Темы

З блакнотам па раёне. Вёска Поблін

З блакнотам па раёне. Вёска Поблін

Працяг 

Пціч роўна жыццё

У жыцці поблінцаў рака заўсёды мела вялікую ролю — гэта і яшчэ адзін шлях зносін з суседнімі вёскамі, і дадатковая (дарэмная, можна сказаць) крыніца ежы — рыбы. Амаль у кожнай сям’і меўся свой човен, і кожны гаспадар быў рыбаком. “Мой бацька, — расказвае Кацярына Барысік, — родам з Вайцяхова, дзе няма ні ракі, ні возера. А калі ажаніўся і прыйшоў жыць у Поблін, стаў заядлым рыбаком. Адзін год ён усю вясну і лета запісваў, колькі за дзень злавіў рыбы. Потым падлічыў, і атрымалася, што за сезон ён злавіў больш за 300 кілаграмаў рыбы. Мы яе елі і вараную (юшку мама рабіла), і смажаную, і запечаную, і сушаную, і ў рэшце рэшт ужо на яе глядзець не маглі — так яна надакучыла (смяецца). Я неяк спытала ў таты, ці хацеў бы ён вярнуцца жыць назад у сваю родную вёску. А ён адказаў: “Што там рабіць, там жа няма ракі!” Так, мясцовыя шмат рыбы лавілі, нават абрусамі, начоўкамі. Такіх вялікіх яршоў ды шчупакоў выцягвалі! А рака ў нас заўсёды была чыстая — вада празрыстая, а берагі з жоўтым пясочкам. Рэдка дзе па берагах сустракаліся дрэвы ды кусты”.

Жыхаркі Побліна сёстры Антаніна Васілеўна Лубко і Зінаіда Васілеўна Грыпінская

Старажылы расказваюць, што ў старым рэчышчы, там, дзе стаяў млын, вадзіліся велічэзныя самы. “Наша бабуля, — працягвае ўспамінаць Кацярына Барысік, — ніколі не пускала гусей на тое месца, бо самы з’ядалі не толькі малых гусянят, але і вялікіх, і нават дарослых птушак. Ну і мясцовыя рыбакі не сядзелі склаўшы рукі: лавілі тут гэтых рыбін вагою пад 100 кілаграмаў. Такіх і ўявіць цяжка!”

Вяскоўцы адзначаюць, што і зараз у кожнага рыбака-поблінца ёсць “сваё” прыкормленае месца — можна сказаць, што рака і мясцовыя канавы (дзе таксама водзіцца шмат рыбы) негалосна падзелены паміж мясцовымі аматарамі вуды. 

Поблінская аматарка рыбалкі Тамара Мікалаеўна Лявонцьева

Дарэчы, сярод аматараў рыбалкі ў Побліне не толькі мужчыны, але і жанчыны. З адной з іх, Тамарай Мікалаеўнай Лявонцьевай, мы сустрэліся і паразмаўлялі: “У мяне цікавасць да рыбалкі яшчэ з дзяцінства, — гаворыць Тамара Мікалаеўна. — Тата паказаў, навучыў усяму, што ведаў сам. І з той пары рыбалка стала маім вялікім захапленнем. Але ж я ў вёсцы не адна такая: мая суседка Тамара Мароз (жыве ў Слуцку, а на лета едзе ў Поблін) таксама рыбачка, ёсць і іншыя жанчыны. Дарэчы, Тамара яшчэ і пчоламі займаецца сама. Вясною, як толькі пацяплее, прывозіць іх у вёску, усё лета яны тут жывуць, збіраюць мёд з нашых мясцовых духмяных кветак, а ўвосень з пчоламі зноў вяртаецца ў Слуцк. А я ж не ўяўляю свайго жыцця без Побліна. Таму, хоць і пражыла доўга ў Глуску, зараз амаль пастаянна ў любімай вёсцы”. 

Вуліца, што вядзе да ракі

Не толькі людзей у цяжкія пасляваенныя гады карміла рака, а і жывёле давала харч. Зінаіда Грыпінская ўспамінае: “Недзе пасля вайны, калі вельмі цяжка было пракарміць скаціну, мы падчас разліву ездзілі на чоўне рваць лотаць для каровы. Гэта зараз травы ў вёсцы колькі хочаш, а раней, каб пракарміць жывёлу, збіралі кожную травінку. Суседзі сварыліся не толькі за лапату зямлі, а і за расліннасць. А калі ўжо не было чаго рваць у вёсцы і каля яе, хадзілі аж пад Усцярхі па траву для свіней. І на берагах ракі ні адной травінкі ды кусціка не было — усё каровы, козы, гусі ды авечкі з’ядуць”.

“Так, гусей поблінцы гадавалі заўсёды шмат, — падхоплівае размову Кацярына Барысік. — Гэтыя птушкі не патрабавалі асаблівага догляду. Бывала, гаспадыні выганяць іх пасвіцца на раку, яны сплывуць аж у Падлужжа, усё лета там жывуць і толькі восенню прыплываюць назад у Поблін. Як пазнавалі сваіх гусей? Нават не ведаю, напэўна, па старых птушках. Заганялі гусей у хлеў, трохі адкормлівалі іх, і ўсю зіму сям’я была з мясам. Гусей тушылі, варылі з іх халадзец. Вельмі смачныя былі з высмажанага гусінага тлушчу скваркі. Елі іх звычайна з бульбаю. Мясцовыя ж нявесты заўжды былі з вялікім пасагам у выглядзе шматлікіх падушак, коўдраў і нават мяккіх пярын.

А яшчэ на раку поблінскія жанчыны хадзілі круглы год паласкаць бялізну. Зімою гэты працэс быў вельмі складаны. Дома мылі бялізну, потым залівалі яе кіпнем, складвалі ў кадушкі, іх ставілі ў санкі і везлі да пелькі, якую самі высякалі ў тоўстым лёдзе. Палошчаш, рукі замерзнуць, пагрэеш іх аб цёплую бялізну і далей працуеш”.

“Зараз, — працягвае размову Антаніна Васілеўна, — на жаль, і людзей у нас мала, да ракі няма каму хадзіць. Няма ні гусей, ні жывёлы ў вёсцы, каб з’ядалі лішнюю расліннасць… Зараслі берагі нашай ракі… Некалькі месяцаў таму назад зяць мяне вёз з Усцярхоў да Побліна на маторцы па рацэ. Плывеш, як у тунэлі з дрэў і кустоў, а лугоў, калісьці прасторных ды шырокіх, не відаць…”

Вайна: ад Першай сусветнай да Вялікай Айчыннай

Поблінцы, зразумела, не аставаліся ў баку ад падзей сусветнага маштабу. Ураджэнцы вёскі ваявалі на фронце падчас Першай сусветнай вайны. На сайце gwar.mil.ru, прысвечаным падзеям гэтай вайны, з цяжкасцю, але можна адшукаць звесткі пра салдат — ураджэнцаў Побліна. Напрыклад, Аляксандр Іванавіч Дзяньжак, ратнік 88-га пяхотнага Пятроўскага палка, быў забіты 6 жніўня 1915 года пад вёскай Стрэльцы. Іларыён Захаравіч Пуліновіч, малодшы унтэр-афіцэр 120-га пяхотнага Серпухаўскага палка, у 1915 годзе каля Беластока быў паранены ў правае перадплечча. Ілья Сямёнавіч Лазовік, радавы 84-й рабочай дружыны, у красавіку 1916 года знаходзіўся ў лазарэце (у Калужскай губерні), хварэў на сыпны тыф. Міхаіл Апанасавіч Трыбуш, 1879 года нараджэння, як пазначана ў дакуменце, белабілетнік (чалавек, які прызнаны непрыдатным па стане здароўя несці вайсковую службу), у ліпені 1917 года знаходзіўся ў распараджэнні Бабруйскага воінскага начальніка.

У 1941 годзе, калі над роднымі мясцінамі навісла чарговая бяда — Вялікая Айчынная вайна, поблінскія мужчыны сталі на абарону Радзімы. Кагосьці прызвалі ў чэрвені 1941-га, а кагосьці не паспелі — вельмі хутка акупанты прыйшлі ў вёску. Так, бацьку Зінаіды Васілеўны і Антаніны Васілеўны забралі на фронт пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе. Дадому ён ужо не вярнуўся. Па дадзеных ваеннага архіва (на сайце pamyat-naroda.ru), Васіль Сямёнавіч Грыпінскі загінуў 13 студзеня 1945 года і першапачаткова быў пахаваны ва Усходняй Прусіі (Гумбіненская акруга, горад Грос Тракенен, у парку на скрыжаванні дарог, брацкая магіла № 42; зараз гэта Калінінградская вобласць, Несцераўскі раён, пасёлак Ясная Паляна).

Гэты ж архіў дае сведкі і аб іншых поблінцах (усяго пошукавая сістэма сайта знайшла 28 чалавек). Напрыклад, Мікалай Сямёнавіч Яворка, яфрэйтар 340-й стралковай дывізіі, забіты 14 лютага 1942 года, пахаваны ў вёсцы Барсукі Масальскага раёна Смаленскай вобласці. Захар Фёдаравіч Тарасевіч, стралок 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі, забіты ў канцы студзеня 1945 года ва Усходняй Прусіі, пахаваны ў брацкай магіле.

Ваявалі поблінцы і ў партызанскіх атрадах. На сайце partizany.by ёсць некалькі ўзнагародных лістоў, што датычацца ўраджэнцаў Побліна. Адзін з іх — Яўгена Кліменцьевіча Тычыны. У лісце напісана (тут і далей арфаграфія і пунктуацыя захаваны): “Рядовой боец отряда им. “Сильницкого” бр. 225 Полесского Соединения представляется к награде медалью Партизану Отечественной войны I ст”. Там жа пазначана, што ў гэтым партызанскім атрадзе Яўген Тычына — з 1 жніўня 1942 года, і коратка расказваецца пра яго заслугі: “Тов. Тычина Е. К. за время пребывания в партизанском отряде имеет на своем боевом счету будучи минером 2 (два) вражеских эшелона, участвовал в разгромах немецко-полицейских гарнизонов. Дисциплинирован в боевых операциях”.

Другі ўзнагародны ліст — на імя Рыгора Кліменцьевіча Тычыны, які з чэрвеня 1941 года быў у партызанскім атрадзе. Яго прадстаўлялі да ўзнагароджання медалём “За адвагу”: “Тычина Григорий Климентиевич оставлен [на оккупированной территории] Глуским райкомом Партии. За период пребывания в отряде проявлял смелость и отвагу в разгроме немецко-полицейских гарнизонов. Участник диверсионной группы — минерам имеет на своем счету спущенный под откос один вражеский эшелон с живой силой. При крушении уничтожено: один паровоз, девять вогонов и убито сто сорок пять гитлеровцев. Подорвано две грузовые а/машины, из которых одна с живой силой пр-ка — уничтожено пять человек и одна — с продуктами. Лично он подорвал восем рельсов”. Акрамя гэтай узнагароды, камісар партызанскага атрада Рыгор Кліменцьевіч Тычына быў прадстаўлены да медаля “Партызану Айчыннай вайны” І ступені. Ва ўзнагародным лісце напісана: “Оставлен Глусским райкомом партии подпольным секретарем райкома комсомола. Был организатором 6ти подпольных комсомольских организаций. Участвовал в разгроме 5ти немецко-полицейских гарнизонов. Участник рельсовой войны…”. 

Звычайныя вяскоўцы таксама, як маглі, змагаліся з акупантамі. Па даных кнігі “Памяць. Глускі раён”, за сувязь з партызанамі ў 1942 годзе гестапаўцамі расстраляны Аляксандр Дзмітрыевіч Варэнік-Кульбіцкі,  у 1943 годзе — Павел Фёдаравіч Тупіца. 

Нялёгка было мірным жыхарам падчас акупацыі. Зінаіда Васілеўна Грыпінская згадвае: “У нас была кабылка, але праз некаторы час немцы яе забралі, каб не дасталася партызанам. Справа была зімою. Запрэглі акупанты нашу жывацінку ў сані, вывелі з двара і паехалі па вёсцы. Спыніліся па сваёй справе праз некалькі хат ад нашай і каня прывязалі да плота. Мама ціхенька ўздоўж плота прабралася да гэтага двара, адвязала кабылку, скокнула ў сані — і дадому. А тут хуценька распрэгла кабылку і захавала яе і сані ў хляве. Гэта, канешне, быў адчайны ўчынак. Чаму немцы не вярнуліся да нас у двор зноў, чаму не шукалі прапажу, я не ведаю, але ж тая кабылка засталася ў нас, хоць і ненадоўга. Усё ж такі забралі яе партызаны”.

Працяг будзе

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з сайта partizany.by

Последние новости

Власть

Лукашенко: Беларусь и Ливия восстанавливают интенсивные отношения

21 октября 2025
Читать новость
Актуально

Прямую линию проведет 22 октября заместитель начальника Могилевской таможни Михаил Артюховский

21 октября 2025
Читать новость
Общество

Семейные старты. На районный спортивный праздник пригласили глусские семьи

21 октября 2025
Читать новость
Общество

Республиканский субботник пройдет в Беларуси 25 октября

21 октября 2025
Читать новость
Общество

Прямую линию и прием граждан в Глуске 24 октября проведет Олег Дьяченко

21 октября 2025
Читать новость
Власть

Лукашенко: отцовские наставления помогают определять верные ориентиры и преодолевать трудности

21 октября 2025
Читать новость

Рекомендуем