Темы

Ураджай-2020. Уборачная ў “Глускай Зары”

Ураджай-2020. Уборачная ў “Глускай Зары”

Здаецца, толькі нядаўна пісалі ў газеце пра пасяўную, а ўжо неўпрыкмет надышло жніво, між іншым, адна з любімых журналісцкіх тэм. Там, у полі, заўсёды зараджаешся спрадвечнай энергіяй зямлі, асаблівае задавальненне — назіраць і фатаграфаваць, як плывуць па полі камбайны, як сыплецца з бункераў зерне, як паважна ходзяць па іржышчы буслы… Ну і, канешне, сустрэчы з людзьмі, прыемна пабачыць тых, хто працуе даўно і чые прозвішчы кожны год бываюць у газеце, радуе, калі ў гаспадарках з’яўляюцца новыя маладыя работнікі, якія хочуць працаваць на зямлі. Прыкладна такі настрой быў, калі мы на мінулым тыдні выправіліся ў “Глускую Зару”. І ўсё тое, што бачылася ў думках, спраўдзілася, за малым выключэннем: жалі там яшчэ не зерневыя, а рапс, таму з бункераў сыпалася не зерне, а масланасенне. Рапсу, між іншым, тут трэба зжаць 290 гектараў, зерневых — амаль 1700 га, а ўся пасяўная плошча ў гаспадарцы займае 7834 гектары.

Дырэктар ААТ “Глуская Зара” Дзмітрый Паянен

Сёлета на ўборачную ў “Глускай Зары” сфарміравана пяць экіпажаў. Калі мы прыехалі на поле каля Замасточча, там працавалі два з іх, яны першымі пачалі жніво ў гэтай гаспадарцы.

Старшы камбайнер Васіль Пінчук да арміі два сезоны запар быў памочнікам камбайнера, пасля службы шмат гадоў працаваў у “Зары”, потым пэўны час у Мінску, а зараз вярнуўся назад, у родную гаспадарку. “Не шкадуеце? Усё ж гарадскі хлеб больш лёгкі, чым у вёсцы?” — дапытваюся ў яго. “Ну што тут ужо шкадаваць… Ведаеце, калі ў горадзе працаваў, дык як камбайны ідуць — у мяне душа гарыць! Я ж з 15 гадоў на камбайнах…” Між іншым, яго памочнік Сяргей Барышнікаў у гэтым годзе таксама вярнуўся дадому, змяніўшы сталічную прапіску на вясковую. Час пакажа, ці надоўга, але пакуль што ён выбраў жніво.

Уладзіслаў Расцягаеў і Уладзімір Турлыка

Другі экіпаж, маладзёжны, — Яўген Самуйлік і Аляксей Зянькоўскі. Хлопцы з вясковымі клопатамі знаёмыя добра, напрыклад, Яўген раней разам з бацькам працаваў на жніве, быў памагатым, а вось ужо другі сезон запар ён старшы камбайнер. Увогуле працуе дальнабойшчыкам, а на лета зрабіў перапынак, каб перасесці за штурвал камбайна. І тут не стрымалася, спытала, маўляў, лічыцца, што моладзь зараз шукае лёгкага хлеба, а на полі горача, пыльна, цяжка, уставаць трэба зарана, класціся позна… “У кабіне кандыцыянер, яна герметычная, пыл туды не трапляе, ды і ўвогуле няма чаго скардзіцца, работа далёка не самая кепская”, — запэўніў у адказ Яўген.

Маладзёжны экіпаж: Яўген Самуйлік, Аляксей Зянькоўскі

Яшчэ на жніве-2020 у “Глускай Зары” на камбайнах будуць заняты Мікалай Медзвядок, Дзмітрый Лазовік, Андрэй Радзіч, Уладзімір Багдановіч, усе яны працуюць у гаспадарцы, а таксама Максім Валадзько з лясгаса і Аляксандр Багдановіч з “Жылкамгаса”. “У гэтым годзе на ўборачнай усяго два чалавекі “са стараны”, пры тым што летась прыцягнутых было аж шэсць”, — з гонарам адзначае кіраўнік сельгасарганізацыі Дзмітрый Паянен.

З поля мы адправіліся на зернясховішча і акурат падаспелі да загрузкі масланасення ў сушылку. На дапрацоўцы ўсе старыя знаёмыя — Уладзімір Турлыка, Уладзіслаў Расцягаеў, Сямён Клімовіч і Сяргей Якубенка, вопытныя аператары, якія разам, адным звяном, працуюць ужо больш за дзесяцігоддзе, а летась былі лепшымі ў раёне (ды ўвогуле грамат і ўзнагарод за ўвесь час ім, мабыць, і не злічыць). Вільготнасць масланасення рапсу трымаецца зараз на ўзроўні 16—18 працэнтаў, расказаў Дзмітрый Паянен, на выхадзе з зернесушыльнага комплексу павінна быць не болей за сем працэнтаў. (На раніцу 23 ліпеня звяно дапрацавала 100 тон масланасення). Між іншым, гэта на жніво яны “мяняюць прафесію”, а так яны гаспадарча-будаўнічая брыгада, майстры на ўсе рукі — сталяры, цесляры, муляры, электрыкі… Два месяцы назад да іх дружнай каманды далучыўся Аляксандр Шаблінскі, ён зваршчык, у “Глускую Зару” перайшоў з суседняй “Зары Камуны”.

Васіль Пінчук і Сяргей Барышнікаў

Перавозка новага ўраджаю — справа адказная і сур’ёзная, трэба паклапаціцца, каб ні адно зернетка не прасыпалася па дарозе. У дзень нашага прыезду насенне рапсу з поля на склад перавозіў Пётр Лясун, яго ж машына загружала рапс у сушылку. Таксама ў “Глускай Зары” адвозку зерня падчас гэтай уборачнай даверылі Анатолю Касько, Васілю Грабко і Аляксею Кур’янаву. 

Усе людзі, названыя тут, і тыя, хто застаўся “за кадрам”, зараз робяць, напэўна, самую важную справу — убіраюць хлеб. Хлеб ніколі не даецца проста, на полі няма гарантаванага графіка рабочага дня, трэба падладжвацца пад надвор’е, якому не пакамандуеш, хмары рукамі не развядзеш і спецыяльным парашком не пасыплеш, трэба лавіць момант, каб жыта не пераспела і не высыпалася на зямлю… Хлебаробы не скардзяцца — проста робяць сваю работу, ведаюць: яна самая галоўная на зямлі.

А. ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота Г. АЎТУХОВАЙ

Последние новости

Власть

Александр Лукашенко заслушал доклады глав Госпогранкомитета, МВД и МИД по ситуации в приграничье, включая литовское направление 

12 ноября 2025
Читать новость
Актуально

В Глусской больнице будет новый рентген-кабинет

12 ноября 2025
Читать новость
Актуально

«Вами гордится страна!» Александр Лукашенко вручил награды заслуженным аграриям Беларуси

11 ноября 2025
Читать новость
Актуально

Увеличится минимальная зарплата

11 ноября 2025
Читать новость
Актуально

Прямая линия по вопросам предпринимательства

11 ноября 2025
Читать новость
Актуально

В Минстройархитектуры разъяснили особенности строительства и приемки объектов в эксплуатацию по Указу №46

11 ноября 2025
Читать новость

Рекомендуем