Трыццацігадовы юбілей адзначыла 13 верасня Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя.
Напярэдадні свята на ўрачыстае мерапрыемства ў гімназіі Глуска сабраліся піянерскія дружыны Клятнянскага, Завалочыцкага, Каткаўскага, Заеліцкага, Усцярхоўскага навучальна-педагагічных комплексаў, гімназіі, сярэдніх школ № 1 і № 2. Павіншаваць піянераў і акцябрат з юбілейнай датай завіталі начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Лісіца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Самуйлік, дырэктар Цэнтра творчасці Ніна Чачуха, ветэран піянерскага руху Святлана Дзяшчэня, першы сакратар райкама БРСМ Ганна Мартынава.
Сёння раённая піянерская арганізацыя — гэта дзевяць дружын, у складзе якіх каля тысячы піянераў і акцябрат — ініцыятыўных і смелых хлопчыкаў і дзяўчат, якія сваімі справамі і ўчынкамі прыносяць карысць сабе і сваёй краіне, прыходзяць на дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу, актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных акцыях, праектах і конкурсах, дзе займаюць прызавыя месцы.
Традыцыйна на піянерскім свяце падвялі вынікі работы раённай арганізацыі за мінулы навучальны год. Педагогам-арганізатарам Ірыне Куратавай (Заеліцкі НПК), Аксане Сокал (СШ № 2), Ганне Вараб’ёвай (СШ № 1), Дзіяне Кісялевіч (гімназія), Галіне Смычнік (Усцярхоўскі НПК), Таццяне Герман (Завалочыцкі НПК), Святлане Дзяшчэні (Клятнянскі НПК) і намесніку дырэктара Каткаўскага НПК Наталлі Бахаўчук старшыня раённага савета БРПА Святлана Каржнёва і дырэктар Цэнтра творчасці Ніна Чачуха ўручылі падзякі за актыўны ўдзел у раённых мерапрыемствах БРПА. Дыпломам 1-й ступені за ўдзел у дабрачыннай акцыі “Цуды на Раство” ўзнагароджана піянерская дружына імя Ульяна Рыбака (Завалочыцкі НПК), дыпломам 2-й ступені — дружына імя Зоі Касмадзям’янскай (сярэдняя школа № 2), на трэцім месцы — дружына імя Сцяпана Калінкоўскага (Клятнянскі НПК). За першы і другі этап раённай працоўнай акцыі “Зробім свет чысцей” піянерская дружына імя Ульяна Рыбака (Завалочыцкі НПК) атрымала дыпломы 1-й ступені. Другое месца ў першым этапе гэтай акцыі заняла дружына імя Зоі Касмадзям’янскай (СШ № 2), а трэцяе месца — дружына Сцяпана Калінкоўскага (Клятнянскі НПК), яна таксама была ўдастоена дыплома 2-й ступені ў другім этапе працоўнай акцыі. Акрамя таго, дыпломам 1-й ступені раённага этапу конкурсу каманд падтрымкі “Піянерскія іскры” адзначана дружына імя Лізы Чайкінай (СШ № 1), а дыпломам актыўнага ўдзельніка інтэрнэт-праекта “Вотчына.бай” — піянерская дружына імя Зоі Касмадзям’янскай (СШ № 2). Дыпломам 1-й ступені ўзнагароджана ўдзельніца раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Лідар года — 2020” гімназістка Соф’я Сяргеева, дыпломам 2-й ступені ў гэтым конкурсе адзначана навучэнка Усцярхоўскага НПК Ліза Лёзава.
Ёсць у піянерскай арганізацыі свой талісман — рысяня Вогнік, які па традыцыі будзе перадавацца лепшым піянерскім дружынам. Напрыканцы цырымоніі ўзнагароджання талісман БРПА быў перададзены лепшай піянерскай дружыне па выніках дзейнасці за мінулы год — дружыне імя Ульяна Рыбака Завалочыцкага НПК.
Увогуле, на працягу піянерскага свята ва ўсіх прысутных быў добры і пазітыўны настрой, яго стваралі цудоўныя творчыя нумары, падрыхтаваныя актывістамі піянерскіх дружын. Не абышлося на свяце і без урачыстага прыёму ў рады піянерскай арганізацыі, сімвалічна, што яе папоўнілі 30 хлопчыкаў і дзяўчынак. Госці свята з самымі лепшымі пажаданнямі павязалі школьнікам чырвона-зялёныя гальштукі і прымацавалі акцябрацкія зорачкі. А ў канцы мерапрыемства дзеці з радасцю далучыліся да танцавальнага флэшмобу, яго правяла педагог Цэнтра творчасці Валерыя Баркова.
Г. АЎТУХОВА
Фота аўтара