Темы

Сёння, 21 верасня, спаўняецца 100 год з дня нараджэння нашага славутага земляка Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага

Сёння, 21 верасня, спаўняецца 100 год з дня нараджэння нашага славутага земляка Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага

Сёння, 21 верасня, спаўняецца 100 год з дня нараджэння нашага славутага земляка Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага — педагога, пісьменніка, мовазнаўцы, доктара філалагічных навук, заслужанага дзеяча навук БССР, аднаго з заснавальнікаў беларускай фразеалогіі і пачынальніка беларускай фразеаграфіі, аўтара шматлікіх слоўнікаў, падручнікаў, мастацкіх кніг.

Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі нарадзіўся 21 верасня 1918 г. у вёсцы Клетнае, тады гэта была Глуская воласць Бабруйскага павета. “Я з вялікай сялянскай сям’і: адзінаццаць душ. Жыла і працавала сям’я на вузкім і цесным, як тады казалі, надзеле зямлі. Разам з сенажаццю яе было меней за чатыры гектары. Але сям’я не ведала ні такой вясны, ні нават такога дня, каб на выбеленым, заўсёды чыстым і з вышыўкаю ручніку не было круглага з блішчастаю скарынкаю хлеба, а ў кубельчыках — скваркі. Працавалі ўсе, працавалі многа, працавалі заўсёды дружна”, — чытаем у яго кнізе “Радасць і боль”. Вучыўся ў пачатковай школе ў Клетным, пасля ў Глускай сямігодцы. Яркае ўражанне з першых вучнёўскіх гадоў — настаўнік Станіслаў Бараноўскі: “Звалі мы яго, нашага настаўніка, проста і хораша — Дзядзька Настаўнік… Вучыў Станіслаў Бараноўскі адразу ўсе чатыры класы майго дарагога ўніверсітэта, дзе рэктарам і лектарам, сакратаром і бібліятэкарам, бухгалтарам быў ён адзін — наш дзядзька настаўнік”.

Кніга з аўтографам Фёдара Янкоўскага захоўваецца ў Клятнянскай школе

У 1931 годзе 12-гадовы хлопчык Фёдар Янкоўскі прынёс у хату свой першы заробак: усё лета  пасвіў статак кароў і атрымаў за гэта 39 пудоў жыта. У 1932 годзе ён паступіў у Мінскі архітэктурны тэхнікум, але неўзабаве захварэў і вярнуўся ў родную вёску. Перажываў вельмі — не толькі ад таго, што разлучыўся з архітэктураю, але і з-за таго, што ўсе вучацца, а ён вось вяртаецца дадому. А на наступны год Фёдар Янкоўскі паступае ў Рагачоўскі педтэхнікум, закончыў яго ў 1936-м, атрымаўшы дыплом з выдатнымі адзнакамі.

Пачалася працоўная дзейнасць — настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў адной са школ тагачаснага Заслаўскага раёна Мінскай вобласці. Завочна вучыўся на лінгвістычна-літаратурным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута.

У 1939 годзе Фёдар Янкоўскі быў прызваны на воінскую службу, служыў у 90-м стралковым палку 95-й стралковай дывізіі, удзельнічаў у баях на савецка-фінляндскім фронце на Карэльскім перашыйку. У лютым 1940 года Фёдар Міхайлавіч атрымаў сур’ёзнае раненне, ледзьве выжыў, некалькі месяцаў правёў у ваенных шпіталях і быў камісаваны падчыстую. Але ж у гады Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Янкоўскі прымаў самы актыўны ўдзел у барацьбе з гітлераўцамі. Спачатку быў сувязным партызанскага атрада “Грозны”. (Разам з дадзенымі пра размяшчэнне і ўзбраенне нямецкіх войск збіраў звесткі пра родную мову. Жадаючы захаваць сабранае, закапаў сшытак з народнымі выслоўямі, запісанымі ў вёсках Маладзечанскага, Мінскага і Лагойскага раёнаў, пасля вайны шукаў яго і не знайшоў.) У студзені 1943 года быў залічаны ў гэты ж атрад разведчыкам і ў хуткім часе ўзначаліў атрадную разведку. За баявыя заслугі Фёдар Янкоўскі ўзнагароджаны медалямі “Партызану Айчыннай вайны” І ступені, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”, “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.”, ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, юбілейнымі медалямі.

Згадваючы свае дзве вайны, Фёдар Янкоўскі пісаў: “Першая пакінула ў целе больш за дваццаць асколкаў, другая адабрала маіх родных-крэўных, маіх сяброў, вучняў, знаёмых”. У лютым 1942 года за сувязь з партызанамі былі расстраляны яго два старэйшыя браты, Карп і Сава. У маі 1943 года нямецкімі фашыстамі былі забітыя і спалены жонка і двухгадовая дачка, узгадваў Фёдар Міхайлавіч у аўтабіяграфіі.

Пасля вызвалення БССР Фёдар Янкоўскі некалькі месяцаў працаваў школьным інспектарам у Радашковічах, а пазней пераехаў у Глуск, куды быў прызначаны адказным сакратаром раённай газеты «Сацыялістычная вёска». Адначасова выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру ў Глускай сярэдняй школе. У верасні 1946 года Фёдар Янкоўскі паступіў на філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, які закончыў у 1948 годзе па спецыяльнасці «руская мова і літаратура» з адзнакай. Далей будучага навукоўца чакала аспірантура пры Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, пасля заканчэння якой з 1 лютага 1953 года ён быў прызначаны старшым выкладчыкам кафедры беларускай мовы. Тэмай даследавання для кандыдацкай дысертацыі былі абраны моўныя асаблівасці глускіх гаворак. Абарона адбылася ў 1955 годзе, за станоўчае рашэнне па рабоце “Глускія гаворкі” выказаліся ўсе 17 членаў савета, якія прысутнічалі на пасяджэнні. З 15 верасня 1956 года Фёдар Янкоўскі быў прызначаны загадчыкам кафедры беларускай мовы МДПІ. Гэтую пасаду ён займаў на працягу 26 гадоў.

«Прайшоў ён нямала цяжкіх і складаных дарог, на якіх былі жахі дзвюх войнаў і непамерныя страты, нястачы, але знайшоў у сабе сілы вытрымаць усё, захаваў у сэрцы ўлюбёнасць у роднае беларускае слова, вернасць свайму народу, адданасць любімай справе», — так узгадвалі пра Фёдара Янкоўскага яго вучні і калегі.

За гады сваёй працы Фёдар Міхайлавіч выключна многа зрабіў для развіцця беларускай лінгвістыкі. У 1957 годзе выйшаў першы ў савецкі час найбольш поўны сістэматызаваны збор “Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі”. Адзін з экзэмпляраў гэтай кнігі з аўтографам аўтара зараз беражліва захоўваецца ў Клятнянскай школе. Праз два гады Фёдар Янкоўскі надрукаваў першы ў пасляваенны час “Дыялектны слоўнік”, у якім змешчана лексіка гаворак жыхароў пераважна Глускага раёна. Слоўнік паклаў пачатак актыўнаму вывучэнню лексікі беларускіх гаворак і выданню шматлікіх рэгіянальных слоўнікаў. Фёдар Янкоўскі заслужана лічыцца заснавальнікам беларускай фразеалагічнай школы, а да многіх падрыхтаваных ім асабіста або ў суаўтарстве кніг можна дадаць слова “першы”. Гэта першы ў беларусістыцы слоўнік крылатых выразаў і афарызмаў беларускіх пісьменнікаў, дапаможнікі “Беларускае літаратурнае вымаўленне”, “Вусная мова і выразнае чытанне”, дыялекталагічны зборнік “Матэрыялы для слоўніка народна-дыялектнай мовы” і іншыя.

У 1969 годзе Фёдар Янкоўскі абараніў доктарскую дысертацыю “Беларуская народная фразеалогія”. Яго поспехі ў педагагічнай і навуковай дзейнасці адзначаны ордэнам “Знак Пашаны”, медалём “Ветэран працы”, званнямі заслужанага дзеяча навукі БССР, выдатніка асветы СССР, шматлікімі граматамі.

У 1968 годзе Фёдар Янкоўскі быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР, а сваю першую кнігу мастацкай прозы “Абразкі” апублікаваў у 1976-м. Але ж замалёўкі-жыццёвінкі — пра землякоў, цікавыя сустрэчы, адметныя выпадкі — пісаў з маладосці. Першыя нарысы з’явіліся ў перыёдыцы яшчэ ў 1936 годзе. “Яго творы пераважна дакументальныя: іх героі названы ўласнымі імёнамі, дакладна паказаны час, месца падзей. Пісьменнік не расказвае, а малюе словам эпізоды са свайго жыцця”, — так характарызуе прозу Фёдара Янкоўскага біябібліяграфічны слоўнік беларускіх пісьменнікаў. Заўсёды ўважлівы да слова, цікаўны да трапных слоўцаў і выказванняў, майстар жывой каларытнай мовы, сваім апавяданням і зборнікам Фёдар Янкоўскі даваў трапныя і дасціпныя назвы: “Прыпыніся на часіну”, “І за гарою пакланюся”, “Радасць і боль”, “З нялёгкіх дарог”. У 1986 годзе ён выдаў кнігу філалагічных эцюдаў, абразкоў і артыкулаў “Само слова гаворыць”, якую называюць энцыклапедыяй беларускага народа, яго мовы, звычаяў, народнай філасофіі і этыкі.

Фёдара Янкоўскага не стала 13 лістапада 1988 года. Засталіся яго апавяданні-абразкі. “Адгорнем яго кніжкі апавяданняў, абразкоў, нарысаў, замалёвак — і адразу нібы ўвойдзем у чароўны, загадкавы, летуценны, пяшчотны свет. Гэта заіскрыліся праз трапнае народнае выслоўе карціны і характары, засвяцілася ўсё, што акружае чалавека, што ў ім самім. Янкоўскі-пісьменнік кожнае трапнае слоўца сагравае промнямі сардэчнага пачуцця, узважвае на далоні перад тым, як адпраўляць у свет. Яно для яго дарагое, як дзіця, як і тыя, хто выпусціў яго ў свет”, — пісаў беларускі паэт і літаратуразнаўца Мікола Мішчанчук.

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
Общество

Новый состав молодежного парламента избрали в Глуске

12 апреля 2024