Усё залежыць ад гаспадара


У рэйд па Завалочыцкім сельсавеце разам з начальнікам Глускай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Леанідам Васілеўскім і галоўным санітарным урачом раёна Цімурам Разанавым накіраваўся і прадстаўнік рэдакцыі — каб усё не толькі пабачыць і зафіксаваць, а і іншым паказаць — як узор для пераймання або як прыклад, варты не пераймання, а тэрміновага выпраўлення хібаў. Пакуль даехалі да земляў Завалочыцкага сельсавета, завярнулі ў Калацічы, пабылі каля пагосцкіх могілак, не мінулі Макавічы. Тут, відаць, чакалі машыну па вывазе смецця і ўжо павыносілі мяхі, вёдры, вываркі, пакеты і акуратныя вязанкі пасечаных галінак — усё па-гаспадарску, як мае быць. Праўда, каля некаторых хат мяхоў было мнагавата (у адным месцы налічылі мо восем). Не ведаю, як для камунальнікаў, а як па мне, дык гэта ўсё ж лепш, чым панавальваць цэлыя лаўжы дзе-небудзь у канцы агарода (такую карціну мы таксама бачылі ў Макавічах — так сабе відовішча, скажу я вам). Ну ды гэта, так бы мовіць, уступнае слова.
І вось яна, тэрыторыя Завалочыцкага сельсавета, вёска Бабірова. На ўездзе паклонны крыж, акуратныя дамы — дзе гаспадары ёсць, і ўжо пазарастаныя селішчы з пахілымі пабудовамі — дзе гаспадароў ужо няма. У сяле два магазіны, адзін працуе ад райпо, другім валодае прыватны гаспадар, каля абодвух чыста, акуратна, але ў першым патрэбна падрамантаваць і замацаваць стойку для веласіпедаў — раскрышваецца паціху, а за будынкам магазіна засталася немалая куча смецця — яго не вывезлі пасля ўборкі, калі не вывезці ў бліжэйшы час, усё зноў паразлятаецца. Поўны парадак мы ўбачылі на тэрыторыі тамтэйшага клуба, ФАПа, паштовага аддзялення, упрыгожвае вулічку будынак царквы. Ёсць у Бабірове і свае могілкі, на іх тэрыторыю наша рэйдавая група не пайшла, бо, як вядома, парадак там людзі возьмуцца наводзіць бліжэй да Радаўніцы. Нас жа цікавіла пляцоўка для смецця: як растлумачылі Леанід Васілеўскі і Цімур Разанаў, патрабаванні да яе ўладкавання такія: цвёрдае пакрыццё знізу (каб не забруджваць экалогію) і агароджа з трох бакоў (каб смецце не разляталася навокал). Гэтым патрабаванням пляцоўка каля бабіроўскіх могілак адпавядала. А вось з пясчаным насыпам вакол міні-палігона для цвёрдых камунальных адходаў, што размешчаны недалёка за сялом, штосьці было не так, бо праз яго павылятала смецце. Магчыма, само па сабе гэта не абурыла б так начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, калі б плёнка і іншыя цэлафанавыя рэчы не апынуліся ў прылеглым ляску — гэта ўжо сур’ёзнае парушэнне, адзначае Леанід Васілеўскі. Пабылі мы і на палігоне ТКА каля вёскі Паляна, там, бачна было, ляжалі мяхі, напакаваныя павыбіранымі са смецця і адсартаванымі другаснымі рэсурсамі (шклом, пластыкам, паперай). А вось цэлафанавыя пакецікі на перапрацоўку не прымаюцца, таму застаюцца на палігоне і разносяцца ветрам куды заўгодна. Праблема… Зразумела, што абодва гэтыя міні-палігоны належаць і абслугоўваюцца “Жылкамгасам”, а таму менавіта гэтаму прадпрыемству патрэбна будзе адрэагаваць на зробленыя і накіраваныя туды заўвагі.

Былі заўвагі і пытанні і да Завалочыцкага сельскага выканаўчага камітэта пасля таго, як рэйдавая група праехала па аграгарадку. Што сказаць: па вуліцах і вакол дамоў чыста, людзі стараюцца, прыбіраюць, упрыгожваюць (дарэчы, не толькі ў аграгарадку, а і ў невялікай па колькасці насельніцтва, крыху больш за 30 чалавек, Паляне). Але ж ёсць месцы закінутыя або пакінутыя сваімі гаспадарамі. Вельмі паказальнай у гэтым плане мне бачыцца тэрыторыя за двума суседнімі двухпавярховымі дамамі № 30 і 32 па вуліцы Рыбака: каля саміх дамоў няблага, а вось крыху далей — дык сапраўдныя джунглі і шанхай у адным флаконе. Джунглі — бо пазарастала ўсё, а шанхай — бо да лядашчых хлевушкоў і пунек налеплены такія ж лядашчыя і маленечкія катушкі, што ўсё разам стварае ну вельмі сумную карціну. І справа не ў тым, што гаспадары тут падабраліся такія несумленныя, а ў тым, што заселена ў гэтых дамах менш за палову кватэр (9 з 24), растлумачылі ў сельвыканкаме, і жыльцы свае пабудовы даглядаюць. Зусім іншая справа з тымі, дзе гаспадароў няма. Такіх пабудоў па аграгарадку, як і па сельсавеце ўвогуле, сапраўды хапае, іх паступова зносяць, парадак наводзяць, але на ўсё патрэбны час, сродкі, тэхніка. Ну і, вядома, сумленнае стаўленне да навядзення і падтрымання парадку саміх людзей. У большасці сваёй яны так да гэтага і адносяцца, калі ж і даводзіцца каму выдаць прадпісанне, гаворыць кіраўнік спраў сельвыканкама Алена Лук’янец, то рэагуюць своечасова і робяць усё, што патрэбна.
Належным чынам выглядае тэрыторыя Завалочыцкай школы, чыста вакол мясцовага аварыйна-выратавальнага паста. Зрэшты, аб’язджаць увесь аграгарадок мы не планавалі, хацелі яшчэ паглядзець пляцоўку каля могілак, яна аказалася агароджанай, з цвёрдым пакрыццём і нават амаль без смецця. (Чаго не скажаш пра пляцоўку каля барысаўшчанскіх могілак, куды вяскоўцы назносілі не толькі лісце з магіл, а і рэшткі сваёй жыццядзейнасці. Праўда, гэта ўжо тэрыторыя іншага сельсавета, а значыць, іншая гісторыя і іншая размова). Тут жа трэба яшчэ сказаць пра адносны парадак на машынным двары ў Сіманавічах: тэрыторыя вялікая, чыстая, акуратна расстаўлена тэхніка, шмат заасфальтаваных пляцовак, толькі вось для захоўвання металалому чамусьці выбралі месца не на цвёрдым пакрыцці, як патрэбна, а на зямлі, што, па словах Леаніда Васілеўскага, парушае пэўныя прыродаахоўныя нормы. Станоўчая ў цэлым і карціна ў зоне адпачынку, што ў лесе непадалёк ад Бабірова, але адна-дзве пластыкавыя бутэлькі па дарозе да яе і некалькі пустых пакецікаў-паперак побач з ёю крыху сапсавалі агульнае ўражанне ад убачанага тут. Цімур Разанаў і Леанід Васілеўскі штосьці запісалі ў свае нататнікі, каб накіраваць потым заўвагі адпаведным службам. Пры гэтым усім зразумела, што смецяць-то не службы, а людзі, што праязджаюць, адпачываюць тут, вось кагосьці з гэтых парушальнікаў аштрафаваць бы, аднаго, другога, дык трэці, мабыць, і задумаўся б.
Што ж датычыць агульных вынікаў гэтага рэйду, то, па словах Леаніда Васі-леўскага, актыўнай работы па навядзенні парадку на тэрыторыі Завалочыцкага сельсавета пакуль не назіраецца, як з боку самой сельскай улады, так і некаторых службаў, аб’екты якіх размешчаны ў гэтай мясцовасці. Даручэнні па выяўленых недахопах будуць перададзены ў раённы штаб па навядзенні парадку з вызначэннем тэрмінаў выканання. (Зрэшты, некаторыя даручэнні даваліся спецыялістам па тэлефоне проста падчас самога рэйду — для больш хуткага вырашэння пытанняў, якія не патрабуюць значных сродкаў і часу.) Цімур Разанаў найбольш значнай праблемай сельсавета назваў навядзенне парадку каля шматкватэрных дамоў у аграгарадку і знос лядашчых пустуючых будынкаў: калі іх не будзе, не будзе і звалак смецця вакол іх. А іншых сур’ёзных і сістэмных парушэнняў, па яго словах, не выяўлена, усе існуючыя недахопы могуць і павінны вырашацца ў рабочым парадку. Я ж у чарговы раз пераканалася ў тым, што ўсё залежыць ад гаспадара (ці ў прыватным сектары, ці ў грамадскім, ці на тэрыторыі іншай якой прыналежнасці). Калі ён увішны, любіць парадак і чысціню, то навядзе іх без пануканняў, пагроз і асаблівых запрашэнняў. Калі нядбалы — так і будзе чакаць, пакуль хто папхне ў плечы штрафам, пагрозай ці яшчэ як. У цэлым жа, як мне здаецца, сітуацыя з навядзеннем парадку ў Завалочыцкім сельсавеце даволі тыповая: штосьці паспелі ўжо зрабіць, штосьці яшчэ не, на штосьці сродкаў не хапае. Але работа вядзецца і будзе прадаўжацца.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара