Темы

Як у Касарычах свята арганізавалі

Як у Касарычах свята арганізавалі

Здаўна ў беларусаў любую справу прынята было рабіць талакою, разам. І сапраўды, там, дзе адзін-два над чым-небудзь б’юцца-б’юцца, бывае, што і адступяцца, то, калі ўзяцца грамадою, і вялікая справа з месца зрушыцца. Датычыцца гэта не толькі працы, але й адпачынку, нездарма ў нас любое свята раней заўжды адзначалі ўсёй вёскай.

Так думалася мне, калі ў Касарычы сталі збірацца ўсе ўдзельнікі маючага адбыцца тут абрадавага калядавання. Дзівосным чынам агульнай справай, агульным інтарэсам тут аб’ядналіся вельмі розныя людзі. Па-першае, гасцінны гаспадар дома, дзе мы з дарогі пілі духмяную гарбату, масквіч з касарыцкімі каранямі Андрэй Уфімцаў. Па-другое, артысты фальк-групы “Гаманіна” пры Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі і іх кіраўнік Наталля Сазановіч, якія і прапанавалі наладзіць свята для мясцовых жыхароў і разам з імі. З Масквы ў Касарычы прыехала Кацярына Затулівецер, заснавальніца сацыяльна-турыстычнага праекта “Альтурызм”. Каця арганізоўвае паездкі для тых, хто жадае зрабіць добрую справу, правесці час з карысцю: і адпачыць, і падтрымаць мясцовыя ініцыятывы, якія дапамагаюць палепшыць жыццё ў вёсках. Спадзяюся, што з Кацярынай мы яшчэ сустрэнемся, бо такую “турыстычна-альтруістычную” групу яна намерваецца прывезці ў Касарычы вясною, а пакуль што завітала да касарычан на Каляды, бо ўпадабала гэтую ціхую прыгожую вёску з першага свайго наведвання яшчэ ў снежні мінулага года. Прыехала бабруйчанка Алена Вабішчэвіч, у якой у Касарычах жыла бабуля, а яна сама цяпер узяла на сябе клопат па адраджэнні ў вёсцы царквы. Ну і мы, карэспандэнты газеты “Радзіма”, звязаныя з Касарычамі прафесійным інтарэсам.

Усе гэтыя людзі сабраліся не дарэмна, і не дарэмнымі аказаліся ўсе намаганні, зборы, рэпетыцыі і доўгая дарога, бо былі і слухачы, і гледачы. Маладзейшыя ды хто жыве блізка прыйшлі самі, бабуль, што жывуць далёка, падвезлі на машыне (вёска ж вялікая, ідзі дайдзі па снезе). Адно тое не магло не радаваць, што гэтыя бабулі і дзядулі сабраліся разам, як гэта было колісь на вячорках ці ў клубе, гутарылі, абмяркоўваючы навіны (бо па зімнім часе не так часта некаторыя і бачацца). Выбраліся на свята старэйшыя жыхары вёскі баба Вольга, баба Люба і яе гаспадар дзед Васіль, баба Маня, баба Вера і баба Надзя, а таксама дзядзька Валодзя (так мясцовыя называюць “свайго” ветэрана вайны Уладзіміра Лысака) і дзед Павел. Шкадавалі артысты з “Гаманіны”, што не змагла прыйсці баба Воля, якая ў іх мінулы прыезд расказала і нават паказала (а ёй, гэтай бабулі, кажуць, за 80!), як у былыя часы на Каляды кулікаліся: пераапраналіся мядзведзем і куляліся.

Не трэба і казаць, што  настрой зрабіўся яшчэ больш прыўзнятым, калі артысты заспявалі ды зайгралі на баяне, а потым уключыўся барабан, як бальзам на душу, паліліся гукі валынкі, далучыліся іншыя музычныя інструменты (на жаль, не ўсе назвы іх мне вядомыя). Каляды — гэта ж свята, і песні артысты падабралі мажорныя, вясёлыя. Прычым гэта былі менавіта тыя самыя, сапраўдныя народныя песні пра Божае нараджэнне, пра святыя дні і шчодрыя вечары. Дарэчы, адна з іх — “Шчадрую, шчадрую, каўбасу чую…” — прагучала ў тым варыянце, як яе спявала жыхарка Касарыч Марыя Макараўна Юневіч, якая пражыла 104 гады. Артысты з “Гаманіны” развучылі песню па зробленым некалькі гадоў таму відэазапісе. Была ў калядоўшчыкаў і зорка, ды яшчэ якая прыгожая, і Каза з імі хадзіла, вясёлая ды рухавая. І торба ў іх была палатняная, з якой яны цукеркі даставалі і гледачоў частавалі, хаця на Каляды прынята наадварот рабіць.

А танцы? Хіба можна было ўстрымацца, каб не стаць у круг? Я, чалавек да танцаў не надта здатны, з задавальненнем прайшлася ў “Кракавяку” ды “Каханачцы”, дзякуй дзяўчатам з “Гаманіны” — падказвалі, што і як рабіць.  Ды й бабулі, амаль усе ўжо з кійкамі, прытупвалі на месцы, а жвавейшыя дык і танчыць выйшлі. Мужчыны, праўда, на запрашэнне артыстак выйсці ў круг засаромеліся, але шчыра дзякавалі: і за запрашэнне, і ўвогуле за свята. Сапраўдную прамову, кароткую, але змястоўную, сказаў дзядзька Валодзя Лысак, звяртаючыся да артыстаў і маладзейшых аднавяскоўцаў: маўляў, усё правільна зрабілі, добра арганізавалі, парадавалі ад душы.

Дарэчы, удзячнасць касарычан была не толькі на словах, але і на справе. Гасцей частавалі адмысловай юшкай. Асаблівасць яе ў тым, што варыцца яна на булёне з пеўня.  Запісвайце або запамінайце рэцэпт: спачатку варыцца певень (на крайні выпадак, курыца), потым яго дастаюць і пускаюць на іншыя стравы, а на гэтым булёне ўжо варыцца юшка з рыбы. Да прыгатавання гэтай адмысловай юшкі “адказныя” за яе Пятро Шарамет і Міхаіл Багук падышлі і сапраўды вельмі адказна, зрабілі ўсё як мае быць, таму госці яе елі ды нахвальвалі. Вельмі хвалілі і іншыя стравы, якія прыгатавалі Міхаіл Коўзун і яго жонка Наталля Кліменка, менавіта на іх падвор’і адбылося частаванне, да якога, дарэчы, так ці інакш прыклалі руку і іншыя маладзейшыя жыхары Касарыч. Хто лазню паліў, хто дровы насіў, як, напрыклад, Мікалай Кудрэйка.

Вось колькі людзей аб’ядналася вакол адной добрай справы. І ўсё, заўважце, без загадаў, без пануканняў і прымусу. Ну што тут скажаш: захацелі — і зрабілі, самі для сябе.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Сяргея РУДЗІНСКАГА

Последние новости

Общество

22 сентября пройдет акция «День без автомобиля. Беларусь за чистый воздух»

18 сентября 2025
Читать новость
Общество

Тематическая горячая линия по вопросу качества торгового обслуживания населения Могилевской области

18 сентября 2025
Читать новость
Общество

«Мой народ — моя гордость!» — праздничный митинг под таким названием сегодня, 17 сентября, прошел в Глуске

17 сентября 2025
Читать новость
Актуально

Делегация Глусского района участвует в праздничном мероприятии ко Дню народного единства, которое проходит в Могилёве

17 сентября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко ориентирует на единую стратегию формирования исторической памяти

17 сентября 2025
Читать новость
Общество

Единство начинается с семьи

17 сентября 2025
Читать новость