Сёння свята ў тых, каго называюць захавальнікамі людской мудрасці і нават аптэкарамі людскіх душ, — у работнікаў бібліятэк. Сапраўды, калі ў звычайнай аптэцы вам выдадуць лекі ад фізічных захворванняў, то ў бібліятэку мы ідзём за кнігамі і ў іх, кнігах, знаходзім адказы на шматлікія пытанні, яны застаўляюць задумацца, часам — дапамагаюць забыцца на благое.
У Глускім раёне 11 бібліятэк — адна цэнтральная ў гарпасёлку і дзесяць у сельскай мясцовасці, і ў мінулым годзе іх чытачамі сталі 7594 чалавекі. Працуюць бібліятэкі ў розных фарматах, напрыклад, у Старым Сяле і Балашэвічах — гэта бібліятэка-клуб, у большасці аграгарадкоў адзін спецыяліст працуе і на асноўным рабочым месцы, і ў школьнай бібліятэцы, а ў аддаленыя вёскі ездзіць бібліёбус. Бібліятэчны фонд усёй раённай сеткі на пачатку года складаў больш за 159 тысяч адзінак, і гэта не толькі кнігі, хаця іх і большасць — 153 тысячы 783 экзэмпляры. Наведвальнікам прапануюць перыядычныя выданні, электронныя дакументы, дыскі самай разнастайнай тэматыкі. Напрыклад, часопісаў і газет у гэтым годзе выпісваюць каля 50 найменняў. Акрамя гэтага, аказваюць у бібліятэках раёна і платныя паслугі, карыстаюцца попытам ксеракапіраванне або набор тэксту, раздрукоўка тэксту з электронных носьбітаў і некаторыя іншыя. Таксама ў кожнай установе дзейнічаюць творчыя гурткі і аб’яднанні для малых і дарослых наведвальнікаў, а работнікі цэнтральнай бібліятэкі стварылі лялечны тэатр і паказваюць свае спектаклі ў школах і дзіцячых садках.
А. ПЯТРОВА
Фота Г. АЎТУХОВАЙ