Віншаванні ў дзень свайго 90-годдзя заслужаны настаўнік Васіль Фёдаравіч Кульбіцкі прымаў не толькі ў цёплай дамашняй абстаноўцы, але і ў не менш цёплай афіцыйнай. Бо віншавалі ветэрана ў сярэдняй школе № 1, якая за амаль чатыры дзесяцігоддзі стала яму роднай і дзе яго заўсёды прымаюць як блізкага чалавека.
Васіль Фёдаравіч Кульбіцкі нарадзіўся 13 студзеня 1928 года. Дзіцячая мара стаць настаўнікам спраўдзілася, і большая частка яго педагагічнага жыцця — 37 гадоў — прайшла менавіта ў сярэдняй школе № 1, дзе Васіль Фёдаравіч выкладаў рускую мову і літаратуру, быў настаўнікам малявання. Васіль Кульбіцкі мае званні “Выдатнік народнай адукацыі”, “Заслужаны настаўнік БССР”, узнагароджаны медалём “Ветэран працы”. Салідны ўзрост зусім не перашкода для актыўнага жыцця, Васіль Фёдаравіч, як і раней, бадзёры, не губляе пачуцця гумару, заўсёды з гатоўнасцю адгукаецца на запрашэнні і бывае на школьных мерапрыемствах.
На гэты раз мерапрыемства наладзілі ў гонар самога Васіля Кульбіцкага. Віншавалі юбіляра яго былыя калегі, самі ўжо ветэраны, з якімі было што ўспомніць, добрага здароўя і доўгіх гадоў жыцця зычылі настаўнікі, што працуюць у школе зараз. Шчырыя пажаданні аптымізму, бадзёрасці, выдатнага настрою выказалі юбіляру старшыня ветэранскай арганізацыі СШ № 1 Валянціна Кураленя, педагогі-ветэраны Іван Кірынскі і Ларыса Маркевіч. Не шкадавалі віншаванняў і шчырых слоў падзякі дырэктар школы Валянціна Сыцька і старшыня школьнай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Алена Вяргейчык. Вядома ж, не застаўся юбіляр і без падарунка ад педагогаў школы: цёплы плед будзе саграваць яго не менш за тыя цёплыя словы, што былі сказаны калегамі. Павіншаваць ветэрана педагагічнай працы прыйшоў і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Валерый Сураўнёў, ён уручыў юбіляру кветкі і знак “Пачэсны ветэран”. Невялікі канцэрт у гонар заслужанага настаўніка падрыхтавалі школьнікі.
Мяркуючы па словах, якія сказалі ў адказ сам юбіляр і яго дачка (таксама настаўніца, прадаўжальніца дынастыі) Ірына Дзядзюля, такая ўвага, і ўся цырымонія, і канцэрт іх вельмі кранулі і сталі сапраўдным святочным сюрпрызам.
А. ПЯТРОВА
Фота прадастаўлена СШ № 1