Темы

Успаміны дзяцей вайны. Палаючыя хаты, страх і голад

Успаміны дзяцей вайны.  Палаючыя хаты, страх і голад
Ніна Дзянісаўна Валадзько. 1950-я

Дзіцячыя ўспаміны заўсёды самыя яркія і павінны быць самымі прыемнымі ў жыцці чалавека. Але такіх успамінаў няма ў тых, чыё дзяцінства прыйшлося на час вайны. Калі пачалася Вялікая Айчынная, Ніне Дзянісаўне Валадзько з вёскі Лучкі Глускага раёна было 10 гадоў. Яе сям’я: мама, старэйшы брат Сяргей і паўтарагадовы брацік Колька — жыла ў вёсцы Забалацце, што ў Акцябрскім раёне. Самы старэйшы брат Спірыдон на той час ужо быў жанаты і з сям’ёй жыў у Любані.

— У першыя дні вайны, — расказвае Ніна Дзянісаўна, —  Спірыдон з жонкай пераехалі з Любані да нас у вёску, але пасяліліся не ў нашай хаце, а ў будынку школы, які знаходзіўся на ўскраіне вёскі, бліжэй да лесу. Месца гэта было выбрана не выпадкова — брат ужо быў звязаны з партызанскім атрадам, які арганізаваўся ў першыя ж дні вайны. Шаснаццацігадовага Сяргея таксама ўзялі ў атрад, хаця які з яго яшчэ быў ваяка? Але Спірыдон так сказаў: “Пойдзем са мною ў лес, бо немцы цябе ўсё роўна забяруць у паліцыю, не паглядзяць, што падлетак. Дык што, мы брат супраць брата будзем?” Так, на той час фашысты ўжо поўнасцю гаспадарылі на нашай зямлі, у нашай вёсцы. Самае першае, што мне запомнілася: гарэлі вясковыя хаты, падпаленыя немцамі. Каб засцерагчы нас, партызанскую сям’ю, ад расправы, браты ў лесе зрабілі будан: паставілі некалькі бярвенняў і абклалі іх яловымі лапкамі. Перабраліся мы жыць на некаторы час у той будан. Незадоўга да гэтага мама забіла кабана, усё мяса, сала склала ў кубел, які закапала пад акном, а зверху пасадзіла кветкі. Ноччу мама з лесу пайшла да хаты, адкапала кубел, набрала для нас мяса, сала, а астатняе ізноў закапала. Так мы змаглі пражыць у лясным будане да глыбокай восені. Калі значна пахаладала, вецер прадзімаў праз яловыя галінкі, мы збіраліся ўжо вярнуцца дадому. А немцы якраз па лесе рабілі аблавы, у адну з іх трапілі і мы. Фашысты сабралі ўсіх уцекачоў разам, растлумачылі “новы парадак” і адпусцілі кожнага ў сваю хату. Казалі: “Калі пойдзеце да партызан у лес — мы вас расстраляем…”

У 1942 годзе ў вёсцы фашысты спалілі шмат двароў. Ішлі проста па вуліцы і па чарзе падпальвалі хаты. Мама нас з брацікам пасадзіла на лаву (мяне побач, браціка маленькага на калені), моцна абняла і спакойным такім голасам кажа: “Дзеткі, не бойцеся. Гляньце, як прыгожа гарыць агонь. Вунь ён зусім блізка”. А агонь быў ужо за дзве хаты ад нашай. На шчасце, у вёску наляцелі партызаны і змаглі спыніць гэтае вогненнае пекла. Засталіся цэлымі наша і суседская хаты. А мы ізноў пайшлі з партызанамі ў лес. Але хутка падчас чарговай аблавы немцы зноў нас палавілі і прыгналі дадому. Пасля гэтага кожны дзень збіралі вяскоўцаў, вялі да магазіна і пералічвалі: правяралі, каб ніхто не збег.

Наша хата стаяла недалёка ад лесу, і да нас часта заглядвалі то паліцаі з немцамі, то партызаны. Вядома, і вораг, і нашыя хлопцы шукалі, як пракарміцца. Аднойчы прыехалі партызаны з атрада Гайдунова і сталі забіраць нашых гусей. Выкапалі на двары глыбокую ды шырокую яму, загналі туды птушак, каб лягчэй іх было палавіць. Адзін у яме гусям галовы зварочваў, другі наверсе складваў. Я падышла да іх і кажу (неразумнае малое дзіця): “А чаго гэта вы нашых гусей забіраеце?” Адзін з партызан адказвае: “Таму што мы кушаць хочам”. А другі падышоў да мяне ды як даў прыкладам у жывот: у мяне кроў хлынула і з носа, і з рота… Спужаліся яны, сталі крычаць. Мама выбегла з хаты. А партызаны на коней ды ў лес. Але не паспелі далёка ад’ехаць: іх дагналі мае браты-партызаны. Яны як раз прыехалі дадому і ўбачылі, што здарылася. Паехалі браты з тымі партызанамі ў атрад, дзе ўсё растлумачылі камандзіру Гайдунову. Камандзір загадаў байца, які мяне ўдарыў, расстраляць. Загад быў выкананы.

У 1944 годзе (здаецца, напрыканцы зімы) нашу маму разам з іншымі дарослымі немцы заперлі ў магазіне: хацелі спаліць усіх. А нас, дзяцей, пасадзілі на машыну і павезлі да ракі, напэўна, тапіць. Але ж, як потым расказвала мама, да вясковага магазіна прыскакаў нямецкі вершнік з Харомец і прыпыніў расправу. Дарослых пешшу пагналі ў Акцябрскі, дзе мы з імі сустрэліся (нас чамусьці таксама перадумалі забіваць). Адтуль усіх людзей пагналі далей, у канцлагер, што знаходзіўся ў лесе недалёка ад Азарыч. Пакуль ішлі, дзяцей малых на рукі браць не дазвалялася. Калі ўбачаць — малое на штык і з калоны выкідалі… Наш маленькі брацік ішоў сам, але ж яму цяжка, не паспяваў, і мама, калі немцы адыходзілі, брала яго на рукі. Вось трошкі пранясе, ён перадыхне, і далей ідзём. Прыйшлі. Уявіце сабе, што гэта быў за лагер: лес (а дакладней, балота), абнесены калючым дротам, купіны, глыбокія ямы з вадою, дзе-нідзе маладыя дрэвы. А на дварэ яшчэ зіма (люты або пачатак сакавіка). Лагер знаходзіўся адносна лесу крыху ніжэй, і, каб трапіць у яго, трэба было спусціцца як бы з абрыву. Заганялі нас за агароджу, як скаціну: білі бізунамі, не глядзелі, ці ты стары, ці ты малы…

У лагеры ўжо былі людзі. Мы апынуліся побач са старым дзядком, адзетым у вялікі доўгі кажух. Мама кажа: “Вазьміце, калі ласка, да сябе маіх дзетак. Яны ж патаміліся, пакуль мы ішлі, а тут і прысесці няма дзе”. Дзед дазволіў. Мама адламала некалькі бярозавых галінак, звязала іх, падаслала. Так мы і сядзелі на купіне: галінкі, кажух — і мы з братам ды дзедам зверху. Ускорасці памёр гэты дзядок… Холадна. А мы сядзім на адным месцы. Тут бы паварушыцца, пабегаць ды пагрэцца нам, дзецям, а нельга: кругом вада ды нямецкія вартаўнікі на вышках страляюць па кожным, хто пачынаў перамяшчацца па лагеры. Брацік увесь час есці прасіў. Мама набярэ ў прыгаршчы вады: “На, папі, сынок. Гэта ўся наша яда…” Аднойчы немцы прывозілі хлеб, зусім маленькія буханачкі, ды кідалі проста ў натоўп. Маме ўдалося адну схапіць, і яна па крошцы нам давала, размочваючы балотнай вадою.

Калі немцы адступалі, запалілі Азарычы, вельмі моцна стралялі. Потым усё сціхла. Вечарам да калючага дроту прыйшлі тры салдаты і кажуць: “Мамашы, сёстры, браты, усе, хто жывы застаўся! Вось вам запалкі, распальвайце вогнішча, грэйцеся. Мы вас заўтра забяром адсюль”. Мы такія напужаныя былі, што ніхто не ўзяў тыя запалкі, ніхто не падышоў да салдат: можа, гэта паліцаі пераапрануліся і так нас падзываюць ды пазабіваць хочуць? Назаўтра салдаты размініравалі вузкі праход, каб людзі па адным маглі выйсці з лагера. Калі выйшлі з лесу, убачылі страшную карціну: паабапал лясной дарогі ляжалі забітыя савецкія салдаты. Іх было так шмат, што зямлі не відаць. Вязні з лагера кінуліся да гэтых салдат: хто сына пазнаў, хто мужа свайго ці брата. Ледзь чырвонаармейцы далі рады і пазбіралі тых разбегшыхся людзей. Прывялі нас салдаты ў Азарычы, у хату без акон, на падлозе быў пасцелены чарот. Далі нам па лыжцы кашы. Маленькі наш Колька кажа: “Ой, мамачка, як тут добра, мякка, як дома на пярыне!” Салдатам, якія нас вызвалілі, далі крыху ежы, каб яны накармілі людзей: на 10 вязняў — 10 бульбін, з іх зварылі суп. Потым павялі нас па сваіх вёсках. Так ад сяла да сяла мы прыйшлі ў Забалацце. Хату нашу фашысты знішчылі, жыць не было дзе. Пару дзён пабылі ў вёсцы. Нейкую ежу гатавалі на вогнішчы ў іржавай нямецкай бляшанцы. Вады нават не было чым дастаць з калодзежа: усе вёдры немцы патапілі. Мама вырашыла ісці да сваёй сястры ў Лучкі. Мы ішлі і не ведалі, што нас чакае. Магло здарыцца, што і ў Лучках не будзе да каго прытуліцца. Але ж жывыя аказаліся нашыя родзічы, прынялі нас. Вось з той пары я ў Лучках і жыву.

Пасля вайны цяжка жылося. У цёткі — сын, ды пляменнікаў-сірот яна гадавала. Мама наша хутка ў калгас на працу пайшла. Калі зерне ў амбары абмалочвалі — насыпле ў карман зярнятак, прынясе дадому. Хоць, канешне, баялася, што могуць арыштаваць ды ў турму пасадзіць, але голад (асабліва, калі галадаюць твае дзеці) быў мацнейшы за страх. Я бегла з тым зернем да суседзяў, каб на жорнах яго змалоць. А мама варыла з мукі зацірку, і гэтая страва была самай смачнай на свеце! Зімою мы з мамай зараблялі крыху харчоў: пралі кудзелю людзям. Плацілі хто чым мог. Напрыклад, кош бульбы давалі. І тое за шчасце было. Мы бульбу чысцілі і лушпайкі не выкідвалі, а потым увесну іх садзілі: сямян бульбы не было, а садзіць жа трэба, каб не галадаць. Вось так і прайшло маё дзяцінства ў галечы, страху ды голадзе. Не дай Бог ніколі і нікому зведаць тое, што мы, дзеці вайны, перажылі.

Запісала Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота з архіва Ніны Валадзько

Последние новости

Актуально

Районный день охраны труда прошел в Глуске

23 апреля 2024
Общество

Анжела Полупанкова: всё происходящее на ВНС буду рассматривать с точки зрения защиты человека-труженика

23 апреля 2024
Власть

Говорят делегаты ВНС. Председатель Глусского райисполкома Алексей Журавлёв

23 апреля 2024
Общество

Дмитрий Махунов: ВНС — это возможность участвовать в принятии стратегических решений на благо государства

23 апреля 2024
Общество

Говорят делегаты ВНС. Директор Глусского районного музея Наталья Акулич

23 апреля 2024
Общество

Труд во имя памяти. В республиканском субботнике поучаствовало три с половиной тысячи глусчан

23 апреля 2024
Актуально

Главные задачи Всебелорусского народного собрания

23 апреля 2024
Власть

Лукашенко подписал закон по вопросам предпринимательской деятельности

23 апреля 2024
Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Власть

Новое руководство в министерствах и местная вертикаль. Лукашенко рассмотрел кадровые вопросы

22 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024
Общество

От досуга до спартакиады. «Афганцы» предлагают сделать турнир по бильярду в Глуске ежегодным

12 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024