалі праезджую частку дарогі”. Тут хочацца адзначыць, што 12 красавіка 1969 года ў праваслаўных вернікаў была Чырвоная субота, а 13 красавіка — Вялікдзень. У канцы 1960-х антырэлігійная палітыка савецкай дзяржавы працавала па максімуме.

Юбілейную дату — 25-годдзе вызвалення БССР ад фашысцкіх захопнікаў — у нашым раёне адзначылі адкрыццём помніка-абеліска ў пасёлку Пціч Каткаўскага сельсавета. Вось як пра гэту падзею пісала раённая газета “Сцяг Радзімы”: “На адкрыццё помніка сабралася больш за 5 000 працоўных нашага і суседняга, Акцябрскага, раёнаў, былыя партызаны, камандзіры воінскіх злучэнняў, якія вызвалялі наш раён”.

Рыхтаваліся глушчане і да векавога юбілею з дня нараджэння Леніна, хацелі шмат зрабіць карыснага для савецкай дзяржавы з нагоды такой знамянальнай даты,  таму бралі на сябе працоўныя сацыялістычныя абавязацельствы. Напрыклад, “механізатары калгаса “Расія” ўзялі сацыялістычнае абавязацельства атрымаць у гэтым годзе па 14,2 цэнтнера зерня, 150 цэнтнераў бульбы, 4 цэнтнеры льнасемя і 5 цэнтнераў ільновалакна. Абавязаліся зэканоміць на кожны трактар па 500 кг гаруча-змазачных матэрыялаў”. Старанная праца нашых людзей прыносіла свой плён. Так, даярка калгаса “Зара” Вольга Ануфрыеўна Басякова надаіла па 954 кг малака ад кожнай каровы і па выніках першага квартала стала перадавіком у раёне. А хлебаробы калгаса імя Чапаева, каб павялічыць ураджайнасць, “упершыню прымянілі для падкормкі азімых культур сельскагаспадарчую авіяцыю — за тыдзень пры дапамозе самалёта падкармілі 700 гектараў пасеваў”.

У 1969 годзе была вельмі марозная і снежная зіма. “Амаль паўмятровым лёдам скавала Пціч… У асобныя дні студзеня тэмпература паветра паніжалася да 32—37 ˚С. Таўшчыня снегу — 21—30 сантыметраў… А дзесьці ў вёсках снег замятаў хаты да вокнаў”, — пісала газета “Сцяг Радзімы”.

З такой суровай халоднай зімою, канешне ж, хацелася хутчэй развітацца, і ў сакавіку ў Глуску традыцыйна прай-шло свята “Провады зімы”. Вось што пісаў карэспандэнт раёнкі пра гэта мерапрыемства: “У гуляннях удзельнічалі рускія тройкі — запрэжаныя ў сані коні. Звіняць над дугамі троек званочкі, якія прывабліваюць да сябе людзей. Працуюць атракцыёны, разыгрываецца латарэя, праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы. Ну і як жа без бліноў, танцаў і песень”.

Ну вось зіму правялі, а ў красавіку ўжо і сяўбу пачыналі. Акрамя традыцыйных культур, у 1969 годзе ў калгасе імя Калініна сеялі куузіку — гібрыд кармавой капусты, бручкі і турнэпсу, якая давала ўраджай 460 цэнтнераў з гектара. Каб хутчэй завяршыць сяўбу, механізатары некаторых гаспадарак нават працавалі ў дзве змены.

Тым часам Глуск рос і прыгажэў: узводзіліся новыя шматкватэрныя дамы, адміністрацыйныя пабудовы. У раённай газеце за 30 верасня быў надрукаваны рэпартаж з урачыстага адкрыцця новага будынка сярэдняй школы № 1: “Будаўнікі ПМК-61 перадалі рабятам новы прасторны будынак школы на 960 месц”. А ў вёсцы Хваставічы “ўзняўся прыгожы белакаменны будынак Дома культуры, глядзельная зала якога разлічана на 400 месц”. Добраўпарадкаваліся і вуліцы райцэнтра: гравійнае і каменнае пакрыццё замяняў асфальт. Але не ўсе глушчане разумелі, што вуліцы гарпасёлка павінны быць чыстымі і прыгожымі: многія “складвалі на вуліцы лесаматэрыял і дровы, высыпалі смецце”.

Цікава, а як жа ў 1969 годзе глушчане бавілі час? Гэта зараз для нас тэлевізар у кватэры — рэч натуральная, а вось 50 гадоў назад ён быў яшчэ ў навіну, асабліва ў вёсках. Але ж тэхнічны прагрэс хутка распаўсюджваўся, і вось ужо “вокны многіх дамоў вёскі Завалочыцы свецяцца блакітам — гаспадары ўключылі тэлевізары”. У артыкуле раённай газеты ад 1 мая 1969 года напісана: “Зусім нядаўна ўзняліся антэны над дахамі дамоў трактарыстаў саўгаса “Завалочыцы”. Блакітныя экраны запальваюцца зараз у 27 дамах рабочых і служачых. А набыць тэлевізары ахвотнікаў яшчэ больш”. Каштаваў чорна-белы тэлевізар у той час больш за 200 рублёў (пры сярэдняй зарплаце 120 рублёў). І вось што можна было паглядзець на адзіным (!) канале тэлебачання ў адзін дзень: навіны, адзін мастацкі фільм, пазнавальныя перадачы, канцэрт класічнай музыкі. У нядзелю дзве перадачы выходзілі ў колеры (для тых нешматлікіх шчасліўчыкаў, у каго ў той час ужо быў каляровы тэлевізар).

Ну а тыя вяскоўцы, якія яшчэ не набылі тэлевізары, праводзілі вольны час (калі такі быў у сельскіх жыхароў) у бібліятэках і сельскіх клубах. Дарэчы, у 1969 годзе ў нашым раёне працавала 15 сельскіх клубаў і 15 бібліятэк, у якіх чыталі кнігі 20 393 чалавекі. Для зручнасці вяскоўцаў нават быў спецыяльны графік працы клубаў і бібліятэк: яны нейкі час былі адкрыты з 13:00 да 24:00, а потым з 12:00 да 21:00. А ў раённай газеце раз-пораз з’яўляліся скаргі жыхароў розных вёсак на дрэнную працу кінамеханікаў: “не сочаць за парадкам у глядзельнай зале ў час кінасеансу, прапускаюць дзяцей на вячэрнія сеансы і дазваляюць ім глядзець фільмы для дарослых (кажучы па-сучаснаму, фільмы 16+. — Аўт.)”. А ў некаторыя вёскі кінамеханікі і ўвогуле забывалі дарогу і пазбаўлялі жыхароў магчымасці гля-дзець новыя кінастужкі.

Савецкія фільмы ў той час не толькі мелі мастацкую каштоўнасць, але і прапагандавалі шмат карыснага, напрыклад, адукацыю ў вячэрніх школах (фільмы “Большая перемена”, “Весна на Заречной улице”). У раённай газеце ў жніўні 1969-га, напярэдадні новага навучальнага года, была надрукавана аб’ява: “Глуская сярэдняя школа рабочай моладзі праводзіць набор навучэнцаў на 1969/1970 год у 5—11 класы. Для паступлення патрэбны даведкі аб адукацыі і з месца працы”. Навука, тэхніка ў СССР развіваліся ў той час хутка, таму дзяржаве патрэбны былі адукаваныя людзі.  “У дарэвалюцыйным Глуску быў усяго адзін спецыяліст сельскай гаспадаркі, а зараз у гэтай галіне працуе 391 спецыяліст з вышэйшай адукацыяй і 652 — з сярэдняй”, — прыводзіць лічбы газета “Сцяг Радзімы”.

Вось такім, спадзяюся, цікавым атрымалася наша падарожжа ў мінулае, у 1969 год.

Падшыўку гартала Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Тагачаснае напісанне ў цытатах захавана

Последние новости

Общество

Глусчане подключились к республиканскому субботнику

20 апреля 2024
Культура

Экскурсия глусских «арт-крошек»

20 апреля 2024
Актуально

В рамках акции Госэнергогазнадзор бесплатно проведет обследование вашего дома

20 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024