Темы

У Глуску пасля капрамонту пачала працаваць СШ № 2

У Глуску пасля капрамонту пачала працаваць СШ № 2

Першае верасня 2020 года ў гісторыю сярэдняй школы № 2 увойдзе як асаблівая дата. У гэты дзень школа, якая праз некалькі год адзначыць стагадовы юбілей, расчыніла свае дзверы пасля капітальнага рамонту. Лічы, за паўгода (рамонт пачаўся ў сакавіку) школа набыла новы воблік. Заменены ўсе інжынерныя камунікацыі (ацяпленне, вентыляцыя, каналізацыя, водаправод, электрыка), сталовая “пераехала” на першы паверх і стала больш прасторнай, на сто месцаў, у харчаблоку — новае абсталяванне, у абноўленай спартзале з’явіліся сучасныя раздзявалкі і душавыя, зусім па-іншаму выглядаюць кабінеты, добраўпарадкавана тэрыторыя…

Асаблівую ўвагу пры рэканструкцыі надалі бяспецы школьнікаў, у прыватнасці, усталявана новая пажарная сігналізацыя. “Такой школы, як наша, дакладна няма ў Глускім раёне”, — са зразумелым гонарам і радасцю сказала, вітаючы вучняў, настаўнікаў і бацькоў, дырэктар СШ № 2 Алена Слічонак і падзякавала ўсім, хто меў дачыненне да пераўтварэнняў.

Падзякі ад школы атрымалі будаўнікі — на свяце прысутнічаў Анатоль Гайцюкевіч, начальнік ганцавіцкай ПМК-14, якая выступала генеральным падрадчыкам, разам з дырэктарам школы яны разрэзалі сімвалічную чырвоную стужку. Падзякі Алена Слічонак уручыла таксама асобным бацькам за актыўны ўдзел у жыцці класа і школы, іх атрымалі Мікалай Шваба, Юлія Кураленя, Аксана Лось, Аляксандр Паўлаў, Таццяна Бабіч, Анастасія Крутая, Віталь Янушэўскі, Таццяна Івашкевіч, Лілія Багам’я, Міхаіл і Наталля Былінскія, Аляксандр і Людміла Шчэрбы. Асобнай Граматай кіраўнік школы адзначыла вучня Івана Усіка, які ўдзельнічаў у кожным будаўнічым працэсе і дапамагаў на кожным этапе, як узнагароду хлопчык атрымаў сертыфікат на ўсе школьныя экскурсіі новага навучальнага года.

Сапраўды, да мадэрнізацыі школы мелі дачыненне многія — ад Міжнароднага банка развіцця, які фінансаваў праект, да мясцовых арганізацый, якія дапамагалі хто грашыма, хто сваімі паслугамі. Як прынята, на “наваселле” запрошаныя таксама прыйшлі не з пустымі рукамі. Цяпер у школе ёсць новая інтэрактыўная дошка, падораная Глускім райвыканкамам, прыгожыя лаўкі, каб было дзе адпачыць на свежым паветры, — ад раённага аддзела адукацыі, а ад грамадскага аб’яднання “Белая Русь” падарункам стаў сертыфікат на 500 рублёў для набыцця спартыўнага інвентару. Для ўстановы, дзе вучыўся паралімпійскі чэмпіён і адкуль літаральна ў гэтым годзе выйшла прызёр рэспубліканскай алімпіяды па фізкультуры, ён будзе толькі на карысць.

Між іншым, назіраючы, якія прыгожыя і прыбраныя дзеці прыйшлі на ўрачыстую лінейку Першага званка (тут 307 вучняў), я падумала, што яшчэ колькі год назад хадзілі чуткі пра закрыццё другой школы. Добра, што яны не спраўдзіліся, бо школа з амаль стагодняй гісторыяй, з багатымі традыцыямі (далёка не ў кожнай установе ёсць свой сцяг, герб, гімн, а які цікавы тут музей!) павінна жыць. Гэтага — жыць, развівацца, прадаўжаць лепшыя пачынанні, вучыцца, станавіцца гонарам школы, каб “вашы імёны ўпісалі ў яе летапіс”, “каб сённяшнія першакласнікі ўсе сталі залатымі медалістамі”, — і многа чаго іншага, добрага і светлага, жадалі калектыву і вучням СШ № 2 усе госці.

…Стужка разрэзана, ключ ад школы ўручаны першакласнікам, школьны сцяг вынесены да другой урачыстай нагоды, прагучаў першы званок новага навучальнага года. Няхай ён, гэты год, будзе сапраўды светлым і добрым, шчодрым на радасныя падзеі, каб як мага часцей гучалі на школьных лінейках імёны вучняў — алімпіяднікаў, спартсменаў, артыстаў, а школьны прынтар ледзь спраўляўся друкаваць граматы і дыпломы.

А. ПЯТРОВА

Фота Г. АЎТУХОВАЙ

Больш фотаздымкаў глядзіце тут

Последние новости

АПК

Корманарыхтоўка — адказны этап

12 мая 2025
Читать новость
Общество

Статистический обзор ко Дню семьи

12 мая 2025
Читать новость
Власть

Активизироваться в экономике. Лукашенко о главной задаче в сотрудничестве с Вьетнамом

12 мая 2025
Читать новость
Происшествия

В деревне Городок сгорел жилой дом

12 мая 2025
Читать новость
Актуально

Не станьте жертвой телефонных мошенников

12 мая 2025
Читать новость
Власть

День Победы в двух столицах, откровенные заявления, марафон встреч и музей народных достижений. Итоги недели Президента

12 мая 2025
Читать новость

Рекомендуем