Жніво ў эксперыментальнай базе “Глуск”


Мы сустрэліся на так званым Газавым полі, яно непадалёк ад калаціцкай фермы. Тут былі амаль усе ўдзельнікі сяголетняга жніва ў эксперыментальнай базе “Глуск” на чале з кіраўніком гаспадаркі Аляксандрам Семідотчанкам і галоўным аграномам Марынай Сяргейчык. З 65 гектарамі азімага жыта, што вырасла і выспела ў гэтым урочышчы, можна справіцца і за дзень, кажа Аляксандр Аляксандравіч, калі прыхваціцца ўсім разам і калі не пойдзе дождж, вядома. Таму на ўскрайку поля і сабраліся ўсе задзейнічаныя зараз чатыры зернеўборачныя экіпа-жы са сваімі камбайнамі. Паглядзеўшы жыта, выра-шылі пачакаць з паўга-дзіны, пакуль яно больш падсохне пасля ночы. Азімае жыта бяруць з поля пры вільготнасці працэнтаў 18—20, расказвае Аляксандр Семідотчанка, а трыцікале вазілі сушэйшым — 16—18, да аптымальных 14 працэнтаў збожжа даводзіцца ўжо на зернесушыльных комплексах. Іх у гаспадарцы два, абодва ў Макавічах, на адной сушылцы працуюць Юрый Герман і Васіль Кісялевіч (на 30 ліпеня дапрацавалі 487 тон), на другой — Міхаіл Бабіч (дапрацаваў 642 тоны зерня і 116 тон рапсу).

Дарэчы, уборка рапсу ў гаспадарцы ўжо завершана, дзеліцца першымі вынікамі работ Марына Сяргейчык (з яго жніво ў эксбазе і пачалося), намалацілі 128,6 тоны. Парадавала азімае трыцікале: са 194 гектараў узялі больш за 625 тон, гэта звыш 32 цэнтнераў з кожнага гектара. Зараз жнуць азімае жыта: убралі ўжо 259 гектараў, намалот — 680 тон пры сярэдняй ураджайнасці 26,2 цэнтнера. Агульная плошча зерневых, якую патрэбна ўбраць, у эксперыментальнай базе “Глуск” складае сяголета 1629 гектараў, болей за чвэрць ад гэтага (453 гектары) ужо зжалі, намалот перавысіў 1300 тон.


Вяртаючыся да нашага прыезду на Газавае поле, заўважу, што карэспандэнтам змушанае чаканне камбайнераў было на руку: мы маглі спакойна і пагаварыць, распытаць пра людзей і работу, і сфатаграфаваць іх паасобку, экіпажамі і разам. Як ужо адзначана, пачалі гэта жніво ў эксбазе чатыры экіпажы. Старшы камбайнер Валерый Навічонак працуе з Раманам Насановічам (намалот 353 тоны), а Аляксандр Галамака ўзяў сабе ў памочнікі сына Мікіту (намалот 328 тон). Гэта свае кадры, тлумачыць Марына Сяргейчык. У двух другіх экіпажах старшыя камбайнеры накіраваны з лясгаса і, дарэчы, таксама працуюць з сынамі: Сяргей Прыбыш і Мікіта Прыбыш (з намалотам 469 тон яны ў гаспадарцы з’яўляюцца лідарамі жніва), Генадзь Свірыдаў і Ігар Гаўрыленка (намалот 153 тоны).

Пяты экіпаж, які заканчвае рамонт камбайна і хутка выйдзе ў поле, складаюць зноў жа блізкія сваякі, браты Аляксандр і Дзмітрый Дзядзюлі. Такім чынам, з пяці экіпажаў тры — сямейныя, звяртае ўвагу на такую асаблівасць дырэктар эксбазы, зрэшты, гэта не проста цікавы факт у статыстыцы жніва, а своеасаблівая гарантыя якасці работы, бо вядома, што свой свайму хутчэй растлумачыць, свой свайго хутчэй паслухае і зразумее, асабліва калі гэта бацька і сын. А я звярнула ўвагу яшчэ на два аднолькавыя прозвішчы. Так і ёсць: вадзіцелі на адвозцы Іван і Мікалай Арцёмчыкі — браты (перавезлі адпаведна 348 і 188 тон). Ну і праўда, сямейныя падрады на жніве.

Акрамя названых, адвозяць зерне ад камбайнаў Уладзімір Прыгара (перавёз 242 тоны) і Віктар Паддубіцкі (перавёз 453 тоны, ён, дарэчы, не толькі ў межах гаспадаркі курсіруе, калі трэба, і ў Бабруйск на гідролізны завод зерне возіць). Не апошнюю ролю ў ланцужку жніўных работ выконвае Аляксандр Кісялевіч, ён працуе на прэс-падборшчыку, па 200 цюкоў за дзень скручвае на сваім МТЗ-1221 з ПР-Ф-180, хваліць механі-затара кіраўнік гаспадаркі. Зрэшты, і пра ўсіх удзель-нікаў жніва Аляксандр Семідотчанка адзываецца станоўча, добра людзі працуюць, вопыт маюць, разумеюць што да чаго, з часам не лічацца. Нават калі каласы вільготныя і з выхадам у поле трэба пачакаць, то на рабоце яны ўсё роўна з самай раніцы — камбайны рыхтуюць, а калі над-вор’е сонечнае, то прыхо-дзяць яшчэ раней і жнуць увесь дзень да вечара, гадзін да дзевяці. Добрыя работнікі, з такімі са жнівом справімся, абы не задажджыла, кажа Аляксандр Семідотчанка. Яго надзеі на паспяховы ход жніва падтрыманы яшчэ і тым, што ў бліжэйшыя дні ў гаспадарку прыбудзе новы зернеўборачны камбайн, а значыць, нагрузка на камбайн паменшыцца (пакуль што яна складае прыкладна 325 гектараў) і тэмпы работ паскорацца.


Калі камбайны пачалі заводзіцца і выходзіць у поле, пад’ехалі і два МАЗы, Уладзімір Прыгара і Мікалай Арцёмчык, я звярнула ўвагу на герметычнасць іх кузаваў — барты запенены, зверху тэнт. Бачна, што да захавання ўраджаю ў гаспадарцы падышлі грунтоўна. І да бяспекі таксама: закупілі 21 новы вогнетушыцель і 7 спецыяльных пакрывал. Неўзабаве пад’ехалі ратаў-нікі на сваёй чырвонай машыне — у гэты дзень дзяжурства тут неслі вадзі-цель Аляксандр Мілеўскі і пажарны Алег Таіраў. Дарэчы, дагавор з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях на суправаджэнне камбайнаў зак-лючылі сяголета дзве гас-падаркі — эксперыментальная база “Глуск” і агра-фірма “Слаўгарадскі”, астатнія вырашылі абыходзіцца сваімі сіламі. Сваімі сіламі і ў сваёй сталовай рыхтуюць у эксбазе абеды для ўдзельнікаў жніва, кормяць людзей два разы ў дзень, так што ў повара Валянціны Каролькі і яе памочніцы Марыны Коласавай клопатаў хапае — завіхайся, толькі паспявай. Да таго ж гатуюць яны не толькі для сваіх работнікаў, а і для “Зары Камуны” таксама, 60, а то і болей порцый на абед і каля 50 на вячэру вараць штодня.
Жніво. Гарачая пара. Работы ўсім шмат.
Таццяна ЛУКАШЭВІЧ
Фота Ганны АЎТУХОВАЙ