• Главная
  • О газете
  • Контакты
  • Реклама
  • Фотогалерея
    • 2016 год
    • 2015 год
    • 2014 год
    • 2017 год
    • 2018 год
    • 2019 год
    • 2020 год
    • 2021 год
    • 2022 год
Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска

Да Дня беларускага пісьменства. Наш, глускі, Грахоўскі

Воскресенье, 6.09.2020 10:00. Category: Культура    

Сярод усіх паэтаў і празаікаў Сяргей Грахоўскі вылучаецца для нас тым, што ўзгадаваны быў на нашай глускай зямлі. “Наш, глускі”, — ганарымся мы, зачытваем цытаты з вершаў гасцям горада, згадваем паэтычныя радкі Грахоўскага ў паўсядзённым жыцці. І шчыра захоўваем памяць пра яго — у назвах, помніках, у сваіх сэрцах. На бульвары Грахоўскага — барэльеф паэта, у школе яго імя — скульптурная кампазіцыя ў яго гонар, адкрылі яе летась, на ўрачыстае адкрыццё запрасілі дачку Таццяну Сяргееўну. Сяргей Іванавіч — ганаровы грамадзянін Глуска.

Яго дзяцінства прайшло на Глушчыне, і сюды ж ён вяртаўся зноў і зноў, як толькі выпадала магчымасць. Праўда, нарадзіўся Сяргей Іванавіч далекавата — у мястэчку Нобель Пінскага павета тагачаснай Мінскай губерні (цяпер гэта тэрыторыя Украіны), але ўжо ў 1914-м бацькі пераехалі ў Глуск. Адсюль, з гэтага дарагога сэрцу куточка, павялі будучага паэта шляхі-дарогі ў вялікае жыццё.

Дзень ведаў у Глускай сэрядняй школе № 1 імя Сяргея Грахоўскага. Кветкі да скульптурнай кампазіцыі ў гонар паэта прынесла першакласніца Соф’я

Адвучыўшыся, Сяргей Іванавіч уладкаваўся рабочым на Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. Але творчая натура ўзяла-такі сваё. У Бабруйску паэт далучыўся да мясцовай філіі літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, якою кіраваў Міхась Лынькоў. Менавіта ён першы заўважыў талент юнака, надрукаваўшы ў 1926 годзе яго верш “Восень”. Міхась Лынькоў падтрымліваў маладога аўтара і пазней, калі яны абодва жылі ў Мінску. Скончыўшы ў 1935 годзе літаратурны факультэт Мінскага вышэйшага педінстытута, Сяргей Грахоўскі пайшоў працаваць рэдактарам на Беларускае радыё і адначасова выкладаў літаратуру на рабфаку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Апынуўшыся ў самым цэнтры літаратурнага жыцця, малады паэт пазнаёміўся і пасябраваў са многімі беларускімі пісьменнікамі.

Паэтычны юнацкі ўзлёт быў раптоўна перапынены 19 кастрычніка 1936 г. Беспадстаўна арыштаваны, пакаранне за неіснуючую віну ён адбываў на лесараспрацоўках Расіі. У лагеры Сяргей Іванавіч сустрэў сваю будучую жонку Валянціну Міхайлаўну, Алю, пра гэта ўспамінаў у аповесці “Зона маўчання”, і аповед той чытаць без слёз немагчыма. У статусе ворага народа сустрэў Сяргей Грахоўскі і трагічны дзень 22 чэрвеня 1941: “Фронт ад нас быў далёка, а яго вогненная лінія праходзіла праз кожнае сэрца: за ёю палалі нашы гарады і сёлы, гінулі родныя і блізкія. Мы рваліся ім на падмогу, але не меней былі патрэбны тут: без моцнага тылу не ўтрымацца фронту… Мы нарыхтоўвалі авіяфанеру, ружэйную балванку, шпалы, мацаванне для шахтаў, дровы для прамысловых цэнтраў. Лесарубы, выканаўшы па паўтары нормы, пахлябаўшы баланды і крыху адпачыўшы, ноччу ішлі на пагрузку, часам паміралі ад невыноснага напружання проста на хаду…”

Адпакутаваўшы лагерную дзясятку, Грахоўскі вярнуўся ў Беларусь і да 1949 года жыў у Слуцкім раёне, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры. Але паэта зноў арыштавалі і выслалі ў Сібір, туды ж пераехалі жонка Валянціна Міхайлаўна з пяцігадоваю дачкою Таццянай. Пачалі абжывацца, бо высланы былі на “вечнае пасяленне”. Але, на шчасце, прыйшла рэабілітацыя — у 1955 годзе, 19 кастрычніка, праз 19 год пасля першага арышту (19 — сімвалічная лічба ў жыцці пісьменніка). Паэт вярнуўся з сям’ёю ў Мінск, а крыху ўладкаваўшыся, прыехаў у Глуск, каб прайсціся па родных вуліцах, успомніць мінулае, адшукаць месца, дзе пахавана маці.

Жывы, на Радзіме, побач жонка і дзеці — пра тое, не кажучы ўжо пра літаратурную працу, нават і марыць не мог у далёкай Сібіры. Цяпер усё гэта было і давала сілы жыць і працаваць далей. Пасля рэабілітацыі Сяргей Грахоўскі працаваў на радыё, у часопісах, быў літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР, вёў тэлеперадачу “Літаратурная Беларусь”. А галоўнае, пісаў і пісаў — вершы, прозу, успаміны, эсэ, кнігі для дзяцей, займаўся перакладамі. У 1958 годзе выйшаў першы зборнік паэта — “Дзень нараджэння”.

Моцны духам і любоўю да бацькоўскай зямлі, якая заўсёды заставалася ў сэрцы, Сяргей Іванавіч у самыя цяжкія гады выжыў, выстаяў, з годнасцю вярнуўся ў літаратуру і да апошніх сваіх дзён не страціў высокага творчага гарэння. Сяргей Грахоўскі ўганараваны званнем “Заслужаны работнік культуры Беларусі”, стаў лаўрэатам Літаратурнай прэміі

імя А. Куляшова, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі за кнігу “Споведзь”, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Падрыхтавала А. ВАЛОШКА

Фота Г. АЎТУХОВАЙ

« 6 сентября отмечается День работников нефтяной, газовой и топливной промышленности. Наши корреспонденты побывали в Глусском РГС, чтобы поближе познакомиться с людьми, которые здесь работают
Свята слова. На Магілёўшчыне прайшоў ХХVII Дзень беларускага пісьменства »
  • Год мира и созидания
  • Падпіска 2023
  • Оплата услуг редакции через ЕРИП
  • Реклама

  • Версия для слабовидящих
  • Мы в соцсетях





  • Рубрики
    • Актуально (1 119)
    • АПК (405)
    • Беларусь помнит (157)
    • Власть (476)
    • Гісторыя Глушчыны (136)
    • Год мира и созидания (11)
    • Духовность (178)
    • Есть вопрос? Есть ответ! (82)
    • Как выписать газету (2)
    • Калейдоскоп (63)
    • Культура (320)
    • Общество (5 136)
    • Происшествия (402)
    • Реклама (0)
    • РОЧС информирует (42)
    • Спорт (359)
    • Творческие проекты (202)
    • Тема недели "БелТА" (59)
    • Четыре стороны света (4)
    • Экономика (407)
  • Баннеры
  • Архив газеты
  • Погода в Глуске
    Глуск
  • Яндекс.Метрика
Тема предоставлена Web 2.0 News.
© 2023 Глуск | Глусский район | Погода в Глуске | Новости Глуска | Новости Глусского района | Родина | Радзiма | Газета Глуска  Все права защищены.
Сайт Президента Республики Беларусь Глусский районный исполнительный комитет
Top