Темы

Алея славы. Творчы праект «Радзімы» і савета ветэранаў. Ардэнаносны механізатар з калгаса “Гвардыя” Мікалай Марачкоў

Алея славы. Творчы праект «Радзімы» і савета ветэранаў.  Ардэнаносны механізатар з калгаса “Гвардыя” Мікалай Марачкоў

У сумесным творчым праекце газеты “Радзіма” і раённага савета ветэранаў “Алея славы” мы працягваем знаёміць чытачоў з нашымі землякамі, якія сваёй руплівай працай, высокімі дасягненнямі праслаўлялі Глускі раён. Герой чарговага матэрыялу — былы механізатар Мікалай Фёдаравіч Марачкоў, ураджэнец вёскі Цяснова, а цяпер жыхар Даколі.

Амаль 30 гадоў Мікалай Фёдаравіч працаваў у калгасе: спачатку “Шлях камунізма”, а потым у “Гвардыі”. Пачынаў радавым калгаснікам, пасля, атрымаўшы адукацыю, стаў трактарыстам, пазней быў звеннявым механізаванага звяна па вырошчванні бульбы, брыгадзірам трактарнай брыгады, загадчыкам майстэрні цэху механізацыі, а ўжо пасля выхаду на заслужаны адпачынак — майстрам-наладчыкам пункта тэхнічнага абслугоўвання ўсё ў тым жа калгасе “Гвардыя”. Тут трэба адзначыць, што афіцыйны працоўны шлях нашага героя пачаўся ў 1956 годзе, калі яму было 16 гадоў. Але ж на самой справе ў калгаснае жыццё Мікалай Фёдаравіч прыйшоў з 12-гадовага ўзросту. “Нам, пасляваенным вясковым дзецям, — расказвае Мікалай Марачкоў, — іншага выбару не было. Усе працавалі, дапамагалі бацькам: меншыя — па гаспадарцы, а крыху старэйшыя ішлі разам з дарослымі ў калгас. Вельмі цяжка жылося ў той час: ежы нават часцяком не было, не гаворачы ўжо пра нейкія іншыя рэчы. На ўсё жыццё запомніліся праснакі, зробленыя з перамёрзлай леташняй бульбы, якую мой старэйшы брат збіраў далёка ад вёскі на полі. Бульбу маці лупіла, варыла, а потым з гэтага рабіла цеста і пякла праснакі. У 12 гадоў пайшоў і я працаваць у калгас. Разам з іншымі вазіў з лесу на конях мох, якім падсцілалі жывёлу. Салома на подсціл не ішла: яе ўсю выкарыстоўвалі на корм каровам ды коням. Трэба сказаць, што ў той час тэхнікі ў калгасах было мала, таму пераважала ручная праца. Тарфакрошку вазілі летам на вазах, а зімою на вялікіх санях (нагружалі, зразумела, рыдлёўкамі ды шуфлямі), гной з хлявоў выкідвалі ўручную, бульбу абганялі коньмі, сена касілі таксама ручнымі косамі, кароў даілі ўручную…”

З цягам часу ў гаспадарках раёна стала з’яўляцца ўсё больш тэхнікі, і патрэбны былі спецыялісты, якія б на ёй працавалі. Таму ў 1960 годзе малады хлопец Мікалай Марачкоў адправіўся ў Смілавіцкае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, дзе атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста.

“Адзінаццаць гадоў я адпрацаваў на гусенічным трактары, — працягвае Мікалай Фёдаравіч. — Тэхнікі ў калгасе хоць і стала болей, але ўсё яшчэ не хапала, таму ў пасяўную, напрыклад, прыходзілася працаваць амаль суткамі: ноччу арэш, а ўдзень сееш. Паездзіш так цэлы дзень па палях, надыхаешся пылам — і сам увесь чорны, і адзенне, і для здароўя гэта шкода вялікая. Але ж працавалі, аддавалі ўсе сілы, бо ведалі, што дзяржаве карысць прыносім, ды і для сям’і добрыя грошы зарабіць можна было. Зімою ў трактарыстаў таксама было шмат працы — гной, тарфакрошку на палі вывозілі. Не сядзелі на месцы амаль ні аднаго дня. У 1970-я мяне перавялі ўжо на больш сучасны, удасканалены трактар “Беларус”. Быў я звеннявым механізаванага звяна па вырошчванні бульбы”.

Менавіта калі працаваў звеннявым, Мікалай Фёдаравіч дасягнуў найбольшых поспехаў. Вось як пісала пра нашага сённяшняга героя раённая газета “Сцяг Радзімы” ў сакавіку 1974 года: “Можна з упэўненасцю сказаць, што Мікалай Марачкоў з’яўляецца тыповым прадстаўніком сучаснай кагорты механізатараў, якім даручана самая дасканалая тэхніка. Каб працаваць на ёй, трэба быць універсалам. Такім і з’яўляецца Мікалай Марачкоў. Яго можна ўбачыць на трактары ў час сяўбы, за штурвалам камбайна ў час уборкі… Але асноўны занятак Мікалая Марачкова — вырошчванне бульбы. Вось ужо каторы год ён узначальвае механізаванае звяно па вырошчванню “другога хлеба” ў калгасе “Гвардыя”. Летась звяно з кожнага гектара сабрала па 170 цэнтнераў клубняў, а сёлета іх абавязацельства атрымаць па 200 цэнтнераў…”  Трэба адзначыць, што выхад у раённай газеце гэтай нататкі быў прымеркаваны да значнай падзеі ў жыцці Мікалая Фёдаравіча: у пачатку 1974 года яму ўручылі ордэн “Знак Пашаны”.

Фотаздымак і нататка пра механізатара-ўдарніка былі надрукаваны ў раённай газеце ў сакавіку 1974 года

Але ж, як паказала далейшае жыццё, гэта была толькі першая высокая ўзнагарода Мікалая Марачкова. У пачатку 1977 года ў раёнцы надрукавалі загад аб узнагароджванні працаўнікоў Глушчыны “за поспехі, дасягнутыя ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве, праяўленую працоўную доблесць у выкананні планаў і сацыялістычных абавязацельстваў па павелічэнню вытворчасці і продажу дзяржаве збожжа, бульбы і іншых сельскагаспадарчых прадуктаў”. Сярод узнагароджаных быў і Мікалай Фёдаравіч Марачкоў. Ён атрымаў ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі — адзін з вышэйшых ордэнаў у СССР, другі па значнасці пасля ордэна Леніна. У красавіку 1977 года на першай старонцы раённай газеты выйшла нататка за подпісам селькара М. Статкевіча: “…Зараз поўным ходам ідзе пасадка бульбы. Тут экіпажы бульбапасадачных агрэгатаў раўняюцца на звеннявога па вырошчванню бульбы, кавалера ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі Мікалая Фёдаравіча Марачкова. Сёлета наш перадавы механізатар садзіць бульбу ў брыгадзе Цяснова на 46 гектарах. Яго рубеж у юбілейным годзе — 220 цэнтнераў “другога хлеба” з кожнага гектара. Разам з М. Грамыка і М. Крупскім, якія абслугоўваюць бульбасаджалку, Мікалай Фёдаравіч пасадзіў клубні ўжо на палавіне сваёй плантацыі. Дзённая выпрацоўка на бульбасаджалку складае 5—6 гектараў. У гонар ударнага экіпажа на цэнтральнай сядзібе калгаса ўзняты флаг працоўнай славы”.

“Так, ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі быў вельмі ганаровай узнагародай, — працягвае нашу размову Мікалай Фёдаравіч. — Уручаў мне яго на ўрачыстым сходзе ў Хваставіцкім клубе першы сакратар Глускага райкама Кампартыі. Але ж і працаваць, каб атрымаць такую пашану, патрэбна было шмат. У асноўным увесь працэс па вырошчванні бульбы, ад пасадкі да ўборкі, праходзіў праз мае рукі. Толькі калі ўжо збіралі ўраджай, вадзіцелі дапамагалі адвозіць бульбу. Расло яе вельмі багата, ураджайнасць даходзіла да 220 цэнтнераў з гектара. У 1970-я гады ў нашай гаспадарцы садзілі вельмі ўраджайны сорт “Олева”. Бульбіны раслі вялікія, і пад кожным кустом іх было шмат. Едзеш на бульбакапальным камбайне, азірнешся на транспарцёр — і толькі дзіву даешся, колькі там клубняў. Метраў 20 праедзеш — бункер камбайна поўны, а гэта прыкладна тона. Бульбы заўжды ў калгасе садзілі шмат: па 150—200 гектараў. Яе прадавалі насельніцтву, везлі на продаж у горад, на крухмальны завод здавалі, выкарыстоўвалі на корм свінням ды каровам. Ды й тэхнікі тады ўжо хапала, каб хутка апрацоўваць вялікія плошчы. У самы лепшы час толькі ў нашым калгасе было 44 трактары, 28 машын і 10 камбайнаў”.        

Мікалай Фёдаравіч падчас нашай размовы ўспамінаў тых, з кім давялося працаваць, — былых кіраўнікоў гаспадаркі, а таксама сваіх таварышаў Пятра Сяргеевіча Ілюшчэню, Васіля Іосіфавіча Бабака, Уладзіміра Фёдаравіча Кончыца.

Акрамя працы ў калгасе, Мікалай Марачкоў разам з жонкай шчыраваў ва ўласнай гаспадарцы, якая заўсёды была вялікай: дзве каровы, свінні, шмат рознай птушкі, агарод ды палеткі з бульбай. Траіх дзетак жа трэба было гадаваць. “Хацелася, каб нашы дзеці, — кажа пенсіянер, — не жылі ў нястачы, як мы некалі, каб у іх усё было самае лепшае. Таму працавалі і дома, але не толькі ўдваіх з жонкай, дзяцей таксама прывучалі. Каб з раніцы паспець зрабіць усе хатнія справы або на пакос, напрыклад, патрэбна было ісці, прыходзілася ўставаць а палове чацвёртай. Вось так яшчэ зацемна ўстанеш і працуеш цэлы дзень, круцішся як вавёрка ў коле. Цяжка… Але па-іншаму было немагчыма: той, хто працаваў, той і зарабляў добра, у таго і ў хаце было поўна”.

Калі я заходзіла да нашага героя ў хату, у сенцах заўважыла рыбалоўныя прыстасаванні. Спыталася, як даўно такое захапленне ў гаспадара. “Калі працаваў, — адказаў былы механізатар, — вольны час быў толькі для сну. А як выйшаў на пенсію, дык і заняўся рыбалкай. Зараз гэта маё любімае баўленне часу”.

Трэба адзначыць, што і пасля ўзнагароджання Мікалая Марачкова высокімі ордэнамі кіраўніцтва калгаса “Гвардыя”, а таксама раёна яшчэ неаднаразова адзначала руплівую працу механізатара. У 1976 годзе ён атрымаў знак “Ударнік ІХ пяцігодкі”, а ў 1978 годзе стаў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, за што быў узнагароджаны медалём “За доблесную працу” і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1979 годзе Мікалай Фёдаравіч быў удзельнікам выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, дзе дзяліўся сваім перадавым досведам з іншымі калгаснікамі з усяго СССР і вучыўся чамусьці новаму ў іх сам. Акрамя таго, Галоўны камітэт ВДНГ у Маскве ўзнагародзіў Мікалая Марачкова бронзавым медалём “За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР”.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара

Последние новости

Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024
Общество

Семья Дербеевых из Глуска — участники областного этапа конкурса «Семья года»

18 апреля 2024
Общество

Головченко: состав участников ВНС полностью сформирован, делегатами будут 1162 человека

18 апреля 2024
Культура

Полвека проработала в Глусской музыкальной школе Татьяна Николаевна Макаревич

18 апреля 2024
Актуально

Минтранс проводит правовой мониторинг постановления о требованиях к организаторам автоперевозок

18 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024
Власть

Подготовку к первому заседанию VII ВНС обсуждают на совещании у Лукашенко

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Общество

Деловая женщина с ножницами. О самом известном парикмахере Глусского района Ольге Колодинской

5 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024