Темы

Школа людзьмі славіцца. Паводле летапісу Клятнянскага НПК

Школа людзьмі славіцца.  Паводле летапісу Клятнянскага НПК

У рамках праекта “Як тут вучыліся і вучылі” сёння на старонках раённай газеты да ўвагі чытачоў — гісторыя Клятнянскай школы, падрыхтаваная яе настаўнікамі да конкурсу школьных летапісаў.

Гісторыя школы — гісторыя людзей

Першыя звесткі пра Клятнянскую школу знаходзім у вядомага мовазнаўцы Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага, які нарадзіўся ў 1918 годзе ў Клетным і вучыўся тут у пачатковай школе. Ва ўспамінах ён згадвае свайго настаўніка Станіслава Бараноўскага.

 Ад падпаска да доктара навук — такі шлях прайшоў Фёдар Міхайлавіч. Нарадзіўся ён у шматдзетнай сям’і. Трынаццацігадовым падпаскам зарабляў за лета на 11 душ сям’і па 40 пудоў хлеба, пасучы кароў аднавяскоўцаў. Прагны ён быў як да працы, так і да вучобы: Глускую сямігодку, а затым Рагачоўскі педагагічны тэхнікум скончыў з выдатнымі адзнакамі. Доўгі час працаваў Фёдар Міхайлавіч выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. Ужо тады чуткае вуха педагога ўлоўлівала нямала скарбаў у гаворцы мясцовых жыхароў, і трапныя, яркія народныя выслоўі ён ахвотна запісваў. За тры гады педагагічнай дзейнасці ў Клетным і Буцэвічах (вёска ў Мінскім раёне) сабралася матэрыялу на цэлую кнігу, ды толькі напісаць яе ў той час не давялося: пачалася вайна з фінамі, удзельнікам якой быў і Фёдар Янкоўскі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Міхайлавіч прымаў актыўны ўдзел у партызанскім руху Беларусі: носьбіт самай мірнай прафесіі становіцца начальнікам разведкі партызанскага атрада “Грозны”.

Зараз у Клятнянскай школе захоўваецца першая кніга вучонага “Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі” з уласнаручным подпісам Фёдара Янкоўскага свайму першаму настаўніку С. А. Бараноўскаму.

Далейшыя звесткі пра Клятнянскую школу звязаны з 1934 годам. У жніўні гэтага года пасля заканчэння Настаўніцкага інстытута ў вёску прыехаў Прохар Піліпавіч Канцавы.

Высокі, статны, з густой шавялюрай рыжаватых валасоў, ён адразу прыйшоўся даспадобы мясцовай моладзі, асабліва дзяўчатам. У школе яго вельмі любілі вучні і паважаў калектыў. Хутка настаўніка гісторыі Прохара Канцавога прызначаюць дырэктарам школы.

1930-я. Педагогі Клятнянскай школы

 Нягледзячы на цяжкае перадваеннае жыццё, ён робіць усё магчымае і немагчымае, каб ахапіць асветай усіх дзяцей не толькі ў Клетным, але і ў бліжэйшых населеных пунктах. І ўсе дзіву даваліся, як ён усё паспявае: і дома жонцы дапамагчы (у сям’і трое дзетак), і ў школе ад цямна да цямна, а вечарам — канцэрты для вяскоўцаў, гутаркі, сходы…

Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Прохара Канцавога і яшчэ некалькіх мужчын вярнулі з ваенкамата: для іх было іншае заданне (якое, можна толькі здагадвацца). Самае асноўнае, што для сябе вызначыў дырэктар школы: трэба дапамагчы сваім вучням, якія маглі нарабіць гора бацькам сваім празмерным максімалізмам. Вакол сябе Прохар Піліпавіч згуртаваў юнакоў, якія пад яго кіраўніцтвам збіралі зброю, патроны. Усё гэта чысцілі, змазвалі, хавалі ў тайніках, а потым перадавалі партызанам. Верагодна, група не захоўвала патрэбнай канспірацыі, бо нечакана здарылася бяда. У адзін з лютаўскіх дзён 1942 года карны атрад уварваўся ў Клетнае. Фашысты выгналі вяскоўцаў сілком з хат. Мужчын пастроілі ў адну шарэнгу і выклікалі па прозвішчах: Прохара Канцавога, Сцяпана Басяка, Аляксея Кіпеля. Прагучалі стрэлы… Гэта ўсё адбылося недалёка ад школы: праз дарогу, на месцы старога клуба.

 Дырэктары

У верасні 1944 года, пасля вызвалення, школа зноў напоўнілася дзіцячымі галасамі. Уся мэбля ў школьных класах была самаробнай — збітыя з дошак сталы і вакол кожнага па некалькі табурэтаў. На сталах замест сшыткаў ляжалі парэзаныя на кавалкі газеты, грубая папера, а часам вучні пісалі нават на бяросце, ды не ручкамі ці алоўкамі, а гусінымі пёрамі. Замест чарніла — адвар з жалудоў ці сок з чырвоных буракоў. Міхаіл Іванавіч Гункевіч, дырэктар школы, як мог, латаў дзіркі ў гаспадарча-фінансавых справах школы.

Школьнае жыццё ажывілася толькі ў 1946 годзе, дырэктарам школы ў гэты час прызначылі былога франтавіка, афіцэра Івана Іванавіча Захаранку.

Класныя памяшканні ацяпляліся слаба, не было электрасвятла. У школе была свая аўтатэхніка, і дровы ў лесе нарыхтоўвалі настаўнікі разам з вучнямі. На жаль, цяжкія ўмовы жыцця прымушалі многіх вучняў кідаць школу і ісці працаваць.

 Са жніўня 1956 па чэрвень 1959 года дырэктарам школы працаваў Пётр Рыгоравіч Шылаў. Будынак школы знаходзіўся на месцы сучаснага Клятнянскага сельскага Дома культуры. Колькасць навучэнцаў у гэты час у Клятнянскай школе дасягнула 400 чалавек, у класах стала вельмі цесна. Таму ў пачатку 1960-х былі пабудаваны яшчэ некалькі памяшканняў.

 З 28 чэрвеня 1959 года дырэктарам школы быў прызначаны Сяргей Уладзіміравіч Духан. З 1 верасня 1960 года сямігодка была рэарганізавана ў васьмігадовую школу.

 Да нашых дзён дайшлі цікавыя звесткі з кнігі загадаў па школе. Напрыклад, напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі дырэктар школы ўзнагароджваў адрэзамі тканіны вучняў, якія скончылі на выдатна першую чвэрць. Або вось такая інфармацыя: за добрую працу па доглядзе і вырошчванні трусоў трое дзяўчат атрымалі па 25 рублёў.

У сакавіку 1972 года па ініцыятыве старшыні калгаса “Радзіма” Б. І. Гелера заклалі фундамент новага будынка школы. Гэта была па-сапраўднаму ўсенародная будоўля. Удзел у будаўніцтве новай школы, якая была ўзведзена ўсяго за паўгода, прымалі і настаўнікі, і дзеці, і бацькі. Аднак вучняў усё яшчэ было шмат, таму і пасля, акрамя новай школы, вучыліся і ў старых драўляных памяшканнях.

 У розны час Клятнянскую школу ўзначальвалі выдатныя кіраўнікі, якія зрабілі шмат для школы і яе вучняў. У 1975 годзе, зусім нядоўга, дырэктарам працаваў Віктар Антонавіч Гушча. З 1976 па 1980 год — Валерый Аляксандравіч Кучынскі. Дзесяць гадоў (1980—1990 гг.) аддала школе Валянціна Пятроўна Петрыкавец — спачатку працавала намеснікам дырэктара, а пазней узначаліла школу. З 1990 да лютага 1994 года дырэктарам працаваў Леанід Ільіч Саковіч. У лютым 1994 года на пасаду заступіў Валерый Сцяпанавіч Брэус. Летам 2006 года дырэктарам быў прызначаны Аляксандр Аляксандравіч Леўчанка, у 2009-м — Святлана Аляксееўна Лабадаева. З 1 сту-дзеня 2013 года і па цяперашні час на пасадзе дырэктара школы — Людміла Валяр’янаўна Казачок.

 Настаўнікі

Першыя настаўнікі на доўгія гады застаюцца ў памяці кожнага чалавека. Настаўнікі пачатковых класаў старой закваскі, якія працавалі ў Клятнянскай школе, адрозніваліся бездакорнай добрасумленнасцю і педагагічным тактам, сапраўды мацярынскай любоўю да сваіх вучняў. Успомнім некаторых з іх.

Ядзвіга Рыгораўна Валодзька. У 1954 годзе закончыла Слуцкае педвучылішча і сваю прафесійную дзейнасць пачала ў Каткаўскай СШ. Працавала ў Зубарэвіцкай, Баянаўскай і Барбароўскай пачатковых школах, інспектарам у Глускім РАНА. Са жніўня 1970 года працавала настаўніцай і бібліятэкарам у Клятнянскай СШ.

 Таццяна Кузьмінічна Марціновіч. У 1948 годзе скончыла Бабруйскае педвучылішча. Спачатку працавала ў Гомельскай вобласці, а ў 1957 годзе ўладкавалася ў Малінаўскую пачатковую школу. У Клятнянскай сярэдняй школе працавала з 17 лістапада 1982 года настаўніцай пачатковых класаў і выхавацелем групы падоўжанага дня.

Леаніда Антонаўна Ворахава. У 1955 годзе атрымала дыплом выхавацеля дзіцячага садка. З 1955 па 1964 год працавала выхавацелькай у дзетсадзе № 2 Глуска, а з верасня 1964-га — у прышкольным інтэрнаце Клятнянскай школы.

Уладзімір Іосіфавіч Басякоў. Вучыўся ў Глускай СШ № 2. З 1943 года ваяваў у партызанскім атрадзе “За Савецкую Радзіму”. Узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. У 1951 годзе скончыў Слуцкае педвучылішча, у 1956-м — Мінскі настаўніцкі інстытут імя Горкага, у 1971-м — Мінскі педінстытут імя Горкага. Працаваў настаўнікам у Нова-Андрэеўскай пачатковай школе, Дакольскай СШ, настаўнікам і дырэктарам Старасельскай васьмігадовай школы, у Сялецкай пачатковай школе, намеснікам дырэктара Веснаўскага дзетдома, настаўнікам і намеснікам дырэктара Клятнянскай СШ.

Васіль Фёдаравіч Рудзінскі. Нарадзіўся ў вёсцы Беркава Акцябрскага раёна. Быў на фронце: з 1944 года ваяваў у 125 артылерыйскім палку хімічным інструктарам. Узнагароджаны медалямі “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”. Скончыў у 1972 годзе Мінскі педінстытут імя Горкага. Працаваў дырэктарам Дуброўскай пачатковай школы. У Клятнянскай школе працаваў настаўнікам рускай мовы з 1949 года, а пазней быў прызначаны на пасаду намесніка дырэктара.

Ганна Усцінаўна Рудзінская. Нарадзілася ў вёсцы Юзафова Глускага раёна. У 1948 годзе скончыла Маладзечанскі настаўніцкі інстытут па спецыяльнасці “настаўнік беларускай мовы і літаратуры”. Працавала настаўніцай у Равуньскай сямігодцы, Глускай сярэдняй школе, сакратаром Глускага райкама камсамола, з 1951 года — у Клятнянскай школе.

 Генрых Дамінікавіч Гушча, ураджэнец Клетнага. Са жніўня 1957 года працаваў настаўнікам фізічнай культуры і ваеннай справы Дакольскай і Клятнянскай СШ. Скончыў у 1968 годзе інстытут фізічнай культуры. Пасля працаваў настаўнікам ваеннай справы ў адной са школ горада Нікапаль Днепрапятроўскай вобласці.

Настаўніца Любоў Мікалаеўна Марціновіч (з мячом у руках) разам з вучнямі

Любоў Мікалаеўна Марціновіч. Вязень канцлагера “Азарычы”. У 1952 годзе закончыла Глускую СШ і ў верасні таго ж года стала працаваць настаўніцай пачатковых класаў Клятнянскай сямігодкі. У 1953-м паступіла ў інстытут на завочнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта. Сорак гадоў Любоў Мікалаеўна адпрацавала ў школе. За адданасць прафесіі неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі, мае працоўныя медалі.

У розны час у Клятнянскай школе настаўнікамі працавалі: Іван Дзмітрыевіч Сцепановіч, Аляксандр Міхайлавіч Трыфанаў, Юлія Мікалаеўна Рынейская, Ганна Пракопаўна Станкевіч, Ганна Якаўлеўна Налегач, Фёдар Максімавіч Доўбік, Марыя Мікалаеўна Грамыка, Надзея Савельеўна Марус, Таццяна Кузьмінічна Марціновіч, Юрый Навумавіч Фуксон, Вера Іванаўна Акуліч, Віктар Антонавіч Гушча, Валянцін Генадзевіч Гушча, Марыя Іванаўна Шынкевіч, Таццяна Мікалаеўна Бабак, Іван Васілевіч Карнялюк, Анатоль Аляксандравіч Нерад, Мікалай Аляксандравіч Понтус, Барыс Уладзіміравіч Рынейскі, Сямён Сямёнавіч Штапенка, Аляксей Уладзіміравіч Караленя, Сяргей Уладзіміравіч Прыбыш, Іван Сяргеевіч Балдзенка, Святлана Аляксандраўна Марус, Таццяна Васілеўна Смычнік, Ганна Дзянісаўна Фільчанка, Уладзімір Іванавіч Кошань, Алімпіяда Пятроўна Лугіна, Галіна Мікалаеўна Дзяшчэня, Ала Яўгенаўна Сяргеева і іншыя.

Выпускнікі

Першы выпуск Клятнянскай сярэдняй школы адбыўся ў маі 1974 года. Усіх выпускнікоў было 30 чалавек. На жаль, фотаздымкі таго часу не захаваліся.

 З 1972 па 2019 год атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымала шмат выпускнікоў. Многія з іх сталі эканамістамі, інжынерамі, урачамі, настаўнікамі, пісьменнікамі, тэхнолагамі, музыкантамі, ваеннымі, юрыстамі, будаўнікамі, хлебаробамі, прадпры-мальнікамі, кіраўнікамі рознага ўзроўню.

Асаблівым гонарам школы з’яўляюцца яе залатыя і сярэбраныя медалісты. Вось імёны толькі некаторых з іх: Уладзімір Валодзька, Ларыса Радкевіч, Святлана Касько, Святлана Кабанава, Мікалай Кабанаў, Сяргей Пятрэня, Вольга Пятрэня, Аляксандр Пшанічны, Валянціна Гедравец.

Некаторыя з выпускнікоў Клятнянскай школы абралі прафесію настаўніка і працуюць ва ўстановах адукацыі, многія — у нашым раёне, у сваёй школе. Галіна Міхайлаўна Марціновіч — настаўніца беларускай мовы Клятнянскай школы, Алена Мікалаеўна Грамыка (Прыц) — настаўніца пачатковых класаў Клятнянскай школы, Сяргей Мікалаевіч Кіпель — дырэктар Каткаўскай школы, Іна Уладзіміраўна Барысенка — настаўніца біялогіі гімназіі Глуска, Валянціна Браніславаўна Сокал — настаўніца Завалочыцкай школы, Святлана Анатолеўна Гедравец працуе ў СШ № 20 горада Бабруйска, Святлана Віктараўна Касько (Валькевіч) — настаўніца СШ № 3 горада Беразіно ды іншыя.

Последние новости

Культура

Афиша выходного дня. Куда сходить в Глуске

26 апреля 2024
Актуально

Акция «Дом без насилия» в Глуске: скандалистов пока предупредили

26 апреля 2024
Актуально

К 38-й годовщине аварии на Чернобыльской АЭС

26 апреля 2024
Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024