Темы

У глускай сярэдняй школе № 1 імя Сяргея Іванавіча Грахоўскага на мінулым тыдні ўрачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю ў гонар паэта-земляка

У глускай сярэдняй школе № 1 імя Сяргея Іванавіча Грахоўскага на мінулым тыдні ўрачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю ў гонар паэта-земляка

“Зноў прывялі дадому сцежкі…”, “За Глускам, у глухіх барах…”, “Даўно ў мяне сталічная прапіска…”, “Люблю зямлю, што пахне лесам…”, “Стаяць дубровы ў жнівеньскай красе…”  — гэтыя і іншыя радкі з вершаў Сяргея Іванавіча Грахоўскага гучалі ў мінулую пятніцу каля школы, што носіць імя славутага земляка. Так, не ў актавай зале, не ў класе, а на вуліцы: чарговую гадавіну з дня нараджэння паэта вучні і настаўнікі сустракалі значнай падзеяй — адкрыццём скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Сяргею Іванавічу. Яна ўяўляе сабой разгорнутую кнігу з барэльефам Грахоўскага і ўрыўкам з яго верша. І хоць сама цырымонія праходзіла 27 верасня, на некалькі дзён пазней, чым дата нараджэння, гэта ніяк не паўплывала на ўрачыстасць моманту.

У сярэдняй школе № 1 імя Сяргея Іванавіча Грахоўскага на мінулым тыдні ўрачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю ў гонар паэта-земляка. Сярод пачэсных гасцей свята была яго дачка Таццяна Грахоўская
Аўтар помніка Аляксандр Гулевіч атрымаў Падзячны ліст ад дырэктара СШ № 1 Ігара Маслава

Пачэснай госцяй на свяце была дачка Сяргея Грахоўскага Таццяна Сяргееўна, і добрая, прыязная ўсмешка выдавала, што ёй даспадобы, як беражліва захоўваюць памяць пра яе бацьку-паэта на яго малой радзіме. Таццяна Сяргееўна і сама прачытала адзін з вершаў Сяргея Іванавіча, як гэта робіць на ўсіх сустрэчах са школьнікамі. У гэты раз яна выбрала верш “Шыпшына”, верш-гімн жыццю і верш-запавет (“…I пакуль не замоўк, аднаго папрашу: На грудку ў галавах пасадзіце шыпшыну”). Можа, і каля новага помніка калі-небудзь з’явіцца куст дзікай ружы з прыгожымі яркімі кветкамі. А вось музею Сяргея Грахоўскага ў школе дакладна быць, і ў хуткім часе, запэўніла начальнік раённага аддзела па адукацыі, спорце і турызме Святлана Лісіца. А побач з памятным знакам паявіцца фотагалерэя, якая будзе апавядаць пра жыццё і творчасць пісьменніка.

Аўтар-выканаўца ўстаноўленага помніка — Аляксандр Гулевіч, настаўнік працы СШ № 2, мастак, і ён таксама быў на гэтай імпрэзе сярод пачэсных гасцей. Ад вучнёўскага і настаўніцкага калектыву школы імя Грахоўскага яе дырэктар Ігар Маслаў уручыў Аляксандру Гулевічу Падзячны ліст. Вітаючы ўсіх сабраўшыхся (на адкрыцці помніка, акрамя вучняў першай школы, былі таксама гімназісты і вучні СШ № 2, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Самуйлік, пісьменнік і журналіст Навум Сандамірскі, жыхары Глуска), Ігар Маслаў заўважыў: “Пера-фразіруючы Вальтэра, скажу: калі б гэтага помніка не было, яго б трэба было стварыць. Не дзеля Сяргея Іванавіча Грахоўскага, а дзеля нас саміх”. А яшчэ дырэктар школы разважыў так: “У кожнага творчага чалавека, пэўна, ёсць мясціна, адкуль ён чэрпае сілы, энергію і куды пасля смерці вяртаецца яго душа. Я веру, што Сяргей Іванавіч тут, з намі, ён ахоўвае нашу школу, ахоўвае нашу Глушчыну…”

Так гэта ці не, мы дакладна ведаць не можам, але несумненна тое, што памяць пра глускага паэта на глускай зямлі жыве. Дарэчы, кветкі, падораныя Таццяне Грахоўскай падчас імпрэзы, яна завезла на магілу бацькі — як сімвалічную часцінку нашай памяці пра яго, як прывітанне з малой радзімы.

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Ганны АЎТУХОВАЙ

Последние новости

Власть

Лукашенко направился с рабочим визитом в Россию

8 мая 2026
Читать новость
Общество

Накануне 9 мая глусчане несут цветы и венки к памятникам и обелискам погибшим в Великой Отечественной войне

8 мая 2026
Читать новость
Общество

Совет ветеранов организовал полезную встречу

8 мая 2026
Читать новость
Общество

В нашем фоторепортаже — поздравления с 9 мая от ОАО «Глусский АГРО» и «Глусская Заря»

8 мая 2026
Читать новость
Будь в курсе

В КГК Могилёвской области 11 мая пройдет горячая линия по вопросам качества дорог

8 мая 2026
Читать новость
Общество

Кожная пятніца — роднае, сваё! Сёння згадаем, дзеля чаго трэба наведаць Горкі

8 мая 2026
Читать новость

Рекомендуем