Темы

Прафсаюзы сабралі нас разам

Прафсаюзы сабралі нас разам

Другі раз завітала на глускую зямлю рэспубліканская народна-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы — разам!”. У яе рамках на цэнтральным стадыёне Глуска прайшоў прыгожы святочны канцэрт, дзе разам з вядомымі беларускімі артыстамі Вольгай Плотнікавай, Сашам Нэма, групай “Навібэнд” выступілі фіналісты і пераможцы творчага прафсаюзнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі” — прадстаўнікі розных рэгіёнаў краіны, розных прафесій, але аднолькава таленавітыя і ўлюбёныя ў мастацтва. Сяголета акцыя мае не толькі культурную, але і сацыяльную накіраванасць: яна праходзіць пад дэвізам “З вялікай любоўю да малой радзімы!”.

З нашай малой радзімай, Глушчынай, прыехаўшыя артысты змаглі пазнаёміцца падчас невялікай экскурсіі, якую для іх па цэнтры мястэчка правяла наша калега, журналіст і гісторык Вольга Янушэўская. Потым творчы дэсант накіраваўся ў самы густанаселены мікрараён Глуска, “сем вятроў”, каб зрабіць свой невялікі ўнёсак у яго развіццё, пакінуць аб сабе прыгожы след: у дзіцячым садку № 4 артысты пафарбавалі новыя столік і альтанку, зробленыя бацькамі яго выхаванцаў. Гэта дзея важная не сама па сабе, а як прыклад таго, што кожны можа і павінен зрабіць нешта патрэбнае іншым, і калі ўсе нашы маленькія добрыя справы аб’яднаць разам, то ўбачым, што насамрэч святлей і прыгажэй стане навокал.

Вітаючы падчас урачыстасці артыстаў і глушчан, удзельнікаў акцыі “Мы — разам!”, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Леўчанка нагадаў, што ўсім нам патрэбна помніць пра свае карані, любіць сваю зямлю, жыць і працаваць так, каб яна прыгажэла, каб сюды вярталася моладзь і прадаўжала традыцыі сваіх бацькоў і дзядоў. І вельмі добра, што ў Глускім раёне ёсць такія прыклады, ёсць свае працоўныя дынастыі. Іх ушанаванне было адным з найбольш цікавых момантаў свята. Гэта дынастыя сям’і Тараховіч-Атлас, што працуюць у Глускім лясгасе, яе пачынальнік Іван Вікенцевіч Тараховіч 20 гадоў адпрацаваў у лясгасе, зараз тут працуюць яго дачка Алена Іванаўна, зяць Сяргей Леанідавіч Атлас, унучка Вольга і яе муж Мікалай Парахаўнік, іх агульны стаж работы ў лясной гаспадарцы больш за 60 гадоў. Дынастыя Лушчык з аграфірмы “Слаўгарадскі” сельскай гаспадарцы прысвяціла больш за 50 гадоў, у аграфірме працуюць Ніна Аляксандраўна, яе дачка Марыя Іванаўна і ўнук Віталь. Восем педагогаў складаюць самую вялікую працоўную дынастыю раёна — Сыцька-Бабовіч, яе пачынальнікамі з’яўляюцца Іван Андрэевіч Верамейчык і Лідзія Іванаўна Пшанічная, потым былі Пімен Іванавіч Пшанічны, Галіна Іванаўна Слук, цяпер працуюць Валянціна Іванаўна Сыцька, Ірына Аляксандраўна Пятровіч, Таццяна Іванаўна і Валерый Васілевіч Бабовіч. Агульны працоўны стаж гэтай дынастыі складае 278 гадоў. Звязаныя сваяцкімі сувязямі, усе гэтыя людзі стараюцца годна жыць і працаваць, працягваць лепшыя традыцыі і быць адданымі справе, якую пачалі іх продкі. Дзякуй вялікі ім за гэта, гонар і пашана. А на канцэрце яны прымалі кветкі, падарункі і шчырыя  апладысменты землякоў. Таксама Аляксандр Леўчанка ўручыў падзякі прэзідыума савета Федэрацыі прафсаюзаў намесніку старшыні райвыканкама Дзмітрыю Цімчанку — за вялікі асабісты ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства, выкананне службовых абавязкаў у інтарэсах членаў прафсаюза; намесніку дырэктара па механізацыі ААТ “Зара Камуны” Юрыю Алёхну — за актыўную працу ў прафсаюзнай арганізацыі па абароне сацыяльна-працоўных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза; старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне” Уладзіміру Аскераву і старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Аўтапарка № 15 Людміле Ліпскай — за шматгадовую плённую працу ў прафсаюзнай арганізацыі па ахове сацыяльна-працоўных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза.

Не засталіся без падарункаў і іншыя ўдзельнікі прафсаюзнай акцыі: гледачы канцэрта з задавальненнем слухалі і падпявалі спевакам, танцорам, музыкам, а тыя, хто найбольш актыўна падтрымліваў выканаўцаў, атрымаў ад іх сімвал акцыі — птушку шчасця, бусліка. Што сказаць пра канцэрт: таленавітыя артысты, прыгожыя галасы, цудоўныя нумары, неймаверна пазітыўная энергія. Часам уседзець на месцы было проста немагчыма, і дзеці не сядзелі, смела пайшлі танчыць, ды так добра і дружна, быццам рэпеціравалі разам з артыстамі.

Калі канцэрт завяршыўся, а апладысменты яшчэ не сціхлі, намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Цімчанка ад імя выканаўчай улады і ўсіх глушчан падзякаваў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і ўсім прыехаўшым у Глуск артыстам за тое свята, якое яны падарылі яго жыхарам. Адзначыў, што гэта сустрэча праходзіць у гістарычным цэнтры Глуска, на месцы, дзе некалі стаяў вялікі пяцібастыённы замак, і падарыў на памяць кнігу гісторыка Ірыны Ганецкай “Глускі замак” . Гэта праца стала вынікам раскопаў на гэтым замчышчы, якія праводзіла навуковец на працягу 13 археалагічных сезонаў. Яшчэ адзін падарунак — вясёлае прыгожае кацяня — быў зроблены рукамі глускіх дзяцей. За імі — будучае, і такіх раённых цэнтраў, як наш Глуск, і ўсёй нашай Беларусі.

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

Фота Ганны АЎТУХОВАЙ

Последние новости

Творческие проекты

Пра што пісала “Радзіма” 30 год назад

19 октября 2025
Читать новость
Общество

Каких специалистов готовят в военных вузах, рассказали глусским школьникам

18 октября 2025
Читать новость
Общество

Глусский парень Арсений Окрут на погранзаставе

18 октября 2025
Читать новость
Актуально

Заместитель Председателя КГК Андрей Лобович провел прием граждан в Глусском районе

17 октября 2025
Читать новость
Актуально

АФИША ВЫХОДНОГО ДНЯ. Мероприятия в Глуске 18—19 октября

17 октября 2025
Читать новость
Культура

В Глусском районе чествовали работников культуры

17 октября 2025
Читать новость

Рекомендуем