Темы

З нагоды юбілею земляка-літаратара Аркадзя Марціновіча. “…Хацелася жывым вярнуцца пасля вайны, пасля перамогі, на бацькоўскае селішча, каб убачыць, як віецца на лузе Даколька…”

З нагоды юбілею земляка-літаратара Аркадзя Марціновіча.  “…Хацелася жывым вярнуцца пасля вайны, пасля перамогі, на бацькоўскае селішча, каб убачыць, як віецца на лузе Даколька…”

“…Я думаў пра сябе, кідаў позіркі на сваіх таварышаў, і міжволі паўставала пытанне: вось хутка ў бой, і хто ж з нас застанецца жывы пасля гэтага бою, хто пройдзе цераз усё пекла вайны?..” “…Мне хацелася жывым вярнуцца пасля вайны, пасля перамогі, на бацькоўскае селішча, каб убачыць, як віецца на лузе Даколька, расквечаная белымі і жоўтымі гускамі…” Гэтыя дзве цытаты — з аповесці “Першае каханне” Аркадзя Марціновіча — літаратара, які нарадзіўся на нашай Глушчыне і чыё 100-годдзе з дня нараджэння адзначала сяголета літаратурная грамадскасць. Аповесць гэта, як і многія яго творы, аўтабіяграфічная, і нямала радкоў у ёй прысвечана суровым падзеям Вялікай Айчыннай, на якой Аркадзь Марціновіч апынуўся, лічы, зусім маладым, прайшоўшы, праўда, да гэтага і тэрміновую армейскую службу, і савецка-фінскую вайну…

Празаік, паэт, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў БССР, заслужаны работнік культуры. Так коратка, дадаючы яшчэ назвы выдадзеных кніг і працоўныя пасады, характарызуюць энцыклапедыі Аркадзя Марціновіча. Між тым жыццё пісьменніка было настолькі змястоўнае і насычанае, што пра яго можна напісаць яшчэ адну, асобную, кнігу. Здаецца, многае з таго, аб чым марыў сялянскі хлопчык з вёскі Барбарова, у яго лёсе збылося, але далёка не адразу. “Мы разышліся, — згадвае герой кнігі  Марціновіча сустрэчу з аднакурснікамі пасля заканчэння вучылішча. — Кожны нёс у сабе свае думкі, свае клопаты, свае мары — гэта даступна чалавеку, але недаступна яму быць прарокам. І мы, як усе, не ведалі свайго лёсу…”

Аркадзь Марціновіч нарадзіўся 10 сакавiка 1920 года, бацькі яго, Нічыпар Нічыпаравіч і Вольга Якубаўна, былі сялянамі. У адным са сваіх твораў пісьменнік (дакладней, яго герой) успамінае дзяцінства: “…І згадалася якраз тое, як змалку цягнуў мяне свет сваёй нязведанасцю, як прагнуў я пазнаць яго. Вёску нашу акружалі лясныя ўрочышчы з таямнічымі назвамі: Старынка, Ніжымасты, Буда, Іванаў Рог, Плёсы, дзе вілася Даколька, Погаралі, Дзікае Балота, Летушань… Мяне цягнула ў гэтыя ўрочышчы, карцела даведацца, а што далей, там, за імі. Колькі праліў я слёз, просячыся, каб бацька ўзяў мяне з сабою, калі ехаў у Буду — дальні і найбольш дрымучы лес. Як вабіў і палохаў мяне Іванаў Рог, дзе некалі я ледзь не прапаў: старэйшая сястра, ідучы ў чарніцы, узяла і мяне, яшчэ немаўлятка; паставіла каробку, у якой я спаў, а сама, захапіўшыся ягадамі, забыла пра мяне, адыходзячы далей і далей; набраўшы чарніц, сястра прыйшла дадому і тады толькі хапілася, што я ж у лесе; ледзьве знайшлі мяне. А то аднойчы, пад восень, ужо калі ішоў мне шосты годзік, згаварыліся мы з такім жа падшывальцам Колем Прохаравым ісці ажно ў мястэчка; пратэпалі кіламетраў дзесяць, ужо ледзьве паўзлі, калі нас пазналі і перанялі аднавяскоўцы, якія вярталіся на падводах з базару: якраз была нядзеля…”

Вучыўся Марціновіч у Глускай сямігодцы, тады ж пачаў пісаць вершы, некаторыя з іх друкаваліся ў раённай газеце. Літаратурны дэбют у рэспубліканскім друку адбыўся ў 1938 годзе, у газеце “Літаратура і мастацтва”. Пасля заканчэння школы, было хлопцу акурат чатырнаццаць год, пайшоў працаваць памочнікам рахункавода ў калгас, потым дыспетчарам аўтаатрада, які будаваў шашу. Паступіў у Мінскае беларускае педвучылішча. Вуснамі свайго героя Арсеня Марыновіча пісьменнік прызнаваўся: “…Лета я праводзіў дома. Быў я худы, змарнелы, дык бацькі мяне шкадавалі, не прымушалі працаваць, а сам я таксама не рваўся: змалку не быў прывучаны да работы. Выпала мне ў такі час і ў такіх бацькоў расці, што ў нашай хаце ніколі не было нястачы, хоць, праўда, і вялікага багацця не мелася. Прынамсі, хлеб і бульба заўсёды былі, амаль ніколі не пуставаў без сала кубел. Працавітыя, гаспадарлівыя бацькі абыходзіліся без дапамогі дзяцей: дзеці вучыліся…”

 

Пасля заканчэння вучылішча (1939 год) і спецыяльных курсаў па падрыхтоўцы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры для 5—7-х класаў (курсы камплектавалі з тых трэцякурснікаў, якія добра вучыліся) Аркадзь Марціновіч быў размеркаваны ў Рудзенскі раён. Прыехаўшы да месца працы, малады спецыяліст з радасцю даведаўся, што недалёка ад вёскі — рака з такой роднай назвай Пціч. “Аказалася, што гэта Пціч! Мая ж Даколька ўпадае ў Пціч, я канчаў сямігодку ў мястэчку, якое стаіць на беразе Пцічы, недзе на сярэднім яе цячэнні, — і вось зноў Пціч, толькі ўжо яе вярхоўе. Нечым родным павеяла на мяне, я адчуў сябе нібы ў знаёмых мясцінах…”

Увогуле, “сваю Дакольку”, куды часта наведваўся з вудай, пісьменнік згадвае шматкроць, вобраз ракі дзяцінства ўсплывае не раз, калі аўтар разважае пра лёс чалавечы. Напрыклад, у згадках пра першае каханне “…Было гэта на рэчцы Дакольцы. Цяпер ужо, можна сказаць, і няма той рэчкі: экскаватарам яе выраўнялі, паглыбілі рэчышча, не стала там рыбы, не стала маляўнічых грудкоў і затокаў… Дык неяк і не хочацца называць цяпер гэты канал звонкім і прыгожым словам Даколька… А тады Даколька была пакручастая, ціхаплынная, багатая акунямі, платвой ды самамі, усеяная паўз берагі белымі і жоўтымі гускамі — так у нас называюцца лілеі… Але недзе плыла Даколька, плыла ціха, няспынна, і некуды адплываў Зосін вобраз. Адплываў — і я зноў самотна думаў, што гэта адплывае маё першае каханне…” Або пасля юбілейнай сустрэчы аднакурснікаў: “Недзе плыве Даколька, ужо не пакручастая, не павольная, а роўная і быстрая — ужо інакшая, але адначасна і тая самая Даколька. І ўжо толькі звонкае імя яе адклікаецца ў маёй душы далёкай маладосцю — маёй і гэтых вось маіх сяброў ды сябровак…”

Панастаўнічаць Марціновічу давялося нядоўга: у лістападзе 1939-га яго прызвалі ў армію, ад Рудзенскага ваенкамата. “Ніхто не праводзіў мяне. У вялізным натоўпе… не было нікога, хто б мяне ведаў. Але і я, ра-зам з усімі навабранцамі ціснучыся да дзвярэй, тужліва махаў на развітанне рукой — махаў гэтым незнаёмым мне людзям, Нітве… І ўсё ж не думалася мне, што еду я так надоўга. Не ўяўлялася, што падзеі, нібы вір, падхопяць мяне, закруцяць, панясуць, не даўшы нават апомніцца… І менш як праз два месяцы я апынуўся на Карэльскім перашыйку… А ўлетку саракавога — вызваленчы паход у Прыбалтыку…”

У пачатку 1940-га Марціновіч быў ужо на савецка-фінскай вайне, “між снягоў і валуноў Карэльскага перашыйка”. Служыў спачатку пехацінцам, пасля ў роце сувязі. Герой аповесці “Першае каханне” Арсень Марыновіч згадвае свой першы бой: “Помню, як мы ляжалі на зыходным рубяжы, закапаўшыся ў снег, і хрумсталі галеты з НЗ; смехам перагаворваліся: заб’юць, дык галеты прападуць, лепш з’есці… Потым рушылі наперад, на нас пасыпаліся фінскія міны, і, пакуль ніхто паблізу не быў забіты ці паранены, вайна ўсё яшчэ нагадвала гульню…”

Вайна з Германіяй не была нечаканасцю для тых, хто служыў тады ў арміі непадалёк ад граніцы, піша Марціновіч, бо неспакойная атмасфера адчувалася вельмі, штодня ўрываліся ў мірнае неба нямецкія самалёты, у часці паступала новая зброя і тэхніка, ішла ўзмоцненая падрыхтоўка войскаў. Але маладыя салдаты, ужо зведаўшыя, што такое баі, былі аптымістамі, верылі, што вайна калі і пачнецца, то хутка закончыцца. “Што ж, так не сталася… Крывавая была вайна і доўгая… Дык вось, за пяць дзён да нядзелі 22 чэрвеня наша дывізія, узнятая па камандзе “Баявая трывога”, знялася з месца. Гаварылі, што на тактычныя заняткі… Апоўдні першага дня вайны мы прынялі бой”.

Аркадзь Марціновіч з жонкай Леанілай

На самым пачатку Вялікай Айчыннай Аркадзь Марціновіч, трапіўшы ў варожую пастку, разам з іншымі цудам з яе вырваўся: “Парадзелыя былі нашы рады. Ды і адступалі пад агнём праціўніка. А ў дадатак мы трапілі ў варожую пастку, з якой ужо ратаваліся як хто мог і як каму выпала… Нас прыперлі да ракі. Мост быў разбураны. Аўтамашыны, браневікі, танкі, гарматы — усё, што ўцалела ў нас пасля некалькіх дзён баёў і з чым мы дасюль адступалі, цяпер засталося на дарозе — што гарэла, а што было разбіта снарадамі. Тут, на дарозе, мы паспрабавалі адбівацца. Але сілы былі няроўныя. Злева, справа, ззаду, з неба — адусюль па нас стралялі. Гэта было пекла…” “Але страх перад смерцю ад кулі ці міны прытупіўся яшчэ там, на дарозе, у пастцы, — куды большы быў страх застацца аднаму ды трапіць у палон…”

Каля Невеля Аркадзь Марціновіч быў кантужаны. Вуснамі  свайго аўтабіяграфічнага героя Арсеня Мары-новіча пісьменнік расказвае: “Мне добра відаць, як ад самалёта аддзяліліся адна за адной, быццам чорныя клічнікі,  тры бомбы і паляцелі ўніз, на мяне… Я міжволі апусціў вочы і ўгнуў галаву ў плечы, тулячыся да кабіны, нібы яна магла ўратаваць мяне… Усё далейшае адбылося нібы ў адно імгненне. Выбух бомбы гарачай хваляй шпурнуў мяне некуды разам з машынай… Усё перастала існаваць для мяне, і я перастаў існаваць… Потым на хвілю вярнулася прытомнасць, я хацеў устаць ці хоць бы паварушыцца, але не змог, нешта цяжкае гняло мяне, я адчуў па цяплу і па казытанні, што з носа, з рота, з вушэй пацякла кроў. І яшчэ за тую хвілю паспеў вылаяцца, падумаць: “Паміраю і нават не магу варухнуцца…”

Пісьменнік з дачкой

Недзе каля месяца лячэння ў шпіталі — і камісія прызнае Аркадзя Марціновіча не годным да страявой службы. Накіравалі яго ў запасны полк у лясным лагеры пад Тулай, дзе разам з іншымі рабіў абарончыя ўмацаванні (згадваў, што капаў акопы непадалёк ад талстоўскай Яснай Паляны). Тым часам немец “ірваўся ў Маскву, ён ужо таптаўся на блізкіх подступах да яе, штодня бамбіў”, і адседжвацца ў гэтыя дні ў “стройбаце” або якім гаспадарчым падраздзяленні Марціновічу зусім не хацелася. “Такая перспектыва была не па душы мне, франтавіку, я адчуваў сябе нібы прыніжаным…” Настрой быў змрочны: “Лапы елкі густа навісалі нада мною, не відаць было ўверсе ні прасветліны, і мне здалося, што гэта насунуўся нейкі чорны каўпак, які вось-вось шчыльна апусціцца да самай зямлі, прыкрые мяне назаўсёды — і недзе без мяне будзе бушаваць вайна, і нехта другі дойдзе некалі да спрадвечнага селішча маіх бацькоў і зачэрпне ў салдацкі кацялок ласкавай вады з Даколькі, каб змыць з твару пот далёкай і пакутнай дарогі… А можа, там ужо няма ніякага селішча, можа, няма каму і паплакаць над папялішчамі, толькі асенні дождж змывае астылы попел і смецце з тых асірацелых папялішчаў”.

У музеі СШ № 1 захоўваюцца рукапіс паэмы
Аркадзя Марціновіча і кнігі пісьменніка на розных мовах

Ён ірваўся на фронт, і ў маі 1942-га, пасля заканчэння ваенна-пяхотнага вучылішча, лейтэнант Марціновіч прызначаны камандзірам роты процітанкавых ружжаў. Наперадзе былі яшчэ многія і многія поўныя трывог і страт дні… Аркадзю Марціновічу пашчасціла застацца ў жывых у самым пекле бітвы пад Ржэвам, дзе загінула каля 400 тысяч чырвонаармейцаў. Ён быў яшчэ два разы паранены і пасля  апошняга ранення адпраўлены ў тыл, у Сярэднюю Азію. Яго аўтабіяграфічны герой Арсень Марыновіч робіць такі запіс, датаваны 1944 годам: “…З франтоў ішлі добрыя весткі, недзе амаль штодня салютавала Масква, а вайна няспынна кацілася на захад — туды, адкуль яна зрабіла свой першы злачынны крок. І набліжалася тая часіна, калі наш салдат падбяжыць да калодзежа ў маім бацькоўскім двары, каб прагнаць смагу… І я ўжо зайздросціў таму салдату і ў думках сваіх прасіў яго, каб ён зняў каску з галавы ды зайшоў да бацькі ў госці хоць на трохі ды сказаў, што сын яго жывы…” Служба для нашага земляка скончылася толькі ў 1946 годзе.

Гадзіннік і аўтаручка, якія належалі Аркадзю Марціновічу

Захаваліся ўзнагародныя лісты Аркадзя Марціновіча. У 1944 годзе яго прадстаўлялі да ордэна Вялікай Айчыннай вайны II ступені: “Лейтенант, комроты ПТР, командир взвода курсантов 19 окружной школы снайперов представляется к ордену Отечественной войны 2 степени. В финской кампании с 17.1.40 г. — 13.03.40 г. В освободительном походе в Прибалтику июнь 1940 г. В Отечественной 22.06.41—13.12.42 г. в р-нах Алитус-Каунаус Полоцк-Невель, Брянск. Контужен 10.07.41, легко ранен 26.08.42, тяжело ранен 13.12.42 г. В Красной Армии с ноября 1939. С 22.06.41 г. по 10.07. 41 г. красноармеец-связист, будучи в окружении между Невелем и Великими Луками, установил связь штаба полка с фронтом. С 5 мая по 26 августа 1942 г. командовал ротой ПТР 510 СП 154 СД. В боях за деревню Мызин на Брянском направлении при выбытии из строя командира батальона принял командование остатком батальона и при контратаках противника удерживал позиции на высоте и с подходом подкрепления перешел в наступление, где был ранен 26.08.42 г. …Третий раз тяжело ранен 13.12.42 года. Лейтенант Мартинович за время работы командиром взвода курсантов в 19 ОШОССП проявил себя дисциплинированным, морально устойчивым, преданным партии Ленина — Сталина и Социалистической родине. Достоин награждения орденом Отечественной войны II степени». (ОШОССП расшыфроўваецца як “окружная школа отличных стрелков снайперской подготовки”.) Рэзалюцыя, накладзеная на гэта прадстаўленне Ваенным саветам акругі: “Достоин награждения орденом “Красная Звезда”.

Таксама Аркадзь Марціновіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі, у тым ліку “За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.”.

Між іншым, усё, што напісаў Аркадзь Нічыпаравіч у сваіх творах, было заснавана на асабістым жыццёвым вопыце. Што тычыцца вайны, пісьменнік увогуле лічыў: апісаць падобнае немагчыма, не перажыўшы. Раманы “Не шукай слядоў сваіх”, “Груша на Голым Полі”, аповесці “Няхай ідзе дождж” напісаны ад імя таго пакалення, чыё юнацтва прыпала на гады ваенных выпрабаванняў. А вядомы літаратурны крытык Міхась Мушынскі згадваў, што, ужо будучы аўтарам некалькіх кніг прозы, вершаванага зборніка, Марціновіч прызнаваўся: “Даўно жыве ва мне адчуванне сваёй віны, што мала напісаў пра вайну. Гэта віна перад тымі, з кім быў поплеч у баях і каму выпала сустрэць там смерць, віна і перад жывымі, бо ўсе мы не хочам, каб свет быў кінуты ў ненажэрны агонь новай вайны…” “Зрэшты, многае чалавек не мае права забыць…” — гэтыя радкі таксама пра вайну.

Дэмабілізаваўшыся, Аркадзь Марціновіч вярнуўся ў Беларусь, працаваў на журналісцкай ніве, у рэдакцыях газет “Савецкі селянін”, ”Калгасная праўда”, “Літаратура і мастацтва”, у выдавецтве “Беларусь”, быў галоўным рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”, да таго ж шмат вучыўся. У 1955 годзе ён завочна скончыў  філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.  У 1971—1972 гг. Аркадзь Марціновіч — адказны сакратар Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры і мастацтва, у 1972—1974 гг. — літаратурны кансультант Саюза пісьменнікаў БССР. Сам ён яшчэ ў 1959 годзе стаў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР. Яго літаратурная і грамадская дзейнасць некалькі разоў адзначалася Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Аркадзь Марціновіч, будучы ўжо сталым пісьменнікам, часта любіў прыязджаць у Глуск, да сваіх родзічаў. Унучка яго роднага брата Вольга Гааг памятае гэтыя гасцяванні, калі Аркадзь Нічыпаравіч прыязджаў не адзін, а абавязкова з кім-небудзь з сяброў-літаратараў, і доўгія размовы зацягваліся далёка за поўнач. У сям’і Вольгі Генадзеўны захаваліся рэчы і дакументы, якія належалі пісьменніку, газеты, дзе друкаваліся яго вершы. Зараз яны экспануюцца ў музеі сярэдняй школы № 1 Глуска. Тут жа можна пабачыць і кнігі, у тым ліку перакладзеныя на розныя мовы, напрыклад грузінскую і французскую. Між іншым, Аркадзь Марціновіч і сам шмат перакладаў — Баруздзіна, Паўстоўскага, творы эстонскай дзіцячай пісьменніцы Хельо Мянд, малдаўскага дзіцячага пісьменніка Спірыдона Вангелі, іншых аўтараў.

На пачатку журналісцкай дзейнасці Аркадзя Марцiновiча аднойчы было прынялі за шпіёна, пра гэта ён расказваў у рамане “Цень крумкачовага крыла”. Герой рамана, журналiст Іван Яворскі, па даручэнні рэдакцыі адправіўся ў адзін з раёнаў, каб напiсаць, як адраджаецца пасля вайны мястэчка. Ужо адтуль ён павiнен адаслаць у рэдакцыю, адказнаму сакратару па прозвішчы Голуб, загаловак будучага матэрыялу, як кажуць газетчыкі, шапку. На тэлеграфным бланку ён напісаў: “Мiнск Савецкая 24 Голубу шапка У вёсцы адроджанага краю Сямак”. Тэлеграфiст, “немалады мужчына ў вайсковай паношанай гiмнасцёрцы, з вялiкiм шрамам на шчацэ”, доўга ўзiраўся ў напiсаны тэкст, потым прапанаваў напісаць яго “понятно, по-русски”, і ўжо пасля гэтага ледзь зга­дзiўся адаслаць тэлеграму. Адзiн з калег-журналiстаў здагадаўся: “Звышпiльны работнiк, а ў сапраўднасцi балван. Ён палiчыў, што ты перадаеш нешта зашыфраванае: маўляў, што за шапка, ды яшчэ голубу, птушцы; няйначай, шпiёнскi тайнапiс… Як кажуць, і смешна, і горка.”

Дарэчы, сям’я пісьменніка, а ў яго былі жонка і двое дзяцей, дачка й сын, таксама была “літаратурна-мовазнаўчай”. Леаніла Сымонаўна, жонка, паралельна скончыла два iнстытуты — тэатральны i замежных моў — і стала вядомым беларускім лінгвістам, сын Павел Аркадзевіч быў пісьменнікам і перакладчыкам.

Не раз выказваўся Аркадзь Марціновіч пра сваё стаўленне да беларускай мовы. Памянёны вышэй персанаж Іван Яворскі, трапіўшы на работу ў беларускамоўную газету, дзівіцца, што многія яе супрацоўнікі на планёрках выступаюць па-руску. А герой іншай кнігі, настаўнік беларускай мовы, згадвае, як былая аднакурсніца прыемна здзівілася, атрымаўшы ад яго ліст па-беларуску, “бо іншыя яе сябры па вучобе пішуць ёй па-руску”. “Я любіў свой прадмет. Можа, хто скажа: а як жа іначай, ты ж узяў гэтую любоў з матчыным малаком, з матчынай калыханкай… — разважае пісьменнік вуснамі свайго героя. — Што ж, гэта так і не так. Бо ёсць усё-такі розніца паміж любоўю сляпою і любоўю ўсвядомленай. У маленстве я не ведаў, што такое мова і што ёсць іх на свеце многа, я проста размаўляў так, як гаварылі мае бацькі, мае аднавяскоўцы. Пайшоўшы ў пачатковую школу, я ўсе прадметы вучыў зноў жа на беларускай мове, але ўжо тут пазнаў, што ёсць руская мова, што на зямлі многа народаў і многа моваў. Сямігодкі ў маёй вёсцы не было, і бацька завёз мяне вучыцца ў мястэчка. І тут з’явілася першае выпрабаванне: мешчанчукі насміхаліся з маёй гаворкі, асабліва з майго “сакання” — у нас у вёсцы ўсе вымаўлялі цвёрда: з’явіўса, знайшоўса… Я даведаўся, што на працягу доўгіх стагоддзяў беларускую мову ганьбавалі, называлі яе то мужыцкай, то хамскай, то штучнай, то недаўгавечнай. Я бачыў, як знаёмыя людзі, з’ехаўшы з вёскі ці з мястэчка, цураліся роднай мовы… Дык магла ж пахіснуцца і мая сляпая адданасць роднаму слову? Не дапусцілі да гэтага настаўнікі, што вучылі мяне…”

Больш за дзесяць год, як Аркадзь Марціновіч пайшоў з жыцця (у 2009-м). Нямала падзей адбылося за гэты час, шмат чаго сышло, як і сплылі тыя хвалі ракі Даколькі, якія некалі калыхалі і зачароўвалі барбароўскага хлопца Аркадзя Марціновіча. А сама Даколька і дагэтуль цячэ каля вёскі Барбарова, прадаўжаецца жыццё, і застаецца ў ім памяць — пра земляка, пісьменніка, чалавека…

Аксана ВАСІЛЕЎСКАЯ

Фота экспанатаў музея СШ № 1 Глуска і з адкрытых крыніц інтэрнэту

 

Последние новости

Общество

Ремонт в городской бане Глуска

18 апреля 2024
Актуально

На территории Глусского района проходит специальная программа «Допинг»

18 апреля 2024
Актуально

Когда судом применяется специальная конфискация

18 апреля 2024
Культура

Афиша Глуска: куда сходить и что посмотреть на досуге

18 апреля 2024
Общество

Семья Дербеевых из Глуска — участники областного этапа конкурса «Семья года»

18 апреля 2024
Общество

Головченко: состав участников ВНС полностью сформирован, делегатами будут 1162 человека

18 апреля 2024
Культура

Полвека проработала в Глусской музыкальной школе Татьяна Николаевна Макаревич

18 апреля 2024
Актуально

Минтранс проводит правовой мониторинг постановления о требованиях к организаторам автоперевозок

18 апреля 2024
Здоровье

Свободные рабочие дни для прохождения диспансеризации: кому, когда и сколько

18 апреля 2024
Власть

Подготовку к первому заседанию VII ВНС обсуждают на совещании у Лукашенко

18 апреля 2024

Рекомендуем

Общество

В Глусском районе проверили готовность лесной охраны к пожароопасному периоду

7 апреля 2024
Происшествия

В центральном парке Глуска кто-то варварски вырвал скамейку

6 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

11 апреля — Международный день освобождения узников фашистских концлагерей

9 апреля 2024
Есть вопрос? Есть ответ!

На связи с читателем. Кто должен строить гнезда аистам?

15 апреля 2024
80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Общереспубликанская акция «Разам з мастацтвам» прошла в Глусском районе

11 апреля 2024
Общество

Деловая женщина с ножницами. О самом известном парикмахере Глусского района Ольге Колодинской

5 апреля 2024
Актуально

Все в банк! Новый порядок получения пенсий и детских пособий

14 апреля 2024
Культура

Афиша выходного дня: выставки, фильмы, танцы в Глуске

12 апреля 2024