Темы

Падарожжа па родным краі. Новаандрэеўка

Працяг.

Жывёла была не надта танная: “крайние цены на коней — 30 и 65 р; за корову — 20 и 40 р; за овцу простую — 1 р и 2 р; за тонкорунную овцу — 2 и 3 р; за свинню — 6 и 20 рублей”. Прадавалі і мяса. Пуд ялавічыны каштаваў вясною і летам 2 рублі 30 капеек, а восенню і зімою — 2 рублі. Бараніна — 1 рубль 60 капеек, свініна — 2 рублі за пуд, гэтае мяса прадавалі толькі восенню. Калі што прадаў селянін, то можна было прыкупіць нешта ў гаспадарку. Толькі з продажу і з’яўляліся ў сялян грошы, бо больш не было адкуль.

У пана вяскоўцы адбывалі павіннасць, у асноўным адпрацоўвалі ўстаноўленую колькасць дзён на год. Таксама належала аддаваць пану і даніну, натуральна ці грашыма. “Данина: гусь — 1—15 коп.; кур —  2—15 коп.; яиц — 30 шт. — 7 ½ коп.; грибов — 5 фунтов — 37 ½ коп…”

У 1847 годзе ў вёсцы Адэльсдорф налічвалася 16 цяглавых двароў. Ва ўжо ўзгаданым “Інвентарным перапісу…” на апошняй старонцы значацца прозвішчы прадстаўнікоў усіх вёсак маёнтка Машніцы. Ад вёскі Адэльсдорф гэта “Гаврила Игнатович Заяц, Григорий Григорьевич Кипель и Григорий Захарьевич Малашук”. А вось вёскі з назвай Андрэеўка ў гэтым перапісе таксама няма. У  даведачнай кнізе па Мінскай губерні ў Глускай воласці ў 1889 годзе значыцца “деревня Адель-Дорфъ”. А ў 1909 годзе ў дакументах з’яўляецца запіс: “Андреевка Новая — деревня”, знаходзіцца за 9 вёрст ад валаснога цэнтра, ад павятовага горада Бабруйска — за 57 вёрст, ад горада Мінска — за 197 вёрст. Колькасць двароў — 33, усяго жыхароў — 329 чалавек (мужчын — 165, жанчын — 164), і ўсе беларусы. Пазней “деревня Андреевка Новая” таксама пісалася ў розных дакументах неаднолькава: то “Ново-Андреевка”, то “Новая Андреевка”, то “Новоандреевка”, і ўсё гэта адна і тая ж вёска з першапачатковай назвай Адэль, Адэльсдорф, скасаванай у пачатку ХХ стагоддзя. Магчыма, у сувязі з дрэннымі адносінамі Расіі і Германіі, бо ў Германіі ж нямала паселішчаў, назвы якіх заканчваюцца на “дорф”. Але гэта толькі асабістае меркаванне…

Дарэчы, тая даўняя назва Адэль дасюль захавалася ў мясцовым прозвішчы жыхароў Новаандрэеўкі — “адэльцы”.

Памяць пра шведаў?

У “Звестках 1882 года” пісалася так: “При деревне “Афельдорфъ, расположенной на левом берегу речки Докольки, на площади, пространствомъ въ 500 кв. саж, находится 39 кургановъ изъ которыхъ двадцать три кургана размером каждый 6 1/3 с., 5 с., 1 с., 1 с. Остальные шестнадцать кургановъ разрушены временем и не имеють никакой формы и правильности в размерах. Все эти курганы расположены двумя звездообразными группами, поросли хвойным лесом, имеють форму кругообразную, многия из них представляются как бы впавшими внутрь, что представляется в виде незначительного углубления, других признаков нет. На окраинах мелкия распахивались на поле и в них находили человеческие кости”. (Адзін сажань — 2,13 метра. — Заўв. аўт.)

Гэтыя курганы і зараз ёсць на ўскраіне Новаандрэеўкі. У 1964 годзе іх даследаваў вучоны Леанід Побаль. Ён пісаў, што курганны магільнік знаходзіцца ў дубовым гаі. Дваццаць пяць насыпаў вышынёй ад 2,5 метра да 60 метраў, дыяметрам 5—16 метраў. Параслі курганы дрэвамі. Унізе, у падножжы курганоў, відны невялікія ровікі, 16 курганоў пашкоджана кладашукальнікамі — засталіся ямы рознай велічыні. І адносяцца гэтыя курганы да часоў Старажытнай Русі.

Мясцовая назва гэтай мясціны — “Курганы”, “У курганах”, “Шведскія курганы”. Магчыма, і ёсць нейкая сувязь са шведамі. У часы Паўночнай вайны Расіі са Швецыяй  (1700—1721 гг.) арэнай ваенных дзеянняў стала тэрыторыя Беларусі. Восенню 1704 года руская армія пад камандаваннем князя Мікіты Іванавіча Рапніна ступіла на беларускую зямлю. З гэтага часу Расія і Швецыя зводзілі свае рахункі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, у асноўным на беларускіх землях. У 1709 годзе шведы на чале з Карлам XVII рушылі на Украіну. Ішлі яны з поўначы на поўдзень, як сведчыць гісторыя, па тэрыторыі суседніх з намі раёнаў, то, па ўсёй верагоднасці, абмінуць нашы мясціны было даволі цяжка.

“Курганы гэтыя ў Новаандрэеўцы існуюць з даўніх-даўніх часоў, і на іх заўсёды раслі вялікія дубы, цэлая дубовая града, — разважалі колісь сяльчане. — Быццам бы хто пасадзіў іх там, бо вакол жа дубоў, каб выраслі такім чынам, больш у гэтых мясцінах няма. Так, пракідаюцца дзе-нідзе, але каб вось такіх? Такіх няма”. Успаміналі новаандрэеўцы, што ў адным з курганоў быў нават склеп. Туды лазілі дзеці, але дарослыя, баючыся, што склеп той можа абваліцца ды яшчэ бяды нарабіць, засыпалі яго і зраўнялі тое месца з зямлёю. У тых курганах, апавядалі вяскоўцы, знаходзілі і пацеркі, і гузікі, і нават чалавечыя чарапы і косці. А яшчэ ноччу альбо ўранні, калі цёмна, некаторыя жыхары заўважалі на курганах нейкі бляск, іншыя ж бачылі, як у курганах паміж дрэў мільгаюць нейкія агеньчыкі. Казалі старыя людзі: “Мо гэта золата перасушваецца, якое тут захавана і людзям не даецца, а толькі паказваецца?”. Больш маладзейшыя вяскоўцы выказвалі думку, што “там ваўкі бегаюць і вочы іх блішчаць у цемры”. Баяліся ноччу хадзіць у тыя курганы, але калі хто адважваўся, адзін ці гуртам, то не бачылі там ні золата, ні ваўкоў.

 Таямніца за таямніцаю…

Так і засталося таямніцаю, што гэта была за з’ява такая, як і тое, адкуль з’явіліся ў гэтым краі загадкавыя камяні. У лесе каля дарогі непадалёк ад Новаандрэеўкі на іх у 2004 годзе выпадкова наткнулася жанчына. На адным з камянёў добра відзён крыж, на другім, які знаходзіцца ад першага крышку воддаль, — нешта накшталт чалавечага твару — вочы, рот, на ніжнім тарцы — быццам адбіткі дзвюх ног. Вучоныя разгадкі пакуль не далі, а вось “настоятель Кресто-Воздвиженского храма отец Сергий, глянув на фотографии следов, сказал, что “вероятнее всего, на этом месте когда-то произошло некое святое событие. Но память о нем стерлась во времени и памяти людской”. Кресты же на камнях, по мнению священника, появляются на месте, где произошла какая-то крупная трагедия”, — так апавядаў у сваім артыкуле журналіст Павел Мінчанка, які прыязджаў паглядзець на тыя камяні. Таямніца за таямніцаю…

Мяняліся часы, неаднойчы мянялася назва вёскі, але на жыццё вяскоўцаў гэта аніяк не ўплывала. Жылі сабе людзі ў гэтым ціхім куточку, нараджаліся, жаніліся, паміралі…

А вось сваіх могілак у Новаандрэеўцы ніколі не было. “Хаваюць адэльцаў у Клетным, на старых могілках, што знаходзяцца з боку новай фермы, у Рабінніцы. Чаму Рабінніца? Мо таму, што там рабін багата. Мабыць, хаваюць у Клетным таму, што раней вёска Новаандрэеўка знаходзілася там, дзе Ліпкі (прынамсі, так казалі колісь старыя), а адтуль да Клетнага недалёка”, — апавядаюць вяскоўцы.  — Тры сям’і вязуць сваіх нябожчыкаў у вёску Веснава — “на тамтэйшых могілках увесь іхні род, уся радня”. Ёсць пахаванні новаандрэеўцаў і ў іншых навакольных вёсках.

 “Чырвоны франтавік”

У 1926 годзе ў вёсцы налічваўся 61 двор, 373 жыхары, у кожным двары — па 6—7 чалавек.

Не стала паноў, пачала ўсталёўвацца новая ўлада — Саветы. Цяжка сяльчане прызвычайваліся да яе, але ж у 1932 годзе ў вёсцы быў створаны калгас “Чырвоны франтавік”, у склад якога ўвайшла палова сялянскіх двароў — 31 гаспадарка. Астатнія доўга разважалі, больш за дзесяць сямей амаль да вайны лічылася аднаасобнікамі, тым не менш к канцу 30-х гадоў ХХ стагоддзя ўсе сталі калгаснікамі. У калгас сяльчане ў першую чаргу павялі коней, а яшчэ здавалі плугі, баронкі, падводы… Трэба ж было араць зямлю, потым яе засяваць. Панеслі і сваё насенне. У калгасе быў створаны насенны фонд. Па Дакольскім сельскім Савеце, у склад якога ўваходзіла і Новаандрэеўка, брыгадзірам па стварэнні насенфонду ў калгасах быў прызначаны чалавек па прозвішчы Райхман. Па яго інфармацыі, першым у гэтым сельскім Савеце скончыў ссыпку насенфонду калгас “Чырвоны франтавік”. “Астатнія калгасы павінны паследаваць прыкладу калгаса “Чырвоны франтавік”. Калгас “Чырвоны франтавік” павінен узяць на грамадскі буксір калгасы “Чырвоны араты” і “Будаўнік сацыялізму”, якія адстаюць у ссыпцы насення,” — так значылася ў дакументах за 1932 год. Новая ўлада, новыя патрабаванні, “прыходзілася ўсё выконваць, інакш можна было і на Салаўкі трапіць”, успаміналі сяльчане. Усіх абавязвалі здаваць дзяржаве і бульбу, і яйкі, і нават малако. На кожную сям’ю была свая норма.

Працаваў у калгасе “Чырвоны франтавік” маслапрам, ён знаходзіўся ў “Курганах”, загадчыкам быў Васіль Тарасавіч Караленя. Вось на гэты маслапрам і насілі малако вяскоўцы, тут на сепаратары пераганялі яго, атрымлівалі “сліўкі”, з якіх білі масла, і ўсё адпраўлялі на горад. План па здачы быў жорсткім, жорсткім быў і кантроль. Бывала, што нават сям’і не заставалася таго малака. Аб продажы лішкаў не было і гаворкі. Хоць бы выжыць. І выжывалі — са сваёй гаспадаркі ды агарода, бо грошай аніякіх за працу калгас не плаціў, разлічваўся ў канцы года працэнтамі з сабранага ўраджаю.

 Ішла вайна народная

Адметна было тое, што ў вёсцы людзі ладзілі паміж сабою, па магчымасці дапамагалі адзін аднаму, таму і даносаў ніякіх не было “ў часы хапуна, калі чорны воран па вёсках ездзіў”. Аднаго толькі Дзядзюлю Пятра Рыгоравіча, які працаваў загадчыкам гаспадаркі дзіцячага дома ў Веснаве, арыштавалі ў 1939 годзе, але следчая справа была спынена праз дзевяць месяцаў.

Працавалі, будаваліся, радаваліся жыццю вяскоўцы. Але 1941 год. Вайна…

“Немцы ехалі на матацыклах з-за моста, была там прамая дарога з Глуска на Новаандрэеўку. Я якраз сядзела з бацькам на прызбе. А ў бацькі на нагах хромавыя боты былі. І вось, каб немцы не ўбачылі тыя боты, бацька ўзяў мяне на рукі. А жылі мы з самага краю вёскі, ад лесу, таму і ўбачылі першымі тых немцаў, што прыехалі ў вёску”, — так успамінала вайну Ніна Васільеўна Караленя, якой на пачатак таго ліхалецця было толькі шэсць год. Апавядала яшчэ яна, што бацька, як прыйшлі немцы, пайшоў у партызаны. У слаўкавіцкіх лясах яны збіралі зброю, што засталася ад нашых, калі тыя адступалі. Хадзілі і ў Любань, і ў Старыя Дарогі, зброю тую можна было знайсці ў самых розных месцах. А пад зіму 1941 года Васіль Тарасавіч Караленя забраў у партызаны і сям’ю — жонку і двое дзяцей. “Ехалі на конях. Даехалі да Байлюкоў і ўбачылі, што з таго краю Новаандрэеўкі, дзе была наша хата, цягнуцца чорныя клубы дыму. Потым ужо даведаліся, што немцы спалілі нашу хату і хату Валодзі Кіпеля, яго сям’я таксама паехала ў партызаны”, — успамінала Ніна Васільеўна. Спалілі ў вайну і хату Данілы Цярэнцьевіча Кіпеля, і яшчэ багата хто застаўся без жылля.

У партызанах Васіль Караленя хадзіў на заданні заўжды з кулямётам. Аднойчы, у баі каля Слаўкавіч, быў паранены. Непадалёк знаходзілася канава, цераз якую быў перакінуты драўляны масток. “Паранены бацька дапоўз да канавы, залез пад мост і амаль з галавою схаваўся ў гразь і твань. Немцы яго шукалі, ён чуў, што размаўлялі непадалёк, хацелі ўзяць жывым. І бацька тады парашыў: калі што — застрэліцца, але жывым не возьмуць. На шчасце, абышлося, а калі ўсё сціхла, яго знайшлі партызаны. Параненага ў грудзі з боку сэрца, бацьку з Загальскага аэрадрома на самалёце адправілі на Каўказ. Рабілі яму там шэсць аперацый, асколкі былі па ўсім тулаве. Бацька вярнуўся толькі ў 1946 годзе, паспеў перавезці хату з Бараціна і паставіць на дзве палавіны.  Бо, пакуль яго не было, сям’я жыла ў хляве, які ўцалеў, а калі пахаладала — па людзях. У 1947 годзе бацька памёр, бо тое раненне давала аб сабе знаць кожны дзень”, — успамінала Ніна Васільеўна.

У гады вайны ў Клетным, а гэта за некалькі кіламетраў ад Новаандрэеўкі, стаяў нямецкі гарнізон. Партызаны неаднойчы наведвалі Новаандрэеўку і ў яе ваколіцах рабілі засады на ворага. Калі паспяхова, а калі і самі гінулі, як тое было 15 сакавіка 1943 года.

“У тры гадзіны ночы партызанскі атрад пайшоў на заданне. Праціўніка чакалі з боку Даколі, а ён нечакана з’явіўся з тылу, з боку Новаандрэеўкі. Мы ўбачылі, як рухаецца дзевяць павозак, гружаных абмундзіраваннем і боепрыпасамі. Яны суправаджаліся некалькімі немцамі і паліцэйскімі. Пачакаўшы крыху, мы адкрылі агонь. У гэтым баі загінулі Касько і Яўген Цюрын”, — так пісаў у сваім партызанскім дзённіку Станіслаў Францавіч Шумоўскі. І такіх баявых аперацый было багата.

Многія з вяскоўцаў змагаліся супраць ворага ў радах народных мсціўцаў, і ні адзін жыхар Новаандрэеўкі не стаў здраднікам. А выпадкаў розных за вайну хапала. У 1943 годзе, позняй восенню, у  хату да Ганны Піліпаўны Дзядзюлі зайшло двое хлопцаў. Распытвалі, ці ёсць у вёсцы немцы. Пакуль жанчына, што ведала, расказвала ды карміла іх, на вуліцы пачуўся трэск матацыклаў. Гаспадыня загадала хлопцам лезці пад ложак, нізка сцягнула посцілку, аж да долу, і паклала на ложак маленькую дачушку. Праз колькі хвілін немцы зайшлі ў хату. Патрабавалі яек. Жанчына дастала міску з яйкамі і аддала аднаму з немцаў, другі ў гэты час разглядаў фотаздымкі на сцяне. Забраўшы яйкі, немец кінуў пустую міску на падлогу, яна пакацілася аж да ложка і супынілася. Другі немец нешта стаў прыслухоўвацца, дзіця пачало моцна плакаць, і жанчына ўзяла немаўлятка на рукі. Потым немец наставіў на жанчыну аўтамат, але не стрэліў, а, падбіўшы нагою тую міску, зарагатаў, і яны абое пайшлі. І толькі позна ноччу хлопцы пакінулі яе хату.

 Іна КІРЫНА

Працяг будзе

Последние новости

Общество

Глусчане присоединились к всебелорусской акции «Мы — граждане Беларуси!»

19 марта 2024
Калейдоскоп

Какой будет погода с 20 по 24 марта

19 марта 2024
Актуально

В Глуске 28 марта пройдет правовой профсоюзный прием

19 марта 2024
Власть

«Результат ошеломляющий». Лукашенко прокомментировал победу Путина на выборах в России

19 марта 2024
Общество

Как подписаться на газету «Радзіма» через интернет

19 марта 2024
Власть

«Должно быть торжественно и содержательно». Подготовку к заседанию ВНС обсудили у Лукашенко

18 марта 2024
Культура

Масленицу ярко и познавательно отметили глусские гимназисты

18 марта 2024
Актуально

Игорь Карпенко: президентские выборы в России прошли спокойно, организованно

18 марта 2024
Актуально

Проверка системы безопасности пройдет на территории Могилёвской области

17 марта 2024
Актуально

Про права и обязанности. Профсоюзный правовой прием прошел в Глуске

16 марта 2024

Рекомендуем

Общество

Курсантка 2-го курса авиационного факультета Военной академии Республики Беларусь Анна Смушкова

8 марта 2024
Общество

В Глуске прошло торжественное мероприятие, посвященное Дню женщин. Фоторепортаж

7 марта 2024
Общество

В Глуске состоялась первая сессия районного Совета депутатов 29-го созыва

6 марта 2024
Общество

Як будзем адзначаць юбілей Глускага раёна

12 марта 2024
Актуально

На каких улицах Глуска в 2024 году планируют сделать текущий ремонт

6 марта 2024
Культура

Среди участников Всемирного молодежного фестиваля — педагог Глусской детской школы искусств имени В. К. Иванова Дарья Богук

6 марта 2024
Общество

В Глуске в День Конституции провели интеллектуальную игру «Жизнь по закону» для старшеклассников школ района. Фоторепортаж

15 марта 2024
Культура

Пойдемте зиму провожать! Народное гулянье «Масленица» пройдет в Глуске 16 марта

15 марта 2024