Усенародная грамадзянская і палітычная падзея — выбары дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў — у гэтым годзе супала з народным гуляннем, прысвечаным святу завяршэння масленічнага тыдня. Традыцыйна ў дзень выбараў побач з выбарчымі ўчасткамі ладзяцца канцэрты, кірмашы, а на гэты раз яны мелі выразны тэматычны накірунак, з блінамі, скамарохамі і спальваннем пудзіла Зімы.

На Гагарынскім участку для галасавання № 3 у ліку першых прагаласаваў старшыня Глускага райвыканкама Уладзімір Царыкаў
У Глускім раёне было арганізавана і працавала ў дзень выбараў 16 участкаў для галасавання. Дарэчы, некаторыя з жыхароў раёна свой грамадзянскі абавязак выканалі загадзя, падчас датэрміновага галасавання. Многія ж выбаршчыкі вырашылі прыйсці на свае ўчасткі непасрэдна ў дзень выбараў, пры гэтым прыводзілі з сабою дзяцей і ўнукаў. Малым цікава, і тут жа вось яно, грамадзянскае выхаванне ў дзеянні.
Для тых, хто па стане здароўя не змог сам выправіцца на выбарчы ўчастак, было арганізавана галасаванне на даму. Дзеля таго, каб сачыць за ходам галасавання, быў акрэдытаваны 41 назіральнік — ад БРСМ, прафсаюзаў, раённага савета ветэранаў, Кампартыі Беларусі, Фонду міру, ад грамадзян, працоўных калектываў і некаторых іншых арганізацый.
Пакуль члены камісій рупліва працавалі, а кандыдаты ў дэпутаты нервова чакалі вынікаў, астатнія жыхары раёна, аддаўшы свае галасы ў падтрымку таго ці іншага кандыдата, займаліся сваімі справамі, адпачывалі і весяліліся. Праўда, не ўсе, бо, каб стварыць адпаведны настрой, працавалі самадзейныя і прафесійныя артысты, арганізатары спартыўных спаборніцтваў, гандляры і рамеснікі. У Глуску асноўнае гулянне разгарнулася на бульвары Грахоўскага. Нямала гледачоў і балельшчыкаў сабрала традыцыйная для Глуска масленічная забава — перацягванне каната.
Але гэта для нас, хто стаяў побач і назіраў моўчкі ці крычаў “Паддай! Рывок!”, была забава, а мужчынам-удзельнікам прыйшлося папацець, каб зарабіць перамогу. У гэтым годзе за яе змагаліся прадстаўнікі трох прадпрыемстваў — Аўтапарка № 15, “Жылкамгаса” і лясгаса, апошнія і атрымалі запаветны канверт з прэміяй. Не сумавалі і прадаўцы вынаснога гандлю, і не толькі ад таго, што гучалі вясёлыя песні, але і ад таго, што ўвесь час нехта падыходзіў, нечым цікавіўся, нешта набываў. Каму сувеніры спадабаліся, хто прысмакі-ласункі або прадукцыю Бабруйскага мясакамбіната, а хто ўжо і рыбку да поснага стала прыкупляў. Лепей за ўсіх, здаецца, было малым: для іх і машынкі — плаціце, бацькі, грошы, і няхай дзіця катаецца ўволю, і імправізаваны дзіцячы цір, і вясёлыя гульні.
Ну што ж, Масленіцу адгулялі, зіму правялі, цяпер чакаем вясну — сапраўдную, дружную, з ручаямі і ласкавым сонейкам. Што датычыцца выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў, пакуль (раніцай у панядзелак, калі пісаўся гэты артыкул) ёсць толькі папярэднія вынікі: па дадзеных Цэнтрвыбаркама, у цэлым па рэспубліцы прагаласавала 5 333 613 чалавек (больш за 77 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў), абраны 18 110 дэпутатаў. Канчатковыя звесткі будуць вядомы ў бліжэйшы час, і пра іх мы абавязкова раскажам на старонках газеты. Заставайцеся з намі!
Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ
Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА і Ірыны ГРАМЫКІ