
30 мая на нарыхтоўцы кармоў у “Слаўгарадскім” была задзейнічана тэхніка свая і ААТ “Глуская Зара”, усяго 17 адзінак
У мінулую сераду, 30 мая, на палях ААТ “Аграфірма “Слаўгарадскі” было па-сапраўднаму горача. І ад спякотнага надвор’я, і ад кіпучай працы, у якой было задзейнічана каля двух дзясяткаў адзінак тэхнікі. На канюшынным полі, якое раскінулася на 50-гектарнай плошчы адразу за Слаўкавічамі, шчыравалі два кормаўборачныя атрады.

Механізатары “Слаўгарадскага” Віталь Дземідзенка і Яўген Філіпенка. Адзін косіць, другі — з граблямі
Па словах начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігара Арцёмчыка, у гэтым годзе “Слаўгарадскі” і “Глуская Зара” на перыяд корманарыхтоўкі аб’ядналіся ў адзін атрад. І ўжо каторы дзень закладка сенажу ідзе пачаргова то ў адной, то ў другой гаспадарцы. Вынік відавочны: па стане на 31 мая ў “Слаўгарадскім” было нарыхтавана 1 790 тон сакавітага корму (11 працэнтаў ад задання), а ў “Глускай Зары” — 798 тон (6 працэнтаў ад задання).

Вадзіцелі: Юрый Грашчанкаў, Канстанцін Кірылаў, Мікалай Штылёў, Васіль Калецкі, Аляксей Хромчанка (“Слаўгарадскі”), Васіль Грабко (“Глуская Зара”), намеснік дырэктара аграфірмы “Слаўгарадскі” Вікторыя Самусева
Травы скошаны адпаведна на 478 і 327 гектарах. Ігар Арцёмчык растлумачыў, што ў такім аб’яднанні ёсць свая перавага: не будзе прастояў тэхнікі ў выпадку нечаканай паломкі. Бо, скажам, касілка працуе не адна, а адразу тры: адна са “Слаўгарадскага” і дзве з “Глускай Зары”. Так і па другіх агрэгатах: на падборы правяленай зялёнай масы два кормаўборачныя камбайны — “слаўгарадчанскі” “Ягуар” і КВК-800 з “Глускай Зары”.
У той дзень, калі мы былі на полі за Слаўкавічамі, там яшчэ працавала восем адзінак тэхнікі на адвозцы зялёнай масы са “Слаўгарадскага” і дзве — з “Глускай Зары”. Яшчэ былі граблі-варушылкі, а на трамбоўцы — “Кіравец”. Такой сілай магчыма за два-тры дні закласці адразу ўсю сянажную яму, што абавязкова адаб’ецца на якасці кармоў.

Некалькі хвілін на абед — і за працу. Механізатары Раман Багук (“Глуская Зара”) — у цэнтры, Віталь Дземіденка і Аляксандр Кірылаў (“Слаўгарадскі”)
Аграфірме “Слаўгарадскі” з траў першага ўкосу неабходна нарыхтаваць 10 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў. Пачатак ёсць, і нядрэнны: на ўчарашні дзень было 1,65 цэнтнера.
Вольга ЧУЧВАЛ, фота Ірыны ГРАМЫКІ