Темы

Вялікая сям’я

Вялікая сям’я
Верасень 2020-га. Ігар, Марыя, Іван Іванавіч з праўнучкам Кірылам, Віктар, Наталля з пляменніцамі Дашай і Ксюшай, Уладзімір і яго дачка Насця, Мікалай, Ганна з сынам Анатолем

Самая шматдзетная сям’я ў Беларусі — там выхоўваецца 14 дзяцей — зараз жыве ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Усяго ж у краіне налічваецца звыш 110 тысяч сямей, у якіх гадуецца тры і болей дзяцей. У Глускім раёне ў пачатку 1990-х таксама была свая сям’я-рэкардсмен — у ёй раслі 15 дзяцей — сям’я Багун. У той час такіх вялікіх сямей у БССР было толькі дзве: у Віцебскай вобласці і ў нашым раёне.

Зараз, канешне ж, усе дзеці з сям’і Багун выраслі, ужо самі сталі бацькамі, а ў некаторых ёсць і ўнукі. Мы сустрэліся, каб з першых вуснаў пачуць гісторыю гэтай унікальнай сям’і. Хачу адзначыць, што на просьбу сустрэцца і паразмаўляць Багуны адгукнуліся адразу і ў выхадны дзень прыехалі з Бабруйска, Бярозаўкі — сабраліся ў Глуску, у доме аднаго з братоў, дзе зараз жыве і бацька вялікага сямейства Іван Іванавіч. Восем гадоў назад, на жаль, не стала маці Ніны Мікалаеўны. Няма ўжо і двух сыноў…

Ніна Мікалаеўна і Іван Іванавіч з першай унучкай

— Мы з Нінай пажаніліся ў 1966 годзе, — распавядае Іван Іванавіч. — Праз год нарадзілася дачка Марыя. Пра тое, што ў нас будзе шмат дзяцей, нават і не думалі. Але, як кажуць, Бог даў нам вялікае шчасце: нарадзілася ў нас 16 дзетак. Апошняя дзяўчынка, Ева, на жаль, памерла яшчэ немаўляткам. Марыя, Аляксандр, Генадзь, Віктар, Мікалай, Сяргей, Уладзімір, Таццяна, Ігар, Пятро, Наталля, Кацярына, Ганна, Юрый, Васіль — вось нашы дзеці.

Далей пра сваю вялікую сям’ю распавядалі Марыя, Ганна, Ігар, Уладзімір і Наталля.

“Мама была вельмі веруючым чалавекам, — расказвае Марыя. — На гэтых прынцыпах будавалася наша сям’я, выхаванне дзяцей. Дысцыпліна і строгасць таксама прысутнічалі — без гэтага ніяк. У вялікай сям’і, як у арміі: усё павінна быць пад кантролем, усе павінны ведаць свае абавязкі і выконваць загады камандзіра (у нашым выпадку гэта была мама) без лішніх пытанняў. Доўгі час у нас не было свайго дома, мы жылі ў бабулі з дзедам (мамінымі бацькамі). Тут жа жылі нашы дзядзькі. У невялікай хаціне пражывала некалькі сямей, ды яшчэ з дзецьмі — месца катастрафічна не хапала. Мы спалі ў рад на печы, хто па двое, трое на ложку…

Калі прыйшоў час ісці ў першы клас, мяне адправілі вучыцца ў Глуск, у школу-інтэрнат. Туды ж пазней прыехалі вучыцца і тры браты. Потым школа-інтэрнат стала санаторнай, і мы, як здаровыя дзеці, там вучыцца не маглі. Прапанавалі нам паехаць у інтэрнат у Асіповічы. Мама была катэгарычна супраць, але неяк угаварылі яе, і мы давучваліся з братамі ў асіповіцкім інтэрнаце. Часта прыязджалі дадому: і на выхадныя, і на канікулы абавязкова. Бывала, бацька прыйдзе з працы, заходзіць у хату і кажа: “Дачушка мая прыехала… Трэба цяпер на вуліцы боты здымаць, каб у сенцы зайсці”. Мама фізічна не паспявала з усімі хатнімі справамі спраўляцца своечасова. А я прыеду ды ідэальны парадак наводжу. Нашай маме вельмі цяжка было: яна ўставала ў чатыры гадзіны раніцы, каб паспець прыгатаваць сняданак (вялікі стос бліноў у печы напячэ, напрыклад), управіцца з гаспадаркай, а потым мыццё бялізны, агарод, абед, вячэра… Мы падрасталі і, безумоўна, дапамагалі. Вось наш Ігарок — ён быў мамінай правай рукой, заўсёды з ёй побач. Навучыўся гатаваць, рабіць кансервацыю, ведае, што, дзе і калі трэба пасадзіць у агародзе, нават карову даіць умее з маленства. Іншыя дзеці таксама шмат дапамагалі. Пакуль мама абедам займаецца, яны ў лясок, што быў побач з хатай, пабягуць — грыбоў на вячэру набяруць. Паміж сабою нават спаборнічалі, хто больш назбірае белых ці асовікаў”.

Ніна Мікалаеўна з унукам Уладзіславам

“У нас была вялікая гаспадарка, — расказвае Уладзімір, — тры каровы, конь, не менш за пяць парсюкоў заўсёды, свінаматкі, куры, шмат гусей, індыкі. Зямлі засявалі таксама багата: гародніну для сябе вырошчвалі, для жывёлы зерне, бульбу, буракі. Мы, хлопцы, ужо ў першым класе ведалі, як касу ў руках трымаць, як касіць, а нашы сёстры таксама з маленства ўмелі сярпом жаць. Бывала, што і пальцы ды рукі рэзалі спачатку. Гэта зараз тэхніка ёсць і апрацоўваць зямлю лягчэй, а ў той час усё рукамі рабілі. Ідзём на пакос, граблі ў руках нясём, дык яны ўдвая вышэйшыя за нас. Бацька навучыў каня запрагаць, араць, баранаваць, увогуле ўсяму, што павінен умець рабіць сапраўдны гаспадар”. 

1990-я. Юра, стрыечная сястра Алена, Ганна, Вася

“Вялікая сям’я — гэта вялікая адказнасць і цяжкая праца, — кажа Ігар. — Старэйшыя браты, сёстры дапамагалі бацькам, а мы, малыя, на іх глядзелі, прыклад з іх бралі і таксама працавалі. Мы ўсе вельмі ўдзячныя маме з татам, што навучылі і прывучылі нас працаваць, бо толькі так можна дабіцца дабрабыту ў сям’і”.

“Глядзець за малодшымі маме асабліва дапамагала Таццяна, — працягвае размову Уладзімір, — а яшчэ, канешне ж, бабуля з дзедам. Бабуля Кацярына вельмі строгая жанчына была, разумная і мудрая. Дарэчы, наша мама вельмі на яе падобная характарам была, нас любіла, але трымала ў строгасці. Цяпер я разумею, што менавіта яны, мама і бабуля, на самой справе і кіравалі ўсёй нашай вялікай сям’ёй. Ужо калі і мама не спраўлялася з кім-небудзь з нас, далучаўся да выхаваўчага працэсу бацька. А ён мог, калі трэба, і па адным месцы сумкай-авоськай адхадзіць, каб навука была”.

Канец 1980-х. Пятро, Наталля, Ганна, кацярына, Таццяна і Юра

“Мы аднойчы, — успамінае Марыя, — вельмі нашкодзілі: салому запалілі. Малым цікава ўсё было, хацелі паглядзець, як яна гарыць. Ды яшчэ розуму не хапіла выцягнуць жменю саломы са стога, таму запалілі збоку, і згарэў увесь стог”.

У Старым Сяле, дзе жылі Багуны, вялікай сям’і дзяржава пабудавала катэдж. Але Ніна Мікалаеўна не захацела туды пераязджаць: новы дом знаходзіўся ў самым цэнтры вёскі, дзе быў вялікі рух транспарту. Яна хацела дзесьці на ўскрайку жыць, каб малым дзецям па вуліцы бегаць можна было без перашкод. Тады замест катэджа Багунам далі ад калгаса кватэру ў так званым фінскім доміку.

“Вельмі холадна было ў тым доміку, — успамінае Ігар. — Зімою нават сцены прамярзалі, пакрываліся інеем. Ды і цеснавата для ўсіх нас там. Але ж неяк месціліся. Прыбудоўку да яго паставілі з цягам часу. Мэблю, тэлевізар, пральную машынку дзяржава дала. Усё астатняе — сваімі рукамі”.

 На маё пытанне, што самае смачнае гатавала мама, Багуны ў адзін голас адказалі: “Смажонкі. Гэта такая бульба, запечаная ў печы. А яшчэ ўсе вельмі любілі мамін пярловы суп”.

“Мы і зараз карыстаемся рознымі мамінымі рэцэптамі, — распавядае Ганна. — Я, напрыклад, раблю вельмі смачную салянку з грыбамі. У нас заўсёды ў стопцы 2—3 паліцы розных закатак стаяла. У мамы гэта атрымлівалася выдатна. Яна і хлеб свой пякла — такога смачнага мы больш нідзе не спрабавалі. Ежы заўсёды ў нас было ўдосталь. Каму не хапала ежы за абедам ці вячэрай, напрыклад, старэйшым братам, калі яны хутка раслі, дык самі сабе нешта гатавалі, маму па такіх справах не турбавалі”. 

“А вось з адзеннем і абуткам, — працягвае размову Уладзімір, — былі праблемы. Гэта на агародзе не расло, трэба было ўсё купіць, а грошай, што зарабляў бацька, не заўсёды хапала. Валёнкі адзін час былі адна пара на некалькі чалавек. Па чарзе іх насілі, а калі і босымі нагамі па снезе бегалі — і цікава, і загартоўваліся так. Трэба адзначыць, што ніхто з нас ніколі на прастуду не хварэў. Вясковы фельчар заўсёды казала, што самыя здаровыя дзеці — у Багуноў. Але ж, нягледзячы на ўсе праблемы і цяжкасці, мы дзяцінства ўспамінаем з цеплынёй. Акрамя працы, быў у нас час і пагуляць — і ў футбол, і з сябрамі, якія амаль з усёй вёскі ішлі да нас. Мама нашых гасцей заўсёды частавала чым-небудзь смачненькім”.

“Абавязкова адзначалі ў нашай сям’і Новы год, рэлігійныя святы, напрыклад Пасху, Раство, — расказвае Наталля. — Да іх рыхтаваліся загадзя. У гэтыя дні можна было нешта асабліва смачнае паспрабаваць ды яшчэ і адпачыць”.

У сям’і Багуноў беражліва захоўваюць фотаздымкі, распавядаюць, дзе, калі, пры якіх абставінах яны былі зроблены. Праўда, са шкадаваннем адзначылі, што ўсёй вялікай сям’і ні на адным фотаздымку няма: не ўдавалася ніколі так сабрацца, каб усе-ўсе разам. Падчас нашай сустрэчы мае суразмоўцы расказвалі сямейныя гісторыі, пра жыццё бабулі і дзеда, паказвалі іх адрэстаўрыраваныя фотаздымкі.

“Самы галоўны ўрок, — зазначае Марыя, — які мы атрымалі ад нашых бацькоў: адзін аднаго падтрымліваць і не баяцца ніякіх цяжкасцей у жыцці. Мы вельмі ўдзячныя маме з татам за тое, што нарадзіліся, што мы ўсе разам, за тое, што яны выгадавалі і выхавалі нас такімі, як мы ёсць зараз. Мы ганарымся нашымі бацькамі, адзін адным і нашай вялікай сям’ёй”.

Ніна Мікалаеўна Багун за выхаванне дзяцей была ўзнагароджана медалямі “Мацярынства” ІІ і І ступеняў, ордэнамі “Мацярынская слава” трох ступеняў і найвышэйшай узнагародай — ордэнам “Маці-гераіня” з прысваеннем аднайменнага звання. Але ж не ва ўзнагародах мераецца вялікая любоў маці і дзяцей, а ў той пяшчоце ў голасе, з якой дарослыя дзеці расказваюць пра сваю матулю, у тых успамінах пра яе, якія яны будуць перадаваць сваім дзецям і ўнукам.

Вольга ЯНУШЭЎСКАЯ

Фота аўтара і з архіва сям’і Багун

Последние новости

Общество

«Кожаный мяч» в Глуске. Новый сезон

25 апреля 2024
Власть

Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

25 апреля 2024
Актуально

В Беларуси 25 апреля начинают выплачивать материальную помощь ко Дню Победы

25 апреля 2024
Общество

«Открой сезон без нарушений!». В Глусском районе 26 апреля пройдет единый день безопасности дорожного движения

25 апреля 2024
Духовность

Таинство Соборования пройдет в Космодамиановском храме в деревне Городок

25 апреля 2024
Общество

Глусчанка Валентина Хлань — автор гимна «Роскосмоса» и многих популярных белорусских песен

25 апреля 2024
Общество

Профсоюзы Глусчины: движение вперед

25 апреля 2024
Власть

Заседание ВНС в качестве конституционного органа впервые состоялось 24 апреля, принятые решения подписаны избранным председателем

25 апреля 2024
Актуально

Об ответственности за распространение экстремизма

24 апреля 2024
Общество

Олег Дьяченко: “Наша сила – в единстве и сплочённости”

24 апреля 2024

Рекомендуем

Власть

Алексей Журавлёв назначен председателем Глусского райисполкома

22 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
АПК

Працоўныя будні ў «Зары Камуны» Глускага раёна

18 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Интеллектуальная игра «Эрудит» прошла в Глуске

19 апреля 2024
Актуально

ООО «БНБК-АГРО Глуск» приглашает на работу

16 апреля 2024
Происшествия

В Глусском районе на пожаре погиб человек

16 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024