• Главная
  • О газете
  • Контакты
  • Реклама
  • Фотогалерея
    • 2016 год
    • 2015 год
    • 2014 год
    • 2017 год
    • 2018 год
    • 2019 год
    • 2020 год
    • 2021 год
    • 2022 год
Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска

Цёплыя, шчырыя матчыны словы

Среда, 20.02.2019 09:00. Category: Культура    

Сёння ў свеце больш за шэсць тысяч моў, на жаль, палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання рашэннем ЮНЕСКА ў 1999 годзе быў абвешчаны Дзень роднай мовы, з таго часу ён штогод адзначаецца 21 лютага. Думаецца, гэты дзень асаблівы для кожнай нацыі і кожнага народа: як няма народа без мовы, так няма мовы без яе носьбіта.

Мы, беларусы, маем багатае пісьменства. 3 усіх славянскіх народаў толькі чэхі раней за нас займелі надрукаваную Біблію на сваёй мове. Яна з’явілася ў 1488 годзе. А ў 1517-м у Празе доктар лекарскіх навук Францыск Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску — першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу. Даўней беларуская была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў: у Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся ўсе законы, вяліся ўсе суды, адбываліся соймы і іншае.

У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Але 21 лютага галоўным аб’ектам увагі становіцца мова тытульнай нацыі — беларуская. Трэба сказаць, што сёння яна актыўна пранікае ў новыя сферы ўжытку, напрыклад, у інтэрнэт-прастору, і гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей ёю карыстацца. Аднак жа нельга не заўважыць, што існуе відавочная праблема з шырокім выкарыстаннем беларускай мовы ў паўсядзённасці. Для большасці грамадзян нашай краіны яна не з’яўляецца пастаянным сродкам зносін. Гэта пацвярджаюць і даныя перапісу насельніцтва: беларускую назвалі роднай мовай 53,2 працэнта жыхароў краіны, гэта 5 мільёнаў 58 тысяч чалавек, дома на ёй размаўляе 23 працэнты насельніцтва. Асноўнай мовай зносін 70 працэнтаў назвалі рускую.  Дзень роднай мовы — нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай мовай.

У Глускім раёне да 21 лютага ўстановы культуры падрыхтавалі і правядуць шмат розных мерапрыемстваў. Так, у школе мастацтваў у гэты дзень у фае будзе гучаць наша народная і музыка беларускіх кампазітараў, а потым пройдзе тэматычная віктарына. У раённым краязнаўчым музеі адбудзецца музейны занятак “Падарожжа ў сялянскую хату”, а экскурсіі будуць праводзіцца па-беларуску.

Каб Дзень роднай мовы прайшоў цікава і быў запамінальным, клубныя ўстановы запланавалі забаўляльныя і пазнавальныя праграмы, літаратурна-музычныя кампазіцыі, конкурсы. Выставы літаратуры, літаратурныя і інфармацыйныя гадзіны, тэматычныя гутаркі пройдуць у бібліятэках раёна. Вось назвы толькі некаторых мерапрыемстваў, падрыхтаваных мясцовымі ўстановамі культуры: “Мову пазнаём з маленства”, “Не пакідайце ж мовы роднай”, “Квітней, мая родная мова!”, “Край мой — кропелька Беларусі”, “Багата, родная ты мова”.

Актыўна ўключацца ў правядзенне Дня роднай мовы ўстановы адукацыі, як школы, так і дзіцячыя садкі. Малым будуць чытаць творы па-беларуску, разам з імі створаць наглядны тэматычны слоўнік “Як сказаць па-беларуску?”, правядуць канцэрты, дзе прагучаць вершы і песні на роднай мове, запланавана яшчэ шмат чаго іншага цікавага і пазнавальнага для малых, іх бацькоў і выхавальнікаў. У першай школе сярод іншых мерапрыемстваў будуць пісаць ўсяшкольную дыктоўку, а ў школе № 2 пройдзе тыдзень беларускай мовы і літаратуры, адразу некалькі ўстаноў (гімназія, Заеліцкі і Клятнянскі НПК) уключацца ў акцыю “Размаўляем па-беларуску”, у Катцы рыхтуюцца да конкурсу “Я ведаю”, а ва Усцярхах — да тэматычнай віктарыны. 

Калі ж вы, паважаныя нашы чытачы, ужо не ходзіце ў садок, скончылі школку і вас няма каму ўцягнуць у якое-небудзь мерапрыемства з нагоды Дня роднай мовы, а вам хацелася б яго якімсьці чынам адзначыць — калі ласка! Прачытайце і завучыце на памяць вось гэты невялікі, але такі добры верш паэткі Таццяны Мушынскай. Ён называецца “Якія бываюць словы”.

Цёплыя словы — сонца і хата,

Лепшыя словы — мама і тата.

Смачныя словы — хлеб і суніцы,

Росныя словы — кветкі, крыніца.

Чулыя словы — сын, калыханка,

Ясныя словы — лета і ранак.

Мудрыя словы — жыта і поле,

Светлыя словы — вецер і воля.

Даўнія словы — водгулле, род,

Гордыя словы — звон і народ.

Мне ж у кантэксце размовы хочацца прывесці словы Францішка Багушэвіча, сказаныя ім даўней, але і сёння яны не тое што не страцілі сваёй актуальнасці, а набылі, як мне здаецца, найбольш вострае гучанне: “Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананнем, катораму мову займае, пасля і зусім замерлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”

Таццяна ЛУКАШЭВІЧ

« У мінулую суботу, 16 лютага, на цэнтральным стадыёне Глуска праходзілі раённыя спаборніцтвы па лыжным спорце сярод школьнікаў
Конфликт завершился поножовщиной »
  • Год мира и созидания
  • Падпіска 2023
  • Оплата услуг редакции через ЕРИП
  • Реклама

  • Версия для слабовидящих
  • Мы в соцсетях





  • Рубрики
    • Актуально (1 119)
    • АПК (404)
    • Беларусь помнит (156)
    • Власть (474)
    • Гісторыя Глушчыны (136)
    • Год мира и созидания (10)
    • Духовность (178)
    • Есть вопрос? Есть ответ! (82)
    • Как выписать газету (2)
    • Калейдоскоп (63)
    • Культура (319)
    • Общество (5 126)
    • Происшествия (398)
    • Реклама (0)
    • РОЧС информирует (42)
    • Спорт (358)
    • Творческие проекты (202)
    • Тема недели "БелТА" (59)
    • Четыре стороны света (4)
    • Экономика (407)
  • Баннеры
  • Архив газеты
  • Погода в Глуске
    Глуск
  • Яндекс.Метрика
Тема предоставлена Web 2.0 News.
© 2023 Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска  Все права защищены.
Сайт Президента Республики Беларусь Глусский районный исполнительный комитет
Top