Темы

Працоўны настрой

Працоўны настрой
Аляксандр Гаравікоў

Аграфірма “Слаўгарадскі” ў гэтым годзе першай пачала сяўбу ранніх яравых і першай яе закончыла. Немалая заслуга ў гэтым Аляксандра Гаравікова, які адзін, лічы, засеяў усе немалыя плошчы, адведзеныя ў гаспадарцы пад гэтыя культуры, а гэта ні многа ні мала 739 гектараў. І работу не спыняе. Каб сустрэцца з Аляксандрам Анатолевічам, мы паехалі аж за Барбарова, на поле “Тміннае”, дзе ён сеяў ужо аднагадовыя зерневыя на зялёны корм. Інакш бы не атрымалася сустрэчы: механізатар у полі ўжо ў сем раніцы, а вяртаецца, бывае, калі добра-такі сцямнее. “Чаго тэхніку туды-сюды ганяць? Пакуль поле не закончыш сеяць, няма чаго ехаць на базу”, — гаворыць ён. — Перабояў з гаручым сяголета няма, тэхніка падрыхтавана да вясны добра, не ламаецца, дык чаму не працаваць?” Аляксандр Гаравікоў разумее, што гаворыць, бо ў механі-затарскай і ўвогуле сельскагаспадарчай справе далёка не навічок, у “Слаўгарадскім” больш за 20 гадоў працуе (з невялікімі перапынкамі). Любіць, каб усё было арганізавана, зладжана, без мітусні. Тэмп яго работы, напрыклад, залежыць не толькі ад якасці тэхнікі і паставак гаручага, але і ад таго, наколькі без затрымак на поле падвозяць насенне. І сапраўды, гэта ж не ў агародзе з пакеціка пасыпаць, тут зусім іншыя маштабы, падумала я. (Аказалася, што загрузчык насення змяшчае пяць тон, іх хапае, каб запоўніць сеялку два з паловай разы). У дзень, калі мы прыехалі на поле, на падвозе насення працаваў Яўген Меснік, і нараканняў на маладога напарніка ў Гаравікова не было.

Намеснік дырэктара аграфірмы “Слаўгарадскі” Вікторыя СамусеваНамеснік дырэктара аграфірмы “Слаўгарадскі” Вікторыя Самусева

А як увогуле ў “Слаўгарадскім” арганізаваны веснавыя работы? У пятніцу, 12 красавіка, мы завіталі ў гэтую гаспадарку, каб пагутарыць са спецыялістамі і механізатарамі і на свае вочы пабачыць, як тут працуюць і якія ўмовы для працы тут створаны.

На сяўбе задзейнічаны зараз тры энерганасычаныя трактары — два МТЗ-3522 і адзін МТЗ-3022, расказала намеснік дырэктара аграфірмы “Слаўгарадскі” па ідэалагічнай рабоце Вікторыя Самусева. На трактары з сеялкай працуе Аляксандр Гаравікоў, на ўзворванні — Аляксандр Філіпенка, а на апрацоўцы глебы з культыватарам — Мікалай Фясько. У гаспадарцы 44 маладыя работнікі, з іх 3 механізатары, і вялікія надзеі тут ускладаюць на Уладзіміра Грашчанку, заўважыла намеснік па ідэалогіі: у хлопца ёсць жаданне працаваць, маецца ў яго, так бы мовіць, і механізатарскі талент, і любоў да зямлі. У “Слаўгарадскім” працуе бацька Уладзіміра, Юрый Грашчанка, так што і параіцца таксама ёсць з кім. Абодва яны заняты на падрыхтоўцы глебы, сыну даверылі МТЗ-1221 з дыскамі, у бацькі МТЗ-2022 з агрэгатам АКШ-6. Таксама на падрыхтоўцы глебы задзейнічаны Канстанцін Кірылаў, ён працуе на МТЗ-1221 з плугам. Яшчэ адзін механізатар Кірылаў, толькі Аляксандр, быў заняты на падсяванні траў.

Выконваючы абавязкі галоўнага агранома Генадзь Янушэўскі

Увогуле, у “Слаўгарадскім” прозвішчы работнікаў нярэдка паўтараюцца, бо поплеч працуюць браты ці, як у Грашчанкаў, бацька і сын. “І прозвішчы, як бачу, усе знаёмыя, мясцовыя, бо пра іх працоўныя дасягненні пішам з году ў год. А ці ёсць патрэба ў прыцягненні дадатковых рабочых рук і тэхнікі з іншых арганізацый, як у некаторых гаспадарках раёна?” — спыталася я ў Вікторыі Самусевай. “Не, кадраў нам хапае сваіх, да таго ж яны ўсе людзі спраўныя, працавітыя, правераныя, надзейныя, адказныя. Усе разумеюць, што як пасееш — так і пажнеш”. Як высветлілася, аграфірма яшчэ і астатнім гаспадаркам дапамагае, калі трэба.

Малады работнік аграфірмы Яўген Меснік

Кажуць, вясенні дзень год корміць, і з гэтым не паспрачаешся. Акрамя сяўбы, ёсць яшчэ немалы фронт работ, якія трэба выконваць хутка, не размусольваючы. Справіўшыся з раннімі яравымі зерневымі і зернебабовымі, адразу, не марнуючы часу, у аграфірме прыступілі да сяўбы аднагадовых зерневых, якія пойдуць на зялёны корм, расказаў выконваючы абавязкі галоўнага агранома Генадзь Янушэўскі. (Дарэчы, пасяўныя плошчы “Слаўгарадскага”, які і так займае немалую частку раёна, лічы, ад Заеліцы да Вайцяхова, у гэтым годзе яшчэ больш павялічацца: плануецца ўвесці ў севазварот каля 200 гектараў пашаў, яны будуць заняты пад кукурузу.)

Добра перазімавалі азімыя культуры, усе 420 гектараў, патрабавалі толькі падкормкі, і з гэтым у гаспадарцы таксама зацягваць не сталі, растлумачыў Генадзь Янушэўскі. Пад ячмень унеслі 22 тоны фосфарных удабрэнняў, у пятніцу заканчвалі падкормку азотам трыцікале і жыта, з наступнага дня планавалі ўносіць калій пад кукурузу — разлічваюць падкарміць 700 гектараў. Балазе, што ў гэтым годзе няма ніякіх перабояў з мінеральнымі ўдабрэннямі, кажа выконваючы абавязкі галоўнага агранома. На падкормцы працуе Мікалай Анікееў, на дапамогу яму некалькі дзён выходзілі Яўген Філіпенка і Міхаіл Сербаў, зараз яны возяць на палеткі арганіку. Таксама вывазам арганікі займаецца Сяргей Дзешкавец.

Колькі слоў скажу і пра Генадзя Янушэўскага. Ён адзін са старажылаў “Слаўгарадскага”, працуе тут з 1981 года, у свой час быў начальнікам вытворчага ўчастка ў Слаўкавічах, у апошні час — у паляводстве. Пасля таго як у гаспадарцы змянілася некалькі галоўных аграномаў (і з кожным былі пытанні), вырашылі ўзяць свайго, надзейнага, які будзе і ведаць справу, і перажываць за яе, расказала Вікторыя Самусева.

Нашча і песня не спяваецца, гавораць у народзе, і тым болей добра падсілкавацца трэба таму, хто працуе ў полі. Другі сезон запар пра харчаванне механізатараў “Слаўгарадскага” клапоціцца повар сталовай Ірына Стрэж. У гэтым годзе, кажа, лічы, на месяц раней, чым у мінулым, запрацавала калгасная сталовая — бо сеяць пачалі раней. Да леташняга сезона ў сталовай зрабілі грунтоўны рамонт, купілі новы посуд, таму ў гэтым годзе абышліся малымі сіламі, так, крыху падфарбавалі, дзе трэба, падправілі.

Повар сталовай аграфірмы “Слаўгарадскі” Ірына Стрэж

Кормяць людзей два разы на дзень, у абед і вечарам. Пакуль няма такіх маштабных работ, як падчас уборачнай, гатуюць на 15—20 чалавек. Па словах повара, меню разнастайнае, яна імкнецца, каб не паўтаралася адно і тое ж кожны дзень. Баршчы, супы, з другіх страў асабліва паважаюць механізатары пюрэ, але гатуе повар і грэчневую кашу, і гуляш, і плоў… На днях, згадала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, быў такі абед, што мужчыны адразу празвалі яго каралеўскім: боршч з капусты, пюрэ са смажанай рыбай і салата з пекінскай капусты, зялёнага гарошку і вэнджанай каўбасы. У дзень, калі мы прыехалі, на абед былі запланаваны гарохавы суп, смажаніна па-дамашняму і кампот з глогам, і з раніцы ўсё гэта ўжо скварчэла на пліце. Рабочая змена повара зараз пачынаецца ў восем раніцы, і не пазней паловы дванаццатай машына з абедамі ўжо выпраўляецца ў рэйс. Раздатчыцай абедаў працуе Наталля Коваль, а вадзіцель — Віктар Власевіч. Менавіта ад іх залежыць, наколькі хутка механізатары атрымаюць гарачую ежу. Гэта ж не тое, што ўсе людзі ў адным месцы: трэба аб’ехаць некалькі кропак.

 З зарплаты работнікаў вылічваюць 20 працэнтаў ад кошту абеду, гэта выходзіць паўтара-два рублі ў дзень, гаворыць Вікторыя Самусева. Дарэчы, у мінулым годзе зрабілі запас сухафруктаў, ідэю, прызналася ідэолаг, падгледзела ў мясцовай школе. У Барбарове ёсць калгасны сад, і работнікі сталовай ездзілі туды збіралі яблыкі, а потым іх сушылі. Затое вось цяпер як знайшлі, карысны кампот вараць, бо чай кожны дзень таксама надакучвае ды і даражэй выходзіць. Таксама аграфірма частку плошчы сховішча для агародніны здае ў арэнду мясцоваму фермеру, вось яшчэ для сталоўкі капуста і морква. Дарэчы, механізатары ў полі нам пацвердзілі: гатуюць у калгасе смачна, сытна, на повара няма чаго крыўдаваць, і гарачы абед нашмат лепей, чым любая ссабойка.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Г. АЎТУХОВАЙ

Последние новости

Актуально

Рабочие без зарплаты — начальник с премией?

15 июля 2025
Читать новость
Калейдоскоп

С теплом и дождем

15 июля 2025
Читать новость
Общество

#НашеЛучшее

15 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко встретился с ректором Пекинского университета Гун Цихуаном

15 июля 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: сотрудничество с Санкт-Петербургом для Беларуси – приоритет приоритетов

14 июля 2025
Читать новость
Год благоустройства

Идет ремонт на территории Глусской СШ № 2

13 июля 2025
Читать новость