“Творчасць Сяргея Грахоўскага — гэта штодзённы, штохвілінны водгук на радасці, трывогі і клопат кожнага дня. Яго кнігі можна чытаць, як паэтычны дзённік. Усё, што здаралася з ім, што ён бачыў, перажыў, думаў, успомніў, усе спадзяванні, удачы, утраты, сустрэчы, ростані, чаканні, уся плынь пачуццяў, што нахлынула на яго ў нейкую хвіліну, — усё упісана ў старонкі яго кніг”. Так сказаў у далёкім 1983 годзе пра Сяргея Іванавіча Грахоўскага пісьменнік Ян Скрыган. “Паэт-лірык, тонкі і пранікнёны, паэт-філосаф, дзе ўсё жыццё ў радках з яго глыбокім і найчасцей балючым зместам”, — шмат гадоў пасля, ужо тады, калі паэта не стала, напісала ў сваіх успамінах-разважаннях пра яго пісьменніца і паэтка Раіса Баравікова. Учора ў Сяргея Іванавіча быў дзень нараджэння. Перачытаем яшчэ раз радкі яго вершаў і ў каторы раз падзівімся іх разважлівасці і мудрасці.
Самасуд
Калі б я ўсё прайшоў спачатку
І разабраўся сам з сабой,
Я кінуў бы сабе пальчатку,
Як выклік на апошні бой.
Адпомсціў бы за ўсе пралікі,
За ўсе памылкі і грахі.
Кароткім здаўся б дзень вялікі,
І вузкай сцежкаю — шляхі.
Стамлёная душа знямее
І ёй не ўдасца дагадзіць,
Бо хто судзіць сябе не ўмее,
Не можа іншага судзіць.
* * *
Дзяліць і таленты і славу пры жыцці —
Бяссэнсіца і марная работа.
Вось колас можа ўсіх перарасці,
Але не дасць увосень умалота.
Мы, грэшныя, спяшаемся заўжды
За поспехам і славай без аглядкі,
Забыўшыся, што прамінуць гады
І ўсё ўзважаць нашыя нашчадкі.
Дні
Калі душу азмрочыць цень
Ці смутак затуманіць вочы,
Шкадуем мы ўчарашні дзень,
Вядомы з раніцы да ночы.
І цяжка зразумець, чаму
Мінулы цешыць, а не гэты,
Чаму улетку пра зіму,
А ўзімку думаем пра лета.
І спадзяёмся кожны раз,
Што прыйдзе новы дзень, як свята,
Але ўсё часцей да нас
За стратаю прыходзіць свята.
Мы смех і ранішні прамень
Цаніць адразу не ўмеем
І што шчаслівы сёння дзень —
Назаўтра толькі зразумеем.