Темы

Падарожжа па родным краі. Байлюкі

Працяг.

Вёска ў прысадах

Сяльчане і на сваім падвор’і трымалі кароў, бывала, і не адну, лішкі малака здавалі дзяржаве. Малако збірала Ева Сямёнаўна Дамашэўская. Зінаіда Захараўна Касько ў 1972 годзе здала дзяржаве 1 200 кг малака. За малако плацілі грошы ды яшчэ давалі і надзелы травы на сена. У калгасе Зінаіда Захараўна працавала і ўчотчыкам, і на палявых работах, і кароў даіла. У 1988 годзе гэтую прыветную, адкрытую, шчырую працаўніцу сяльчане выбралі дэпутатам Клятнянскага сельскага Савета. У сувязі з 50-годдзем з дня ўтварэння СССР было разгорнута сацыялістычнае спаборніцтва ў калектывах. Сярод даярак фермы вёскі Байлюкі Фядора Тарасаўна Ільчык была наперадзе. Яна надаіла ад кожнай каровы па 2 600 кг малака. Добрых поспехаў дабіліся Нюра Мікалаеўна Кіпель, Надзея Савельеўна Кіпель, Марыя Лявонцьеўна Радкевіч. “У сярэднім ад кожнай каровы за 10 месяцаў 1972 года было надоена малака больш на 156 кг, чым у мінулым, 1971, годзе”, — пісала прэса, а на масласырзавод было адпраўлена 2 710 цэнтнераў малака.

Шчырыя, працавітыя людзі, некаторыя з іх нават мелі дзяржаўныя ўзнагароды. Канстанцін Іосіфавіч Радкевіч, брыгадзір, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, трактарыст Канстанцін Іванавіч Касько — ордэнам  “Знак пашаны”, медалі “Ветэран працы” мелі Кацярына Рыгораўна Радкевіч, Аляксандра Купрэеўна Кузьмінская, Надзея Савельеўна Кіпель.

Магазіна ў Байлюках спачатку не было, пасля вайны доўгі час працаваў ларок. Першым прадаўцом у ім была Валя Радкевіч, пазней Марыя Кабанава. Ужо потым, недзе ў васьмідзясятыя, пабудавалі стацыянарную краму, цагляную, гандлявалі там у асноўным прадаўцы з суседніх вёсак. Цяпер і той крамы няма, усім неабходным таварам байлюкоўцаў забяспечвае аўталаўка.

 Да вайны ў вёсцы быў вялікі клуб, а пасля вайны гэты будынак перавезлі ў Клетнае, а ў Байлюкі прывезлі невялікую хатку, з яе збудавалі клуб. У ім працавала і калгасная канцылярыя, тут і кіно паказвалі, і бібліятэка была, і танцы ладзілі, гулялі вяселлі, хрэсьбіны. З канцэртамі выступалі самадзейныя артысты з Глуска. Іх заўжды байлюкоўцы сустракалі кветкамі і шчыра дзякавалі.

Пасля вайны ў вёсках садзілі сады, а байлюкоўцы ўздоўж вуліцы пасадзілі клёны, ліпы… Яны выраслі прыгожыя, моцныя, вялікія, пад некаторымі і добры лівень можна было перачакаць і пайсці далей сухім.

Крывавыя раўчукі

У гады Вялікай Айчыннай вайны вёска Байлюкі апынулася ў зоне партызанскіх дзеянняў. Як успамінаюць вяскоўцы, у вайну жылося, калі гэта магчыма назваць жыццём, неверагодна цяжка, голадна і боязна. Ноччу партызаны наведваліся, а днём паліцманы.

Было гэта зімою, мо ў 1942-м. Вайна ўжо ішла, а дабро калгаснае яшчэ якое-сякое заставалася. І вось сабраліся байлюкоўцы каля калгаснага гумна, каб разабраць, што там засталося. І трэба ж было, каб у гэты дзень наехаў у вёску карны атрад немцаў. Заўважылі, што багата людзей разам сабралася, акружылі. Вылучылі больш маладзейшых, паставілі да сцяны і расстралялі. А ранняй вясною, як пачаў раставаць снег, то па зямлі раўчукамі цякла не вада, а кроў. Тыя, каму ў вайну было па 6—10 год, бачылі гэтыя раўчукі і зараз аб гэтым успамінаюць з жахам. Расстралялі ў той дзень багата жыхароў. Пахавалі іх на мясцовых могілках, кожнага побач са сваімі роднымі.

За сувязь з партызанамі ў 1942 годзе былі расстраляны Іван Конанавіч Дамашэўскі і Конан Дзмітрыевіч Дамашэўскі, Павел Анісімавіч Касько, Ева Мікітаўна Кіпель, Сава Антонавіч Кіпель, Трафім Іванавіч Лугін, Мікіта Спірыдонавіч Прыц, Спірыдон Іванавіч Прыц, Уладзімір Маркавіч Прыц, Максім Кірылавіч Радкевіч, Ісак Сідаравіч Сапега, Кірыла Елісеевіч Сапега. У 1943 годзе загінулі ад рук ворага Тарас Ільчык, Анісім Касько, Праскоўя Навумаўна Кіпель, Міхаіл Сапега — каго расстралялі, а хто не вытрымаў здзекаў у нямецкім палоне.

Партызанам дапамагалі, як маглі, — і хлебам, і адзеннем, але і гінулі ад сродкаў партызанскай барацьбы. “Было гэта зімою. Партызаны каля “маяка” на полі залажылі міны, — успамінае Мікалай Іосіфавіч Касько. — І на гэтых мінах падарвалася некалькі немцаў… Наляцелі на сяло немцы мо ў чатыры раніцы з Клетнага, дзе стаяў іх гарнізон. Галашчокам гэта было, холадна. А людзей з хат павыганялі ў нацельнай бялізне. І мужчын, і жанчын, і дзяцей. Хто кінуўся хавацца, хто ў лес… Але мала каму гэта ўдалося. Усіх жыхароў пад аўтаматамі сагналі да могілак. Пастроілі ў шарэнгу і пагналі да таго “маяка”. Уперадзе ішлі некалькі мужчын — цягнулі бароны па полі. Шарэнгу крыху пацяснілі, каб ішлі шчыльней. Адна міна ўзарвалася, другая… Каму ногі адарвала, каму рукі, каму кішкі выпусціла. Пелагея Кавалішына — па-мясцоваму, а так прозвішча Радзько, пазвала да сябе сына, бо ён быў воддаль ад яе, хлопец пабег да маці, а за ім кінуўся і другі хлопец, што ішоў побач з ім, услед за сваімі пабег і я. А тут немец як крыкне нешта, то я з перапуду і застыў на месцы. І тут як ірване — тыя двое загінулі, а я так жывы і застаўся”.

Немцы казалі, як гналі ўсіх па тым полі: “Маткі рускія кладуць, і рускіх б’юць”. Дагналі ўсіх да “маяка”, развярнулі назад і пагналі ў сяло, да гумна, спаліць хацелі. Але нямецкі камендант нешта на сваім прагергетаў, і ўвесь натоўп пагналі назад, да могілак. Там адабралі маладзейшых і пагналі ў Новаандрэеўку, а потым адтуль ужо каго куды размеркавалі. Некаторых адправілі ў Даманавічы акопы капаць, частка людзей уцякла, астатніх расстралялі.

На мінным полі загінулі Купрэй Дзянісавіч Касько (1902 г. н.), Лявон Анісімавіч Касько (1902 г. н.), Іван Цімафеевіч Радзько (1926 г. н.) і Канстанцін Максімавіч Радкевіч (1929 г. н.). Вось такое яно было жыццё ў вайну. І забівалі, і грабілі, і палілі. У Байлюках згарэла восем хат, без прытулку засталося восем сямей з дзеткамі, а ў кожнай жа сям’і іх было па чатыры — шэсць чалавек. Багата байлюкоўцаў не вярнулася з фронту: хто загінуў, хто прапаў без вестак. Памяць аб усіх жыхарах вёскі Байлюкі, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, увекавечана на помніку, які знаходзіцца ў былой цэнтральнай сядзібе калгаса “Радзіма” — вёсцы Клетнае.

Чаму цэбар стаўся ушатом?

Школы ў Байлюках ніколі не было. Бліжэйшая навучальная ўстанова да 1917 года працавала за чатырнаццаць кіламетраў ад вёскі, у Глуску. Гэта было народнае вучылішча, у якім навучалі і сялянскіх дзяцей, а калі яны былі з далёкіх вёсак, то ім давалі інтэрнат. Навучанне вялося на рускай мове. “Гэта не такая вялікая далечыня: кажную нядзелю ездзілі з вёскі ў мястэчка: хто дровы на продаж вазіў, хто ў царкву ездзіў — дык дастаўляць вучням харчы было не цяжка. Але ўзнікала пытанне, як у расейскай школе змогуць нас вучыць, бо ў вёсцы й дарослыя мала ведалі расейскую мову, дзеці ж амаль нічога не разумелі”, — апавядаў у сваіх успамінах Яўхім Кіпель.

Пытанне аб вучобе сваіх дзяцей байлюкоўцы сталі актыўна абмяркоўваць, калі дадому пачалі вяртацца салдаты з Руска-японскай вайны. Былыя салдаты сцвярджалі, што без граматы жыць вельмі цяжка, невучонаму чалавеку дзесьці штосьці дабіцца амаль немагчыма. Як дарослыя, так і дзеці ў Байлюках ведалі толькі сваю мову, па-руску мала хто разумеў. І вось сабралася вясковая нарада з бацькоў будучых вучняў, было гэта недзе ў першых гадах ХХ стагоддзя, і пастанавілі, што хлопцаў трэба трохі “абламаць” дома, а калі навучацца крыху разумець на рускай мове, аддаць іх вучыцца ў Глуск. Аб дзяўчатах размовы зусім не было.

Дзеля гэтай справы нанялі настаўніка, быў гэта “малады хлапец Алімп Шулякоўскі з шляхоцкага засценку Лучкі”. “Школа” знаходзілася ў хаце Кіпеляў, вучняў набралася пятнаццаць чалавек рознага ўзросту. Зіму настаўнік вывучаў з імі літары, вучыў пісаць, чытаць, хрысціцца па-праваслаўнаму і пець праваслаўныя малітвы. Цяжка давалася навука на рускай мове. “Пры вучэнні словаў сустракаліся, бадай, непераадольныя цяжкасці, — пісаў Яўхім Кіпель. — Прыкладам, нам трапілася слова ушат. Настаўнік нам казаў, што ушат — гэта цэбар, і гэта трэба запомніць. Далей настаўнік казаў, што лошадь — гэта конь, весы — вагі, карман — кішэня, портной — кравец, сапожник — шавец, кузнец — каваль і гэтак далей. Для малых гэта было вельмі цяжка, бо незнаёмых словаў было шмат, а запамінаць нязвязаныя словы для дзяцей нялёгкая справа. Калі хто з нас выяўляў вялікую цікавасць ды дапытваўся, чаму, прыкладам, цэбар стаўся ушатом, дык зарабляў лінейкай па далоні, і на гэтым і пытанні і тлумачэнні спыняліся ды ўсё ставала “зразумелым”.

Іна КІРЫНА

Працяг будзе

Последние новости

АПК

Галоўнае — захаваць маладняк. На семінары-нарадзе, які прайшоў у Глусскім раёне, разглядалі тэхналагічныя аспекты захаванасці і вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы

28 марта 2024
Общество

Реконструкция линейно-кабельных сооружений проводится в Глуске

28 марта 2024
Общество

Районные соревнования по настольному теннису прошли в Глуске

28 марта 2024
Актуально

Надо брать! Новый кредит на потребительские нужды «На родныя тавары» запустил Беларусбанк

27 марта 2024
Актуально

В Могилёвской области дорожные предприятия приступили к озеленению транспортных развязок и придорожных полос

27 марта 2024
Общество

Право знать! В Глуске прошел правовой брейн-ринг

27 марта 2024
Власть

Лукашенко о полете белорусского космонавта: это не только имидж страны, мы — космическая держава

27 марта 2024
Актуально

Над «Крокусом» молитва прозвучит: жлобинчанка Юлия Андросова выразила свою скорбь в стихах

27 марта 2024
РОЧС информирует

На заметку потребителю

27 марта 2024
РОЧС информирует

Более 5000 объектов области оборудованы системами пожарной автоматики

27 марта 2024

Рекомендуем

Актуально

К 100-летию Глусского района объявлен конкурс на лучший логотип. Положение о проведении районного конкурса

20 марта 2024
Культура

Семья Дербеевых представит Глусский район в конкурсе “Семья года”

20 марта 2024
Общество

Торжественное мероприятие ко Дню работников бытового обслуживания населения и жилищно-коммунального хозяйства состоялось в Глуске

22 марта 2024
Общество

Планы у дорожников большие. Интервью с начальником Глусского ДРСУ-213 Иваном Радько

21 марта 2024
Общество

Так в РОВД заведено. На заслуженный отдых проводили первого заместителя начальника Глусского райотдела

26 марта 2024
Общество

В Глуске в День Конституции провели интеллектуальную игру «Жизнь по закону» для старшеклассников школ района. Фоторепортаж

15 марта 2024
Культура

Пойдемте зиму провожать! Народное гулянье «Масленица» пройдет в Глуске 16 марта

15 марта 2024
Общество

Александр Багель выдвинут кандидатом в члены Совета Республики от Глусского района

22 марта 2024