Темы

Алея славы. Сумесны творчы праект газеты “Радзіма” і раённага савета ветэранаў. Лідзія Кірылаўна Карцель

Алея славы. Сумесны творчы праект газеты “Радзіма” і раённага савета ветэранаў. Лідзія Кірылаўна Карцель

Сумесны творчы праект газеты “Радзіма” і раённага савета ветэранаў, прысвечаны 100-годдзю БССР, мы вырашылі назваць “Алея славы”. Героямі гэтага праекта стануць не толькі людзі, чые імёны ўвекавечаны на памятных знаках, што ўстаноўлены на аднайменнай Алеі Славы ў цэнтры Глуска, але і шмат іншых нашых землякоў. Адны з іх жывуць і працуюць побач з намі, другія — на заслужаным адпачынку, трэціх, на жаль, ужо няма побач. Але памяць пра іх, гонар за іх справы не павінны кануць у нябыт. Бо ўсе яны — людзі-стваральнікі, іх жыццё — жыццё Глушчыны, яе гісторыя, яе ратная і працоўная слава

Першы герой праекта “Алея славы” — Лідзія Кірылаўна Карцель, былы дырэктар саўгаса “Завалочыцы”, з якім мясцовыя жыхары і зараз звязваюць лепшыя часы дзейнасці саўгаса.

 Чалавек з вялікай літары

У рэдакцыйным кабінеце прагучаў тэлефонны званок. “Я жыхарка Завалочыц, — прадставілася жанчына і пачала размову: — Хачу крыху расказаць вам пра вельмі добрага чалавека, аўтарытэтнага кіраўніка — былога дырэктара саўгаса “Завалочыцы” Лідзію Кірылаўну Карцель. І па сёння вяскоўцы ўспамінаюць добрым словам той час, калі яна ўзначальвала гаспадарку. То і не дзіва, бо Лідзія Кірылаўна не толькі давала ўказанні, што патрэбна зрабіць, а і сама разам з рабочымі саўгаса ішла, напрыклад, нарыхтоўваць яловыя лапкі для ферм. Яна сваім прыкладам паказвала, як трэба працаваць, была ў першых радах і вяла ўсіх за сабою. Лідзія Кірылаўна заўсёды падтрымлівала моладзь і, як кажуць, дала дарогу ў жыццё не аднаму маладому спецыялісту, што прыязджалі працаваць у гаспадарку”. 

Трэба адзначыць, што добрыя словы пра Лідзію Карцель мне давялося чуць ужо не ў першы раз. Менавіта з гэтай жанчынай жыхары Завалочыц звязваюць адны з лепшых гадоў у жыцці вёскі. Лідзіі Кірылаўне быў 31 год, калі яна ўзначаліла вялікую гаспадарку, і адпрацавала дырэктарам саўгаса “Завалочыцы” яна дваццаць шэсць гадоў. Канешне, мы не маглі не адгукнуцца на такія шчырыя і чуллівыя словы і адправіліся ў Завалочыцы паразмаўляць з (не пабаюся гэтага слова) чалавекам-легендай Лідзіяй Кірылаўнай Карцель. І пагаварылі: пра саўгас, працу, сям’ю і шмат пра што яшчэ.

— Жыццё чалавека не заўсёды складваецца згодна з яго планамі або марамі, — расказвае Лідзія Кірылаўна. — Свае карэктывы ў наш лёс заўсёды ўносяць абставіны, у якія мы трапляем. Для мяне такімі абставінамі стала Вялікая Айчынная вайна, дзяцінства без бацькі. Марыла быць доктарам і лячыць людзей, але лёс прывёў у сельскую гаспадарку. Я нарадзілася ў шматдзетнай сям’і. Праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, а дакладней 25 чэрвеня 1941 года, наш бацька добраахвотнікам пайшоў на фронт, і больш дадому ён не вярнуўся. Мама засталася адна з пяццю дзецьмі (шостае хутка павінна было нарадзіцца) на руках. Цяжка прыйшлося… Пасля заканчэння ў 1949 годзе сярэдняй школы я паступіла ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію на агранамічны факультэт. Вучыцца было цікава, асабліва калі нам пачалі выкладаць прадметы, непасрэдна звязаныя з будучай прафесіяй. У 1954 годзе пасля заканчэння акадэміі мяне накіравалі ў Глускую МТС (машынна-трактарная станцыя), а адтуль направілі занальным аграномам у вёску Гарадок. У 1956 годзе МТС расфарміравалі. Калгас імя Кірава, што быў у Гарадку, аб’ядналі з саўгасам “Завалочыцы”, а мяне назначылі кіраўніком аддзялення ў Гарадку. Праца была добрая, а вось бытавыя праблемы дабаўлялі цяжкасцей у жыццё. Напрыклад, у вёсцы маладому спецыялісту гаспадарка не давала жыллё, прыходзілася здымаць кватэру, а ў той час у мяне ўжо была сям’я, малыя дзеці. Ясляў у вёсцы не было. Але ж нейкім чынам знаходзілі выйсце з розных складаных сітуацый, хоць часам і вельмі цяжка прыходзілася. Каб замацаваць маладых спецыялістаў у вёсках, у канцы 1950-х савецкім урадам была выдадзена пастанова аб падтрымцы моладзі: усім жадаючым давалі лес, каб будавалі сабе жыллё ды заставаліся ў гаспадарцы. Так зрабілі і мы з мужам (ён працаваў настаўнікам): пабудавалі хату ў Гарадку.

У красавіку 1961 года мяне прызначылі дырэктарам саўгаса “Завалочыцы”. Папраўдзе кажучы, пра тое, што я займу такую пасаду, нават і думкі не было. Аднойчы да нас дадому прыехаў першы сакратар Глускага райкама партыі. Ён якраз вяртаўся з Магілёва пасля чарговага пасяджэння ў абкаме партыі. У той час гэта быў першы чалавек у раёне, і на табе, прыехаў да нас ды яшчэ адзначыў, што па важнай справе. Вось што ён мне сказаў: “У абкаме я прапанаваў вашу кандыдатуру, Лідзія Кірылаўна, на пасаду дырэктара саўгаса “Завалочыцы” і ўжо далажыў, што вы згадзіліся”. Адказваю: “Такія рашэнні я сама прымаць не магу”. У нашай сям’і па ўсіх важных пытаннях я заўсёды раілася з мужам Уладзімірам Іванавічам. І ў гэты раз спытала ў яго, што мне рабіць. Ён адказаў: “Ідзі працуй”. Я  нават здзівілася, думала, што муж будзе супраць: усё ж такі адказная праца, якая патрабуе шмат часу, а ў нас сям’я, дзеці. Але мой Уладзімір Іванавіч падтрымаў мяне, даў згоду і потым вельмі дапамагаў і па хатняй гаспадарцы, і з дзецьмі.

У той час гаспадарка саўгаса была вялікая і ўключала не толькі Завалочыцы і бліжэйшыя вёскі, а яшчэ Вільчу (падумайце: дзе Вільча, а дзе Завалочыцы!), Жалвінец, Сіманавічы, Макавічы, Арыжню, Сельцы, Калюгу і іншыя (усяго 24 вёскі). Такім саставам працавалі да 1963 года, а потым, пасля ліквідацыі Глускага раёна, нашу гаспадарку падзялілі на дзве часткі. Калі праз некалькі гадоў раён аднавілі, так і засталося, ужо назад гаспадаркі не аб’ядноўвалі.

Лідзія Кірылаўна прызналася, што на пасадзе кіраўніка гаспадаркі ў яе не адразу ўсё атрымлівалася, але з цягам часу малады дырэктар набыла пэўны досвед, і справы пайшлі ўгору. Неаднаразова саўгас займаў перадавыя пазіцыі ў раённых спаборніцтвах. Фотаздымкі працаўнікоў гаспадаркі рэгулярна з’яўляліся на старонках раённай газеты “Сцяг Радзімы”. Вось што пісала раёнка ў 1982 годзе: “Даярка саўгаса “Завалочыцы” Л. П. Рыбак… надаіла ў мінулым годзе па 3 678 кг малака ад кожнай каровы і заняла другое месцы сярод даярак раёна”. Майстры і механізатары таксама ўдарна працавалі, аб чым зноў жа пісала газета: “Цэх механізацыі саўгаса “Завалочыцы” прызнаны адным з лепшых у раёне”.

— У нашым саўгасе, — працягвае расказ Лідзія Кірылаўна, — быў добра арганізаваны адкорм жывёлы, існавала племянная гаспадарка (свінні), на нашых фермах заўсёды былі вялікія надоі — даяркі займалі першыя месцы па надоях у раёне. Адна з перадавых ферм знаходзілася ў вёсцы Дварэц. Там было 200 кароў, з іх надойвалі больш чым па 5 000 кілаграмаў малака ад кожнай. Усяго ж на саўгасных фермах было 1 100 кароў. Кармы для жывёлы рыхтавалі сваімі сіламі. У гаспадарцы было 2 600 гектараў ворнай зямлі, якую засявалі розным збожжам (у тым ліку і на корм). Сена касілі на лугах, абкошваліся нават берагі ракі — так назапашвалі для жывёлы кармы на зіму. Хачу зазначыць, што мы працягвалі традыцыі гаспадаркі з добрай працоўнай гісторыяй. Яшчэ ў пачатку 1950-х працаўнікі на той час маленькага саўгаса “Завалочыцы” ездзілі ў Маскву на Выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ), дзе прадстаўлялі свой саўгас. А на ВДНГ запрашалі толькі перадавікоў. Ужо калі я была кіраўніком саўгаса, да нас павучыцца, набрацца вопыту прыязджалі з усёй вобласці. У 1980-я гады на базе саўгаса не раз праводзілі семінары для кіраўнікоў гаспадарак. На адным з іх прысутнічаў, яшчэ ў той час у якасці кіраўніка саўгаса, Аляксандр Лукашэнка. 

За выдатныя дасягненні ў развіцці народнай гаспадаркі Лідзія Кірылаўна Карцель была ўзнагароджана адной з вышэйшых узнагарод СССР — ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, другім па значнасці пасля ордэна Леніна (вышэйшай узнагароды СССР). За стабільныя высокія вынікі ў выкананні і перавыкананні планавых заданняў і прынятых сацыялістычных абавязацельстваў, за буйныя поспехі ў павышэнні ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур і прадуктыўнасці грамадскай жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і продажу дзяржаве прадуктаў сельскай гаспадаркі — двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга. Яшчэ ў скарбонцы Лідзіі Кірылаўны — ордэн “Знак Пашаны” і іншыя ўзнагароды. 

Акрамя дырэктара, заслужаныя ўзнагароды атрымлівалі таксама і працаўнікі гаспадаркі. У 1982 годзе газета “Сцяг Радзімы” пісала аб тым, што пяць даярак саўгаса “Завалочыцы” за высокія дасягненні, паспяховае выкананне ўзятых на сябе сацыялістычных абавязацельстваў былі ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга.

У 1963 годзе Лідзію Кірылаўну выбралі народным дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а крыху пазней уключылі ў склад Прэзідыума Вярхоўнага Савета.

— Падчас выбарчай кампаніі мае выбаршчыкі з Завалочыц далі такі наказ: пабудаваць у вёсцы клуб, дзіцячы садок, школу. Усе гэтыя аб’екты паступова былі пабудаваны, — успамінае былы дырэктар саўгаса “Завалочыцы”.

Другі раз Лідзію Кірылаўну выбралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1980 годзе. Наказ выбаршчыкаў у гэты раз быў такі: пабудаваць больш жылля для працоўных саўгаса. І гэта пажаданне дэпутат выканала. У 1982 годзе раённая газета “Сцяг Радзімы” пісала: “Ад таго, як наладжаны быт чалавека, залежыць ініцыятыва яго ў рабоце і грамадскім жыцці. Аб гэтым не забывае кіраўніцтва гаспадаркі і праяўляе пастаянны клопат аб людзях і забяспечвае працаўнікоў палёў і ферм добраўпарадкаваным жыллём. Вось і зараз здаецца ў эксплуатацыю чарговы 20-кватэрны жылы дом. Яго заселяць жывёлаводы, паляводы, механізатары і іншыя спецыялісты, якія маюць патрэбу ў жыллі”. Акрамя гэтага, будаваліся і вытворчыя памяшканні: майстэрні, кароўнікі. Карацей кажучы, усё рабілася для людзей, дзеля іх дабрабыту, каб ім добра было працаваць і адпачываць.

— У нашай гаспадарцы той, хто не ленаваўся, зарабляў добрую зарплату, — расказвае Лідзія Кірылаўна, — нават большую, чым дырэктар саўгаса. Аднойчы нехта са знаёмых у мяне спытаў, ці не крыўдна мне, што даярка атрымлівае больш грошай. Я адказала: “Ты сёння калі раніцаю падняўся? У восем гадзін? А даярка ў пяць, і дадому ўвечары яна прыйдзе позна, і праца ў яе вельмі цяжкая. За гэта і атрымлівае сваю зарплату”. А падчас жніва, сенакосу ды ўборкі бульбы ўсе мы працавалі ад золку да змяркання. Таму і высокія паказчыкі атрымлівалі, а да іх — добрую зарплату і прэміі. Самым руплівым рабочым саўгаса, нашым перадавікам, давалі ад гаспадаркі бясплатныя пуцёўкі ў санаторыі ўсяго Савецкага Саюза. Яшчэ стараліся, каб моладзь вярталася ў родную вёску: давалі ім накіраванне на вучобу, саўгас плаціў стыпендыю. Таксама кіраўніцтва саўгаса імкнулася, каб заставаліся тут і тыя хлопцы ды дзяўчаты з іншых гарадоў і вёсак, каго накіравалі да нас па размеркаванні.

Адным з такіх размеркаваных у Завалочыцы іншагародніх спецыялістаў быў Мікалай Міхайлавіч Шаўчэнка, які адпрацаваў у саўгасе пад кіраўніцтвам Лідзіі Кірылаўны 11 гадоў. Ён падзяліўся ўспамінамі аб тым часе:

— Пасля заканчэння ў 1974 годзе Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці “заатэхнік” атрымаў накіраванне ў Завалочыцы. Мяне і яшчэ аднаго маладога спецыяліста Лідзія Кірылаўна вечарам, амаль ноччу, прывезла ў Завалочыцы. Пераначавалі ў яе дома, назаўтра яна для нас кватэру знайшла, дапамагла добра ўладкавацца. Потым пачалася праца. Лідзія Кірылаўна як чалавек вельмі добрая і спагадлівая, а вось кіраўнік яна вельмі патрабавальны, цвёрды, але ж і справядлівы. Магчыма, камусьці і не падабаўся такі стыль, але кіраўнік павінен быць такім, бо ён нясе адказнасць і за гаспадарку, і за дабрабыт людзей. Акрамя таго, яна імкнулася (і гэта ў яе атрымлівалася) знайсці падыход да кожнага рабочага ў гаспадарцы. Лідзія Кірылаўна не баялася ніякай працы: трэба на ферму ў гумавых ботах — дык на ферму (а там гаспадарскім вокам жывёлу гляне, з даяркамі паразмаўляе, спытае пра іх праблемы), балота асушаюць — і яна там…

Мікалай Міхайлавіч таксама зазначыў, што менавіта Лідзія Кірылаўна навучыла працаваць, узаемадзейнічаць з калегамі і падначаленымі шмат маладых спецыялістаў, для каго саўгас “Завалочыцы” быў першым працоўным месцам. Канешне, да іх ліку ён адносіць і сябе.

Цікава было пачуць і ад былога дырэктара саўгаса “Завалочыцы”, якія якасці кіраўніка яна лічыць галоўнымі.

— На маю думку, — адказала Лідзія Кірылаўна, — любы кіраўнік павінен быць найперш чэсным, патрабавальным і справядлівым. Ну а каб дабіцца поспеху і добрай зарплаты, ёсць толькі адзін рэцэпт — трэба працаваць, працаваць, працаваць. Так было раней, так ёсць зараз і будзе заўсёды.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва Лідзіі Карцель

Последние новости

80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла сегодня в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

Первое заседание VII ВНС состоится 24—25 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Продлили контракт на правовом приеме! Какие еще проблемы помог решить профсоюз?

19 апреля 2024
Культура

Выставка работ учащихся Центра творчества Глуска открылась в районном музее

19 апреля 2024
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 20 апреля

19 апреля 2024
Актуально

Отсрочки, штрафы и СМС‑повестки — о каких новациях нужно знать будущим призывникам

19 апреля 2024
Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024
АПК

Посевная в агрофирме «Славгородский» Глусского района

11 апреля 2024