З задавальненнем прачытаў матэрыял Вольгі Янушэўскай “Глусская мебельная: времена и люди” (9 студзеня2018 г.). Ён закрануў маю памяць, прымусіў успомніць усё, што звязана з гэтым прадпрыемствам. Бо менавіта ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя жыццё маіх аднавяскоўцаў-карнічан, як і многіх жыхароў раёна, было цесна звязана з Глускім прамкамбінатам, які да канца свайго існавання застаўся вядомым у народзе пад назвай “КІМ”.
Прадстаўнікі пасялковай стружачнай арцелі “КІМ” знаходзілі ў вёсцы чалавека, які па дагаворанасці станавіўся нарыхтоўшчыкам асінавай стружкі — стругалём. Прадпрыемства яму прывозіла асінавую драўніну, давала інструмент для нарэзкі стружкі, а з плётчыкамі (тымі, хто плёў стружку) праблем не было. Людзі імкнуліся зарабіць грошай, бо ўзімку вялікай работы ў калгасе не было, асабліва для жанчын, а на стружцы іх можна было зарабіць, седзячы ў сваёй хаце. Не цураліся гэтай работы і мужчыны.
У тыя гады ў вяскоўцаў вялікага дастатку не было. Жылі ў асноўным са свайго асабістага падвор’я, агарода, дароў лесу. Калі трэба было нешта купіць у хату ці прыдбаць адзенне з абуткам, прыходзілася везці лішкі прадуктаў на базар у Глуск. На выручаныя за іх грошы штосьці куплялі. У калгасе тады працавалі на працадні, і вялікіх грошай сяляне не бачылі. Вось і дапамагала выжыць асінавая стружка, якую плялі ў кожнай хаце і ўсе — ад малых да старых. Было тады ў Карніцы 60 двароў, і ў кожнай сям’і не менш за пяць чалавек.
У Карніцы было тры стругалі. У кожнага стругаля, акрамя сваіх, карніцкіх, плётчыц, былі плётчыцы з бліжэйшых вёсак: Веснава, Турыно, Бараціна, Ольніцы, Дубровы і нават Мыслоціны. Стружка вывозілася лясёнкамі. Доўгімі зімовымі вечарамі жанчыны і дзяўчаты збіраліся ў якой-небудзь хаце на вячоркі. Палілася печка-буржуйка, і ў цяпле, пад гамонку і ціхі спеў, плялася стружка. Іншы раз сядзелі далёка за поўнач.
Перад тым як стружку плесці, яе змочвалі вадой, каб была эластычнай і не ламалася. Пляліся адразу тры стружкі паўсантыметра шырынёй і метр даўжынёй кожная. Потым, перад прасаваннем, нажніцамі абразалі кончыкі, якія тырчалі. Гатовы маток стружкі атрымліваўся вялікі, ён меў форму прамавугольнага бруса даўжынёй паўметра. Плесці стружку было не вельмі прыемна, асабліва для навічкоў, бо ад работы скура на кончыках пальцаў сціралася да крыві. А пра заробак можна гаварыць, зыходзячы з наступнай арыфметыкі. У матку было 50 метраў стружкі, і ён каштаваў 30 капеек (пасля грашовай рэформы 1961 года), з іх 10 капеек ішло стругалю, плётчыку заставалася 20 капеек. Колькі маткоў сям’я напляла — столькі грошай і атрымлівала. Па сённяшніх мерках цана за працу здаецца смешнай, але ж бохан чорнага хлеба тады каштаваў 14 капеек.
Калі было наплецена шмат стружкі, яе трэба было зматаць у маток, але перад гэтым папрасаваць. Рабілася гэта шкляным слоікам ці бутэлькай. Думаю, доўга яшчэ б шаравалі слоікам стружку карнічане, калі б не з’явіўся ў вёсцы, як кажуць, прымак, які прыстаў да адной гаспадыні. Спачатку прымак зрабіў для сябе невялікую лазню, а потым у той лазні змайстраваў станок для прасавання стружкі. За станком вяскоўцы станавіліся ў чаргу. Ён перадаваўся з хаты ў хату, а сам вынаходнік быў жаданым госцем. Здавалася, што нічога ў яго вынаходніцтве складанага не было: два драўляныя барабаны-круглякі прыціскаліся адзін да аднаго спружынай, паміж імі закладвалася стружка, прыводзіліся барабаны ў дзеянне з дапамогай ручкі-калаўрота. Здавалася б, проста, але да такога ніхто раней чамусьці не дадумаўся.
Гэта быў сапраўдны прагрэс у працэсе вырабу асінавай стружкі, якая потым ішла на выраб спатры — асінавага палатна. Потым з’явіліся больш удасканаленыя станкі, але карыстацца імі ў поўную сілу не прыйшлося, бо справа са стружкай заціхла. І ўсё ж той першы станок быў навінкай і сапраўдным адкрыццём не толькі для карнічан, але і для іншых жыхароў раёна, якія таксама плялі асінавую стружку.
Хіба забудзешся, як карніцкая дзятва ў калядныя святкі рыхтавала да скокаў перад старым Новым годам “казу” і, каб “каза” была прыгожай, абвешвала яе пафарбаванымі ў розныя колеры асінавымі стужкамі?
Калі я ўладкаваўся працаваць у мясцовы “Міжкалгасбуд” (1967), а потым, у 1972 годзе, стаў жыхаром Глуска, даводзілася наведваць сяброў і знаёмых, якія працавалі ў “КІМе”. Сёння на памяць глушчанам ад таго былога прадпрыемства застаўся будынак з чырвонай цэглы і вялізнымі вокнамі — гэта быў цэх, дзе выраблялі чамаданы. Знаходзіцца ён каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу.
У канцы 1970-х гадоў мне давялося ўдзельнічаць у будаўніцтве цэха па перапрацоўцы драўніны (гатара) на мэблевай фабрыцы, дырэктарам якой потым стала Зоя Вячаславаўна Голуб.
Вось і ўсё, аб чым я хацеў распавесці, крануты артыкулам пра мэблевую фабрыку.
Валерый ВАСІЛЕЎСКІ